Вы тут

Віталь Цвірка: экспрэсіянізм па-беларуску


Да 110-годдзя з дня нараджэння творцы ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстава яго работ.


Пунсовы кругляшок на шэра-ружовым фоне — гэта сонца. Наша, беларускае сонца, на нашым беларускім небасхіле. Такое сонца можна часам бачыць вечарам перад заходам. Колеры часам узмацняюць наша адчуванне прыроды, робяць яго больш эмацыйным. І — западаюць у сэрца. Вось і Віталь Цвірка адчуваў і перадаваў у сваіх творах тое, што вельмі любіў. Найперш сваю радзіму. Беларусь Цвіркі адметная тым, што вельмі яркая і напоўненая жыццём. Ён любіў яе такую. Пры тым, што яшчэ маладым мастаком бачыў яе пасля вайны разбураную, знясіленую. 

Гэта разумееш адразу, калі заходзіш у залы новага корпуса Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (з боку вуліцы Карла Маркса), дзе размясцілася экспазіцыя работ народнага мастака Беларусі. Віталь Цвірка пісаў маштабныя творы, бо адлюстроўваў маштабныя з’явы. І нават нацюрморты ў яго ёсць маштабныя. Кабачкі ды патысоны на палатне практычна рэальных памераў, як на градцы. Але найбольш прыцягваюць увагу жывапісныя палотны беларускіх краявідаў. Глядзіш блізка: шырокія мазкі, вольная манера — не стрымліваў сябе аўтар. Адыходзіш далей — усё складваецца ў пейзаж. З яркім сонцам, якое робіць неба жоўтым. Ці не яркім — і тады яно нібыта разрывае прыцемак. 

У экспазіцыі знайшлося месца і яго графічным работам, і акварэлям, у якіх таксама адлюстраваныя знаёмыя вобразы ды імгненні. Некалькі работ — перыяду, калі малады мастак знаходзіўся ў Самаркандзе, куды быў эвакуіраваны падчас вайны Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны мастацкі інстытут імя Сурыкава, дзе вучыўся Віталь Цвірка. 

Навучанне — гэта наогул асобная і вельмі цікавая тэма ў біяграфіі Цвіркі. Хлопчык, які нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў, з дзяцінства разглядаў рэпрадукцыі карцін знакамітых мастакоў. Ён любіў маляваць, браў прыватныя ўрокі ў вядомых жывапісцаў Міхаіла Станюты і Анатоля Тычыны. А пасля вучыўся жывапісу ў Дзяржаўным мастацкім тэхнікуме ў Віцебску, скончыў яго ў 1932 годзе. Актыўна ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках і звярнуў на сябе ўвагу грамадскасці яшчэ да вайны. 

У 1946-м творца стаў сябрам Саюза мастакоў БССР. Пасля вайны яму вельмі хацелася пісаць прыгожую Беларусь, у гэты час з’яўляецца шмат пейзажаў. Віталь Канстанцінавіч працуе выкладчыкам ў Мінскім мастацкім вучылішчы, шмат падарожнічае па рэспубліцы, шмат піша і сваім прыкладам натхняе вучняў. Напрыканцы 1950-х гадоў Віталь Канстанцінавіч Цвірка быў рэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. 

Ён быў адным з самых паважаных мастакоў Беларусі, карыстаўся аўтарытэтам у прафесійнай супольнасці. У 60-я гады ХХ стагоддзя з’яўляўся сакратаром праўлення Саюза мастакоў СССР, вёў актыўную дзейнасць у Саюзе мастакоў БССР. У 1967-м Віталь Цвірка стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР. Ён дажыў да незалежнай Беларусі і ў 1993-м за сваю шматгадовую працу быў ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Што адметна, у той жа год гэту ўзнагароду атрымаў адзін з вучняў Цвіркі — мастак Леанід Шчамялёў. Многія яго вучні сталі знакамітымі: Віктар Грамыка, Барыс Аракчэеў, Георгій Паплаўскі... 

Студэнтаў ён вучыў бачыць прыгожае і адлюстроўваць яго па-свойму, шукаць адметны почырк. Жывапісная манера самога Віталя Цвіркі застаецца прыкладам эмацыйнасці. Выстава — таму доказ. 

На экспазіцыі прадстаўлены творы з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, а таксама творы з прыватных калекцый, са збору Беларускага саюза мастакоў. Адметна, што да юбілейнай выстаўкі выбралі творы, у якіх адлюстраваны беларускі пейзаж, хоць мастак пісаў і на іншыя тэмы.

Хочацца выказаць удзячнасць арганізатарам у першую чаргу менавіта за блізкія нам, цяперашнім, сюжэты. За Беларусь, якую мы можам бачыць і цяпер — з яе ціхім лірызмам, фантастычнымі колерамі, шырокімі даляглядамі і імкненнем у будучыню.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.