Вы тут

Ігар Бузоўскі: «Кніга для нас — гісторыя пра стваральную працу, а не камерцыя»


Лічаныя дні засталіся да старту ХХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Яна ўжо трыццаць гадоў выступае месцам прыцягнення літаратараў, кнігавыдаўцоў і кнігалюбаў. Праекты пад эгідай яе нязменна выклікаюць вялікі інтарэс не толькі ў прадстаўнікоў беларускага кнігавыдання, але і ў шэрагу замежных краін: Расіі, Казахстане, Іране, Кітаі, Кубе і Венесуэле. Прэзентацыя новых кніжных праектаў, абмеркаванні актуальных пытанняў кнігавыдавецкай сферы, сустрэчы з пісьменнікамі, майстар-класы, фотазоны — палітра мерапрыемстваў будзе насычанай і разнастайнай. Даведаліся ў намесніка міністра інфармацыі Ігара Бузоўскага пра адметнасці юбілейнага кніжнага форуму, яго новыя фарматы ўзаемадзеяння з чытачамі, а таксама пра галоўныя задачы кнігавыдання.


— Ігар Іванавіч, пад якім слоганам і з якімі акцэнтамі плануецца правядзенне ХХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу?

— Кожны год выстаўка мае адметнасці, і сёлета яна таксама будзе са сваімі асаблівасцямі. Перш за ўсё, ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш адметная тым, што яна юбілейная. Той факт, што мерапрыемства такога фармату існуе вось ужо трыццаць гадоў, само па сабе ўжо падзея. Такога кшталту кніжныя выстаўкі сёння рэдкасць, таму мы смела можам гаварыць аб тым, што Мінская міжнародная выстаўка-кірмаш — падзея ў сваёй сферы у сусветнага масштабу. І тая ўвага, якая ў Беларусі ўдзяляецца кнізе, — сведчанне, што для кіраўніцтва нашай дзяржавы і непасрэдна Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі гэтая тэма мае асаблівае значэнне. Мы разумеем, што, нягледзячы ні на якія ўмовы: сацыяльныя, эканамічныя ці палітычныя — кніга была, ёсць і застанецца сур'ёзным інструментам для арганізацыі жыццядзейнасці грамадства.

У нас выстаўка-кірмаш не арганізоўваецца як нешта адасобленае ад працэсаў, што адбываюцца ў грамадстве, таму сёлета яе асновай стаў Год міру і стваральнай працы. І слоган мы выбралі адпаведны — «Свет кнігі без межаў». Такі пасыл будзе спалучацца з кніжнымі праектамі, што прымеркаваны да акрэсленай тэмы, а таксама былі падрыхтаваны, выдадзены за апошнія гады. На гэтым плануем зрабіць акцэнт і на пляцоўках самой выстаўкі, прычым як у самім выставачным комплексе, так і за яго межамі.

— Датычна інтэрактыўнага ўзаемадзеяння з наведвальнікамі на што варта звярнуць увагу?

— Цікавых лакацый і мерапрыемстваў, звязаных з правядзеннем выстаўкі, будзе шмат. У першую чаргу, задача нас як арганізатараў — забяспечыць магчымасць пісьменнікам прэзентаваць і паказаць свае кнігі. Таксама будуць прадстаўлены і нашы сумесныя праекты з аўтарамі з розных прафесійных колаў. Менавіта спалучэнне кнігі і аўтара павінна, на нашу думку, быць асновай дадзенай выстаўкі-кірмашу. На стэндах выдавецтваў запланавана насычаная праграма, у тым ліку віктарыны, відэаэкскурсіі, майстар-класы
і шмат іншага.

Асобна трэба спыніцца на прэзентацыі кніг. Гэта будзе ажыццяўляецца не толькі ў традыцыйным фармаце (паглядзець ці паслухаць расповед пра выданне, пры жаданні набыць яго). Будуць і новаўвядзенні, адметныя знакавыя мерапрыемствы. Напрыклад, сёлета мы хацелі акцэнтаваць увагу на сімпозіуме «Пісьменнік і час». Гэтым разам ён будзе праводзіцца сумесна з БДУ пад слоганам «Някніжны свет». На пляцоўцы ўніверсітэта 21 сакавіка будуць абмяркоўвацца тэмы міру, стваральнай працы як з пісьменнікамі, так і з прадстаўнікамі розных сфер, якія рэалізоўваюць сябе ў літаратуры. Плануем, што работа такой пляцоўкі зверне на сябе ўвагу. Назіраць за дыскусіяй пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў і распаўсюджвальнікаў кніг можна будзе і анлайн. Таму ўсіх запрашаем у аўторак у 14.00 далучацца да гутаркі. Таксама ў рамках сімпозіума прэзентуем кніжную паліцу «Інтэлектуальная кніга», дзе адабраны выданні, якія спрыяюць развіццю нашага грамадства.

Калі гаварыць пра адкрыццё выстаўкі, то яе дата, 22 сакавіка, прыпадае на дзень памяці Хатынскай трагедыі. Сваімі мерапрыемствамі мы хочам аддаць даніну памяці ахвярам генацыду беларускага народа. Гэтая тэма знойдзе адлюстраванне як у афармленні, так і ў сцэнарыі цырымоніі адкрыцця ХХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. І кнігі будуць прэзентаваны менавіта па дадзенай тэматыцы, у прыватнасці выданне «Генацыд беларускага народа» (яно ўжо трэці раз перавыдаецца). Жадаем, каб атрымалася шчымлівая размова пра падзеі мінулага, якое сёння мы пераасэнсоўваем. Лічу, што такога роду праект знойдзе свой водгук, нягледзячы на тое, што ў нас шырокамаштабная выстаўка, якая аб'ядноўвае самыя розныя краіны і інтарэсы наведвальнікаў. Бо важна падкрэсліць, што сёння мы працуем і ствараем дзякуючы тым вялікім перамогам і ахвярам, якія заплаціла за гэта наша зямля і нашы людзі.

Плануем сёлета пашырыць і напаўненне выстаўкі. Яна прырасце міжнародным кварталам, над арганізацыяй якога працуем сумесна з Міністэрствам замежных спраў і які прэзентуем асобна. Там будзе прадстаўлена шырокая палітра менавіта замежнай літаратуры.

А вось афармленне выставачнай пляцоўкі мае на ўвазе развіццё тых праектаў, якія мы вядзём таксама не першы год. Адзін з такіх — «Бацькаўшчына», што будзе ўвасоблены на нашым нацыянальным стэндзе ў выглядзе арт-аб'ектаў. Напрыклад, адна пляцоўка будзе абазначана ўжо знаёмым многім зубрам (выкананым з запчастак друкарскіх станкоў). Яшчэ два падобныя аб'екты стануць сюрпрызам для наведвальнікаў і значна ўпрыгожаць выставачную прастору.

Будзе ў нас і працяг праекта «кніжная паліца». Ідэю мы некалі падхапілі ў нашых калег у Санкт-Пецярбургу, але дапрацавалі на свой лад. Праект, накіраваны на папулярызацыю каштоўнасцяў беларускага грамадства праз кнігі, мы спачатку прэзентавалі ў Добрушы на Дні беларускага пісьменства. Першая падборка была прысвечана паняццю «справядлівасць». А ў рамках выстаўкі-кірмашу прадставім 12 кніг-пробнікаў (з кароткімі вытрымкамі з твораў, QR-кодамі для іх пошуку ў сеціве і з укладышам чайнай кампазіцыі з беларускіх зёлак), дзе раскрываецца паняцце «мір».

— Ці прадугледжаны нейкія фарматы ўзаемадзеяння з аўдыторыяй, якая мае жаданне, але не можа трапіць на тыя ці іншыя мерапрыемствы ў рамках выстаўкі?

— Адно з новаўвядзенняў — камунікацыю на пляцоўцы Нацыянальнага стэнда мы хочам арганізаваць ў фармаце інтэрв'ю. На працягу дзеяння выстаўкі там будуць праводзіцца прэзентацыі новых кніжных праектаў у фармаце дыялогаў, дыскусій журналістамі вядучых СМІ Беларусі. І іх трансляцыя — на інтэрнэт-рэсурсах Міністэрства інфармацыі, суарганізатараў і партнёраў.

Важна прыцягнуць увагу да кніжнай выстаўкі не толькі ў Мінску, але і за яго межамі. Таму, акрамя трансляцыі шматлікіх падзей кніжнага форуму ў анлайн-фармаце, плануецца правядзенне выязных выставак-кірмашоў дзіцячай літаратуры па Беларусі. Прэзентацыі кніг для дзяцей наша кнігагандлёвая структура «Белкніга» сумесна з Міністэрствам культуры і гарадскімі бібліятэкамі наладзяць ва ўсіх гарадах — сталіцах Дня беларускага пісьменства.

— У чым увогуле адметнасць гэтага мерапрыемства, калі мы гаворым менавіта пра беларускі фармат?

— Кожная кніжная выстаўка, якую мне пашчасціла наведаць, мае свае адметнасці. І калі гаварыць пра нашу, то вялікі гонар выклікае менавіта той факт, што яна праводзіцца традыцыйна і нязменна вось ужо трыццаць гадоў. Я акцэнтую на гэтым увагу, бо ў іншых краінах не заўсёды такія мерапрыемствы ладзяцца на пастаяннай аснове. А ў нас Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш была і застаецца пляцоўкай дыялогу розных краін, прычым не толькі на ўзроўні выдавецтваў, але і дыпламатычных колаў. Штораз мы абмяркоўваем актуальныя тэмы, знаходзім новыя форматы ўзаемадзеяння пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў з чытачамі, а таксама супрацоўнічаем з грамадскімі арганізацыямі і ўсімі, хто завітвае да нас гэтымі днямі як госць. Мы выкарыстоўваем кнігу ў самых важных і патрэбных нам напрамках, для якіх яна прызначана. Дэманструем, што кніга для нас — перш за ўсё гісторыя пра стваральную працу, а не камерцыя ў чыстым выглядзе. Магчыма, па фінансавых укладаннях у арганізацыю выстаўкі нам не зраўняцца з буйнымі кніжнымі форумамі, але тая ўвага з боку дзяржавы і задачы, якія мы ставім у аснову мерапрыемства, адрозніваюць нас. І я перакананы, што гэта дае свае вынікі.

— Як плануецца ўшанаваць на выстаўцы пісьменнікаў-юбіляраў?

— У гэтым кантэксце сёлета ў нас плануюцца як асобныя прэзентацыі, так і прадстаўленне шырокамаштабных праектаў, якія Міністэрства інфармацыі рэалізоўвае з выдавецтвамі. Напрыклад, выдавецтва «Мастацкая літаратура» падрыхтавала некалькі прэзентацый сваіх кніжных праектаў. Мяркую, наведвальнікам будуць цікавыя іх праекты «Незабытае рэха вайны»: «Я з вогненнай вёскі...» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка; «Ніколі не забудзем» (успаміны дзяцей Вялікай Айчынай вайны, кніга, першае выданне якой пабачыла свет у 1948 годзе) і іншыя.

Вялікая ўвага на кніжнай выстаўцы будзе нададзена юбілеям беларускіх пісьменнікаў. Так, да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра адбудзецца прэзентацыя яго кнігі выбраных твораў. Да 75-годдзя беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц і 75-годдзя беларускага паэта Навума Гальпяровіча будуць прэзентаваны іх зборнікі, якія нядаўна пабачылі свет у серыі «Новая бібліятэка беларускай паэзіі».

У новай выдавецкай серыі «Свет класікі» будуць прадстаўлены творы беларускіх класікаў на рускай мове. Першымі ў серыі з'явіліся раман Івана Мележа «Людзі на балоце» і аповесць Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Робім мы тое свядома, каб пазнаёміць з беларускай літаратурай не толькі замежных чытачоў, але і нашу моладзь. Бо нават для папулярызацыі беларускай мовы, магчыма, варта спачатку прапанаваць маладым людзям рускую версію, якая пасля натхніць на чытанне ў арыгінале.

— Традыцыйна на выстаўцы даведаемся і пераможцаў Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Чым ён здзівіў вас сёлета?

— Пра Нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі» пакуль што яшчэ не магу расказваць дэтальна, бо яго вынікі — заўсёды пэўная інтрыга. Сёння ёсць шмат магчымасцяў для выдання кніг. І зрабіць кнігу, якая будзе даступнай для чытача і пры гэтым здзівіць журы нашага конкурсу — складаная справа. Аднак прыемна адзначаць, што кожны год удзельнікам тое ўдаецца. Сёлета ў творчым спаборніцтве прынялі ўдзел 144 выданні з 30 дзяржаўных і недзяржаўных выдавецтваў. Вядома, заўсёды найбольшы інтарэс выклікае кніга, удастоеная Гран-пры ў намінацыі «Трыумф», паколькі лічыцца, што гэта найлепшае выданне. Але, лічу, пераможцы і ў іншых намінацыях заслугоўваюць не меншай увагі. На выстаўцы з дадзенымі выданнямі пры жаданні можна будзе пазнаёміцца і зрабіць свае высновы. Пераможцы будуць ушанаваны на трэці дзень выстаўкі.

— Падвядуць вынікі конкурсу «ЛітUp». Ці ўзрасла цікавасць да яго з боку творцаў?

— Мы не чакалі, што будзе да яго такая цікавасць, што ён атрымае народнае суправаджэнне. Бо вялікая колькасць заявак нам паступала з водгукам ад людзей, што пра конкурс даведаліся праз СМІ, сацыяльныя сеткі выдавецкіх і творчых колаў і Міністэрства інфармацыі. Трэці год правядзення «ЛітUp» паказвае, што цікавасць да яго расце, пашыраецца геаграфія ўдзельнікаў. Сёлета мы атрымалі каля 200 работ, сярод якіх ужо вядомыя аўтары і тыя, хто толькі спрабуе свае сілы ў творчасці. Прыемна адзначыць, што кнігі пераможцаў мінулых гадоў пабачылі свет і сталі запатрабаваныя чытачамі. Імёны тых, хто сёлета атрымае шанц на падтрымку свайго праекта, а значыць, прыярытэтнае выданне кнігі ў дзяржаўным выдавецтве, даведаемся 25 сакавіка. У рамках выстаўкі-кірмашу таксама прэзентуем кнігі пераможцаў мінулых гадоў. Адна справа — убачыць пераможцаў, а іншая — увасобіць перамогу ў рэальна выдадзенай кнізе.

— На ваш погляд, якая літаратура сёння найбольш запатрабаваная нашым грамадствам і якіх выданняў усё ж не хапае?

— Думаю, сам акцэнт, які мы робім у нашых праектах, і адлюстроўвае імкненне да таго, у якім напрамку развіваецца кнігавыданне. Пісьменніцкі і творчы асяродак фарміруюць тыя запыты, якія закладваюцца ў гэтыя праекты. Яны заключаюцца ў тым, што нам (Міністэрству інфармацыі, людзям, аб'яднаным у творчыя саюзы, грамадскія аб'яднанні) хочацца больш бачыць кніг, якія дапамагаюць грамадству развівацца, спрыяюць распаўсюджванню тых каштоўнасцяў, на якіх трымаецца наша дзяржава. Я часта падкрэсліваю, што чытанне кнігі не самамэта — галоўнае, што мы знаходзім там і ў якім ключы выкарыстоўваем. Кожны знойдзе ў кнізе тое, што шукае. Мы можам гаварыць сёння і пра тое, што кнігі зараз пераўтвараюцца ў камерцыйную прадукцыю. Імкненне людзей атрымаць выгаду і прыбытак ад яе рэалізацыі — тэндэнцыя часу. Таму мы ставім задачу, каб праз праекты стымуляваць пісьменнікаў, выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў на стваральную кнігу, якая дапамагае расці асобе, дае ёй разуменне сябе і тых працэсаў, якія адбываюцца навокал, садзейнічаюць развіццю нашай роднай Беларусі.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».