Вы тут

Экзамен для ахоўнікаў і забарона нажывацца на крэдытах


Перш чым пачаць пасяджэнне дзявятай сесіі, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ўручыў пашпарты двум дзясяткам юных беларусаў з Віцебскай вобласці. Гэты ўрачысты рытуал, які ўжо стаў добрай традыцыяй, прымеркаваны да Дня Канстытуцыі і праводзіцца ў межах патрыятычнай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!». 


«Атрыманне пашпарта — гэта знакавая і ўрачыстая падзея для кожнага чалавека, сур’ёзны жыццёвы этап, — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка, звяртаючыся да хлопцаў і дзяўчат. — Нягледзячы на яшчэ юны ўзрост, вы ўжо сваімі справамі, учынкамі даказалі, што і ваша малая радзіма — Віцебшчына — і ў цэлым Рэспубліка Беларусь можа ганарыцца вашымі дасягненнямі, але галоўныя, асноўныя перамогі ў вас яшчэ наперадзе. Усё ў вашым далейшым жыцці залежыць менавіта ад вас. Самае галоўнае, каб вы заўсёды заставаліся сапраўднымі грамадзянамі і патрыётамі нашай краіны». 

Дзеля большай мабільнасці гараджан 

У першым чытанні дэпутацкім корпусам разгледжаны праект Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб гарадскім электрычным транспарце і метрапалітэне». У прыватнасці, мяркуецца, што фізічныя асобы, якія знаходзяцца на станцыі метрапалітэна і маюць намер заключыць дагавор перавозкі пасажыра метрапалітэнам, па патрабаванні работнікаў метрапалітэна абавязаны будуць прадастаўляць ручную паклажу для надгляду. Улічваючы пашырэнне магчымасцяў аплаты праезда па сродках сістэм продажу білетаў, а таксама іншымі спосабамі, прадугледжваецца карэкціроўка тэрміна «электронны білет». 

— Якасці транспартнага абслугоўвання насельніцтва ў нашай краіне ўдзяляецца належная ўвага, — падкрэсліў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Аляксандр Гранкоўскі. — Практыка прымянення Закона Рэспублікі Беларусь «Аб гарадскім электрычным транспарце і метрапалітэне» паказала, што закон мае патрэбу ў некаторых змяненнях і дапаўненнях. Закон падрыхтаваны з мэтай удасканалення прававога рэгулявання адносін па арганізацыі і выкананні пасажырскіх перавозак гарадскім электрычным транспартам і метрапалітэнам. Яго прыняцце будзе садзейнічаць забеспячэнню гарадской мабільнасці нашых грамадзян. 

Кажучы аб эфектыўнасці работы мінскага метрапалітэна, міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка заўважыў, што тарыфы на метро альбо гарадскі электрычны транспарт сёння нясуць сацыяльна-значную нагрузку. «З пункту гледжання акупнасці паездкі — гэта 46% на сённяшні момант ад кошту затрат, — паведаміў ён. — Вядома, ва ўсім свеце (мы вывучалі тэму метрапалітэна) ён датуецца практычна ўсюды дзяржавай. Таму што на самаакупнасць вельмі складана выйсці пры тых затратах, якія нясе метрапалітэн, і той сацыяльнай функцыі, якую ён выконвае пры перавозцы пасажыраў, бо ў горадзе асноўны аб’ём перавозкі пасажыраў — гэта метрапалітэн».

Да ахоўнікаў — сур’ёзныя патрабаванні

Парламентарыі ў першым чытанні прынялі законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахоўнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Дакументам прадугледжваецца, у прыватнасці, надзяленне Савета міністраў паўнамоцтвам па вызначэнні правіл правядзення асабістага надгляду, надгляду рэчаў і дакументаў, транспартных сродкаў супрацоўнікамі спецыяльнага органа аховы.. Міністэрства ўнутраных спраў надзяляецца паўнамоцтвамі на ўстанаўленне парадку правядзення кваліфікацыйнага экзамену па пытаннях ажыццяўлення ахоўнай дзейнасці работнікаў ваенізаванай аховы арганізацый. Акрамя таго, органамі ўнутраных спраў будзе ажыццяўляцца праверка работнікаў ваенізаванай аховы на прыдатнасць да дзеянняў, звязаным з прымяненнем і выкарыстаннем зброі, спецыяльных сродкаў і фізічнай сілы і інш. 

Як паведаміў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, комплексная карэкціроўка закона выклікана тым, што апошні раз змяненні ў закон уносіліся ў 2017 годзе, а таксама ў сувязі з прыняццем шэрагу законаў і Указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, нормы якіх закранаюць гэтую сферу дзейнасці. «Законапраектам прадугледжваецца прывядзенне норм закона ў адпаведнасць з Канстытуцыяй, а менавіта дапаўненне пераліку арганізацый, якія маюць права на ажыццяўленне ахоўнай дзейнасці, арганізацыямі, створанымі ва ўстаноўленым Прэзідэнтам парадку, — удакладніў кіраўнік міліцэйскага ведамства. — Такім чынам, узнікла неабходнасць у карэкціроўцы пераліку арганізацый, якія маюць права на ажыццяўленне ахоўнай дзейнасці».

Нарматворчая дзейнасць — па-новаму 

У другім чытанні адобраны законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах», які распрацаваны ў развіццё абноўленай Канстытуцыі. У прыватнасці, замацоўваецца статус Усебеларускага народнага сходу як суб’екта права заканадаўчай ініцыятывы, вызначаецца, што ў склад заканадаўства ўваходзяць рашэнні УНС. 

— Актам заканадаўства будуць з’яўляцца рашэнні, якія датычацца зацвярджэння кірункаў унутранай і знешняй палітыкі, Ваеннай дактрыны, Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, асноўных кірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, устанаўлення дзяржаўных святаў і святочных дзён, — заўважыла член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Ірына Даўгала. — Акрамя таго, законапраект прадугледжвае норму аб тым, што змяненні ў заканадаўчыя акты, як правіла, будуць уносіцца не часцей аднаго раза ў два гады. Адна з навэл датычыцца лічбавізацыі нарматворчай дзейнасці. Законапраект выключае норму прыняцця Прэзідэнтам дэкрэтаў — гэта таксама з’яўляецца выкананнем тых абнаўленняў, якія ёсць у Канстытуцыі. Вызначаны алгарытм, якім чынам дзеянне дэкрэту будзе або спыняцца, або прызнавацца страціўшым сілу. 

Фінансавыя інструменты 

Законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях банкаўскай дзейнасці», адобраны ў першым чытанні, прадугледжвае замацаванне ў Банкаўскім кодэксе мэты «забеспячэнне фінансавай стабільнасці», а таксама нормы аб садзейнічанні ўстойліваму эканамічнаму развіццю краіны. Як звярнуў увагу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Віталь Васюкоў, адна з палажэнняў Банкаўскага кодэкса будзе датычыцца абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг — фізічных асоб. «У прыватнасці, уводзіцца забарона на ўстанаўленне павышанай працэнтнай стаўкі па крэдытах у выпадку неналежнага выканання сваіх абавязацельстваў перад банкам, — удакладніў парламентарый. — Таксама ўводзяцца абмежаванні, якія датычацца памераў пені, штрафаў, якія банкі могуць прымяняць у адносінах да недабрасумленных крэдытаатрымальнікаў».

Парламентарыямі ратыфікавана Пагадненне аб заснаванні Еўразійскай перастраховачнай кампаніі. Як паведаміла член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Святлана Барташ, рашэнне аб падпісанні Пагаднення аб заснаванні Еўразійскай перастраховачнай кампаніі прынята пяцю краінамі: Арменіяй, Беларуссю, Казахстанам, Кыргызстанам і Расіяй. «Стварэнне новага фінансавага інструмента выклікана часам: для таго, каб сёння выключыць або мінімізаваць рызыкі пры экспартна-імпартным складальніку ўсіх краін, ён і ствараецца, — адзначыла дэпутат. — У перыяд санкцыйнага ціску на нашы краіны, калі не выконваюцца раней заключаныя дагаворныя абавязацельствы, патрэбны быў гэты інструмент. Стварэнне еўразійскай перастраховачнай кампаніі будзе з’яўляцца гарантам. Аб’ём перастраховачнага фонду складзе прыкладна 2 мільярды долараў ЗША. І гэта будзе з’яўляецца гарантам паспяховай работы нашых прадпрыемстваў».

Акрамя таго, дэпутаты ратыфікавалі Пагадненне аб супрацоўніцтве дзяржаў — удзельнікаў СНД па папярэджанні і рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі ў галіне грамадскай аховы здароўя санітарна-эпідэміялагічнага характару. 

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.