Вы тут

У старэйшых класах школ павялічаць колькасць гадзін на рускую і беларускую літаратуры


У наступным навучальным годзе колькасць вучэбных гадзін па рускай і беларускай літаратуры ў 10—11 класах школ павялічыцца. Пра гэта на выніковай калегіі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама праінфармаваў педагагічную грамадскасць міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ.


Ён нагадаў, што ў бягучым навучальным годзе павялічыўся на паўгадзіны ў тыдзень час, прадугледжаны на выкладанне беларускай і рускай моў. А з наступнага года ў старшакласнікаў стане больш беларускай і рускай літаратуры. Колькасць гадзін па гэтых прадметах таксама плануюць павялічыць на 30 хвілін у тыдзень.

Міністр звярнуў увагу на некаторыя ключавыя моманты, якія датычацца правядзення выніковай атэстацыі.

— Што датычыцца дзевяцікласнікаў, тут у нас адбыліся змяненні ў форме правядзення экзамену па рускай і беларускай мовах. Мы перайшлі ад дыктанта да пераказу. Экзамен па гісторыі Беларусі ў 2023 годзе будуць здаваць не адзінаццацікласнікі, а дзевяцікласнікі, з якімі нашмат складаней працаваць з пункту гледжання светапогляднай карціны і ў цэлым карціны разумення гістарычнай спадчыны нашай краіны. Акрамя таго, змяніўся і змест экзаменацыйнага білета. Апроч традыцыйнага пытання, якое мае на ўвазе кампанент ведаў, будзе ўведзена пытанне, дзякуючы якому выпускніку трэба будзе прадэманстраваць уменне працаваць з архіўным матэрыялам, з тымі ці іншымі картамі, дакументамі мінулых гадоў. Мы павінны навучыць дзяцей супастаўляць і думаць. Навучыцца гэтаму, проста прачытаўшы кнігу або падручнік, немагчыма. Гэта тая работа, якую нам трэба праводзіць на кожным уроку. Мяркую, што нашы настаўнікі гісторыі дастойна пройдуць гэты экзамен разам са сваімі навучэнцамі.

Таксама Андрэй Іванец праінфармаваў педагогаў аб выніках правядзення рэпетыцыйнага цэнтралізаванага экзамену.

— Рэпетыцыя паказала, што прынятая складанасць тэстаў, іх структура, а таксама шкала ацэнкі цалкам адпавядаюць неабходным крытэрыям: па-першае, базаваму ўзроўню школьнай праграмы, па-другое — рэальнаму ўзроўню паспяховасці навучэнцаў. Кожны трэці школьнік пацвердзіў на рэпетыцыйным цэнтралізаваным экзамене адзнаку, якая была яму выстаўлена ў другой чвэрці. Трэцяя частка навучэнцаў здала тэст на адзнаку крыху вышэйшую за школьную і трэцяя частка — на ніжэйшую. У цэлым мы бачым, што ў навучэнцаў яшчэ ёсць час, каб падцягнуць свае веды, — паведаміў кіраўнік ведамства.

У будучыні ў Беларусі плануюць пашырыць пералік ліцэяў, выпускнікі якіх будуць паступаць у ВНУ без іспытаў.

«Ужо з гэтага года ў адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы выпускнікі шэрагу ліцэяў устаноў вышэйшай адукацыі маюць магчымасць без экзаменаў пры ўмове добрай паспяховасці — гэта восем балаў па ўсіх агульнаадукацыйных прадметах і дзевяць балаў па профільных прадметах — паступаць у адпаведныя ўніверсітэты без экзаменаў. Такіх ліцэяў у нас вызначана пакуль тры: гэта ліцэі БДУ, Беларуска-Расійскага ўніверсітэта і Палескага дзяржуніверсітэта. Мы правялі аналіз і бачым, што сёння фактычна кожны другі выпускнік гэтых навучальных устаноў мае права без экзаменаў паступіць у адпаведную ўстанову адукацыі па сваім профілі», — расказаў Андрэй Іванец.

Міністр адзначыў найшырэйшы выбар спецыяльнасцяў, даступны гэтай катэгорыі выпускнікоў. «Фактычна маладыя людзі могуць паступаць без іспытаў на любую спецыяльнасць, на любы факультэт, дзе іх профільны прадмет з'яўляецца першым для паступлення і яны маюць па гэтым прадмеце ў атэстаце не менш як дзевяць балаў. Сёння мы праводзім вялікую работу з бацькоўскай грамадскасцю, з самімі выпускнікамі для таго, каб яны маглі скарыстацца гэтай унікальнай магчымасцю. Мяркую, пасля прымянення новай нормы сёлета мы правядзём сур'ёзны аналіз і налета распрацуем адзіныя падыходы для вызначэння пераліку ліцэяў, будзем далей пашыраць такую форму работы», — паабяцаў Андрэй Іванец.

Анансаваў міністр і яшчэ адну навацыю, якая закране ўсіх беларускіх школьнікаў. З наступнага навучальнага года ў Беларусі ўвядуць другі элемент школьнай формы. Па словах кіраўніка міністэрства, элементы школьнай формы з'яўляюцца адным з сур'ёзных момантаў выхаваўчай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

«Практычна ўсе школы поўнасцю адаптаваліся да новаўвядзення. Выкананне школьнага стандарту і дзелавога стылю з'яўляецца абавязковым для ўсіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Сёлета, мы мяркуем, усе школы дапоўняць абраны элемент формы другім элементам. Гэта будзе прыводзіць да нейкай аднастайнасці і разумення — як у бацькоў, так і навучэнцаў — прыналежнасці да канкрэтнай установы агульнай адукацыі. Выбіраць другі элемент формы, як і летась, будуць самі школы. Напрыклад, калі летась школа выбрала камізэльку, то сёлета можна будзе дапоўніць яе, напрыклад, штанамі, альбо белай кашуляй, альбо гальштукам. Тут мы не абмяжоўваем у выбары. Бацькі разам з настаўнікамі павінны правесці шырокае абмеркаванне», — падкрэсліў міністр.

Надзея НІКАЛАЕВА

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.