Вы тут

Нон-фікшн або казка — дыскусія пра дзіцячую літаратуру


Кніга і выхаванне цесна ўзаемазвязаныя. Ад мастацкай якасці, ад тэматычнай скіраванасці папулярнай дзіцячай літаратуры залежыць, якім вырасце цэлае пакаленне. Таму на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе, якая адбудзецца ўжо вельмі хутка, з 22 да 26 сакавіка, вялікая ўвага будзе аддадзена літаратуры для юнага чытача. Напярэдадні кніжнага форуму мы папрасілі выказацца пра кнігі для гэтай самай складанай чытацкай аўдыторыі экспертаў па дзіцячай літаратуры. У дыскусіі «Звязды» бяруць удзел дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, дацэнт кафедры беларускага і рускага мовазнаўства факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук Ірына Буторына, намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па навукова-даследчай рабоце, доктар педагагічных навук, дацэнт Вольга Зелянко, дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска Таццяна Швед і пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая.


— Як сёння дзіцячая кніга выхоўвае патрыятызм і гістарычную памяць і ці абавязкова гэта павінна быць «літаратура факта»?

К. Хадасевіч-Лісавая: Гэта неабавязкова павінна быць «літаратура факта». Праз казкі маленькі чалавек спасцігае свет, усведамляе, хто ён, адкуль ён, хто яго продкі, якая яго радзіма. Вельмі моцнае ўздзеянне аказваюць народныя казкі, у якіх захоўваецца мудрасць пакаленняў, спрадвечныя каштоўнасці нашага народа, зададзены маральныя арыенціры. Усе дакладнасці будуць прачытаныя пазней, а ў дзіцячыя сэрцы праз казкі павінна трапіць зерне, якое дасць моцныя парасткі любові да роднай зямлі, свайго народа, культуры і гісторыі. Не толькі народныя казкі выхоўваюць патрыятызм і гістарычную памяць. Праз свае творы робяць тое і сучасныя пісьменнікі.

А. Стэльмах: Я б сказала, што беларуская дзіцячая літаратура ўвогуле мае патрыятычную скіраванасць. Па-першае, родная мова абуджае цікавасць да спазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да мінулага. Па-другое, многія творы, не звязаныя непасрэдна, скажам, з тэмай вайны, маюць не менш важнае патрыятычнае гучанне, бо яны прысвечаныя таму, як жылі нашы продкі, што перадалі нам у спадчыну. Пісаць пра гэта не менш цікава, чым пра прыдуманыя цуды. Карысць ад такога чытання павялічваецца, бо яно перадае нашы нацыянальныя каштоўнасці.

Т. Швед: Факты — добрая рэч, з імі нельга спрачацца. Але калі мастацкая кніга напісана даступнай мовай, добрым стылем, тады дзеці чытаюць з задавальненнем, сочаць за сюжэтнай лініяй. І памятаюць усё жыццё тое, што спазналі. Вось і падказка пісьменнікам: гістарычная тэма, патрыятычная — галоўныя ў творчасці.

А. Бадак: Жанр нон-фікшн у дзіцячай і падлеткавай літаратуры даганяе па сваёй папулярнасці мастацкую літаратуру. Гэта відаць і па кніжках, якія выдае «Мастацкая літаратура» — сярод лідараў продажу ўжо на працягу некалькі гадоў «Дзіцячы атлас Беларусі». А ёсць яшчэ папулярная серыя «Сто пытанняў пра Беларусь». Яе выпуск «Дзесяць пытанняў пра рэкі і азёры Беларусі» па выніках лютага знаходзіцца ў лідарах продажаў. І такія выданні таксама выхоўваюць патрыятызм і гістарычную памяць. Таму што калі мы расказваем пра рэкі, гаворым і пра гісторыю, летапісную Нямігу, легендарнае мора Герадота. Да таго ж варта гаварыць і пра кніжкі, напісаныя не сёння. Напрыклад, мы перавыдалі кніжку «Ніколі не забудзем», першае выданне якой з’явілася адразу пасля вайны. У ёй сабраны ўспаміны тагачасных дзяцей, што перажылі вайну. Столькі часу прайшло, а гэтая кніжка ўражвае і вельмі запатрабаваная. Калі з сённяшнімі дзецьмі размаўляюць іх равеснікі, распавядаючы пра жахі вайны, іх словы даходзяць і да сэрца, і да розуму юнага чытача.

В. Зелянко: У сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры творы нон-фікшн не вельмі распаўсюджаныя, але ў кола дзіцячага чытання падобныя творы трапляюць. Гэта мемуары славутых людзей, летапісныя сведчанні, падарожныя нататкі. Гэта і караткевічаўскія эсэ, і дакументальная проза Максіма Гарэцкага, і зборнік сведчанняў пра вайну «Я з вогненнай вёскі» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка. Падобныя тэксты выклікаюць у моладзі шчыры давер, бо сказанае пацверджана рэальнымі ўспамінамі, фактамі, згадкамі. Разам з тым такая літаратура мае выразнае патрыятычнае гучанне — не дэкларатыўнае, а асабістае, чалавечае. Вядома, такія кнігі могуць быць цяжкімі для чытання без каментарыяў дасведчанага дарослага, але яны — добрая прышчэпка не толькі ад манкурцтва, але і ад хлусні, двудушнасці. Не трэба забывацца і пра даведачныя выданні, якія таксама адносяцца да літаратуры факта. У Беларусі гэта найперш гісторыка-дакументальны цыкл кніг «Памяць», звесткі з якіх паспяхова выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе.

І. Буторына: Патрыятызм — вельмі глыбокае пачуццё, цёплыя, кранальныя адносіны да бацькоў, роднага дому, школы, горада ці вёскі, да сваёй Радзімы. Таму, на мой погляд, выхоўваць могуць не толькі гістарычныя факты. Думаю, што вялікую працу на глебе выхавання дзяцей малодшага школьнага ўзросту могуць выконваць апавяданні, вершы, творы іншых жанраў, у якіх дзіця эмацыянальна адчувае блізкія і паважлівыя адносіны паміж настаўнікамі і вучнямі, членамі сям’і, бачыць простыя прыклады карысных спраў, якія разам могуць выконваць дарослыя і дзеці.

— Якія метады сёння найбольш эфектыўна ўжываць, каб абудзіць у дзяцей цікавасць да чытання?

А. Стэльмах: Асновай, зразумела, застаецца сама кніга: яе змест, афармленне. Але сёння гэтага ўжо недастаткова для актыўнага чытання. Ёсць вялікі выбар інфармацыі, і справа, нас, дарослых, — сарыентаваць дзяцей у вызначэнні прыярытэтаў, у тым ліку і пераканаць у перавагах менавіта папяровага носьбіта — кнігі. Таму пісьменнікі і прыдумваюць розныя актыўнасці (перапранаюцца феямі, чараўнікамі, ствараюць квэсты, вырабляюць цацкі, праводзяць майстар-класы і г. д.). І гэта сапраўды спрацоўвае, бо дзеці самі становяцца актыўнымі ўдзельнікамі кніжнага дзеяння, захапляюцца, калі кніжныя старонкі ажываюць. Пасля чаго ахвотна набываюць кнігі. З аўтографам!

К. Хадасевіч-Лісавая: З мноства парад, як дапамагчы дзіцяці адкрыць для сябе свет чытання, назаву некалькі. Першая і вельмі важная — прыклад бацькоў. Калі дзіця бачыць за чытаннем тату і маму, матывацыя павышаецца ў разы. Каб зацікавіць малога кнігай, я б параіла запісацца і хадзіць разам з ім у бібліятэку. Ён менавіта сам павінен выбраць кнігу, тут нельга навязваць свае варыянты, бо атмасфера бібліятэкі як дзівоснага дома кніг і яго як дарагога госця знікне і чытанне стане падобным да прымусу. Дзіця павінна само даць бібліятэкару абраную ім кнігу і ўсвядоміць, калі неабходна яе вярнуць. Дарэчы, вяртаць таксама трэба толькі самому чытачу. Яшчэ адным пунктам адзначу, што неабходна своечасова і правільна навучыць дзіця чытаць. Своечасова — гэта да таго, як чытанне ўжо мае неабходнасць — для ўрокаў у школе. Цудоўна, калі вы будзеце ладзіць сумесныя чытанні і прыдумаеце для гэтага нешта цікавае. Напрыклад, можна набыць «чароўны пясочны гадзіннік» хвілін на трыццаць. І пакуль яго залатыя пясчынкі перасыпаюцца, ідзе час падарожжа ў кнігу. У гэтага метаду ёсць сакрэт: трэба сядаць каля «чароўнага гадзінніка» не час ад часу, як будзе вольны вечар, а пастаянна. Паспрабуйце!

Т. Швед: Дзяржава робіць захады па добрым камплектаванні бібліятэк, якія наведваюць дзеці і падлеткі. Сучасныя кнігі, інтэр’еры, якасная культурна-асветніцкая работа, магчымасць бясплатна браць кнігі дадому... Добра, калі дарослыя чытаюць дзецям услых, наогул паказваюць прыклад чытання! Аздабленне кнігі адыгрывае ў некаторых выпадках ключавую ролю. Ілюстратар выданняў для малых павінен вельмі сур’ёзна ставіцца да сваёй справы.

А. Бадак: У першую чаргу гэта сустрэчы з аўтарамі, з супрацоўнікамі выдавецтва. Спрацоўвае і рэклама на тэлебачанні, у СМІ. Вялікі рэзананс маюць фестывалі дзіцячай кнігі, якія ладзяцца СПБ. Важныя круглыя сталы. Не так даўно прайшоў пленум Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвечаны дзіцячай літаратуры. На ім прысутнічалі не толькі пісьменнікі, але і людзі, якія маюць непасрэднае дачыненне да прапаганды дзіцячай літаратуры, ад бібліятэкараў да прадстаўнікоў міністэрстваў. Дзякуючы такім кантактам, і нашым бібліятэкам прасцей працаваць, а таму ж Міністэрству адукацыі — фарміраваць праграму для школ па літаратуры.

В. Зелянко: Варта практыкаваць сумеснае чытанне кнігі дарослым і падлеткам. Гэта дае магчымасць скіраваць увагу на важныя сэнсаўтваральныя элементы тэксту, высветліць значэнне незразумелых слоў, разабрацца ў абставінах, што апісваюцца аўтарам. Па-другое, неабходна прапаноўваць для чытання тыя кнігі, якія былі б цікавыя канкрэтнаму юнаму чытачу. Па-трэцяе, сёння любая кніга ўступае ў «канкурэнтную барацьбу» за чытача. Таму дарослым трэба прыкласці намаганні для рэкламы найлепшых узораў мастацтва слова (гэта можа быць сціслы пераказ да самага напружанага моманту, стварэнне буктрэйлераў, прагляд уступнага роліка і іншае). Па-чацвёртае, творчасць пісьменніка варта разглядаць праз кантэкст надзённых праблем і гістарычнай рухомасці мастацкага твора.

І. Буторына: Безумоўна, усе класічныя метады навучання і выхавання ствараюць грунтоўную метадычную базу. Аднак у цяперашні час добра працуюць метады медыяадукацыі, арганізацыі літаратурна-творчай дзейнасці вучняў, інтэрактыўнага ўзаемадзеяння з сацыякультурнымі ўстановамі.

— Ці спрацоўвае метад узроставай маркіроўкі, уведзены некалькі гадоў таму?

Т. Швед: Так! Супрацоўнікі аддзела фарміравання бібліятэчнага фонду звяртаюць асаблівую ўвагу на ўзроставую маркіроўку пры набыцці выданняў. Кніг паступае шмат, і пры наяўнасці маркіроўкі бібліятэкару больш зручна арыентавацца ў навінках.

К. Хадасевіч-Лісавая: Ведаю ад бацькоў, настаўнікаў, бібліятэкараў, што праз прысваенне маркіроўкі здараюцца непаразуменні. Калі на кнізе пазначана «6+», гэта не сведчыць аб тым, што яна адрасавана дзецям старэйшага ўзросту. Гэта папярэджанне аб магчымасці негатыўнага ўплыву інфармацыі, якая там ёсць. Але адказнасць за выбар кнігі ўсё ж канчаткова за бацькамі, а не кнігавыдаўцамі. Калі я ў сацсетках напісала, што ў мяне выйшла новая кніга жахліўчыкаў для дзяцей, у мяне запыталася мама маёй юнай чытачкі: ці падыдзе кніга для яе дачкі? Дзяўчынцы сем гадоў, але яна мае багаты чытацкі досвед і яны з мамай прачыталі шмат маіх кніг. Я паглядзела на маркіроўку — «12+». Напісала адказ, што згодна з рэкамендацыямі па ўзросце, ім рана. Хоць калі я пісала кнігу, строга прытрымлівалася правіла не нашкодзіць юным чытачам, не запалохаць іх, наадварот, кніга дапаможа пераадолець страхі. Праз непрацяглы час тая ж мама зноў напісала мне, што набыла кнігу і яны з вялікім задавальненнем прачыталі жахліўчык разам з сямігадовай дачкой. Абедзвюм вельмі спадабалася. Адказнасць у гэтым выпадку была цалкам за мамай, што абсалютна правільна. А ўвогуле, старыя добрыя рэкамендацыі «Для дзяцей малодшага школьнага ўзросту», «Для дзяцей сярэдняга школьнага ўзосту» ўяўляюцца мне зручнай і зразумелай навігацыяй.

А. Стэльмах: Не думаю, што ўзроставая маркіроўка прынцыпова ўплывае на выбар патрэбнай літаратуры. Хутчэй тут спрацоўвае ўласны густ таго, хто цікавіцца кнігай.

А. Бадак: Да ўзроставай маркіроўкі наша выдавецтва падыходзіць з усёй адказнасцю. Але бывае не заўсёды проста вызначыць, да якой дзіцячай катэгорыі належыць тая ці іншая кніжка. Сённяшнія дзеці часам абганяюць свой фізічны ўзрост. Часам бачу, што я б у іх узросце тое б не зразумеў, што разумеюць яны. Яшчэ хочацца не адштурхнуць дзіця ад цікавай кніжкі. Вось, напрыклад, ёсць маркіроўка 12+ і 16+. А калі юнаму чытачу 13, 14, 15 гадоў — якая катэгорыя яму бліжэй? Магчыма, ён не возьме кнігу 12+, бо палічыць яе нечым «для малых», а 16+ яму ў бібліятэцы не дадуць.

В. Зелянко: Маркіроўка была ўведзена для абароны дзіцяці ад інфармацыі, якая здольная нанесці шкоду яго здароўю і развіццю, правакуе на антысацыяльныя і супрацьпраўныя дзеянні, дыскрэдытуе інстытут сям’і. Як паказаў час, навучэнцы пры выбары кнігі для чытання па-ранейшаму кіруюцца анатацыяй, меркаваннем аднагодкаў, рэкамендацыямі педагогаў і бацькоў, не звяртаючы асаблівай увагі на ўзроставае абмежаванне. Разам з тым маркіроўка служыць арыенцірам для бібліятэкараў, якія толькі з дазволу бацькоў выдаюць кнігі, што не адпавядаюць узросту чытачоў, і, безумоўна, для саміх бацькоў.

І. Буторына: З аднаго боку, гэта арыенцір для дарослых, якія дапамагаюць дзецям выбраць кнігу. З іншага боку — гэта і інструкцыя для саміх маленькіх чытачоў. Мне здаецца, што ў большай ступені маркіроўка спрацоўвае для дарослых, якія рыхтуюць кнігі да сустрэчы з чытачамі. І гэта ўжо нямала.

— Як вы ставіцеся да літаратуры Young Adult, і ці развітая гэтая ніша ў беларускай літаратуры?

А. Стэльмах: Сутнасць папулярнай сёння ў моладзі літаратуры Young Adult (маладыя дарослыя) у тым, каб герой гаварыў з чытачом на адной мове і каб абмяркоўваліся праблемы, якія хвалююць маладых людзей у рэальным жыцці. На мой погляд, выдатным прыкладам такой літаратуры служыць кніга Яўгена Хвалея «Прынцэса з тусоўкі», якая вытрымала ўжо пяць перавыданняў.

К. Хадасевіч-Лісавая: Мяркую, пісаць для аўдыторыі ад 12 да 20 гадоў складана. У беларускай літаратуры гэтая ніша не пустая, але чакае новых выдатных аўтараў, ад якіх патрабуецца размаўляць на адной мове з чытачамі, ведаць тэмы, якія іх цікавяць, умець даць адказы на пытанні, што іх турбуюць, і рабіць тое так, каб чытачы не адчулі павучання, каб на іх не ціснуў жыццёвы досвед аўтара. Чытачы хацелі б атрымаць адказы на вострыя пытанні. Таму аўтар нясе вялікую адказнасць за тое, якія парады ў яго творах знойдуць чытачы. Кожнае слова трэба ўзважыць і быць упэўненымі, што нікому не пашкодзіш. Выдатна, калі ў YA-літаратуры ёсць кнігі з сацыяльнай тэматыкай, на старонках якіх пісьменнікі размаўляюць з падлеткамі аб вельмі важным: ад праблем з вучобай і складаных адносін з аднагодкамі да перажыванняў страты блізкіх людзей. Але пасля прачытання кнігу трэба абмеркаваць. Падлетку будзе значна прасцей абмяркоўваць паводзіны персанажаў, а не свае, а зробленыя высновы дапамогуць у вырашэнні падобных праблем у яго ўласным жыцці.

Т. Швед: Young Adult — літаратура, якая павінна быць. Яе чытачы — розныя па характары, поглядзе на жыццё, адносінах у падлеткавым асяроддзі і іншым. І тэмы гэтай катэгорыі (каханне, сяброўства, самастойнасць) цікавяць не только падлеткаў, але і дарослых. Узрост чытача мае значэнне, але хтосьці становіцца дарослым не па гадах, а менавіта па жыццёвых абставінах.

А. Бадак: Неяк я спрабаваў для сябе вызначыць, што ж гэта за ўзроставая катэгорыя — падлеткі і моладзь? І заблытаўся. Калі дакладна дзіця перарастае ў падлетка, потым — у дарослага чалавека? Ёсць літаратура, вядома, якая ад пачатку пішацца для пэўнай узроставай катэгорыі. Але я, калі пісаў аповесць «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца», не думаў, што гэта будзе твор для падлеткаў, для моладзі або для дарослага чытача. Аўдыторыя вызначылася сама па сабе.

В. Зелянко: Літаратура Young Adult — адносна новая з’ява ў сусветнай культуры. Нягледзячы на тое, што яе мэтавай аўдыторыяй з’яўляюцца падлеткі, іх бацькі (а часам і бабулі, і дзядулі) таксама ставяцца да яе з вялікай цікавасцю. Відавыя і тэматычныя межы Young Adult пакуль яшчэ досыць размытыя (гэта можа быць і фантастычная літаратура, і ваенная, і гістарычная), яе галоўныя асаблівасці — займальны сюжэт, дынамічны аповед, лёгкая мова і героі-падлеткі, якія дзейнічаюць у няпростых дарослых абставінах. Літаратура Young Adult проста і без залішняга дыдактызму распавядае аб складаным: зносінах паміж аднагодкамі, унутрысямейных адносінах, булінгу, сыходзе блізкіх, невылечных хваробах, псіхалагічных праблемах і іншым. Яе героі часта аўтсайдары, не падобныя да іншых, яны не ўпісваюцца ў агульнапрынятыя рамкі. Няма сумнення, літаратура Young Adult патрэбная і важная, аднак у працэсе станаўлення гэтага жанру з’яўляецца шмат тэкстаў невысокай якасці. Да літаратуры Young Adult звяртаюцца і беларускія пісьменнікі — як вопытныя майстры пяра (Андрэй Федарэнка), так і маладое пакаленне літаратараў (Станіслава Умец). Але пакуль можна канстатаваць, што ў беларускай літаратуры гэтая ніша толькі пачынае распрацоўвацца.

І. Буторына: Трэба адзначыць, што дзеці сталеюць цяпер даволі хуткімі тэмпамі, таму, напэўна, і героі літаратуры Young Adult будуць паспяваць за імі. Гэта пакажа час, аднак вельмі хацелася б, каб у вобразах сучасных падлеткаў больш яскрава адчувалася маральная прыгажосць асобы. Таму што любімыя героі — прывабны арыенцір для чытачоў.

— Чаму сёння маленькія дзеці аддаюць перавагу адукацыйнай літаратуры, энцыклапедыям і даведнікам перад мастацкай? Прычына — у нізкім узроўні мастацкай, высокім узроўні дзіцячых энцыклапедый, ці проста дзеці змяніліся?

К. Хадасевіч-Лісавая: Я не валодаю статыстыкай, але, па маіх уласных назіраннях, мастацкія кнігі не страчваюць пазіцыі. Проста яны маюць большую патрэбу ў рэкламе. Іх трэба прадстаўляць, бо пад вокладкай пакуль невядомы чытачу свет аўтарскай фантазіі. 

А энцыклапедыі — выданні адукацыйныя, якія знаёмяць з цікавымі і займальнымі фактамі. Мяркую, яны маюць попыт і прадаюцца добра яшчэ і таму, што ўсё ж кніга застаецца найлепшым падарункам, а калі чалавек прыходзіць ў кнігарню і думае, што выбраць, энцыклапедыя — той варыянт, які падыходзіць любому юнаму чытачу, а вось мастацкую кнігу падабраць больш складана, бо трэба ведаць, што прыйдзецца даспадобы…

Т. Швед: Так, дзеці змяніліся. Але ж і кнігі, якія прапаноўвае гандаль і бібліятэкі, таксама розныя. Дзеці добра чытаюць класічную літаратуру, фэнтэзі, прыгоды, дэтэктывы... За 2022 год у дзіцячых бібліятэках Мінска чытачам да 15 гадоў было выдадзена 1 540 405 экз. інфармацыйных рэсурсаў, з іх — 1 083 812 экз. мастацкай літаратуры. Энцыклапедыі, слоўнікі, даведнікі чытаць лягчэй, бо знаёмімся толькі з неабходнай інфармацыяй.

А. Стэльмах: Нязменнай застаецца цікавасць да мастацкай літаратуры. Саюз пісьменнікаў Беларусі неаднойчы праводзіў даследаванні па запатрабаванасці кніг сучасных літаратараў у бібліятэках краіны. У большасці аўтараў рэйтынг даволі высокі. На мой погляд, юны чытач усё той жа: цікаўны, удумлівы, няўрымслівы. Ён толькі пазнае свет, і яму важна атрымліваць ведыз розных крыніц. Таму на кніжных паліцах запатрабаваны ўвесь адукацыйны арсенал: энцыклапедыі, слоўнікі, атласы... Актыўна развіваецца такі літаратурны жанр, як нон-фікшн. У ім вельмі важны асоба аўтара, яго бачанне свету, яго ўласны досвед. Такая літаратура не толькі дае веды, але і стымулюе да дзеяння. Лічу, што для пісьменнікаў гэта вельмі ўдзячны напрамак.

А. Бадак: Сённяшнія дзеці выраслі ў свеце гаджэтаў. Першымі кніжкамі ў нашага пакалення былі казкі, потым — прыгодніцкая літаратура... У сённяшніх — дзіцячыя энцыклапедыі. Усё прыходзіць да іх не праз вобразы, не праз цікавыя гісторыі, а праз факт. Інтэрнэт уплывае на дзяцей і падлеткаў больш, чым тая ж мастацкая літаратура. З’яўляецца ўсё больш дзіцячай «літаратуры факта». Але гэта сведчыць не пра нізкі ўзровень мастацкай літаратуры, а проста адбываецца запаўненне ніш, якія не былі запоўненыя раней.

В. Зелянко: Не пагаджуся з тым, што маленькія чытачы выбіраюць літаратуру, у якой пераважае пазнавальны кампанент. Дзеці чытаюць тое, што ім прапануюць дарослыя. Вельмі часта мы забываем, што дзецям неабходныя розныя кнігі: і навукова-папулярныя, і мастацкія, і для набыцця новых ведаў, і для развіцця ўнутранага свету, і для адпачынку. Важна разумець, што на розных этапах развіцця асобы патрэбныя розныя кнігі. Напрыклад, старшым дашкольнікам і малодшым школьнікам падабаюцца гісторыі, якія ўтрымліваюць інфармацыю аб прычынах і наступствах розных падзей, а таксама тлумачаць, як пабудаваны свет. Гэта не выключае неабходнасці чытання твораў пра сяброўства, пра мадэлі паводзін у розных жыццёвых сітуацыях. Навукова-папулярная літаратура дапамагае засвоіць навуковыя факты, а мастацкая — развіваць фантазію, эмацыянальную сферу, эмпатыю, кагнітыўныя функцыі, узбагачаць слоўнікавы запас.

І. Буторына: Напэўна, гэта прыкмета нашага імклівага часу — звяртаць увагу менавіта на тую інфармацыю, якая спатрэбіцца ў штодзённым жыцці. Гэта важнае ўменне інфармацыйнай культуры, якое дапаможа не згубіцца ў свеце інфармацыі. Але па жыцці маленькіх чытачоў суправаджаюць бацькі і настаўнікі, якія і павінны больш звяртаць увагу на мастацкую літаратуру.

— Як у свеце сацыяльных сетак і самадзейных кніжных блогераў вярнуць уплыў прафесійных бібліёграфаў на дзіцячае чытанне?

К. Хадасевіч-Лісавая: Тут зноў хочацца нагадаць пра адказнасць дарослых. Заўсёды ведайце, што глядзяць вашы дзеці, чыім меркаванням яны давяраюць, якія кнігі чытаюць. І ў сацсетках можна знайсці карысную інфармацыю, атрымаць водгукі на кнігі, адкрыць для сябе новых аўтараў, але ўсё гэта, перш чым даць кнігу дзіцяці, трэба правяраць. Самы надзейны варыянт — прафесійнае меркаванне.

Т. Швед: І сапраўды, у сеціве шмат рэкамендацый па чытанні кніг рознай тэматыкі, аб навінках літаратуры. Кніжныя блогеры займаюць асобнае месца ў інтэрнэце. І кожны чытач можа знайсці пэўныя парады для чытання. Але ж і прафесійныя бібліёграфы аказваюць уплыў на чытанне сучасных дзяцей і падлеткаў. Дзе чытач шукае інфармацыю аб кнігах, там і знойдзе: у сеціве, бібліятэцы, кніжнай краме. На сайце ЦСДБ г. Мінска размяшчаецца інфармацыя бібліяграфічнага аддзела пра навінкі літаратуры па розных тэмах, і гэта рэальна ўплывае на колькасць наведвальнікаў дзіцячых бібліятэк сталіцы.

А. Стэльмах: Але толькі адным пісьменнікам абудзіць усеагульную цікавасць да чытання не пад сілу. Патрэбна больш пераканаўчая дзяржаўная палітыка ў тым, каб людзі ўсвядомілі: будучыня кожнага залежыць ад колькасці, як ні дзіўна, прачытаных кніг. Толькі чалавек чытаючы, які стаў высокаадукаванай асобай, здольны ў поўнай ступені ажыццявіць свае мары. Карацей, неабходная мода на чытанне. Чытанне ўсёй сям’ёй!

А. Бадак: Сёння і бібліёграфам, і пісьменнікам, і ўвогуле ўсім установам, якія маюць нейкае дачыненне да дзіцячай літаратуры, выхавання, трэба больш актыўна выходзіць у інтэрнэт. Рабіць папулярныя сайты, блогі, дзе атрымаеш цікавую і карысную інфармацыю, якая датычыцца дзіцячага чытання.

В. Зелянко: На самай справе дастаткова наведваць з дзіцем бібліятэку. Аповед прафесіянала пра кнігу больш эфектыўны за любы інтэрнэт-рэсурс. Сучасныя дзіцячыя бібліятэкі маюць электронныя базы даных ледзьве не па ўсіх праграмных творах. Бібліёграфы, як і блогеры, штодня шчыруюць ва «Укантакце», «Фэйсбуку», «Інстаграме», праводзяць квэсты, завочныя экскурсіі і выставы навінак. У маркетынгу ёсць паняцце «пункт кантакту з кліентам». Дык вось, гэты пункт сустрэчы чытача і тэксту сёння перанесены ў віртуальную прастору. І важная задача — даць дзіцяці магчымасць знайсці там прафесійнага бібліёграфа, сапраўднага літаратуразнаўцу. Не варта скідваць з рахунку і блогера-энтузіяста, і вопытнага чытача-карыстальніка.

І. Буторына: Я думаю, што не трэба стамляцца падкрэсліваць унікальнасць і прывабнасць кнігі. Напрыклад, мультыплікацыйныя фільмы, некаторыя рэкламныя ролікі створаны паводле твораў мастацкай літаратуры. Сучасныя метады медыяадукацыі дазваляюць якасна арганізаваць успрыманне і аналіз розных медыятэкстаў. Зносіны ў сацыяльных сетках — частка жыцця сучаснага чалавека, але чаму б не паспрабаваць выкарыстоўваць іх з адукацыйнымі мэтамі? Напрыклад, у час практыкі ў школе нашы студэнты — будучыя настаўнікі пачатковых класаў спрабуюць распрацоўваць урокі літаратурнага чытання ў нестандартных формах: урок — літаратурны блог, урок — рэкламнае PR-агенцтва і іншае. А яшчэ вельмі важна працягваць супрацоўнічаць з бібліятэкамі.

— Якіх кніг сёння не хапае ў беларускай дзіцячай літаратуры?

К. Хадасевіч-Лісавая: Мабыць, у той ці іншай ступені ахоплены ўсе важныя тэмы. Хацелася б больш кніг пра сапраўднае сяброўства, важныя добрыя ўчынкі, пра шчырасць, сціпласць, дабрыню. У сучасным свеце проста неабходна закладваць гэтыя каштоўнасці ў дзіцячыя сэрцы.

Т. Швед: Патрэбныя кнігі па патрыятычным выхаванні, па развіцці гарманічнай асобы, маральна-этычнай тэматыкі. Ёсць попыт на кнігі для падлеткаў на беларускай мове пра сучаснае жыццё, сучасных герояў. Маленькім чытачам неабходныя кнігі на роднай мове, але яны павінны быць сучасна ілюстраваныя, зразумелыя для чытання. Трэба адзначыць, што цяпер ёсць шмат добрых беларускіх кніг з сучасным афармленнем.

А. Стэльмах: Большасць пісьменнікаў бачыць свайго чытача ўзросту пачатковай або сярэдняй школы. Тут прапаноў — сапраўднае кніжнае мора! А вось для тых, хто ў дзіцячым садку, кніжачак (асабліва на роднай мове) сапраўды малавата. Гэтак жа сціпла кніг і для падлеткаў, якім асабліва важна зрабіць усвядомлены жыццёвы выбар. Кніжныя героі нярэдка ў тым становяцца прыкладам.

А. Бадак: Як сябар журы рэспубліканскага конкурсу «ЛітUP» сведчу, што там заўсёды вельмі шмат твораў, адрасаваных маленькаму чытачу. І на конкурс «Нацыянальная літаратурная прэмія» ў намінацыі «Дзіцячая літаратура» падаецца шмат аўтараў, якія пішуць для дашкольнікаў ці для малодшых школьнікаў. А вось тых, хто працуе для падлеткаў, мала. Чаму? Для падлеткаў пісаць нашмат цяжэй, чым для малых, іх цяжэй зацікавіць. Але разам з тым, калі ніша мала запоўненая, пісьменнікам працаваць у ёй прасцей, чым у нішы, якая перанасычаная, прасцей быць заўважанымі чытачамі і крытыкамі.

В. Зелянко: Беларуская літаратура мае вострую патрэбу ў творах для малодшых і старэйшых падлеткаў (пра іх штодзённае жыццё, пра жыццё іх аднагодкаў з іншага часу, пра першае каханне, пра тое, як камунікаваць, сябраваць, паводзіць сябе ў розных сітуацыях, як дапамагчы сабе і іншым, як спраўляцца з праблемамі). Хацелася б, каб гэтыя творы вызначаліся цікавым сюжэтам, неслі пэўны выхаваўчы і гуманістычны пасыл, прапагандавалі традыцыйныя каштоўнасці, былі напісаны ўзорнай літаратурнай мовай, мелі мастацкую значнасць. Пры адпаведнасці названым крытэрыям такія творы маглі б быць уключаны ў сучасныя вучэбныя праграмы па літаратуры.

І. Буторына: Сучасная беларуская дзіцячая літаратура жанрава і тэматычна даволі разнастайная. Прыемна, што перавыдаюцца творы класікі, выдаюцца і зусім маладыя сучасныя творцы. Думаю, што чытачы знойдуць кнігі па сваіх інтарэсах. Галоўнае, як ужо адзначалася вышэй, каб дарослыя не стамляліся паказваць дзецям прывабнасць і сучаснасць кнігі, дапамаглі набыць звычку наведваць бібліятэкі і кнігарні, разам з маленькімі чытачамі чыталі і абмяркоўвалі творы розных тэм і жанраў.

Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.