Сімвал беларускага хакея — клуб «Юнацтва» святкуе 20-гадовы юбілей. 19 сакавіка 2003 года ў мэтах рэалізацыі дзяржаўнай праграмы развіцця хакея Мінскі гарвыканкам на базе спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву «Юнацтва» заснаваў хакейны клуб. Гэта паклала пачатак вялікай і насычанай хакейнай гісторыі. Прафесійная каманда «Юнацтва-Мінск» — дзесяціразовы чэмпіён Рэспублікі Беларусь шасціразовы ўладальнік Кубка Рэспублікі Беларусь. У студзені 2007 года «Юнацтва-Мінск» упершыню ў гісторыі беларускага хакея стала ўладальнікам Кантынентальнага кубка ІІХФ. Праз тры гады стала сярэбраным прызёрам гэтага турніра. У студзені 2011 года «Юнацтва-Мінск» заваявала Кантынентальны Кубак. «Юнацтва-Мінск» — адзіная каманда сярод краін СНД, якая двойчы забірала гэты трафей. У студзені 2018 года хакейны клуб «Юнацтва-Мінск» стаў трохразовым уладальнікам Кантынентальнага кубка ІІХФ.
Першы генеральны дырэктар клуба Сяргей Саланец называе «Юнацтва-Мінск» сваім родным і дарагім дзіцем. «У нас была ідэя зрабіць так, каб хакей для дзяцей, якія займаліся ў СДЮШАР, быў не проста забаўкай, а стаў прафесіяй. Мы хацелі стварыць каманду, якой будзе ганарыцца беларускі хакей, таму з самага пачатку для „Юнацтва“ не існавала ніякага іншага месца акрамя першага. І мы сапраўды выйгралі ўсё, што можна. Я ганаруся, што я кіраваў гэтым клубам і жадаю яму поспехаў у будучым», — падзяліўся ён.
Прынцыпу «гуляць толькі за першае месца» клуб не здраджвае ўсе 20 гадоў свайго існавання. І яго дасягненні — таму пацверджанне. Як адзначыў старшыня Беларскай федэрацыі хакея Аляксандр Багдановіч, «Юнацтва» — гэта клуб-чэмпіён, клуб-брэнд беларускага спорту, у які імкнуліся патрапіць сотні, калі не тысячы хлапчукоў. «І прыемна адзначыць, што структура „Юнацтва“ не зніжае планку, а імкнецца да заваёвы ўсё новых тытулаў і ўзнагарод, няхай гэта будзе на ўзроўні дзіцячых ці прафесійных каманд. Дык няхай жа „юннатам“ і далей спадарожнічае поспех, і ўсе вызначаныя мэты будуць лёгкадасягальныя!», — сказана ў віншаванні клубу.
Юбілей «Юнацтва» сустрэла, як і належыць, на хакейнай пляцоўцы. На лёдзе знакамітага катка ў сталічным парку Горкага адбыўся таварыскі матч паміж зорнымі выхаванцамі «Юнацтва» і хакейнай камандай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Матч атрымаўся цікавым і напружаным. Ва ўпартай барацьбе перамогу здабылі хакеісты каманды Прэзідэнта. Вынік сустрэчы — 8:6.
У склад каманды-пераможцаў уваходзіў і старшыня «Юнацтва» Аляксей Баранаў. «Вядома, цяжка гуляць супраць тых, з кім бок аб бок заваёўваў трафеі. „Юнацтва“ вельмі моцна згуляла ў пачатку матча, прыйшлося прыкласці неймаверныя намаганні, каб выцягнуць гульню. Вынік не такі важны, але ў душы любы хакеіст жадае перамогі. Мы таксама сёння хацелі выйграць», — прызнаўся ён.
Святочны матч стаў добрай нагодай для сустрэчы «выпускнікоў» сталічнага клуба. На запрашэнні ні адмовіўся ні адзін чалавек, некаторыя ўсю ноч ехалі ў цягніку з Масквы. І ўсё гэта дзеля таго, каб згуляць адну гадзіну ў таварыскім матчы. Гэта выдатны прыклад спартыўнага сяброўства і любові да хакея, які знакамітыя гульцы могуць прадэманстраваць маладым хакеістам, якіх на трыбунах было шмат.
Аляксей Баранаў падзякаваў сваім папярэднікам, разам з якімі «Юнацтва» дасягнула спартыўных вышынь: «За 20 гадоў заваяваць 19 трафеяў — гэта дастаткова шмат. Не ведаю, які клуб можа такім пахваліцца, але, дай бог, каб мы і надалей рухаліся наперад».
Колеры роднай каманды ў таварыскім матчы абараняў знакаміты нападаючы, а зараз дырэктар СДЮШАР «Юнацтва» Максім Слыш. «У першую чаргу, дзякуй камандзе Прэзідэнта, што пагадзілася прыняць удзел у такім матчы: найперш гэта папулярызацыя хакея, а для „Юнацтва“ гэта яшчэ адна магчымасць паказаць сябе. Многія хлопцы вельмі даўно не бачыліся. Вельмі прыемна быць тут разам з усімі. Тых, хто жыве ў Мінску, канешне, бачу часцей. Шкада, што ў некаторых, хто жыве за мяжой, не ўдалося даехаць. Разам з тым у Алега Мікульчыка, Алега Бараўкова толькі ў 13.10 прыехаў цягнік, яны адразу ж наўпрост сюды. Вельмі прыемна іх бачыць», — падзяліўся ён сваімі ўражаннямі ад матчу.
Па яго словах, у гэтым матчы галоўнае значэнне меў не вынік, а антураж і атмасфера. Асабліва гэта важна для маладога пакалення хакеістаў. «Дзеці павінны бачыць людзей, якія стваралі гісторыю, павінны іх ведаць. Якраз ідэя больш была ў гэтым, таму што многія не бачылі гульняў знакамітых выхаванцаў „Юнацтва“ з-за таго, што папросту яшчэ не нарадзіліся. Вось у нас вісіць джэрсі Сяргея Шыткоўскага, зараз хлопцы ўбачылі, як ён гуляе. Гэта вельмі здорава», — растлумачыў Максім Слыш.
20 гадоў — узрост хоць і салідны, але яшчэ малады. Але і гэтага часу хапіла, каб напісаць выдатную спартыўную гісторыю. Як запэўніў галоўны трэнер каманды Яўген Есаўлаў, гэта толькі пачатак.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота Лізаветы ГОЛАД
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.