Вы тут

Легендарны беларускі балет «Спартак» едзе ва Узбекістан


Спектакль пакажуць на Міжнародным фестывалі «Ташкентская вясна». 


Фота: Вялікі тэатр оперы і балета

Пастаноўку Валянціна Елізар’ева на музыку Арама Хачатурана ва Узбекістане пабачаць упершыню, пры тым, што яна была створана больш за 40 гадоў таму і мела шырокі рэзананс на прасторы СССР. Пасля быў поспех падчас паказаў у самых розных краінах Еўропы і Азіі. І вось 5 красавіка адбудзецца яго дэбют на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра імя Алішэра Наваі. 

Балет меў выдатную біяграфію — адзін з тых спектакляў Елізар’ева, дзякуючы якому быў створаны брэнд «беларускі балет». А галоўныя партыі ў розныя гады танцавалі выдатныя, нават легендарныя артысты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. І як бы ні было неабходна мяняць рэпертуар, ёсць спектаклі, да якіх можна ставіцца з асаблівай пашанай: яны стваралі гонар нашай культуры і сталі часткай яе гісторыі. А пра яе можна не толькі памятаць, яе можна ўявіць і нават далучыцца, каб зразумець, як класічны балет напрыканцы ХХ стагоддзя ў Беларусі ўзбагачаўся аўтарскай харэаграфіяй, пра якую потым стануць гаварыць як пра адметны почырк Елізар’ева (у нас гэта адзначаць праз некалькі гадоў яго працы ў тэатры званнем народнага артыста Беларускай ССР, а яшчэ праз некаторы час у 1985-м прызнаюць поспех харэографа, надаўшы званне народнага артыста СССР). Таму балет «Спартак» атрымаў другое жыццё — у 2017-м годзе ён быў адноўлены на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. Тут трэба разумець, што адметнасць твора (тэма, музыка, героі) сышліся з асаблівай харэаграфіяй, якая цікавіць дагэтуль. Спектакль маштабны, складаны. Але і захапляльны, як і сама гісторыя прыгнечанага рымскага раба, які хоча здабыць права звацца чалавекам, які ўмее адчуваць, кахаць і гатовы ахвяраваць сабой дзеля іншых. Балет драматычны, а пры гэтым зараджае энергіяй жыцця. Не ў малой ступені гэта задача дасягаецца праз работу артыстаў, якія, здаецца, робяць неверагоднае. 

Здзіўляць Ташкент едуць лепшыя артысты: народныя артысты Беларусі Ірына Яромкіна і Антон Краўчанка, заслужаныя артысты Людміла Хітрова, Марына Вежнавец, Канстанцін Геронік, Юрый Кавалёў і тыя, за кім будучыня беларускага балета — Таццяна Уласень, Вікторыя Трэнкіна, Уладзімір Руда, Аляксандр Місюк, Дзяніс Шпак. Гэта вялікае прадстаўніцва беларускага Вялікага ў Ташкенце з вялікім спектаклем. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».