Вы тут

Секс патрэбны для здароўя?


Інтымныя адносіны з'яўляюцца крыніцай пазітыўных эмоцый, здымаюць псіхалагічнае напружанне, дораць прыемныя адчуванні, паляпшаюць настрой, дапамагаюць будаваць адносіны і прыхільнасць. Акрамя таго, секс — добры снатворны сродак. Часта можна пачуць, што жанчыне секс патрэбны для здароўя. Але ці так гэта? Ці можна яго палепшыць сексам? Разабрацца нам дапамагла ўрач-сексолаг Мінскага гарадскога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і псіхатэрапіі Вольга НЕЎДАХ.


— Вольга Міхайлаўна, ці патрэбны секс жанчыне для здароўя?

— Сама пастаноўка пытання па сутнасці няправільная. Здароўе — пераменная, якая даецца нам ад нараджэння. Яно можа пагаршацца ў выніку хвароб, вяртацца да зыходнага ўзроўню пасля выздараўлення — то-бок паляпшацца. А ці можна здароўе палепшыць сексам? Адназначнага адказу сапраўды няма.

Існуе міф, што жанчынам трэба займацца сексам для прафілактыкі гінекалагічных захворванняў, напрыклад, застойных з'яў у органах малога таза. Насамрэч фактарамі рызыкі варыкознага расшырэння вен малога таза з'яўляюцца цяжкая фізічная праца, шматразовыя цяжарнасці, роды, атлусценне і спадчыннасць.

Навукай не даказана, што адсутнасць палавых кантактаў у жанчыны — вырашальны фактар ва ўзнікненні нейкіх захворванняў.

— Пры гэтым які-небудзь станоўчы ўплыў інтымных адносін на арганізм усё ж ёсць?

— Вядома, што сексуальная актыўнасць станоўча ўплывае на работу сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм. Зніжаецца рызыка сардэчных захворванняў, павялічваецца выпрацоўка гармонаў: тэстастэрону, эстрагену, аксітацыну, сератаніну.

— А ці дапамагае рэгулярнае палавое жыццё падоўжыць маладосць?

— Так, рэгулярнае палавое жыццё дазваляе жанчынам аддаліць менапаўзу на дзесяць гадоў, як высветлілі даследчыкі з Універсітэцкага каледжа Лондана. Пры гэтым нават не абавязкова мець партнёра. Работа была апублікавана ў часопісе Royal Socіety Open Scіence.

У 1996—1997 гадах вучоныя апыталі 2936 жанчын ва ўзросце 45 гадоў. Тыя паведамілі, як часта займаюцца сексам. Часцей за ўсё адказ быў «раз на тыдзень», 64 % з іх адзначылі, што ў іх быў секс у апошнія сем дзён.

Далейшыя назіранні за гэтымі жанчынамі паказалі: на працягу наступных 10 гадоў у тых, хто займаўся сексам раз на тыдзень, верагоднасць наступлення менапаўзы была на 28 % ніжэйшая, чым у тых, хто ім наогул не займаўся. Тыя, у каго секс быў раз на месяц, сутыкаліся з менапаузай ва ўзросце да 52 гадоў на 19 % радзей за жанчын, якія не займаліся сексам.

— Ці абавязкова жанчыне патрэбны секс, каб адчуваць сябе шчаслівай?

— Добраахвотны секс станоўча ўплывае на псіхаэмацыянальны стан жанчыны. Калі запатрабаванне ў інтымных адносінах ад прыроды вялікае, адсутнасць сексуальнага жыцця будзе негатыўна адбівацца на эмацыянальным стане, змяншаючы такім чынам якасць жыцця жанчыны. Аднак аргазм, адчуты з партнёрам, не асабліва адрозніваецца ад аргазму, зведанага самастойна, таму мастурбацыя — выхад з сітуацыі.

Што да карэляцыі частаты сексу з адчуваннем шчасця, у 2016 годзе даследчыкі з Ганконга, Сінгапура і ЗША апублікавалі вынікі апытанняў дарослага насельніцтва Злучаных Штатаў Амерыкі за 1988—2002 гады, праведзеных Нацыянальным цэнтрам грамадскай думкі пры Чыкагскім універсітэце. Усяго апрацавалі больш за 55 тысяч анкет.

Навукоўцаў цікавілі даныя аб тым, колькі партнёраў было ў чалавека за мінулы год і на працягу пяці гадоў. Аказалася, у 15,2 працэнта мужчын сексу не было год, у 8,7 працэнта — пяць гадоў. У жанчын — 26,3 і 17,4 працэнта адпаведна. Сярод удзельнікаў апытання былі і тыя, хто знаходзіцца ў шлюбе. Падобныя звесткі атрымалі ў іншых краінах: напрыклад, 24 працэнты шлюбных пар у Японіі ва ўзросце 20—59 гадоў ні разу за год, які прайшоў да апытання, не ўступалі ў сувязь.

Потым навукоўцы параўналі гэтыя вынікі з адказамі на пытанне аб шчасці. Як высветлілася, яны не карэлююць: тыя, хто доўгі час не меў інтымных адносін, шчаслівыя не менш, чым сексуальна актыўныя мужчыны і жанчыны. У папулярнай псіхалогіі заўсёды лічылі наадварот — працяглае ўстрыманне ў фізічна здаровага дарослага чалавека паказвае на эмацыянальнае няшчасце.  Аўтары работы прыйшлі да высновы, што, магчыма, ёсць іншыя вымярэнні, якія значна больш уплываюць на душэўны стан, і сексуальная актыўнасць адыходзіць на другі план. Гаворка ідзе аб самадастатковасці, упэўненасці і прыняцці сябе, аб жыццёвых мэтах і асобасным росце. Вядома, усё гэта не выключае інтымных кантактаў.

— У цэлым, ці небяспечнае ўстрыманне ў жанчын і яго наступствы?

— Калі жанчына навучылася спраўляцца з сексуальным напружаннем, якое ўзнікае час ад часу, самастойна (з дапамогай мастурбацыі, фізічных практыкаванняў), не жадае разменьвацца на выпадковыя сувязі, не пачуваецца нешчаслівай у адзіноце, то ўрачы могуць хвалявацца за такую жанчыну не больш, чым за іншых.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.