Вы тут

Што яшчэ прадставілі фіналісты праекта «100 ідэй для Беларусі»


«Сучасны рамонт дарог павінен быць максімальна хуткім, а для гэтага патрабуюцца тэхналагічна простыя і даступныя ў выкарыстанні матэрыялы. Пры гэтым не варта забываць, што мы павінны ствараць камфортныя ўмовы не толькі для сябе, але і для навакольнага асяроддзя. Толькі ў яднанні з прыродай чалавек будзе па-сапраўднаму шчаслівы». Гэта філасофія маладой каманды даследчыкаў-інаватараў DAKPatch, якая прадставіла свой праект у гранд-фінале рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі».


«Хуткая дапамога» для дарогі

Ягор Жукоўскі і Аляксей Карончык з праектам «DAKPatch — матэрыялы для рамонту дарог»

У дванаццатым сезоне конкурсу яго арганізатары, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі сумесна з Міністэрствам адукацыі, Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях і Нацыянальнай акадэміяй навук, атрымалі каля 1200 заявак. Аўтарам 129 праектаў было прапанавана прадставіць сваю распрацоўку ў гранд-фінале. У іх лік трапілі і студэнты БНТУ Ягор Жукоўскі і Аляксей Карончык. Пра сябе хлопцы кажуць: «Мы паставілі перад сабой задачу — зрабіць гэты свет крышачку лепшым, а дакладней, зрабіць нашы дарогі больш камфортнымі». Яны прапанавалі інавацыйныя матэрыялы, прызначаныя для рамонту калдобін на дарожным пакрыцці невялікіх памераў (плошчай да 0,5 квадратнага метра), — DAKPatch UNO, для рамонту калдобін любых памераў (DAKPatch Vіto) і для герметызацыі расколін на асфальтабетонных пакрыццях (DAKPatch QRA).

— Нашы кампазітныя матэрыялы маюць шэраг пераваг, — расказваюць Ягор і Аляксей. — Перад выкарыстаннем іх не трэба падаграваць ці перамешваць (дастаткова проста раўнамерна размеркаваць сумесь па ўсёй плошчы), іх можна класці ў ваду і не ачышчаць папярэдне калдобіну ад бруду. Яны прызначаны для рамонту дарог у неспрыяльных умовах надвор’я: у зімовы час, вясной, падчас дажджу, калі трэба хутка ліквідаваць дэфекты ў дарожным пакрыцці і павысіць бяспеку дарожнага руху. Да таго ж і часу для «хуткай дапамогі» дарозе трэба няшмат. Папярэдняе ўшчыльненне матэрыялу адбываецца пад уздзеяннем уласнай вагі рабочага, а даўшчыльненне — падчас руху транспарту. Нашы матэрыялы складаюцца з адходаў нафтаперапрацоўчай і горназдабыўной вытворчасці. Яны могуць служыць не менш як тры месяцы да моманту, калі надвор’е дазволіць зрабіць паўнавартасны рамонт дарогі. Гэта значыць, што зімой мы прымяняем танны і хуткі матэрыял, а летам яго замяняем. Рамонт з такімі матэрыяламі не патрабуе складаных спецыяльных навыкаў і абсталявання. Яны могуць распаўсюджвацца як у індывідуальнай тары праз гандлёвыя ўстановы, так і аптовымі партыямі.

Па словах хлопцаў, цяпер ідзе апрабацыя іх матэрыялаў на тэрыторыі Мінска. Ужо былі пробныя рамонты на вуліцах Навуковая, Платонава, Пляханава і іншых.

У намінацыі «Грамадства і сацыяльная сфера» свой праект «Тэкстыльны развіццёвы дыванок» прадставіла малады майстар вытворчага навучання Мінскага дзяржаўнага каледжа індустрыі моды Таццяна Цішкавец, якая пачала ўвасабляць сваю ідэю ў жыццё, яшчэ будучы навучэнкай каледжа. Дыванок прызначаны для дзяцей дашкольнага ўзросту. Яго прымяненне на занятках спрыяе псіхафізічнаму развіццю дзіцяці, развіццю ў яго маторыкі, увагі, памяці, логікі, фантазіі, а таксама нівеліруе адставанне ў развіцці дзяцей малодшага ўзросту.

Цішкавец. Праект «Тэкстыльны развіццёвы дыванок»

Дыванок складаецца з розных модуляў: яны ўзаемазамяняльныя, іх можна кампанаваць у залежнасці ад патрэб заказчыка. Працуючы над увасабленнем ідэі, яе аўтар звярталася па дапамогу псіхолага: спецыяліст тлумачыў, што патрабуецца, напрыклад, для развіцця ў дзіцяці маторыкі, а што — для памяці.

У адукацыйнай практыцы дыванок ужо апрабавалі на малышах у цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і ў дзіцячых садках. Немалаважна, што для дыванка выкарыстоўваюцца тэкстыльныя адходы — у каледжы індустрыі моды іх заўсёды хапае. Тэхналогія праектавання і пашыву прадукцыі максімальна набліжана да дробнасерыйнай вытворчасці, яе можна прымяняць не толькі для індывідуальнага пашыву, але і ва ўмовах невялікіх вытворчасцяў. Дарэчы, у дзяўчыны ўжо ёсць прыватны заказ з Расіі. Яе дыванкі набылі адзін з мінскіх дзіцячых садкоў і цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання. Каго ідэя зацікавіла, могуць звяртацца ў Мінскі дзяржаўны каледж індустрыі моды. Яго прадстаўнікі паабяцалі выканаць усе заказы.

З мовай пазнаёміць Ясь

Міністр адукацыі Андрэй Іванец, які наведаў экспазіцыю фіналістаў конкурсу, з задавальненнем адзначыў, што ў гэтым годзе было шмат прадстаўлена інавацыйных праектаў у адукацыйнай сферы, а намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка заўважыў, што шмат праектаў прэзентавалі менавіта школьнікі з самых розных рэгіёнаў, многія з якіх прайшлі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.

Адзін з такіх праектаў — навучальна-гульнявы інтэрактыўны комплекс «Ясь». Тры ў адным. Яго стварылі дзесяцікласнікі мінскай сярэдняй школы № 111 Ілья Валынец і Максім Атрахімовіч пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Мікалая Курыловіча.

Ілья Валынец і Максім Атрахімовіч з навучальна-гульнявым інтэрактыўным комплексам «Ясь»: тры ў адным

— Чаму тры ў адным? Таму што комплекс складаецца з трох інтэрактыўных элементаў: гэта лінгвістычны сайт «Ясь», галасавы памочнік «Ясь», а таксама настольная гульня з элементамі робататэхнікі, — расказваюць хлопцы. — Галоўная мэта праекта — папулярызацыя беларускай мовы ў грамадстве, развіццё моўных і маўленчых кампетэнцый. Аб’яднаць родную мову з інфармацыйнымі тэхналогіямі — гэта значыць зрабіць яе прывабнай для сучаснай моладзі.

Матэрыялы сайта будуць карыснымі для вучняў школ, гімназій, навучэнцаў каледжаў, студэнтаў ВНУ, якія вывучаюць прафесійную лексіку, і проста для аматараў беларускай мовы. Галасавы памочнік «Ясь» уяўляе сабой бібліятэку аўдыязапісаў: уводзіш пэўны запыт і слухаеш лінгвістычны матэрыял на прыгожай і меладычнай беларускай мове. Асабліва карысным ён будзе для вучняў з парушэннямі зроку.

А гульня «Ясь» уяўляе сабой поле, разбітае па вертыкалі на дзве паловы. На кожнай знаходзіцца па дзесяць «станцый» з асобнымі пытаннямі і заданнямі. Пры правільным адказе робат Ясь пачынае «ўсміхацца», дзеці дакранаюцца да інтэрактыўнай фішкі, і яна пераязджае на наступную станцыю. У адваротным выпадку Ясь «сумуе», гульцы не чапаюць інтэрактыўную фішку, застаюцца на гэтай жа станцыі і наступны раз выконваюць тое ж заданне. Перамагае тая каманда, якая прыйдзе да фінішу першай.

Ілья Гульнік і Наталля Гульнік з фэнтэзійнай інтэрактыўнай навелай «Захавальнік стыхій»

Фэнтэзійную інтэрактыўную навелу «Захавальнік стыхій» (geoіgra. tіlda. ws) прадставіў у гранд-фінале дзесяцікласнік Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна Ілья Гульнік, які прапанаваў паглыбіцца ў загадкавы свет стыхіі. Падзеі разгортваюцца ў выдуманым свеце, дзе магія і цуды — звычайная з’ява. Калісьці даўно тут жылі чатыры асобныя нацыі: Паветраныя качэўнікі, Племя Вады, Царства Зямлі і Народ Агню. І вось Народ Агню распачаў жорсткую вайну супраць усіх. Сусвету патрабуецца герой, які можа кіраваць чатырма стыхіямі. Толькі ён можа вярнуць баланс і аднавіць мір і гармонію на Зямлі. Перамагчы зло можна, сабраўшы разам чатыры элементы стыхій і дабавіўшы да іх загадкавы пяты. Гэта кароткі пераказ сюжэтнай лініі захапляльнай гульні, прысвечанай вывучэнню... геаграфіі. Пытанні і заданні падабраныя згодна з праграмай курса за шосты клас. Гульню Ілья ствараў пад кіраўніцтвам маці — Наталлі Юр’еўны Гульнік, якая выкладае ў школе геаграфію. Дарэчы, гэты інфармацыйны рэсурс быў адобраны Міністэрствам адукацыі і можа выкарыстоўвацца ў навучальным працэсе.

Васільковыя палеткі і ядомы каштан

Іван Краўчанка і Ягор Чаркасаў вырашылі спалучыць экалагічны, турыстычны і аграрны складнікі ў праекце «Беларускі Праванс»

Але не толькі інфармацыйнымі тэхналогіямі захапляюцца беларускія школьнікі. Так, адзінаццацікласнікі сярэдняй школы № 8 Крычава Іван Краўчанка і Ягор Чаркачаў прапанавалі бізнес-ідэю «Беларускі Праванс». Юныя наватары вырашылі спалучыць экалагічны, турыстычны і аграрны складнікі. Палеткі, што не выкарыстоўваюцца пад сельскагаспадарчыя культуры, яны прапануюць засяваць васільком, чаборам і лавандай. Улетку маляўнічыя мястэчкі стануць арыгінальнай турыстычнай лакацыяй для адпачынку, а таксама эфектнай фотазонай. А пасля заканчэння цвіцення з вырашчанай прадукцыі можна рабіць пасцілу, духмяныя дабаўкі да гарбаты і кавы, прыправы, васільковую соль, сіропы, варэнне. Таксама можна рабіць і прадаваць букецікі з кветак. Каб распачаць бізнес, дастаткова нават невялікага кавалачка зямлі. Гэта плюс іх бізнес-ідэі. А мінус — кароткі тэрмін цвіцення раслін (усяго тры-чатыры тыдні) і неспрыяльныя ўмовы надвор’я, якія могуць унесці свае карэкціроўкі.

Навучэнцы Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа Уладзіслава Гардзей і Дар’я Зяновіч замахнуліся, у сваю чаргу, на вырошчванне і рэалізацыю ядомага каштана. Гэта асаблівы сорт, яго не сустрэнеш на вуліцах нашых гарадоў. На трэці год жыццёвага цыкла дрэва будзе даваць пладоў ужо ад 10 да 50 кілаграмаў. Вось адзін з магчымых рэцэптаў далікатэсу: каштаны замочваюцца, затым на іх робяць надрэзы і змяшчаюць у духоўку пры тэмпературы 150 градусаў на гадзіну-дзве. Каштаны гатуюцца абсалютна без алею. Можна дабавіць соль і цукар. Атрымліваецца безглютэнавы прадукт, пазбаўлены харчовых алергенаў, вельмі карысны тым, хто сочыць за здароўем, і тым, каму прадукты з утрыманнем глютэну супрацьпаказаныя. Да таго ж лісце такога каштана выкарыстоўваецца ў сыраварстве, кара — у медыцыне для вытворчасці дубільных экстрактаў і ў якасці фарбавальніка, а драўніна — для вытворчасці бочак для дарагіх сартоў віна, а таксама для мэблі.

Уладзіслава Гардзей і Дар’я Зяновіч замахнуліся на вырошчванне ядомага каштана

Выдатны падарунак для дзіцяці

Цэнтр дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна прадставіў праект «Лялька.бай». Знаёмцеся: Весялінка, Сплюша і дзед Баюн

«Хлопчыкі і дзяўчынкі, я Весялінка. Вельмі люблю спяваць песні, а яшчэ шмат ведаю пра наш горад Глыбокае. Пра яго людзі кажуць — музей пад адкрытым небам...» Адначасова простую і геніяльную ідэю прапанавалі навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах Цэнтра дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна («Чароўны пэндзлік» і ўзорны тэатр моды «Аліса»), якія прадставілі праект «Лялька.бай». Усіх, хто наведаў іх стэнд, яны знаёмілі са сваімі лялькамі. Першая — Сплюша, спявае дзеткам нанач калыханкі, другая — Весялінка, спявае вясёлыя песенькі, а дзед Баюн распавядае малышам казкі. Разынка ў тым, што лялькі спяваюць і размаўляюць на беларускай мове. Гэта вельмі падабаецца дзецям.

— Усе нашы лялькі — аўтарскія, ручной работы, у кожную ўкладзена душа, — расказвае кіраўнік узорнага тэатра моды «Аліса» Аксана Шпакава. — Іх можна рабіць на заказ. Музычны эфект забяспечваецца за кошт партатыўнай гукавой калонкі, якая знаходзіцца ўнутры вырабу, і флэшкі-назапашвальніка (на шэсць гігабайт) з пэўным наборам музычнага і мастацкага матэрыялу. Ёсць таксама магчымасць трансляцыі па bluetooth-канале мабільнай прылады. Гэта значыць, што матуля можа займацца сваімі справамі на кухні і «кіраваць» разумнай цацкай.

Чым цікавыя нашы лялькі? Набываючы іх, у бацькоў з’яўляецца вольная хвілінка для адпачынку ці сваіх спраў. Іх дзеці ў гэты час знаёмяцца з беларускім народным фальклорам — казкамі, песнямі, калыханкамі. Дарэчы, змест мастацкага матэрыялу на флэшцы можна самастойна змяняць і абнаўляць. Дзеці з маленства чуюць родную мову, вучацца яе паважаць і цаніць. У іх развіваюцца музычны слых і творчыя здольнасці. Гульня з такімі лялькамі прывівае любоў да роднага краю, яго традыцый і абрадаў. Ляльку можна выкарыстоўваць у дашкольнай установе як развіццёвую цацку. Мы лічым, што нашы лялькі — выдатны падарунак на любое свята. Прыгожая аўтэнтычная лялька, якая спявае і размаўляе на роднай мове, стане добрым сябрам для дзяцей.

Пры жаданні кожная матуля і тата, бабуля і дзядуля змогуць са сваімі дзецьмі вырабіць такія лялькі, выкарыстоўваючы рэкамендацыі нашай групы «УКантакце» «Лялька. Бай!». А ўсім ахвотным мы гатовы пашыць лялькі і забяспечыць іх патрэбным электронным «начыннем»…

Трэба дадаць, што праект «Лялька. бай» быў прадстаўлены ў экспазіцыі фіналістаў і пераможцаў праекта «100 ідэй для Беларусі» розных гадоў. Стала ўжо традыцыяй асобна прадстаўляць увасобленыя ідэі. Дарэчы, кожны пяты праект за ўвесь перыяд правядзення конкурсу быў рэалізаваны на практыцы ці ў вытворчасці.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара і Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.