Акрамя таго, кіраўнік ведамства акцэнтаваў увагу на асноўных задачах на 2023 год і адказаў на пытанні парламентарыяў падчас сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Такая практыка — штогадовае заслухоўванне даклада старшыні КДК (як і генеральнага пракурора, і старшыні праўлення Нацыянальнага банка) — закладзена абноўленай Канстытуцыяй. Пры гэтым захоўваецца традыцыя справаздачнасці перад парламентам кіраўніка ўрада і профільных віцэ-прэм’ераў.
У 2022 годзе работа органаў Камітэта дзяржкантролю была сканцэнтравана на забеспячэнні эканамічнай бяспекі дзяржавы, ажыццяўленні кантролю за эфектыўнасцю расходавання дзяржаўных сродкаў, выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці, накіравана на выяўленне рэзерваў эканомікі ва ўмовах знешняга санкцыйнага ціску, зніжэнне затрат ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі.
Асаблівая ўвага ўдзялялася кантролю за сітуацыяй на спажывецкім рынку, навядзенню парадку з аб’ектамі звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва, выкараненню неабгрунтаванага пасрэдніцтва, ліквідацыі праблемных пытанняў у жывёлагадоўлі, кантролю за функцыянаваннем прамысловага комплексу краіны, будаўнічай галіны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Дзейнасць дэпартаментаў фінансавых расследаванняў і фінансавага маніторынгу, якія ўваходзяць у сістэму КДК, была накіравана на забеспячэнне абароны інтарэсаў грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў у эканамічнай сферы, прадухіленне легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці, процідзеянне дэструктыўным структурам на дэстабілізацыю ўнутрыпалітычнай абстаноўкі.
— Колькасць праверак, праведзеных у 2022 годзе органамі дзяржкантролю, фактычна захавалася на ўзроўні 2021 года і склала 454, — паведаміў Васіль Герасімаў. — Гэта каля 5% ад усіх праверак, праведзеных кантралюючымі (нагляднымі) органамі нашай краіны. У рамках мерапрыемстваў папераджальнага характару, накіраваных у тым ліку на прафілактыку правапарушэнняў, праведзена 909 маніторынгаў (на 106 менш, чым у 2021 годзе), па матэрыялах якіх суб’ектам гаспадарання выдадзены рэкамендацыі па ліквідацыі выяўленых недахопаў і далейшым ўдасканаленню дзейнасці. У пераважнай большасці яны выкананы. За 2022 год па выніках кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў спагнана, адноўлена ў бюджэт і накіравана ў даход дзяржавы грашовых сродкаў і матэрыяльных каштоўнасцей на суму 574,8 млн руб. Сэканомлена, прадухілена выплат дзяржаўных сродкаў на суму 580,8 млн руб. Па выніках праверак, праведзеных органамі дзяржкантролю, узбуджаны 653 крымінальныя справы.
Старшыня Камітэта дзяржкантролю спыніўся на адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці ведамства — кантролі за выкананнем даручэнняў кіраўніка дзяржавы. Як адзначыў Васіль Герасімаў, большасць нявыкананых даручэнняў адзначаецца ў аграпрамысловым комплексе, сферы спажывецкага рынку. «Значная доля нявыкананых даручэнняў выклікана суб’ектыўнымі прычынамі, — канстатаваў ён. — Элементарныя даручэнні па навядзенні парадку, выкананні тэхналагічных рэгламентаў пры вядзенні сельгасработ сістэматычна не выконваюцца. Ключавыя праблемы — дрэнна прапрацаваныя праекты, недастатковая кваліфікацыя кадраў, частая змена кіраўнікоў і спецыялістаў, нізкая выканальніцкая дысцыпліна».
У 2022 годзе на асаблівым кантролі камітэта знаходзіліся пытанні рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў, у тым ліку пошук рэзерваў іх эканоміі. Выпрацаваны і накіраваны ва ўрад, мясцовыя органы ўлады прапановы аб скарачэнні расходаў бюджэту на непершачарговыя патрэбы, уключаючы празмернасці ў аб’ектах будаўніцтва. Гэта дазволіла сэканоміць каля 100 мільёнаў рублёў.
Як звярнуў увагу Васіль Герасімаў, з улікам выяўленых фактаў у рамках кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў сёння наспела пытанне аб прыняцці нарматыўнага прававога акта па ўстанаўленні адказнасці за нерацыянальнае і неэфектыўнае выкарыстанне сродкаў дзяржарганізацый. Такія прапановы ўжо прапрацоўваюцца.
Пад пільнай увагай КДК знаходзілася сітуацыя на спажывецкім рынку (цэны, асартымент, якасць, айчынныя тавары). Летась было праверана каля трох тысяч гандлёвых аб’ектаў. Парушэнні цэнавай палітыкі, санітарных нормаў і правілаў выяўлены ў кожным пятым, правіл гандлю — у кожным трэцім гандлёвым аб’екце. Як высветлілася, каля 280 крам не выконвалі патрабаванні тэхнічных нарматыўных прававых актаў па маркіроўцы і бяспецы тавараў, якія рэалізоўваліся. Усяго па выніках кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў за выяўленыя парушэнні правапарушальнікам было накіравана 968 рэкамендацый пра ўстараненне парушэнняў і недахопаў, да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 812 чалавек. Сёння, па словах старшыні КДК, кантрольная работа на спажывецкім рынку сканцэнтравана на кантролі за выкананнем суб’ектамі гаспадарання асартыменту тавараў і справядлівым фарміраваннем цэн з улікам устаноўленых гранічных надбавак.
— Праведзена комплексная работа па вывучэнні надзённай у грамадстве тэмы — абгрунтаванасці цэн на лекавыя сродкі і медыцынскія паслугі ў дзяржустановах і прыватных медыцынскіх арганізацыях, — звярнуў увагу Васіль Герасімаў. — Мы прыйшлі да высновы, што дзейная сістэма рэгулявання цэн на лекі не забяспечвае стрымлівання росту цэн. Усе інфляцыйныя рызыкі перакладаюцца на пакупнікоў. Устаноўлены сістэмныя недахопы ў прымяненні заканадаўства аб цэнаўтварэнні на медыцынскія паслугі, якія цягнуць завышэнне кошту паслуг.
Па прадпісаннях Камітэта суб’ектамі прыняты меры па зніжэнні цэн на лекі і медыцынскія паслугі да 20 працэнтаў да змянення заканадаўства.
Пастаянны кантроль камітэтам ажыццяўляецца і за фарміраваннем, выкарыстаннем стабілізацыйных фондаў (запасаў прадукцыі раслінаводства). Старшыня КДК падкрэсліў, што наяўнасць у крамах айчыннай садавіна-агароднінай прадукцыі па прымальных цэнах з’яўляецца сацыяльнай гарантыяй дзяржавы харчовай бяспекі насельніцтва. Камітэтам праведзены кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы па пытанні фарміравання і выкарыстання стабілізацыйных фондаў. Выяўлены шэраг парушэнняў і недахопаў пры стварэнні і выкарыстанні стабфондаў.
Адной са значных сфер увагі Камітэта дзяржкантролю таксама з’яўляюцца аграпрамысловы і лесагаспадарчы комплексы. «Улічваючы масіраваную санкцыйную палітыку, неабходнасць забеспячэння харчовай бяспекі і нарошчвання экспартнага патэнцыялу ў пачатку 2022 года, сур’ёзная ўвага нададзена пытанням гатоўнасці сельгасарганізацый да пасяўной кампаніі, — заўважыў кіраўнік ведамства. — І нездарма — былі ўстаноўлены шматлікія факты негатоўнасці тэхнікі да правядзення палявых работ, прыпісак гатоўнасці тэхнікі, недастатковай колькасці механізатараў, недахопу мінеральных угнаенняў, насення, сродкаў аховы раслін. У бягучым годзе адпаведная кантрольная работа працягваецца. Пэўныя недахопы бачым ужо цяпер і прымаем меры рэагавання».
У мінулым годзе камітэтам прыняты шэраг кардынальных мер у рамках выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы па навядзенні парадку на ўнутраным рынку рэспублікі па рэалізацыі мясамалочнай прадукцыі, устараненні пасрэдніцкіх схем пры рэалізацыі гэтай прадукцыі на экспарт, максімальнай загрузцы перапрацоўчых прадпрыемстваў рэспублікі. «Па нашай ініцыятыве прынята пастанова Савета Міністраў № 379 „Аб цэнах на асобныя віды тавараў пры рэалізацыі па знешнегандлёвых дагаворах“, якая прадугледжвае ўстанаўленне абавязковых для ўсіх экспарцёраў гранічных мінімальных цэн на асобныя віды мясамалочнай прадукцыі, што не дазволіла экспартаваць дадзеную прадукцыю па нізкіх цэнах, — нагадаў Васіль Герасімаў. — Па прапанове камітэта дэпартаментам ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча ў чэрвені 2022 года забаронена выдача пасрэднікам экспартных ветэрынарных дакументаў на мясную і малочную прадукцыю. Мясакамбінатам і райспажыўтаварыствам забаронены продаж неперапрацаванай мясной сыравіны (тушы, паўтушы і чвэрці). Аднак не ўсюды гэта выконваецца».
Праведзеныя камітэтам праверкі, якія датычацца дзейнасці лясной галіны, паказалі, што ў гэтай сферы яшчэ застаецца шэраг нявырашаных праблем. Кажучы пра праблемы ў будаўніцтве і ЖКГ, старшыня Камітэта дзяржкантролю паведаміў, што ўрадам прыняты меры па выпраўленні сітуацыі з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў. Заканадаўча ўрэгулявана пытанне назначэння выканаўцаў паслуг па бягучым і капітальным рамонце жылых дамоў.
Кантроль за эфектыўным выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці — адна з найважнейшых функцый Камітэта дзяржаўнага кантролю. Як адзначыў Васіль Герасімаў, летась асаблівая ўвага камітэта была нададзена пытанням правядзення суцэльнай інвентарызацыі зямель, навядзення парадку з даўгабудамі, забеспячэння зносу непрыдатных і неэксплуатуемых будынкаў і збудаванняў сельгасарганізацый, уключэння ў абарот пустых жылых дамоў і зямельных участкаў і інш. Пры гэтым старшыня КДК заўважыў, што праверачныя мерапрыемствы захавання зямельнага і прыродаахоўнага заканадаўства паказваюць, што меры па забеспячэнні кантролю за выкарыстаннем і аховай зямель і эфектыўнага дзяржрэгулявання зямельных адносін, якія прымаюцца выканкамамі, недастатковыя.
На пастаянным кантролі — і пытанне эфектыўнасці прыняцця мер па выкананні даручэння кіраўніка дзяржавы па навядзенні парадку з даўгабудамі. Старшыня КДК падкрэсліў, што дасягнуты нядрэнны вынік: за мінулыя два гады колькасць даўгабудаў скарацілася на 72 %. «Вынік мог быць значна лепшым, калі б не фармалізм на месцах і большая паваротлівасць органаў улады, у першую чаргу Мінбудархітэктуры», — звярнуў увагу Васіль Герасімаў.
Старшыня Камітэта дзяржкантролю звярнуў увагу на спыненні каналаў фінансавання экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці. Асноўныя намаганні, па яго словах, былі сканцэнтраваны на аналізе абароту крыптавалют і кантролі плацежных сэрвісаў розных электронных сістэм і сацыяльных сетак. Устанаўліваліся адпраўшчыкі і атрымальнікі такіх сродкаў, прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.
— У 2022 годзе па матэрыялах камітэта ўзбуджана 11 крымінальных спраў, звязаных з фінансаваннем экстрэмісцкіх фармаванняў і тэрарыстычных арганізацый, — адзначыў Васіль Герасімаў. — У ходзе расследавання гэтых крымінальных спраў падазронымі (абвінавачанымі) прызнаныя 18 асоб.
Адказваючы на пытанні парламентарыяў, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю паведаміў, што ведамства мае дастатковы вопыт і неабходныя інструменты для спынення магчымых каналаў фінансавання дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне напярэдадні выбарчых кампаній. «Гэта работа ўжо вядзецца, пэўны план дзеянняў у нас ёсць, — адзначыў ён. — Большасць каналаў, якія спрабавалі выкарыстоўваць у 2020 годзе, перакрыты. Зразумела, што цяпер будуць выкарыстоўваць іншыя каналы. У меншай ступені выкарыстоўваюцца безнаяўныя плацяжы, якія, па сутнасці справы, празрыстыя. Спрабуюць сысці ў крыптавалюты, плацяжы праз фізічных асоб. Многія думаюць, што крыптавалюта абсалютна ананімная, але гэта не так. У нас ёсць дастатковы вопыт кантролю за гэтымі плацяжамі. У бліжэйшы час разам з Расійскай Федэрацыяй мы яго яшчэ больш узмоцнім».
Вераніка КАНЮТА
Фота: БелТА
Кропка адліку гісторыі беларускага гандбола — 1950-я гады.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.