Вы тут

Як супрацоўнікі Магілёўскай абласной інспекцыі Дзяржстандарту абараняюць інтарэсы спажыўца


Тэхрэгламенты і стандарты ва ўмовах спажывецкага рынку неабходны для таго, каб павысіць узровень бяспекі нашага жыцця і здароўя, захаваць уласную і грамадскую маёмасць, абараніць экалогію, жывёльны і раслінны свет. Імі гарантаваныя якасць прадукцыі (работ, паслуг), адзінства вымярэнняў, рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў і гэтак далей. Адных толькі тэхрэгламентаў Еўразійскага эканамічнага саюза на сёння існуе 53. І больш за 30 з іх кантралюецца Дзяржстандартам. Пра тое, як абараняюцца спажывецкія інтарэсы, — у размове з супрацоўнікамі Магілёўскай абласной інспекцыі гэтага ведамства.


Рэестр у мабільным варыянце

— Асноўная ўвага ўдзяляецца імпартнай харчовай, электратэхнічнай і дзіцячай прадукцыі, на якую сёння паступае шмат нараканняў, — адразу ж удакладняе намеснік начальніка інспекцыі дзяржнагляду за выкананнем патрабаванняў тэхрэгламентаў і стандартаў Дзяржкамітэта па стандартызацыі Наталля Жукава. — Праверкі праводзім як выбарачныя, так і пазапланавыя. Апошнія арганізоўваюцца, калі паступае інфармацыя, што ў пастаўшчыка знаходзіцца небяспечная для спажыўца прадукцыя. Бяруцца яе ўзоры і накіроўваюцца на лабараторныя выпрабаванні. Пры выяўленні небяспекі прапаноўваецца забарона абароту гэтай прадукцыі на тэрыторыі краіны.

Летась па выніках нашых праверак была накладзена забарона на ўвоз 183 найменняў тавараў. Гэта ў асноўным харчовая, электратэхнічная прадукцыя, тавары для дзяцей, мыйныя сродкі, шклоачышчальнікі і іншыя. Былі, напрыклад, прэтэнзіі па нітратах да аднаго расійскага пастаўшчыка дзіцячага харчавання. Ён гэта ўлічыў, і паўторныя праверкі паказалі, што яго прадукцыя бяспечная. Наогул, нярэдка знаходзім у імпартных таварах фарбавальнікі, якія ўплываюць на дзіцячую псіхіку. І часта інфармацыя пра іх наяўнасць не пазначана на ўпакоўцы. У нашых інспектараў спрацоўвае прафесійнае чуццё. Дарэчы, у 70 працэнтах выпадкаў пацвярджаецца, што падазроная прадукцыя не адпавядае рэгламентам Мытнага саюза.

На сайце Дзяржстандарту ёсць Рэестр небяспечнай прадукцыі, забароненай да ўвозу і абарачэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з фатаграфіямі. Але яна ўсё роўна сустракаецца ў гандлі. Ёсць суб'екты гаспадарання, якія кіруюцца тым, што кошт такога тавару нізкі і яго рэалізацыя дае хуткі прыбытак. Першы раз інспектары паведамляюць, што тавар небяспечны і ад яго трэба пазбавіцца. Калі пры чарговай праверцы забаронены тавар зноў фігуруе, вінаваты прыцягваецца да адказнасці, а на рэалізацыю прадукцыі накладваецца забарона.

Тавар, які трапляе пад вета, вельмі часта пагражае здароўю чалавека. Таму спажыўцу карысна мець пад рукой рэестр. Ёсць афіцыйны тэлеграм-канал Дзяржстандарту «Бяспека і якасць», пры падпісцы на які ёсць магчымасць атрымліваць свежую інфармацыю адразу ж на тэлефон.

Да ведама: правяраюцца не толькі крамы, але і вытворцы, пастаўшчыкі паслуг і гэтак далей. Вельмі шмат Дзяржстандарт працуе з Буднаглядам: кантралюе якасць будаўнічых матэрыялаў, наяўнасць дакументаў на адпаведнасць. Быў выпадак, калі на новабудоўлі ў Магілёўскім раёне па выніках праверкі інспекцыі дэманціравалі больш за тысячу метраў кабелю з-за таго, што ён не адпавядаў патрабаванням па таўшчыні ізаляцыі. Былі таксама прэтэнзіі да агароджы балконаў, лоджый, лесвіц, дзе адлегласць паміж вертыкальнымі элементамі была павялічана.

Сыр не дакладаюць, вагі не павяраюць

Работа са зваротамі грамадзян — адзін са складнікаў дзейнасці інспекцыі. Летась, напрыклад, сюды паступіла 50 зваротаў.

Начальнік аддзела дзяржнагляду за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў і стандартаў Алег Буракоў звяртае ўвагу, што спажыўцы часта дапамагаюць папярэдзіць парушэнні.

— Летась былі звароты па дзіцячых цацках, вырабах лёгкай прамысловасці, вокнах, мэблі, — пералічвае суразмоўнік. — Разбіраліся з няроўнасцямі на дарозе. Мужчына з райцэнтра паведаміў, што дарога ў іх горадзе няроўная і гэта можа паўплываць на стан яго аўто. Выязджалі, разбіраліся, факт пацвердзіўся. Прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці арганізацыю, якая абслугоўвае дарогі. Было рэкамендавана ўстанавіць знакі, якія б абмяжоўвалі хуткасць транспарту.

Заяўнік паведаміў інспекцыі, што ў магілёўскай краме вага расфасаванага сыру не адпавядае лічбам на ўпакоўцы. Факт пацвердзіўся. Інфармацыю накіравалі ў вышэйшую арганізацыю.

Не заўсёды ўказваецца інфармацыя аб даце вырабу, умовах і тэрміне захоўвання. Быў выпадак, калі ў краме адкрылі заводскую тару з каўбасой, але дату і час, калі гэта адбылося, не зафіксавалі, — гэта грубыя і небяспечныя для спажыўцоў парушэнні.

Дагэтуль сустракаюцца нядобрасумленныя гандляры, якія практыкуюць стары як свет метад — непавераныя вагі. Інспектары настойліва рэкамендуюць спажыўцам звяртаць увагу і на гэта. Нядаўна такі факт быў засведчаны ў адным з гандлёвых цэнтраў, дзе парушальнік арандаваў месца.

Даводзілася супрацоўнікам інспекцыі разглядаць таксама зварот наконт мэблі. Вытворца не абцяжарваўся якасцю сваёй прадукцыі, рэалізоўваў яе без дэкаратыўнага пакрыцця на тарцах, са слядамі карозіі на металічных дэталях, расколінамі, падцёкамі клею і іншымі недапрацоўкамі.

Была прэтэнзія на якасць дзіцячага абутку з адкрытай пятачнай часткай. Да ведама: для дзяцей да трох гадоў гэта недапушчальна.

Хоць бывае, што і спажывец не заўсёды мае рацыю. Не пацвердзілася, напрыклад, скарга на павідла вытворцы з Магілёўскай вобласці. Чалавек наракаў на тое, што там шмат цукру, мала яблыкаў і наогул няма характэрнай кіслінкі. Аднак спецыялісты высветлілі, што ўсё ў норме.

Дзесяць гадоў самастойнасці

Сёлета супрацоўнікі інспекцыі адзначаюць невялікі юбілей. Гэта не значыць, што раней яе не існавала — яна функцыянавала ў складзе Магілёўскага і Бабруйскага цэнтраў стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі. Дзесяць гадоў таму інспекцыя стала асобным структурным падраздзяленнем. У яе штаце сёння працуе 45 чалавек, з якіх 24 — інспектары, якія штодзённа манітораць прадукцыю на прадмет адпаведнасці яе рэгламентам ЕАЭС.

— Мы вельмі ганарымся, што працуем на карысць грамадства, — кажа Наталля Жукава. — Наша місія — папярэджваць людзей, каб яны не трапілі ў пастку, ведалі свае правы і ўмелі іх адстойваць. Апошнім часам у краіне шмат што зроблена для абароны спажыўцоў. Дзесяць гадоў таму, калі квітнеў чаўночны бізнес і народ завозіў у краіну на продаж цалкам абязлічаны тавар, інспекцыя вяла вялікую тлумачальную работу наконт тэхнічных рэгламентаў. Цяпер яны надзейна абараняюць інтарэсы пакупніка. І не толькі. Падчас так званых малочных і іншых прадуктовых войнаў у адносінах да беларускіх вытворцаў супрацоўнікі Дзяржстандарту праводзілі разам з іншымі спецыялістамі даследаванні, высвятлялі прычыны неадпаведнасці тавару рэгламентам.

Сёння спецыялісты Дзяржстандарту ініцыіруюць правядзенне круглых сталоў, выконваюць функцыю кансультантаў.

— Галоўная наша місія — абарона рынку ад няякаснай прадукцыі, — удакладняюць у інспекцыі. — Адна справа — спажывец купіў прадукт, а ён аказаўся няякасны. Гэта відавочнае парушэнне. А ёсць такія, якія адразу не ўбачыш. Напрыклад, у прадукце знаходзіцца недапушчальная харчовая дабаўка і спажывец гэтага не ведае, але арганізм акумулюе дабаўкі, і з часам гэта можа выклікаць захворванне. 29-ы рэгламент цалкам прысвечаны харчовым дабаўкам. Кансерванты, фарбавальнікі, стабілізатары — поўная інфармацыя на гэты конт. На сайце Дзяржстандарту яна таксама ёсць.

Спецыялісты заклікаюць спажыўцоў быць больш уважлівымі, не грэбаваць інфармацыяй, якая нанесена на прадукцыю, і вучыцца спажывецкай адукаванасці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.