Вы тут

Хто і навошта вырошчвае «лазу даўгалецця» ў Беларусі?


Турыстычныя даведнікі любяць уключаць у апісанні той ці іншай краіны звесткі, якія пачынаюцца з займенніка «самы»: самы паўночны або паўднёвы пункт, самая вялікая колькасць азёраў, балот, горных вяршынь... У прынцыпе, звестак, якія пачынаюцца са слова «самы», пры жаданні можна знайсці нямала аб кожнай краіне свету. І Беларусь — не выключэнне.


Беларускі вінаград смачнейшы за імпартны, адзначаюць і спажыўцы, і навукоўцы.

Была сярод падобных даных аб нашай краіне і такая «рэгалія»: Беларусь — самая паўночная краіна, дзе можна вырошчваць вінаград. Была, таму што ў сувязі са змяненнем клімату гэтая мяжа адсунулася на поўнач.

— Паўночная мяжа вырошчвання вінаграду пачала адсоўвацца гадоў 30 таму. Сёння вінаград ужо вырошчваюць і ў раёне Санкт-Пецярбурга, і ў Прыбалтыцы, Швецыі, Нарвегіі — амаль да 60-й паралелі, — тлумачыць кіраўнік клуба «Паўночны вінаград», навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі пладовых культур РУП «Інстытут пладаводства» Уладзімір Усцінаў.

І гэта звязана не толькі са змяненнем клімату, адзначыў навуковец. Гадоў 30-40 таму селекцыянеры пачалі атрымліваць сарты вінаграду з ультрараннім тэрмінам паспявання, і за кошт гэтага змянілася мяжа распаўсюджвання дадзенай культуры. Чатыры дзесяцігоддзі таму гэтая мяжа дакладна праходзіла праз Магілёў, Мінск і Гродна: на поўдзень ад яе вінаград рос, на поўнач — ужо не, як ні старайся. У нашы дні вінаград можна вырошчваць па ўсёй тэрыторыі Беларусі. І ўсё ж асартымент сартоў на Віцебшчыне істотна ніжэйшы за Берасцейшчыну, бо вегетацыйны перыяд, які ёсць «у запасе» ў раслін у гэтых двух рэгіёнах, адрозніваецца ў сярэднім на цэлых тры тыдні.

Беларускі — смачнейшы!

Аднак у нашай кліматычнай зоне і сёння вырошчванне вінаграду патрабуе не толькі працавітасці, але і ведаў, і творчага падыходу. Хто і навошта вырошчвае гэтую цеплалюбівую культуру ў нашай зусім не паўднёвай краіне?

У асноўным гэта аматары, распавядае Уладзімір Мікалаевіч. Проста гаспадары прысядзібных і дачных участкаў. Ёсць фермерскія гаспадаркі, якія зрабілі стаўку на гэтую нетыповую для Беларусі культуру. Яны вырабляюць вінаград для рэалізацыі на рынку, у многіх заключаны дагаворы з кафэ і рэстаранамі. Вінаград фермеры і проста прыватнікі вырошчваюць у асноўным у цяпліцах. Больш за ўсё такіх цяпліц — пад Пінскам, Гомелем, Лідай, на Берасцейшчыне. Зрэшты, аматары — гаспадары асабістых «сотак» — вырошчваюць вінаград і вакол Мінска (Салігорск, Слуцк, Капыль), і ў Гродзенскай вобласці, і нават на Віцебшчыне.

У асноўным у Беларусі пераважаюць сталовыя сарты расійскай і ўкраінскай селекцыі. Справа ў тым, што вінныя сарты патрабуюць адкрытага грунту, а ў адкрытым грунце ў нашых шыротах вырасціць вінаград неверагодна складана, таму дадзены кірунак пакуль развіваецца не надта актыўна. Хоць некаторыя аматары спрабуюць і гэта — у такім выпадку яны выкарыстоўваюць старыя французскія сарты: класіку, створаную многія дзесяцігоддзі таму, распавёў суразмоўнік. Беларуская селекцыя вінаграду актыўна развівалася ў 1960-я гады, але на сённяшні дзень у ёй няма неабходнасці: пакуль эканамічна мэтазгодна засяродзіцца на больш прыдатных для нашай кліматычнай зоны культурах, а што датычыцца вінаграду — проста адаптаваць ужо існуючыя сарты пад нашы ўмовы. А ў цэлым, па прагнозах спецыялістаў, развіццё вінаградарства ў Беларусі і далей будзе ісці з акцэнтам на сталовыя сарты. Таму што гэта — сапраўды атрымліваецца.

— Па смакавых і спажывецкіх якасцях беларускі вінаград смачнейшы за імпартны, — адзначае Уладзімір Усцінаў. — І разнастайнасць смакаў значна багацейшая, чым тыя камерцыйныя сарты, якія «прыязджаюць» у Беларусь. Імпартны вінаград здымаецца ў стадыі недаспеласці і даспявае ўжо ў дарозе. Плюс апрацоўка прэпаратамі, каб прадухіліць гніенне. Беларускі вінаград сёння знялі з расліны, а самае позняе — заўтра ён ужо рэалізуецца пакупніку.

Таннейшым айчынны вінаград у параўнанні з імпартным быць не можа — тая ж цана або трохі даражэй. Як і любы фермерскі прадукт. Справа і ў аб'ёмах вытворчасці, і ў ступені механізаванасці вытворчых працэсаў на буйных сельгаспрадпрыемствах у параўнанні з падворкам прыватніка. Затое ў наяўнасці ўсе плюсы прадукту «арганік»: экалагічна чыстая вытворчасць, «самая першая свежасць». А таксама той факт, што прыватнік, у адрозненне ад буйных вытворцаў, можа дазволіць сабе, выбіраючы сарты для вырошчвання, залажыць у аснову гэтага выбару не толькі (і не столькі) іх прадукцыйнасць, устойлівасць да хвароб і лёжкасць, а ў першую чаргу смакавыя якасці. Гэтым і тлумачыцца разнастайнасць сталовых сартоў вінаграду айчыннай вытворчасці — ад малочна-белага, зялёнага, далікатна- і ярка-ружовага да вішнёвага, бардовага, фіялетавага і сінявата-чорнага, з костачкамі і без костачак.

Беларускі вінаград — прадукт сезонны, як, уласна кажучы, і наканавана вінаграду. Пакаштаваць яго можна ў жніўні-верасні ў першую чаргу на рэгіянальных рынках — у сталіцу ён не заўсёды «даязджае». І спецыялісты раяць выбіраць менавіта яго: па смаку і карыснасці ён адназначна выйграе. Зрэшты, акінуць позіркам усё вінаградарства нашай краіны і параўнаць смак зручней за ўсё на штогадовай «вінаграднай» выставе-кірмашы ў Самахвалавічах — яна праходзіць у жніўні, на яе прывозяць гронкі, а таксама ўласнае віно і разынкі з усёй Беларусі. Дарэчы, на яе прыязджаюць і вінаградары з суседняй Расіі, іншых краін. Яшчэ адна (дарэчы, больш блізкая па часе) важная дата для беларускіх вінаградараў — у красавіку: калі штогод на пляцоўцы перад Інстытутам пладаводства адкрываецца продаж саджанцаў найлепшых і незвычайных сартоў вінаграду. Заўважым, што ў Інстытуце пладаводства ў Самахвалавічах сабрана калекцыя з 500 сартоў вінаграду, якія вырошчваюцца ў Беларусі. А на прысядзібных участках беларускіх аматараў вінаградарства сёння расце ўжо 800 сартоў. Вінаградарства ў нашай краіне развіваецца не адно дзесяцігоддзе. І ўжо больш за 20 гадоў — з 2000 года — існуе клуб «Паўночны вінаград».

Вінаград фермеры і проста аматары вырошчваюць у асноўным у цяпліцах

Практыкаванне для розуму

— Вырошчваю трыццаць сартоў вінаграду. Напрыклад, радуе «Юбілей Новачаркаска» — вага гронкі па 2 кг, а кожная ягадка — 5 см, — успамінае напярэдадні новага садова-агароднага сезона мінулыя ўраджаі адзін з найстарэйшых удзельнікаў клуба «Паўночны вінаград» Іван Яловік. — Між тым, Беларусь знаходзіцца за межамі прамысловай зоны вырошчвання вінаграду. І дораць радасць не толькі сакавітыя гронкі, але і тое, што і ў нашым клімаце, калі прыкласці да справы веды і працавітасць, вінаграднік можа даваць высокія ўраджаі.

Наогул, вінаграднік — гэта цяжкая праца нават у краінах з аптымальным для такой культуры кліматам. Але мужчын і жанчын у клубе вінаградараў — практычна пароўну.

— Лічыцца, што не жаночая гэта справа — вінаград вырошчваць. Але я спраўляюся, — усміхаецца Людміла Юзафатава, яшчэ адна з найстарэйшых беларускіх вінаградараў. — У мяне на ўчастку — 150 сартоў вінаграду, а кустоў — больш за 200. Вінаград — тая культура, якая ўлюбляе ў сябе і не адпускае: калі атрымаеш ураджай адзін раз, спыніцца ўжо немагчыма.

Людміла Васілеўна распавядае, што вырошчваннем вінаграду захапілася ў даволі сталым узросце — раней і не думала, што будзе нешта вырошчваць. Трэба сказаць, людзей, чый жыццёвы шлях да сустрэчы з гэтай культурай не быў звязаны з працай на зямлі, у клубе беларускіх вінаградараў большасць. А потым сустрэча адбылася — і яны ўлюбіліся ў гэтую няпростую справу. І менавіта ім скарылася вяршыня — атрыманне высокіх ураджаяў «сонечнай ягады» ў халодным для згаданай культуры клімаце.

— Любоў да зямлі ў мяне «родам з дзяцінства»: наш род — сялянскі. А чаму менавіта вінаград? Ды проста ў нашым клімаце гэта сур'ёзная праца для розуму.

Яшчэ ў антычнасці старажытныя лекары называлі вінаград «лазой даўгалецця». І справа не толькі ў хімічным складзе гэтай ягады і яе карысці для здароўя...

— Калі пасадзіць вінаград «наўдачу», выніку не будзе, — кажа Уладзімір Усцінаў. — Гэта культура, максімальна адчувальная да клопату і ўвагі. Ні адна расліна так не рэагуе на правільны догляд, як вінаград. Трэба разумець, што робіць вінаградар і для чаго ён тое робіць. Таму ўраджай вінаграду, асабліва ў нашых шыротах, — узнагарода за працу не толькі фізічную, але і разумовую. За пастаяннае паглыбленне і пашырэнне сваіх ведаў і ўдумлівы падыход да працэсу вырошчвання лазы. Нядзіўна, чаму гэтая культура прыцягвае многіх. Вінаградарства ў нашай краіне будзе развівацца.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.