Вы тут

Супрацоўнікі Дзяржстандарту заклікаюць спажыўцоў быць пільнымі


У прыватнасці, звяртаць увагу на вагі, на якіх узважваюць тавар. Дагэтуль сустракаюцца нядобрасумленныя гандляры, якія працуюць на непавераных вагах. Нядаўна супрацоўнікі Магілёўскай абласной інспекцыі Дзяржстандарту засведчылі такі факт у адным з гандлёвых цэнтраў Магілёва, дзе парушальнік арандаваў месца.


Фота: sb.by

— Павінна быць пацвярджэнне, што сродак вымярэнняў адпавядае абавязковым метралагічным патрабаванням (Закон «Аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў»), — рэзюмуе намеснік начальніка інспекцыі дзяржнагляду за выкананнем патрабаванняў тэхрэгламентаў і стандартаў Дзяржкамітэта па стандартызацыі Наталля Жукава. — Існуе метралагічная служба, якая мае тэхнічныя сродкі для гэтага і спецыялістаў, якія валодаюць неабходнымі навыкамі. Павяраць вагі трэба раз у год. 

Даведацца, прайшлі вагі паверку або не, вельмі проста. На прыборы ў верхняй яго частцы павінна быць круглая галаграфічная налепка дыяметрам 16 міліметраў, на якой будзе пазначаны год паверкі, а па крузе — месяц, у якім яна ажыццяўлялася. Калі, напрыклад, там пазначаны трэці месяц 2023 года, значыць прыборам можна карыстацца да сакавіка 2024-га. Акрамя кляйма на сродак вымярэнняў выдаецца пасведчанне аб паверцы, дзе таксама пазначана дата апошняй паверкі і міжпаверкавы інтэрвал. 

У выпадку, калі тавар узважваецца на механічных вагах, павярацца павінны і гіры, якія ідуць у камплекце з прыборам. Праўда, кляймо на іх ставіцца не ў выглядзе галаграмы, а ўдарным шляхам. 

— Пакупнік мае магчымасць пераправераць вагу тавару з дапамогай кантрольных вагаў, — звяртае ўвагу суразмоўніца. — Калі ўзніклі пытанні, заўсёды можна паведаміць нам і інспектары абавязкова выйдуць на гандлёвы аб’ект. За парушэнне Закона прадугледжана адміністратыўная адказнасць — штраф да 30 базавых велічыняў. 

Спецыялісты таксама звяртаюць увагу на тое, што вагі павінны размяшчацца такім чынам, каб пакупнікі маглі бачыць сам працэс узважвання тавараў і цыферблат са значэннем масы нета.

Апошнім часам ў інспекцыю ўсё часцей паступаюць нараканні на неадпаведнасць вагі тавару паміж той, якая ёсць на самой справе, і той, што пазначана на расфасоўцы. У інспекцыі Дзяржстандарта пацвярджаюць, што такія факты таксама здараюцца. Летась падчас кантрольных мерапрыемстваў было праверана 244 наймення прадукцыі імпартнай і айчыннай вытворчасці. Больш паловы гэтага тавару не адпавядалі тым лічбам, якія значыліся на маркіроўцы. Напрыклад, аб’ём сланечнікавага рафінаванага алею гандлёвай маркі «Шчасце ёсць» склаў 777,1 мілілітра пры заяўленым у маркіроўцы аб’ёме 800, сланечнікавай халвы пад назвай «Эканом» знаходзілася ў упакоўцы 341,6 грама замест указаных 350, а чорнага цэлага перцу «Спецгуст» — 41,5 грама пры заяўленых 50. Па выніках наглядных мерапрыемстваў парушальнікі, прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, а рэалізацыя такой прадукцыі забаронена.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.