Вы тут

Уладзімір Шантаровіч: «Працуйце, сціснуўшы зубы, і прачняцеся знакамітымі»


Веславанне — спорт не для слабакоў. І справа нават не ў неймаверных нагрузках, залімітавых хуткасцях і тытанічных намаганнях. Многім веслярам даводзіцца пераадольваць фактары, на якія яны зусім не могуць паўплываць, — прыродныя і кліматычныя ўмовы. У Беларусі няма мора, увесь час трэніравацца ў той акваторыі, што ёсць, не дазваляе надвор'е. Тым не менш у гісторыі айчыннага веславання — 14 алімпійскіх чэмпіёнаў, шасцёра з іх пакарылі Алімп пад кіраўніцтвам Уладзіміра Уладзіміравіча Шантаровіча. Ён часта паўтарае, што спаборніцтвы — гэта бітва, на якую трэба выходзіць у поўнай баявой гатоўнасці. І як сапраўдны палкаводзец вядзе сваіх байцоў у атаку. Сёлета ва Уладзіміра Уладзіміравіча з веславаннем «залатая дата» — 50 гадоў як яны разам. І гэта найлепшая нагода, каб разам з мэтрам абмеркаваць веславанне на байдарках і каноэ, якое даўно стала брэндам айчыннага спорту.


— Уладзімір Уладзіміравіч, вас часта прыводзяць у прыклад, калегі і спартыўныя чыноўнікі раяць маладым спецыялістам «вучыцца ў Шантаровіча». На вашу думку, які галоўны ўрок ад вас трэба засвоіць?

— Заўсёды прытрымлівацца сваёй жыццёвай стратэгіі. Калі ставіш перад сабой задачы, павінен імі жыць. Калі яны асобна, а тваё жыццё асобна — нічога не атрымаецца. У спорце, у любой галіне народнай гаспадаркі вынік дае выключна такі падыход. На маім трэнерскім вяку здольных спартсменаў было нямала. Але жыццё расстаўляла ўсіх на свае месцы: адны сыходзілі, іншыя прыходзілі. Заставаліся толькі самыя стойкія. Яны жылі тым, што рабілі, не думаючы аб прызнанні, фінансавых выгодах. І правільна рабілі. Малады чалавек, пачынаючы нейкую справу, адразу хоча зарабляць. Гэта ўтопія. Фінансавы поспех прыйдзе сам, калі працуеш. Гэта ні ў якім разе не павінна быць самамэтай. Ні адна клетачка не павінна штурхацца ў гэты бок. Грошы самі цябе знойдуць.

— Дзякуючы такому падыходу вам удалося зрабіць Мазыр, меккай беларускага веславання?

— Высокі ўзровень мазырскай школы веславання — не толькі мая заслуга. Калі ў 1973-м годзе я прыехаў у Мазыр па размеркаванні, веславанне тут ужо развівалі спартыўныя таварыствы «Спартак», «Чырвонае знамя», «Працоўныя рэзервы». Ураджэнец Мазыра Леанід Дзеравянка ў 1974 годзе стаў чэмпіёнам СССР. Аб'ядноўваў вакол сябе дзяцей родапачынальнік веславання ў Мазыры Уладзімір Андрэевіч Паўлаў. Але сістэмнай працы па падрыхтоўцы спартсменаў не было. Пасля арміі я вярнуўся ў Мазыр з жаданнем развіваць веславанне. Запрасіў свайго сябра Віталя Скрыганава з Рагачова. На базе спартыўнага клуба «Спартак» мы разгарнулі актыўную дзейнасць. З Віталём Віктаравічам стварылі моцную дзіцяча-спартыўную школу з унутранай канкурэнцыяй. Вынік нашай працы ўсе ўбачылі на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы 1979 года, адкуль нашы выхаванцы вярнуліся з медалямі. З часам мы выбудавалі сістэму, якую за прыклад варта было б узяць усім відам спорту. Пасля дзіцяча-спартыўнай школы нашы весляры пераходзяць у вучылішча алімпійскага рэзерву, затым паступаюць у ВНУ; калі прадаўжаюць паказваць вынікі, аказваюцца ў школе вышэйшага спартыўнага майстэрства; найлепшыя з найлепшых уваходзяць у нацыянальныя і зборныя каманды.

— У вашай трэнерскай біяграфіі ёсць перыяд работы ў зборнай Савецкага Саюза. Што самае галоўнае вынеслі з таго часу?

— Савецкая школа веславання была наймацнейшай у свеце дзякуючы прафесійным трэнерам, баяздольным спартсменам і навуцы. Зборная супрацоўнічала з навукова-даследчым інстытутам, брыгада вучоных пастаянна назірала за станам спартсменаў. Навукоўцы стварылі мноства метадычных распрацовак. У супрацоўніцтве з вучонымі трэнеры праводзілі селекцыйныя адборы, вывучалі роста-вагавыя паказчыкі, выкарыстоўвалі навуковы падыход пры распрацоўцы інвентару. Тады я зразумеў, што навука — аснова спорту. Веславанне — хуткасна-сілавы від, значыць, спартсмен павінен быць шматфункцыянальным. Весляры — гэта мнагаборцы. Яны не зацыкліваюцца на адной дыстанцыі. Мы трэніруем і 1000, і 500 і 200 метраў у двойцы, адзіночцы і чацвёрцы. Можна толькі ўявіць, на якім узроўні павінны быць працаздольнасць і цягавітасць. Вясляр павінен быць схільным да сілавых нагрузак, мець якасці бегуна, скакуна, плыўца. Важна ўсё: аб'ём лёгкіх, максімальная сіла, каардынацыя руху, нервова-мышачная праводнасць. Без навукі выконваць усе гэтыя патрабаванні — дарма марнаваць час і сілы. Працуючы ў зборнай СССР, я старанна ўнікаў у спартыўную навуку. І вяртаючыся ў Беларусь пасля распаду Савецкага Саюза, вёз з сабой чамаданы навуковай літаратуры. Хаця ў 1990-х гэтая навука хвалявала толькі такіх фанатаў, як я. Большасць людзей думалі, як жыць на сярэдні заробак у 5—7 долараў.

— Усё было так дрэнна?

— Жудасна. З развалам Савецкага Саюза ўсе вяслярныя базы засталіся за межамі Беларусі. Стары сарайчык на беразе ракі, у якім з-за скразнякоў немагчыма было пераапрануцца, — вось на такіх базах працавалі нашы весляры. І трымаліся, самі рамантавалі, прыводзілі ў парадак гэтыя сарайчыкі. За тое, што наша веславанне перажыла тыя часы, варта падзякаваць трэнерам, якія здолелі забраць дзяцей з вуліц і захапіць іх так, што яны ў гэтых адрынках знікалі цэлымі днямі. Бо, па вялікім рахунку, дзеці ідуць не ў від спорту, а да трэнера. У найскладанейшыя часы веславанне трымалася на людзях, на спартсменах, адданых сваёй справе. І вучні іх выраслі ў моцных мужных байцоў, якія, пачаўшы з застаронкаў, перамагалі на галоўных сусветных рэгатах.

— У іх гэта атрымалася не без вашага ўдзелу. Вы ўзначалілі нацыянальную зборную ў 2001 годзе не ў лепшы для яе час. Як гэта — брацца за справу, якую трэба вяртаць з заняпаду?

— Страху ці няўпэўненасці не было зусім. Узначаліўшы нацыянальную зборную, я адразу сказаў спартсменам: «Працуйце, сціснуўшы зубы, і прачняцеся знакамітымі». Я ўсё жыццё такім прынцыпам кіруюся. Я не меў ніякіх ілюзій, выдатна разумеў, з кім прыйдзецца спаборнічаць. Я ведаў, што сабой уяўляюць немцы, румыны, венгры. Самае галоўнае — я мог растлумачыць іх перамогі, бачыў усе іх памылкі. Аснова любога поспеху — працаздольнасць. Я не разважаю аб талентах. Талент — гэта 99 працэнтаў працы. Рома Петрушэнка, Вадзім Махнеў, Алег Юрэня — эталон працаздольнасці. У веславанні трэба здзекавацца з сябе і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Інакш ніяк. На Алімпійскіх гульнях 2004 года, маіх першых Гульнях на пасадзе галоўнага трэнера зборнай, Рома Петрушэнка і Вадзім Махнеў сталі бронзавымі прызёрамі ў двойцы. І я не бачу ў гэтым ніякай фантастыкі, гэта мэтанакіраванасць, працаздольнасць спартсменаў, вера ў тое, што ты робіш. Праца і поўная самааддача заўсёды акупляюцца. Заўсёды.

— А калі яны падмацаваныя спартыўнай навукай — тым больш?

— Безумоўна. Для трэнера, які рыхтуе спартсмена да Алімпійскіх гульняў, дробязяў не бывае. Трэба ўлічваць усё: медыцыну, фармакалогію, псіхалогію. На жаль, самае слабае месца ў нашым спорце — навука. Часта можна пачуць, маўляў, Шантаровіч усё ведае. Не ўсё. Вывучэнне новых методык, удасканаленне сваіх ведаў, пастаяннае развіццё павінны быць уключаны ў расклад трэнера кожны дзень. Калі спецыяліст, які працуе з вышэйшым спартыўным звяном, не можа растлумачыць сваю перамогу — яму трэба ісці ў бібліятэку вывучаць фізіялогію, біялогію, біямеханіку, хімію. Сёння для гэтага створаны ўнікальныя ўмовы. А большасць трэнераў не можа растлумачыць ні перамог, ні паражэнняў. Аб якім спорце вышэйшых дасягненняў у такім выпадку можа ісці гаворка? Не будзе навукі — не будзе спорту. Нацыянальныя зборныя будуць займацца здаровым ладам жыцця, фізкультурай. Але мы ж гаворым пра сцяг і гімн. Сваіх спартсменаў я ведаю лепш, чым іх бацькі. Я ведаю, як працуе кожная клетка іх цела. І кожны трэнер, які хоча дабіцца выніку, павінен ставіць навуку на першае месца.

— Уладзімір Уладзіміравіч, вы часта кажаце пра «філасофію пераможца». Растлумачце, калі ласка, што ўкладваеце ў гэта паняцце.

— На Алімпійскіх гульнях хто павінен выступаць? Толькі воіны, не ваякі — воіны. Воін — той, хто ўступае ў бой без страху, у яго няма комплексаў і страху. Выйграць Алімпіяду — гэта подзвіг, здзейсніць які здольны толькі сапраўдны воін. Таму што Алімпійскія гульні — сапраўдная бітва, і ўсе разумеюць, што на алімпійскім канале трэба змагацца. Воін — гэта яшчэ і той, хто, сышоўшы з п'едэстала, знаходзіць у сабе сілы заўтра пачаць усё спачатку. Так, сёння ты пераможца ў вайне (а Алімпіяда — гэта вайна). Увесь свет быў тваім сапернікам, і ўвесь свет табе апладзіраваў. Ты стаіш на п'едэстале, і ты герой. Але званне алімпійскага чэмпіёна не дае права спачываць на лаўрах. Убачыў сцяг, паслухаў гімн, сышоў з п'едэстала — і пачынай усё спачатку. Гэта і ёсць філасофія пераможцы. А што такое чалавек без філасофіі? Што гэта такое?

— Яшчэ адзін ваш цікавы тэрмін «відушчая Алімпіяда». Што гэта азначае?

— Гэта Алімпіяда, на якую прыязджаеш вопытным, прымаеш да ўвагі нават дробязь і ведаеш, на што здольны. Для мяне відушчай была Алімпіяда ў Пекіне. Я разумеў, у якой форме мае спартсмены, і ведаў, на што яны здольныя. У Пекіне хлопцы праявілі сябе воінамі. Я на Сашу Багдановіча ваду ліў, яна шыпела. Хлопцы ў чацвёрцы ў бітве раскрыліся. Рухальнай сілай гэтага экіпажа была звязка Рома Петрушэнка — Вадзім Махнеў. Менавіта яны рухалі ўсю каманду. Лёша Абалмасаў ураўнаважаны, псіхалагічна зацэментаваны. Артур Літвінчук, вядома, у Пекіне быў дзіця горкае, але я абраў Артура, таму што ён быў псіхалагічна надзейны.

— Вы прад'яўляеце высокія патрабаванні да спартсменаў. А якім крытэрыям, на вашу думку, павінен адпавядаць трэнер?

— Трэнер павінен быць сапраўдным педагогам. Што залежыць ад касманаўта? Яго падрыхтавалі, пасадзілі ў ракету, далі ўказанні. Так і мы саджаем у лодку спартсмена, а ён павінен выканаць стратэгію праходжання дыстанцыі, якая б адпавядала залатому медалю. Гэта ні ў якім разе не перамога любой цаной. Гэта выключна майстэрства, якое трэнер можа данесці да спартсмена. А на гэта здольны толькі сапраўдны педагог. Спецыяліст, які, адпрацаваўшы дзень, забываецца пра яго — выпадковы чалавек у спорце. Рыхтаваць спартыўны рэзерв павінны толькі сапраўдныя педагогі, якія адчуваюць спартсмена і разумеюць, якую нагрузку яму даваць. Мы сёння шмат увагі ўдзяляем рэзерву. На мой погляд, яго нават можна адпусціць. Вучылішча алімпійскага рэзерву выцягвае з маладых спартсменаў усе сокі. Калі я сам не ўнікаю ў падрыхтоўку рэзерву і не сачу за імі, яны прыходзяць зусім не ў тым стане, у якім патрэбны зборнай. У вучылішчы не трэба перамагаць усіх і ўся, у гэты перыяд трэба даць арганізму магчымасць стаць мнагаборцам.

— Сёлета вашай алімпійскай перамозе ў Пекіне спаўняецца 15 гадоў. Але пакуль няма такога экіпажа, як Махнеў, Петрушэнка, Літвінчук, Абалмасаў. Чаму?

— Стварыць такую лодку для мяне асаблівай цяжкасці не складае. Але трэба, каб гэтая лодка ў патрэбны момант сябе паказала. А ў нас гэты патрэбны момант увесь час прыбіраюць. Наша развіццё сур'ёзна затармазілі «допінгавыя» разбіральніцтвы ў 2016 годзе. Ды і адхіленне спартсменаў ад Алімпійскіх гульняў наносіць вялікі ўрон. У 2021 годзе паўплывала празмерная мітусня на Алімпіядзе. Здавалася б, усё ўлічылі, ужо да ўсяго былі гатовыя. Але псіхалагічны фактар пасыпаўся, і ўсё. У такія моманты рукі апускаюцца. Але жыццё працягваецца. Воін павінен умець перажыць стрэс і пайсці далей. А калі спартсмен не можа сабрацца і ўвесь час ходзіць спустошаны і непрацаздольны, значыць, яму трэба сыходзіць у народную гаспадарку. Сённяшняе адхіленне ад міжнародных стартаў таксама радасці не дадае, асабліва калі Алімпійскія гульні ўсё бліжэй. Мора праблем, зімовыя трэніроўкі дома, апухлыя ад холаду пальцы, поўная невядомасць могуць затушыць азарт нават у самага моцнага воіна.

— Уладзімір Уладзіміравіч, вашы вучні заваёўвалі медалі на Алімпійскіх гульнях, сабралі россып узнагарод чэмпіянатаў свету і Еўропы. У айчыннага веславання выдатныя традыцыі. А ці ёсць нешта, чаго яму пакуль не хапае?

— Я б многае аддаў, каб беларуская школа жаночага веславання на байдарках і каноэ нарэшце заваявала залаты медаль Алімпійскіх гульняў. Тады б мая душа была спакойная. Пакуль медаля няма, таму трэба працаваць, шукаць таленавітых здольных спартсменак, зараджаць іх, ператвараць у воінаў.

— А чым вы больш за ўсё ганарыцеся?

— Тым, што маёй сілы волі хапіла, каб застацца ў спорце пасля ўсіх перажытых раздраяў. Часам думаю, што я ўжо моцна загуляўся ў веславанне. Ёсць жа нейкае іншае жыццё. А я памяшаны на спорце, навуцы, методыцы, развіцці. Можа, так і не трэба? Ды, калі так не рабіць, то і майго жыцця не будзе. Акрамя веславання, нічога не ўмею. Таму ўсё роўна кожны дзень прыходжу ў кабінет і пачынаю пісаць, аналізаваць. Ніколі не спыняюся ў пошуку новых формул, методык, схем працы. І калі бачу вынік пошуку, разумею, што гэта фантастычна прыгожа. Веславанне — метры і секунды, секунды і метры. І паказаць найлепшыя ў свеце секунды, стаць алімпійскім чэмпіёнам — гэта подзвіг, які застаецца на стагоддзі.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».