Вы тут

Рамз Бабаджан: О, Беларусь, свяшчэнная зямля...


У кожнага з паэтаў, які займаецца яшчэ і мастацкім перакладам, несумненна, ёсць сваё прыцягненне да той ці іншай літаратуры. Гэта заканамерна. І адбываецца па прычыне асабістых творчых зацікаўленняў, зыходзячы з жыццёвай і творчай біяграфіі, з улікам памкненняў да засваення той ці іншай нацыянальнай культуры, літаратуры, паэзіі...


Максім Танк падчас Дзён узбекскай літаратуры і мастацтва ў Беларусі, 1967 г.

Вядома, што народны паэт Беларусі Максім Танк пераклаў за сваё жыццё даволі шмат твораў з розных літаратур. З аварскай, азербайджанскай, англійскай, армянскай, аўстрыйскай, балкарскай, венгерскай, грузінскай, грэчаскай, ідыш, ісландскай, іспанскай, італьянскай, казахскай, калмыцкай, кітайскай, лакскай, латышскай, літоўскай, лужыцкай, македонскай, малдаўскай, нямецкай, польскай, румынскай, рускай, славацкай, славенскай, таджыкскай, татарскай, туркменскай, турэцкай, украінскай, французскай, хіндзі, чэшскай, эстонскай, японскай. Уражальная шмаграннасць!.. Грамадскі і палітычны дзеяч Максім Танк шмат ездзіў, вандраваў па свеце. У яго было многа сустрэч з паэтамі розных народаў свету на ўсялякіх кангрэсах, канферэнцыях, сімпозіумах, з’ездах... Яго, здаецца, ведалі ва ўсім свеце. Яшчэ ў 1957 годзе беларускі паэт наведаў Кітай, дзе ў 1958-м выйшла кніга яго выбранай паэзіі ў перакладах Гаа Мана і Гэ Баацзяня. Найбольшая прыхільнасць Максіма Танка — да польскай, рускай, украінскай паэзіі. Ён пераклаў вершы болей як 100 польскіх паэтаў. Што і зразумела: талент беларускага творцы сталеў, мужнеў ва ўмовах жыцця ў Заходняй Беларусі, у Вільні, на тагачаснай тэрыторыі Польшчы, менавіта ў той час ён пазнаёміўся з многімі яркімі польскімі паэтамі. Сяброўства захавалася на ўсё жыццё. 

Сярод зацікаўленняў Максіма Танка — зварот і да ўзбекскай паэзіі. «О, Беларусь, свяшчэнная зямля, // Не раз я марыў стрэціцца з табой! // І да цябе душой імкнуўся я // І бачу цябе ў славе баявой. // Я — госць. Але ў сям’і сяброў-братоў // Гаспадаром сябе я адчуваю, // З тваіх крыніц п’ю, ем хлеб з тваіх палёў, // І ўсе — мне родныя, каго я сустракаю. // Тут кожны камень з берагоў Дзвіны // Суровы сведка, і ён мне гаворыць // Аб подзвігу народа ў дні вайны, // Аб перажытым, незабыўным горы. // О, Беларусь! Чароўны, дзіўны край...» (Рамз Бабаджан. «У гасцях»). Пераклад цытуем з 11 тома Збору твораў Максіма Танка ў 13 тамах (Мінск, «Беларуская навука», 2010; укладальнікі — У. І. Мархель, С. У. Калядка). Пераклад упершыню быў надрукаваны ў пятым томе шасцітомнага Збору твораў народнага паэта ў 1980 годзе. А датуецца 19 сакавіка 1972 года. Колькі слоў пра Рамзу Бабаджана (1921–2009). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1972) за паэму «Жывая вада». Народны паэт Узбекскай ССР (1981). Працаваў намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Узбекістана. Перакладчык на ўзбекскую мову паэтычных твораў А. С. Пушкіна, М. Ю. Лермантава, М. А. Някрасава, А. Т. Твардоўскага і інш. 

З узбекскай паэзіі М. Танк, акрамя звароту да творчасці Р. Бабаджана, пераклаў вершы Гафура Гуляма «Ну і што ж», Саяра «Ленін у Хіве», Душана Файзіева «***На Кіеўшчыне дзве ракі плывуць...», Шукруло «Пара лістападу». Самы ранні пераклад, відавочна, — верш Д. Файзіева. Надрукаваны ў калектыўным зборніку «Сонца ў арыках» (Мінск, 1966). Пераклад датуецца 2.02.1966... 

Максім Танк з узбекскімі пісьменнікамі: Рамзам Бабаджанам, Назірам Сафаравым, Уйгунам і Хамідам Гулямам, 1967 г.

Верш Гафура Гуляма «Ну і што ж» быў надрукаваны ў альманаху «Братэрства — 1986». 

Я каля інстытута дзяўчыну сустрэў. 

Яе позірк вясёлы, як сонца, гарэў. 

Эх, каб мог скінуць пару дзясяткаў гадоў, 

Можа б, раскрыць сваё сэрца сілу 

знайшоў. 

Толькі я не прасцяк, каб яе не спыніць, 

Гавару, каб гарачыя вусны раскрыць: 

«Як, скажыце, разынкаў базар 

адшукаць?..» 

Вось што я ёй сказаў. 

А што мог я сказаць? 

Гафур Гулям (1903–1966) — народны паэт Узбекістана (1963), акадэмік АН Узбекістана (1943). Аўтар многіх паэтычных і празаічных кніг. У 1970 годзе (пасмяротна) быў адзначаны Ленінскай прэміяй. На беларускую мову творы класіка ўзбекскай літаратуры Гафура Гуляма перакладалі Анатоль Астрэйка, Эдзі Агняцвет, Сцяпан Гаўрусёў і іншыя беларускія паэты і перакладчыкі. Гэтыя пераклады друкаваліся ў перыядычных выданнях, калектыўных зборніках узбекскай літаратуры — «Спявае Узбекістан» (1962), «Сонца ў арыках» (1966), «Вясёлка над арыкам» (1986). 

...Магчыма, гэтая згадка — і шараговы факт для гісторыі сусветнай паэзіі. Ды ўсё ж у гісторыі беларуска-ўзбекскіх літаратурных сувязей штрышок дастаткова знакавы... 

Мікола БЕРЛЕЖ 

Фота Уладзіміра КРУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».