Нaiля прачнулася і паглядзела ў акно. «Сёння пайду да лекара і ўсё дазнаюся», — падумала яна і пакратала вусны. Месяц не праходзіла назойлівае паколванне вуснаў. Спачатку думала — само пройдзе. Потым схадзіла да зубнога. Лекар агледзеў губу і сказаў: «Усё добра».
Дзіўнае адчуванне турбавала. Тут яшчэ муж сяброўкі ляжаў у бальніцы з анкалогіяй губы. Аўтаматычна праведзеная паралель падштурхнула схадзіць на прыём да тэрапеўта.
Прыемная бландзінка са стомленымі вачыма доўга слухала, як працуе яе сэрца, мімаходзь спытала:
— А ў зубнога былі?
Нaiля адказала:
— Так, ён не знайшоў праблем. Што гэта можа быць?
— Звярніцеся да ЛОРа, — параіла бландзінка. Яна нешта пісала ў картцы. У паліклініцы ішла праверка, і ёй было не да пацыенткі... Нaiля зразумела, што гэта ўсе рэкамендацыі, і пайшла запісвацца да ЛОРа.
Запісалі на чацвер.
— Як заўсёды, — прамармытала яна, — пасля дожджычка ў чацвер!
Незразумелае адчуванне спараджала страх. Перадумала ўсякае... Можа, я сапраўды не ў сабе? Але паколванне было рэальным і настойліва турбавала нават па начах. Павінен жа хтосьці паставіць дыягназ або ў крайнім выпадку падказаць, куды звярнуцца!
З надзеяй яна ўвайшла ў кабінет да ЛОРа. Сямідзесяцігадовы лекар дрэнна чуў і двойчы перапытаў:
— А ў зубнога былі?
Нaiля адказала:
— Так, ён нічога не знайшоў.
ЛОР таксама не знайшоў. Ён агледзеў вушы, нос і горла і пачаў пісаць у картцы.
— З вушамі ўсё ў парадку? — з сумам спытала Наіля.
— У поўным, — адказаў доктар.
— А што вы там пішаце? — пацікавілася жанчына.
Да каго яшчэ ёй звярнуцца, ён не ведаў.
У даведачным акне паліклінікі на пытанне, да якога спецыяліста звярнуцца, маладзенькая дзяўчына паціснула плячыма і спытала:
— А ў зубнога…
— Была.
— Тады не ведаю, — сказала дзяжурная ў акенцы.
Наiля дрэнна спала, у галаву лезлі нядобрыя думкі. Распавяла пра праблему на працы. Калегі ўдакладнілі: «У зубнога была?» Наiля сцвярджальна кіўнула і паёжылася. Чуллівыя жанчыны паахалі і параілі звярнуцца да «бабкі», уручыўшы ёй пару адрасоў.
Пастаяўшы пад дзвярыма знахаркі, Наiля ўвайшла. «Бабцы» было гадоў сорак — дагледжаная жанчына ў шыкоўна абстаўленым пакоі з абразамі ў чырвоным куце, картамі і свечкамі на стале. Наiля выклала сутнасць пытання. «Бабка» асцярожна спытала:
— У зубнога была?
«Так», — Наіля ўсміхнулася.
— Начаравана, — упэўнена ўстанавіла дыягназ «бабка», расклаўшы карты, якія Наiле прыйшлося зрушваць і дзяліць на купкі.
— Жанчына вядзьмарыла — цёмная такая. Ведаеш, пра каго кажу?
Нaіля не ведала. «Бабка» ўдакладніла:
— Разам з табой працуе! Старэйшая за цябе... ведаеш, пра каго кажу?
Зноў Наiля не ведала…
— На «Т» клічуць, — падказала «бабка». На «Т» з Наiлёй працавала некалькі жанчын.
— Зайздросціць, вось і навядзьмарыла. Я табе вады дам. Своечасова прыйшла!
Ваду Наiля ўзяла: дапаможа, не дапаможа? Разлічылася па ўсталяванай таксе і стала піць ваду нашча — так сказала «бабка».
Паколванне не праходзіла. Успомніла, што ёсць знаёмы неўролаг у адной з гарадскіх бальніц, якой яна калісьці аказала дабрачынную дапамогу на рамонт палаты.
Уладзімір Уладзіміравіч сустрэў ветліва, прадставіў Наілю жанчыне ў белым халаце, якая сядзела ў яго кабінеце і была падобная на лялечку:
— Гэта наш спонсар!
«Лялячка» ўсміхнулася, запляскала доўгімі вейкамі.
— Ой, як цікава!
— Ну-с, што вас прывяло да нас? З чым завіталі? — Уладзімір Уладзіміравіч важнічаў і відавочна маляваўся перад «лялячкай». Наiля коратка выклала праблему. Ён усміхнуўся:
— У зубнога…
— Так, і ў ЛОРа таксама.
— Можа, гэта вам здаецца, што ў вас праблемка?
— Не, мяне гэта рэальна турбуе, — адказала жанчына. Уладзімір Уладзіміравіч, нават не зірнуўшы на губу, паабяцаў:
— Не хвалюйцеся, усё вылечым!
І выпісаў рэцэпт. Яна адразу ж купіла таблеткі і адну прыняла. За тры гадзіны адчуванне не змянілася. «Ну, не адразу», — падумала яна і выпіла другую. Не праходзіла... ад таблетак хацелася спаць. «Напэўна, з заспакаяльным эфектам», — падумала Наiля і вырашыла прачытаць інструкцыю. І прачытала — ад шызафрэніі... тут ужо пачалася сапраўдная паніка! Тэлефанаваць сябрам? Яны могуць падумаць, што насамрэч у яе шызафрэнія.
Наiля ў роспачы папрасіла прыехаць старога сябра Мікалая, толькі яму яна магла даверыць свае сумневы. Ён дакладна не падумае, што ў яе псіхічнае захворванне. Ён паглядзеў на яе са спачуваннем і няўпэўнена спытаў:
— Можа, табе здаецца? А ў…
Жанчына стрымала галашэнне.
— Мяне сапраўды гэта турбуе, — сказала яна скрозь слёзы. Мікалай збянтэжыўся і патэлефанаваў знаёмаму лекару скурвендыспансера Юрыю. Той уважліва выслухаў і спытаў:
— Колькі часу вас турбуюць гэтыя адчуванні?
— Месяц.
— А ў зубнога…
Наіля рыпнула зубамі:
— Сказаў — усё ў парадку.
— Што ў вас было месяц таму асаблівага?
Наiля падумала і адказала:
— Дзень нараджэння.
— А што вы елі і пілі ў свой дзень нараджэння?
— Як заўсёды, ніякай экзотыкі.
— А чым вы фарбуеце свае выдатныя губкі?
— Тая ж памада.
— Можа, вы чымсьці яшчэ іх пафарбавалі, напрыклад, чужой памадкай?
У голасе мужчыны гучала падлашчванне, што ніяк не спалучалася з настроем жанчыны.
— Здзекуецеся? Усе вы, мужыкі…
Яна сказала б больш, у яе накіпела, але раптам успомніла:
— Перад днём нараджэння, па парадзе суседкі, памазала герпес на губе настойкай пропалісу. Ён на губе за ноч ссох, раніцай я зафарбавала герпес памадай, і на ўрачыстасці ён не быў бачны.
— А! — з радасцю ўсклікнуў доктар Юрый. — Вось і знайшлі прычыну! У вас алергія на пропаліс! Тры дні па таблетцы вось гэтага лякарства раніцай і ўвечары — і ўсё пройдзе.
Хапіла дзвюх таблетак. Колькі перадумала Наіля, колькі лекараў яна абыйшла, а ўсё аказалася проста. Цяпер яна ведае, што ў яе алергія на пропаліс, а вось таблеткі ад шызафрэніі прымусілі задумацца. Можа, сапраўды нешта з ёю не так?
Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.