Вы тут

Прэм’еру твораў кампазітара Галіны Гарэлавай рыхтуе Дзяржаўны камерны хор Беларусі


Яны прагучаць у канцэрце, прымеркаваным да 100-годдзя з дня нараджэння харавога дырыжора Ганны Зелянковай.


Адмысловую праграму In memoriam рыхтуе яе вучаніца Наталля Міхайлава, яка з’яўляецца мастацкім кіраўніком Дзяржаўнага камернага хора Рэспублікі Беларусь. Сустрэча памяці выдатнага дырыжора і выкладчыцы адбудзецца 19 сакавіка а 16-й гадзіне ў Белдзяржфілармоніі, у зале імя Рыгора Шырмы, яшчэ аднаго выдатнага хормайстра Беларусі. Вядома, ад такіх канцэртаў чакаеш перш за ўсё менавіта сустрэчы з беларускай музыкай — і слухачы змогуць ацаніць харавы цыкл «Начны пілігрым» Галіны Гарэлавай, які прагучыць упершыню. У гэты вечар будуць выкананы яшчэ творы айчынных кампазітараў, у прыватнасці, Аляксандра Літвіноўскага і Алены Атрашкевіч. А таксама руская харавая музыка — творы Сяргея Рахманінава, Георгія Свірыдава, Валерыя Гаўрыліна. Справа ў тым, што ў асобе Ганны Зелянковай спляліся дзве культурныя традыцыі.

Калісьці пасля вайны выпускніцу Ленінградскай кансерваторыі запрасіў на працу ў Мінск наш славуты кампазітар Анатоль Багатыроў, які ўзначальваў Беларускую кансерваторыю. Яна не пабаялася прыехаць у пасляваенны Мінск у 1949 годзе. Працы было шмат. Па-першае — выкладанне ў кансерваторыі (адпрацавала на кафедры харавога дырыжыравання 55 гадоў). Па-другое, непасрэдна дырыжыраванне: Ганна Паўлаўна на практыцы паказвала сваім выхаванцам, што значыць працаваць з калектывам. Яна больш дзесяці гадоў была мастацкім кіраўніком хору Беларускага радыё. Выбірала для выканання творы беларускіх кампазітараў. І паказвала прыклад сваім вучням, якія пасля працягвалі справу падтрымкі беларускай музыкі. Між іншым, у Зелянковай выпала вучыцца Міхаілу Дрынеўскаму, які шмат гадоў быў мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Народнага хору імя Генадзя Цітовіча. А многія вучні Ганны Паўлаўны і цяпер паспяхова працуюць на ніве беларускай культуры. Напрыклад, такія, як заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Ларыса Іконнікава, якая з’яўляецца мастацкім кіраўніком Гродненскай капэлы, і мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнага камернага хору Наталля Міхайлава. Ганна Зелянкова зрабіла значны ўнёсак у беларускую культуру, падрыхтавала шмат вучняў, якія і цяпер працуюць у розных рэгіёнах і самых розных калектывах. Некаторыя прымуць удзел у канцэрце разам з калектывамі, якімі кіруюць. Напрыклад, Святлана Кунцэвіч, кіраўнік узорнага хору Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Алена Лацапнёва, якая працуе з узорным хорам «Ліра» сярэдняй школы № 66 Мінска.

Памяць — праява ўдзячнасці людзей, якія імкнуцца годна ўшанаваць асобу настаўніцы. Яе вобраз будзе натхняць удзельнікаў канцэрта — праз фота і відэа, якія захоўваюцца ў сям’і Ганны Зелянковай.

Канцэрт — гэта доказ, што працягвае жыць справа Ганны Паўлаўны Зелянковай, якая стала лёсам для многіх. І калі мы кажам пра адмысловую школу харавой музыкі Беларусі, то павінны памятаць пра тых, хто яе ўзбагачаў і развіваў у розныя перыяды існавання. А гэта і музыканты, і дырыжоры, і кампазітары, якія паспяхова ствараюць харавую музыку ў нашы дні. Канцэрт — гэта таксама і нагода для таго, каб адкрыць яе для сябе.

Ларыса ЦІМОШЫК

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.