Вы тут

Новая палітычная партыя «Белая Русь» створана ў Беларусі


У Беларусі з’явілася новая палітычная партыя — «Белая Русь». Такое рашэнне прынята сёння на ўстаноўчым з’ездзе партыі ў Мінску. На ім сабраліся больш за тысячу дэлегатаў з усіх куткоў краіны. Сярод іх члены беларускага ўрада, Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, кіраўнікі і прадстаўнікі органаў дзяржкіравання, найбуйнейшых грамадскіх аб’яднанняў і СМІ, працоўных калектываў. Сярод ганаровых гасцей з’езда — першы намеснік старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Андрэй Турчак, дэлегацыя пасольства Расіі ў Беларусі на чале з паслом Барысам Грызловым, прадстаўнікі палітычнай партыі «Адзіная Расія». Прэзідыум з’езда ўзначаліла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. 


Праект праграмы партыі «Белая Русь» абнародаваны 28 лютага і вынесены на грамадскае абмеркаванне. Ініцыятарам стварэння новай партыі выступіла РГА «Белая Русь». У пачатку лютага бягучага года быў створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні ўстаноўчага з’езда партыі і гэту прапанову падтрымалі ўсе рэгіёны краіны. Праведзена 147 устаноўчых сходаў, у якіх узяло ўдзел 15 915 грамадзян. Яны вылучылі 1002 дэлегаты з’езда. 

На ўстаноўчым з’ездзе былі зацверджаны Устаў і Праграма палітычнай партыі «Белая Русь», абраны кіруючыя органы. А Старшынёй партыі абраны старшыня РГА «Белая Русь» Алег Раманаў.

— Я ўпэўнены, што час палітычных партый не сышоў, яны па-ранейшаму застаюцца ўплывовымі суб’ектамі палітыкі і дэманструюць гэта ў многіх рэгіёнах свету, — заявіў Алег Раманаў. — Але партыям патрэбна перазагрузка, новыя формы работы з выбаршчыкамі з улікам тых выклікаў, якія атрымлівае грамадства. Што датычыцца Беларусі, то сёння партыйная сістэма выходзіць на якасна новы ўзровень свайго развіцця. Партыі змогуць вырашаць многія пытанні, якія хвалююць грамадства і дзяржаву, быць эфектыўнымі пасярэднікамі ва ўзаемадзеянні ўлады і грамадзян і тым самым стануць дзейным спосабам вырашэння асабістых і сацыяльных праблем. У Беларусі ёсць выражаная спецыфіка ў будаванні сваёй партыйнай сістэмы. Нашы партыі — гэта не апаненты дзяржавы, не сілы, скіраваныя на аслабленне дзяржавы. Наадварот мы працуем на адну мэту з беларускай дзяржавай і грамадствам — будаўніцтва моцнай і квітнеючай Беларусі, умацаванне беларускай дзяржавы, забеспячэнне яго канкурэнтаздольнасці ва ўмовах тых жорсткіх выклікаў, якія атрымала наша краіна ў апошнія гады і дзесяцігоддзі. 

Алег Раманаў адзначыў, што мэт у новай палітычнай партыі некалькі. Аднак усе яны падпарадкоўваюцца сістэмнаму адзінству трох вымярэнняў — карысці дзяржавы, грамадства і асобы. Адна з найважнейшых функцый партыі — стаць сацыяльным ліфтам.

— Важна вылучыць са сваіх шэрагаў кіраўнікоў, лідэраў грамадскай думкі і ў цэлым людзей, якія стануць палітычнай і іншай элітай — эканамічнай, духоўнай. Думаю, нашая партыя ў поўнай меры зможа вырашаць гэтую задачу, станавіцца сацыяльным ліфтам. Для гэтага будзе рэалізаваны шэраг актыўнасцяў. Думаю, гэтую задачу мы зможам вырашыць, — падзяліўся Алег Раманаў.

Арганізацыйная структура партыі будзе будавацца па тэрытарыяльным прынцыпе. У састаў партыі увойдуць мінская гарадская, абласныя, раённыя, гарадскія і пярвічныя аддзяленні. Найвышэйшым органам партыі, які будзе вызначаць стратэгію яе развіцця і руху, прымаць найбольш важныя дакументы і рашэнні, стане з’езд партыі. Ён будзе склікацца не радзей чым раз на пяць год. Магчыма правядженне і пазачарговых з’ездаў партыі. 

— Сучасная гісторыя, хуткая і дынамічная, і я мяркую, што нам давядзецца сустракацца часцей, каб вырашаць пытанні, якія ставіць перад намі само жыццё, — упэўнены Алег Раманаў. 

Калегіяльным кіруючым органам партыі стане Вышэйшы палітычны савет. Гэты орган будзе складацца з 70 чалавек. Старшыня партыі будзе выконваць рашэнні і волю з’езда і Вышэйшага палітычнага савета, прадстаўляць партыю ва ўзаемадзеянні з дзяржавай, іншымі палітычнымі партыямі, суб’ектамі міжнароднага права. 

Якія ж абавязкі ў членаў новай партыі? На гэтым таксама засяродзіў увагу Алег Раманаў. 

— Член партыі абавязаны выконваць Канстытуцыю, законы Беларусі, садзейнічаць рэалізацыі мэт партыі, прапагандаваць яе ідэалогію і прыцягваць новых членаў партыі. Разам з тым, абавязкам члена партыі з’яўляюцца і абвязкі любога грамадзяніна краіны. Па выніках рэферэндума 2022 года вызначана неабходнасць кожнаму грамадзяніну быць актыўным удзельнікам грамадскага жыцця. Патрыятычныя каштоўнасці чалавека, яго рэальны клопат аб грамадстве і дзяржаве, аб нашай краіне, жаданне дабрабыту Беларусі, — на мой погляд, гэта самы галоўны абавязак члена партыі. А ў спалучэнні з кампетэнтнасцю, прафесіяналізмам, іншымі значнымі асабовымі якасцямі гэта і ёсць залог поспеху партыі ў цэлым і кожнага яе члена, — выказаў меркаванне Алег Раманаў. 

Гістарычнай падзеяй назваў стварэнне партыі «Белая Русь» Андрэй Турчак. Ён зачытаў прывітанне з’езду ад старшыні партыі «Адзіная Расія», намесніка старшыні Савета бяспекі Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Мядзведзева. «Прыміце шчырыя віншаванні з нагоды заснавання Беларускай партыі „Белая Русь“. Упэўнены, што гэта падзея стане важным этапам у палітычным жыцці вашай краіны. З задавальненнем канстатую, што адносіны Расіі і Беларусі ўяўляюць сабой прыклад сапраўднага раўнапраўнага партнёрства. Важную ролю ў іх паступальным развіцці гуляе супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы, па лініі ЕАЭС, АДКБ і Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Умацаванне міжпартыйнага ўзаемадзеяння нашых краін магло б унесці істотны ўклад у работу на гэтых напрамках», — гаворыцца ў віншаванні.

Наталля Качанава падкрэсліла, што на з’ездзе сабраліся аднадумцы, якія жывуць жыццём сваёй краіны, народа і думаюць аб будучыні Беларусі. 

— Я рада павіншаваць усіх з гэтай важнай палітычнай падзеяй. Вы ўпісалі яшчэ адну старонку ў гісторыю суверэннай, незалежнай Беларусі, яркую старонку. Наш народ шмат перацярпеў на сваім вяку, былі розныя перыяды ў жыцці краіны. І наша суверэнная маладая незалежная дзяржава на працягу ўсёй гісторыі рабіла ўсё, каб рэалізаваць асноўныя прынцыпы, закладзеныя Прэзідэнтам, — дзяржава для народа, каб зрабіць жыццё камфортней, каб жыццё народа было на карысць развіцця, росквіту краіны. 

Наталля Качанава заклікала не заставацца абыякавымі да жыцця свайго народа і краіны. 

— Я хачу сказаць як жанчына, якая жыве ў гэтай краіне, якая яе бязмерна любіць: мы павінны кожны дзень пражываць так, каб зрабіць усё, аб чым гаворыць Прэзідэнт. Ён гаворыць аб тым, што ад кожнага з нас залежыць будучыня краіны. І якой мы перададзім яе заўтра пакаленням, якія ідуць за намі, залежыць ад кожнага з нас. Мы ведаем, што сёння няпросты перыяд у жыцці краіны. Мы ўступілі ў палітычную кампанію. У наступным годзе нам трэба будзе ўпершыню ў адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй правесці адзіны дзень галасавання, дзе мы будзем абіраць дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Упершыню ў гісторыі няма такога органа ні ў якой іншай краіне, дзе мы будзем абіраць дэпутатаў усіх узроўняў, пачынаючы ад сельскіх саветаў і заканчваючы Саветам Рэспублікі. Гэта вельмі важны палітычны перыяд, які супаў з няпростым перыядам у знешняй палітыцы, калі на нашу краіну аказваецца беспрэцэдэнтны націск. Тыя задачы, якія стаяць перад кожным з нас па захаванні роднай краіны, якія ставіць перад намі Прэзідэнт, наш нацыянальны лідэр, мы паспяхова выканалі. Таму што мы ведаем, як нам жыць. Мы ведаем, што нам рабіць, і мы ведаем, для чаго мы гэта робім — дзеля будучыні нашай краіны, дзеля будучыні нашага народа, дзеля захаванні суверэнітэта і незалежнасці роднай Беларусі.

Алена КРАВЕЦ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?