Вы тут

Гомель здзіўляе кніжнымі рарытэтамі


Больш 16-ці тысяч рарытэтных выданняў і старажытных фаліантаў сёння захоўваецца ў Музеі рэдкай кнігі Гомельскай абласной бібліятэкі. Днямі ў Гомелі адзначылі 15 гадоў, як Музей прыняў першых наведвальнікаў і прадставіў найбольш каштоўныя экспанаты. 


Між тым, традыцыю збору ўнікальных старажытных тамоў у Гомелі захоўваюць дзякуючы князям Паскевічам. Іх асабісты збор рэдкіх выданняў паклаў пачатак калекцыі рарытэтных кніг. Сярод рарытэтаў у Паскевічаў былі зборнікі сачыненняў класікаў рускай літаратуры, кнігі па гісторыі, філасофіі, матэматыцы, ваеннай справе. Большасць выданняў калекцыі належаць да перыяду XIX — пачатку XX стагоддзяў, але ёсць кнігі, больш раннія па часе выдання.

Як адзначыла загадчык аддзела рэдкай кнігі Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Леніна Таццяна Пешына, гонарам з’яўляецца кніга-палеатып, зборнік канцон Франчэска Петраркі — другое выданне, выдадзенае ў Венецыі ў 1547 годзе. Значная частка княжацкай бібліятэкі —кнігі на замежных мовах. 

Акрамя кніг з бібліятэкі Паскевічаў у Музеі дэманструюцца рэдкія старадрукі, факсіміле і мініяцюрныя выданні. Толькі мініяцюрных кніг у музеі каля трох з паловай тысяч. 

— Унікальнай кнігай нашай калекцыі з’яўляецца самая маленькая кніга, якая была выдадзена ў часы СССР. Гэта кніга «Цуд з цудаў» 6 на 9 міліметраў. Па сутнасці, яе памер не перавышае памер аднакапеечнай манеты. Гэта адзіны экзэмпляр, які знаходзіцца ў Беларусі з эксклюзіўнага тыражу ў 220 кніг. Дарэчы, сястра гэтай малой нават пабыла на міжнароднай касмічнай станцыі, — распавяла Таццяна Пешына.

Загадчык аддзела рэдкай кнігі Гомельскай абласной бібліятэкі расказала і пра яшчэ адзін экспанат калекцыі. Гэта «параненая» кніга, як называюць выданне ў музеі. 

— Гэтая кніга была падорана Васілём Жукоўскім графу Паскевічу-Эрыванскаму. Падчас эвакуацыі бібліятэкі Паскевічаў ужо ў гады Вялікай Айчыннай вайны яе наскрозь прабіў асколак снарада. Можна сказаць, што кніга захавала камусьці жыццё, — пераканана Таццяна Пешына. 

Калекцыя Музея рэдкай кнігі сёння папаўняецца рознымі сямейнымі кніжнымі рэліквіямі, якія людзі перадаюць у дар бібліятэцы. Для таго, каб захаваць бясцэнны кніжны скарб, у памяшканні музея падтрымліваюць неабходныя тэмпературны рэжым і ўзровень вільгаці паветра. З улікам якасці паперы старажытных выданняў, якая ў лепшы бок адрозніваецца ад сучасных кніг, тэрміны захоўвання рарытэтаў спецыялісты ацэньваюць каля 800 гадоў.

Прынамсі, на тэрыторыі Гомельскай вобласці захаваліся звесткі аб бібліятэках Ваньковічаў у сядзібе Рудакоў Хойніцкага раёна, цудоўнай бібліятэцы з чытальнай залай у Нараўлянскім палацы Горватаў, калекцыі кніг Чарнышовых-Круглікавых, якая размяшчалася ў графскім палацы ў Чачэрску. Большасць прыватных бібліятэк, якія фармаваліся да 1917 года на тэрыторыі сучаснай Беларусі, не захаваліся. Бібліятэка князёў Паскевічаў, якая лягла ў аснову гомельскай калекцыі рарытэтных кніг — шчаслівае выключэнне.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».