Вы тут

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...»


Тое, што ў самую паэтычную пару года, у час вясновага раўнадзенства адзначаецца Сусветны дзень паэзіі, зразумела, невыпадкова... Паэзія — гэта ж і ёсць абуджэнне творчай прыроды чалавечага духу! Чаму хтосьці раптам пачынае бачыць свет не так, як іншыя, мысліць вобразамі, чуць жыццё рытмамі і сугуччамі — загадка... Як напісаў аднойчы Пятрусь Броўка,

Не пытайся пра гэта,
Бо адказу не дам.
Як зрабіўся паэтам,
Я не ведаю сам.

Давайце ж з нагоды Сусветнага дня паэзіі ўсмомнім некалькі паэтычных зборнікаў беларускіх паэтаў з незвычайнымі лёсамі.


Пад шыльдай балгарскай

«Першай цаглінай у будынак наладжанага беларускага выдавецкага дзела» назваў гэты зборнік пісьменнік і грамадскі дзеяч Зміцер Жылуновіч, ён жа Цішка Гартны. На сціплай вокладцы з шэрай паперы значыцца імя аўтара: «Янка Лучына». Год выдання — 1903.

Аўтар, мінчук Іван Неслухоўскі, які ўзяў псеўданім «Янка Лучына» з-за радавога прыдомку «Лучэўка», не паспеў патрымаць гэты зборнік у руках — памёр у 1897 годзе. Але рукапіс быў падрыхтаваны яшчэ ў 1891-м. Хоць Янка Лучына неяк пісаў вядомаму навукоўцу Мітрафану Доўнар-Запольскаму: «Мысль об издании моих белорусских стихоплётных начинаний особыми брошюрами давно уже приходила мне в голову, от многих моих знакомых я тоже слышал её неоднократно. В сущности однако, мне кажется, нет у меня ничего оригинального, что стоило бы особых затрат и хлопот на издание». Паэт скромнічаў... Яго вершы мелі розгалас, іх вучылі на памяць і цытавалі. Менавіта з верша Янкі Лучыны «Роднай старонцы» Яўхім Карскі ўзяў эпіграф да сваёй фундаментальнай працы «Беларусы»: «Сонца навукі скрозь хмары цёмныя / прагляне ясна над нашаю ніваю. / І будуць жыць дзеткі патомныя / Добраю доляй — доляй шчасліваю».

У Санкт-Пецярбургу ў 1902 годзе ўзнік культурна-асветніцкі «Круг беларускай народнай прасветы і культуры», у якім былі пераважна студэнты, яны займаліся друкаваннем і распаўсюджваннем беларускіх твораў, дзейнічалі паўлегальна. Вось і ўзяліся за выданне зборніка Янкі Лучыны. Грошы на зборнік збіралі на дабрачыннай вечарыне ў Мінску, дзе паказвалі камедыю Крапіўніцкага «Пашыліся ў дурні». Але выдаць нешта на беларускай мове ў імперыі было немагчыма. І тады выдаўцы пазначылі мову выдання як балгарскую. Паколькі цэнзары не валодалі ні балгарскай, ні беларускай, зборнік «Вязанка» ў 22 старонкі ўбачыў свет. Цішка Гартны ў аглядзе беларускай выдавецкай справы характарызаваў выданне так: «Шэрая хвароба вокладкі адбівае шэрасць у выдавецкай справе, матар’яльную ўбогасць сяброў арганізацыі — студэнтаў». Але зборнік стаў сапраўды яркай падзеяй у нашай культуры.

Забракаваная вокладка

Любы паэт вам скажа, што лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. Паспрабуй і не паўтарыцца, і не расчараваць чытача... Другі зборнік ахвотней «кусаюць» крытыкі, якія раней маглі пашкадаваць дэбютанта.

Не стаў выключэннем Янка Купала. Яго другі зборнік, «Гусляр», выйшаў у 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу. У гэты час Купала жыў у Паўночнай Пальміры, вучыўся на курсах. «Гусляр» убачыў свет у выдавецтве фалькларыста, кампазітара Антона Грыневіча. Крытыкі ўпікалі, што ледзь не ў кожным вершы зборніка ёсць словы «дух», «душа» — ударыўся, маўляў, паэт у філасофію ды містыку.

Рукапіс выдаўцу Янка Купала дасылаў яшчэ ў 1908 годзе. Што шлях да друкавання зацягнуўся — нядзіўна... У тым жа 1908-м толькі што аддрукаваны першы зборнік паэта «Жалейка» быў забаронены, яго выдаўцы — суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» мелі праблемы... Вось і Грыневіч цягнуў з выданнем. Некаторыя найбольш рэвалюцыйныя вершы былі выкінутыя. Але ж выдаў — за ўласны кошт, між іншым. А грошай не тое каб шмат мелася. Таму Антон Грыневіч паспрабаваў выступіць і ў якасці мастака-ілюстратара. «Зрабіў два рысункі і абодва забракаваў: каб не страціць больш часу, пусціў так, без рысунка, і агледзеўся, як бачу, будзець дужа добра», — успамінаў Антон Грыневіч. Сапраўды, вокладка «Гусляра» надзвычай мінімалістычная: на шэрай паперы назва зборніка, імёны аўтара і выдаўца, месца і год... І ўсё.

Але цікава, што Грыневіч усё-такі скарыстаў свой малюнак, зрабіўшы яго вокладкай свайго наступнага выдання — «Беларускія песні з нотамі», які выйшаў у тым жа 1910 годзе. Так што мы можам убачыць, як мог выглядаць другі зборнік Янкі Купалы. Справа букет васількоў, у рамцы ў выглядзе мадэрнісцкай рыбіны — пейзаж з хатамі, кароўкамі, жнейкамі на полі і касцамі на лузе. І на гэтым фоне — постаць гусляра, які задуменна стаіць на ўзгорку пад вялікім дрэвам, паклаўшы руку на струны свайго інструмента. І так і чуецца музыка…

Пад рэдакцыяй Купалы

Дэбютны зборнік гэтай паэткі афармляў Язэп Драздовіч. І хоць заклікаў ён мастакоў: «Рысуй народ, падай чалавека працы. Рысуй яго хату і дзяцей, раскажы пра яго мову і долю», малюнак ягоны атрымаўся сапраўды дэкадэнцкі. Кветка і галава сфінкса ў сінтэзе. Рот жанчыны заматаны — сімвал маўчання, загадкі альбо зняволення? Зборнік называўся «Курганная кветка», аўтаркай была дваццацігадовая Канстанцыя Буйло. Драздовіч натхняўся радком з яе верша «Я каханне маё пахаваю ў душы, спакой сфінкса на твар палажу».

Праўда, праз колькі гадоў пры перапісу Буйло сябе «падмалодзіць», і доўгі час літаратуразнаўцы захапляліся, што такія добрыя вершы выдала пятнаццацігадовая дзяўчынка.

Рэдактарам зборніка быў Янка Купала. Вось што ўспамінае Канстанцыя Буйло пра знаёмства з паэтам у рэдакцыі «Нашай нівы»: «Нехта, узяўшы мяне за плечы, павярнуў да сябе. Перада мной стаяў высокі, тонкі мужчына, з сінімі вачыма, задумлівы і сур’ёзны. — „Ты, мусіць, Буйлянка, — лагодна сказаў ён мне, — ну а я Купала. Дык давай знаёміцца“. І ён, нагнуўшыся, пацалаваў мяне так сур’ёзна і ўрачыста, што я нават не здзівілася, а смяшлівая Уладка не засмяялася. Да гэтага знаёмства яшчэ Купала прысвяціў мне вельмі прыгожы свой верш».

Цікава, што ў другім варыянце гэтых успамінаў 1962 г. Буйло не згадвае ні пра пацалунак, ні пра тое, што з ёй была яе сяброўка Уладка, Уладзіслава Станкевіч, якая пасля стане жонкай Купалы. І ўвогуле сцвярджае, што тады мела гадоў чатырнаццаць. Верш, прысвечаны ёй Купалам да гэтага знаёмства, надрукаваны ў № 36 «Нашай Нівы» за 1910 г., а паколькі годам нараджэння паэткі лічыцца 1893-і, было ёй не менш сямнаццаці.

Юная Костка паэту спадабалася. Ён прапанаваў госці заначаваць у рэдакцыі. Тая «мусіла пагадзіцца». У кабінеце рэдактара «была шырокая, мяккая канапа», «Купала прынёс бутэльку салодкага віна і яблыкаў». Згодна з успамінамі Канстанцыі, яны да раніцы ўдваіх па чарзе чыталі п’есу «Паўлінка». А потым Купала падрыхтаваў яе кнігу, працуючы «з вялікім замілаваннем, як над сваёй».

Яшчэ цікавая акалічнасць, звязаная са зборнікам. Выдадзены ён на грошы мецэнаткі Магдалены Радзівіл. Мецэнатка запрасіла маладую паэтку прыехаць да яе. І аб’явіла, што госця мусіць... адправіцца ў кляштар. Бо трэба, каб і ў тым асяродку нехта працаваў на беларускую справу. Канстанцыя разгубілася, але рашуча адмовілася.

Наступны зборнік Буйло выйдзе праз сорак гадоў. І менавіта ў гэтым, першым, верш, які стаў народнай песняй:

Люблю наш край, 
старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз 
пазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла.

Вершы ў памяці

Паэт Валянцін Таўлай, фактычна, сваю першую кніжачку займеў у 1928 годзе, у свае чатырнаццаць — яго паэма «Непераможаная» была выдадзена на шапірографе ў Вільні. Заходняя Беларусь тады знаходзілася пад уладай Польшчы, юны аўтар паэмы ў той год за ўдзел у вучнёўскай забастоўцы быў выключаны з гімназіі і пад паліцэйскім канвоем адпраўлены да бацькоў. Вось і працягваў змагацца паэтычным словам. Шапірограф — прыстасаванне для зняцця копій, вынайдзенае інжынерам Шапірам, з вялікім рулонам паперы, вымачанай у адмысловым растворы. Зразумела, што шмат асобнікаў з дапамогай гэтай прылады не зробіш, але сучаснікі сведчаць, што паэма хадзіла па руках, яе зачытвалі на мітынгах... А потым аўтар апынуўся ў турме. Гэта быў не апошні арышт і не апошняе зняволенне. У вязніцы Валянцін Таўлай таксама пісаў вершы — крадма, хаваючыся ад наглядчыкаў, трымаючы ў памяці радкі. Калі адбылося вызваленне Заходняй Беларусі, Валянцін знаходзіўся ў гродзенскім астрозе. Пасля вызвалення працаваў у раённай лідскай газеце «Уперад» і кожны дзень за рабочым сталом пакутліва аднаўляў у памяці радкі сваіх вершаў, прыдуманых у зняволенні, як ён казаў, «вытрасаў з галавы», каб скласці, нарэшце, першы паэтычны зборнік. Дапрацоўваў, перажываў, што не ўсё памятае. Але мары пра ўласную кнігу не паспелі здзейсніцца — вайна... Валянцін далучаецца да змагання супраць нямецкай акупацыі. Зноў — па лязе брытвы... Рукапіс вершаў схаваны ў тайніку ў печы, за цаглінай. Жонка Лідзія ўспамінала: «Пра таямніцу гэтую не ведаў ніхто, апрача нас дваіх. Калі верш быў успомнены амаль цалкам, з гэтых маленькіх паперынак перапісвала я яго ў тоўсты клятчасты сшытак, падзелены на часткі». Баючыся за лёс твораў, паэт зрабіў у некалькіх экзэмплярах рукапісны зборнік вершаў з сімвалічнай назвай «Шляхі і краты» і аддаў на захаванне таварышам.

Пасля вызвалення Беларусі Таўлай зноў пачаў працаваць над рукапісам зборніка. Гэта павінен быў быць ужо не проста дэбютны зборнік, а кніжачка «Выбранае». Яна ўбачыць свет у 1947-м... Але паэт так і не паспеў патрымаць доўгачаканы зборнік у руках: перажытае падарвала здароўе, і 27 красавіка 1947 года паэт памёр. Яму было трыццаць тры гады. Вось што ён пісаў у творы «Аб маіх вершах»:

Маякоўскі 
па-сяброўску радзіў
Не збываць адразу 
вершы з рук:
Напісаў — замкні яго 
ў шуфлядзе,
Як адлежыцца — судзі, 
здавай у друк.
Не забыцца добрае 
парады,
Колькі мог, і пан мне 
«дапамог»,
Замыкаючы замест 
шуфляды
З вершамі і аўтара 
ў астрог…

Кніжка-партызанка

А вось гэты паэтычны зборнік увайшоў у гісторыю як «кніга-партызанка». Хоць назва не баявітая: «Слуцкі пояс». Але сціплы зборнічак з’яўляўся сапраўднай зброяй. Ягоны аўтар — паэт Анатоль Астрэйка. Вось як распавядаў гісторыю з’яўлення гэтай кніжкі рэдактар Слуцкай падпольнай газеты Мікалай Дастанка:

«У падпольнай „Звяздзе“, якая выдавалася ў зоне размяшчэння злучэння партызан Міншчыны, 25 верасня 1943 года я прачытаў верш Анатоля Астрэйкі „Беларусь-партызанка“. Прачытаў адзін раз, адарваў свой позірк ад газеты і прадэкламаваў на памяць:

Мы асфальтам 
балота завём
І шасэйнай дарогай 
сцяжынку.
Два гады мы і косім 
і жнём,
Каб вялікія справіць 
дажынкі.

У дваццаці радках паэт па-майстэрску расказаў пра баявыя будні народных мсціўцаў, для якіх аўтаматы служаць касой, а сярпамі — гранаты... 

Я ведаў, што Анатоль Астрэйка прыбыў з Вялікай зямлі да нас і заняў сваё месца ў радах адважных змагароў за чэсць, свабоду і незалежнасць маці-Радзімы. Мне вельмі хацелася ўбачыць паэта-партызана, пагутарыць з ім. І вось аднойчы ў нашу падпольную рэдакцыю, што знаходзілася на востраве Горнае ў Загальскіх балотах, прыехаў ён сам. Я папрасіў даць верш у нашу газету.

— А я не адзін верш, а цэлую кніжку хачу вам прапанаваць, — адказаў паэт.

У той вечар амаль да самага світання не патухаў агеньчык у нашай партызанскай зямлянцы. Паэт чытаў вершы, якія былі вельмі блізкімі і зразумелымі нам, краналі душу. Раніцай я запытаў у наборшчыц Любы Куляшовай і Любы Шаўчук, ці здолеюць яны набраць кніжку. Яны не задумваючыся ў адзін голас адказалі:

— Усё зробім!»

Падпольшчыкі дасталі паперы ў слуцкай нямецкай друкарні. Партызанскія мастакі Саша Залаты і Саша Бяляеў выразалі літары-застаўкі на кляновых кубіках.

Для друкавання вокладкі партызаны раздабылі чырвонай фарбы, замест чорнай фарбы выкарыстоўвалі гуталін ды сажу, а для пераплёту знайшлі нержавеючага меднага дроту.

«Слуцкі пояс» паступаў у атрады па меры яго друкавання. «З ім народныя мсціўцы, як з баявой зброяй, ішлі на выкананне небяспечных заданняў», — сведчыць Дастанка. А вядомы французскі пісьменнік Луі Арагон у кнізе «Савецкія літаратары» згадвае сярод партызанскіх песняроў Беларусі Анатоля Астрэйку.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.