Вы тут

Уладзімір Гладкоў — мастак, натхённы падарожжам


Стаўленне еўрапейцаў да насельнікаў Туркестана — і Узбекістана як неад’емнай часткі Зямлі цюркаў — цягам стагоддзяў пастаянна змянялася: ад насцярожана-недаверлівага і варожага за сівой пракавечнасцю да непрыкрытага захаплення ў век рамантызму і пад’ёму навуковай думкі. Ды адно заставалася нязменным: пустынныя раўніны Сярэдняй Азіі ва ўсе часы вабілі не толькі асоб дзейных і прадпрымальных... Філосафы і пісьменнікі, дойліды і мастакі — словам, натуры з тонкай душэўнай арганізацыяй спрадвеку шукалі на Усходзе мудрасці і натхнення. Шмат ведае гісторыя і адваротных прыкладаў, калі бурштынавае сонца прыводзіла вольналюбівых намадаў на Захад. Нумар, прысвечаны Узбекістану, несумненна, атрымаўся б няпоўным без згадак аб мастаках, чые жыццёвыя перыпетыі спляліся з вялікімі караваннымі шляхамі.


«Аральская юшка», 1976 г.

Уладзімір Гладкоў — якраз адзін з такіх... Мастак нарадзіўся 12 мая 1947 года ў Туркменістане ў шматнацыянальным горадзе Ташаўз (сёння Дашагуз). Аднак большую частку жыцця ён правёў у Ташкенце. Тут адбывалася і творчае станаўленне майстра. Асновам жывапісу Уладзімір Гладкоў навучаўся ў Рэспубліканскім мастацкім вучылішчы імя Паўла Бянькова. Свайму тагачаснаму педагогу Івану Якаўлевічу Сакалову творца пазней прысвеціць не адну работу, ушануе яго памяць цэлымі экспазіцыямі. Пасля заканчэння вучылішча Уладзімір Гладкоў паступіў на мастацка-графічны факультэт Ташкенцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Актыўную выставачную дзейнасць распачаў у 1979 годзе, калі заявіў аб сабе першай персанальнай выстаўкай ва ўзбекскай сталіцы. З тых часоў яго імя амаль не пакідала газетных палос. 

На месцы мастак не сядзеў, аддаючы перавагу дарозе. Перш чым асесці ў 2002 годзе ў Мінску, Уладзімір Гладкоў аб’ездзіў спачатку ўсю Сярэднюю Азію, а затым яшчэ паўсвету. Работы жывапісца захоўваюцца ў прыватных калекцыях у Грэцыі, Італіі, Японіі, Венгрыі, Германіі, Аўстраліі, Англіі, Расіі, а таксама ў фондах Міністэрства культуры Узбекістана, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, іншых музейных устаноў. У Беларусі ж творцу, паводле яго слоў, прыцягваюць перш за ўсё людзі... Колькасць персанальных экспазіцый мастака набліжаецца да ўнушальнай лічбы ў два дзясяткі. Сярод важных выставачных адрасоў, акрамя Ташкента, значацца яшчэ Мінск, Афіны. Групавыя выстаўкі праходзілі ў Паўночнай Македоніі, Расіі. 

https://zviazda.by/sites/default/files/nacyurmort_z_bezam_2000_g.jpg

У падмурку яркага мастацкага стылю Уладзіміра Гладкова ляжаць традыцыі еўрапейскага рэалістычнага жывапісу, «сапсаванага» думкай і наратыўнасцю, ды разуменне каларыстыкі і кампазіцыі як выяўленчай асновы твора. Найбольшы ўплыў на мастака аказалі, наколькі можна меркаваць, арыенталісты XIX — пачатку XX стагоддзяў. З іх у першую чаргу прыгадваецца імя непераўзыдзенага Васіля Верашчагіна. У свой час гэты аўтар і адкрыў Старому Свету мастацкі Туркестан. Яго легендарная Туркестанская серыя 1867–1874 гадоў, можна сказаць, стварыла жывапісны канон Цэнтральнай Азіі. Уладзімір Іванавіч — няхай і апасродкавана, праз галаву ўласных настаўнікаў — пераймае верашчагінаўскія колеравыя спалучэнні і асаблівае стаўленне да «паветра» на палотнах. Зрэшты, самаркандскія вулачкі і маўзалеі ў трактоўцы сучасніка — зусім не тое ж, што на карцінах XIX стагоддзя. Яны менш дэталёвыя і адрозныя па настроі — тут пануе меланхолія і нават не пахне экзотыкай. 

Прыглушаная настраёвасць збліжае работы мастака з работамі паслядоўніка Васіля Верашчагіна — Рыхарда-Карла Зомера і яго Туркестанскай серыяй. Але ж яшчэ бліжэй па духу да Уладзіміра Гладкова аказаўся Павел Бянькоў, чыё імя насіла вучылішча, дзе герой нашага матэрыялу спасцігаў азы прафесіі. Мастацкія метады двух аўтараў родніць адмысловая імпрэсіяністычнасць выказвання, свавольнасць мазка (асабліва што тычыцца выяўлення людзей у пейзажах). Разам з тым «арыентальныя» палотны Уладзіміра Гладкова вызначаюцца шчырым захапленнем прыродай і архітэктурай роднага Узбекістана, прыхільнасцю яго да нацыянальных традыцый. Аўтэнтычнасць і ўласцівае выключна жыхарам усходніх краін адчуванне святла адрозніваюць яго погляд ад погляду заезджых рысавальшчыкаў мінулага. 

Улюбёным жанрам Уладзіміра Гладкова з’яўляецца пейзаж. Натуральна, творца працуе і як партрэтыст (асабліва плённа ў апошнія гады), і як майстар нацюрмортаў, але славу займеў менавіта на ніве жывапісных краявідаў. Сапраўднае ж захапленне мастака — водная стыхія. Яе ў пейзажах Уладзіміра Гладкова шмат, і штораз вада — гэта істота з непаўторным характарам. Такое абвостранае адчуванне найдрабнейшых змен у наваколлі набліжае творчасць жывапісца да найлепшых з марыністаў. Работы Уладзіміра Гладкова нават можна знайсці ў Музеі Сусветнага акіяна ў Калініградзе. Пейзажыст перадаў у фонды ўстановы больш за 30 карцін з выявамі Аральскага мора. Серыя напісана з натуры, а вадаёма ўжо амаль не існуе. 

З дапамогай паслядоўнага чаргавання архітэктурных элементаў, абрысаў гор, вадзяной роўнядзі, купала неба і аблокаў Уладзімір Гладкоў стварае энергічныя прасторавыя рытмы, не губляючы пры гэтым лірычнай інтанацыі. Мастакоўскае крэда выяўляецца ў пільнай увазе да любога праяўлення творчага духу ў чалавеку, прыродзе альбо прадметным асяроддзі. Яно вызначае разнастайнасць відаў і жанраў мастацтва, у якіх працуе майстар. Цікавымі прыкладамі можна лічыць праектаванне музейных экспазіцый і ландшафтны дызайн. З 1978 года Уладзімірам Іванавічам было створана больш за 30 музеяў, сярод якіх ёсць і буйныя, экспазіцыйнай плошчай звыш 5000 кв. м. 

«Палац Ак-сарай (Узбекістан)», 1995 г.

Большая частка створаных мастаком музейных экспазіцый знаходзіцца ва Узбекістане. На рахунку майстра, у прыватнасці, — афармленне такіх знакавых для рэспублікі культурных устаноў, як Дзяржаўны музей гісторыі Узбекістана, Дзяржаўны музей гісторыі Цімурыдаў, Музей алімпійскай славы. Некалькі цікавых праектаў на азначанай ніве здзейснена мастаком і ў Беларусі. У іх шэагу галоўным з’яўляецца Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, што пазіцыянуецца як «адзін з самых маладых і тэхналагічных музеяў краіны». Дэбют у галіне ландшафтнага дызайну адбыўся пры аднаўленні Ташкенцкага заапарка ў 1990-я гады. Акрамя таго, у 2003 годзе Уладзімір Гладкоў у якасці аўтара распрацоўкі ландшафтнага дызайну ўзяў удзел у праектаванні экзатарыума (вальеры і тэрарыумы з рэдкімі і экзатычнымі жывёламі) Мінскага заапарка. 

Бернард ЗАТЫЛКІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?