Вы тут

Алімпійскі савет Азіі: Спартсмены не павінны падвяргацца пакаранню за дзеянні сваіх урадаў


Цытата тыдня. «Спартсмены поўнасцю падтрымалі аўтаномію алімпійскага руху, заснаваную на прынцыпах алімпізму, без якой-небудзь дыскрымінацыі па нацыянальнай, рэлігійнай або этнічнай прыкмеце. У сувязі з гэтым удзельнікі форуму прыйшлі да высновы, што спартсмены не павінны падвяргацца пакаранню за дзеянні сваіх урадаў. Спартсмены павінны мець доступ да міжнародных спаборніцтваў, уключаючы Азіяцкія гульні, без якой-небудзь формы дыскрымінацыі. Што да ўдзелу расійскіх і беларускіх спартсменаў, яны павінны вярнуцца на міжнародныя спаборніцтвы з дакладнымі ўмовамі», — гаворыцца ў заяве Алімпійскага савета Азіі (АCA). Удзельнікі форуму спартсменаў гэтай арганізацыі выступілі за допуск беларусаў і расіян да міжнародных спаборніцтваў у нейтральным статусе.

Рэкорд тыдня. У Мінску прайшоў чэмпіянат свету «Залаты тыгр», удзел у якім узяло больш за сотню прадстаўнікоў сілавых відаў спорту. У рамках турніру быў прэзентаваны новы від — «беларускі жым». Ён уключае ў сябе адначасовы пад’ём дзвюх гір са становішча лежачы на працягу 5 хвілін. Рэкорд у новай дысцыпліне ва ўзроставай катэгорыі «старэйшыя за 60 гадоў» устанавіў беларускі атлет Вячаслаў Харанека, падняўшы гіры вагой па 24 кг 83 разы. Старшыня Нацыянальнай асацыяцыі паўэрліфтынгу Віктар Мацур, які выступае ў катэгорыі да 60 гадоў, 33 разы падняў гіры вагой 40 кг кожная. Свой высокі клас пацвердзіў беларускі асілак Сяргей Заслаўскі. У вагавой катэгорыі 82,5 кг ён устанавіў новы сусветны рэкорд у экстрэмальным падыманні штангі на біцэпс — 102,5 кг.

Перамога тыдня. Беларускія фехтавальшчыкі выступілі на міжнародных спаборніцтвах «Вясновая капеж» памяці заслужанага трэнера СССР Уладзіміра Жытлова ў Казані. Спаборніцтвы праводзіліся ў дзвюх узроставых катэгорыях: сярод юнакоў і дзяўчат да 15 гадоў і да 18 гадоў. У актыве беларускай каманды чатыры ўзнагароды: дзве залатыя, па адной сярэбранай і бронзавай. Юнацкая зборная Беларусі да 15 гадоў у складзе Уладзіслава Коваля, Савелія Цярэшкі, Андрэя Аўсянкіна і Сяргея Біліновіча стала найлепшай у фехтаванні на шаблях. Чэмпіёнамі каманднага турніру ў шаблістаў да 18 гадоў сталі беларусы Канстанцін Гаўрусік, Раман Грушчавец, Іван Насеннік і Сцяпан Стралкоўскі. Бронзавую ўзнагароду турніру шаблістак да 15 гадоў заваявала Вікторыя Арцюшэнка, а Сцяпан Стралкоўскі, акрамя перамогі ў камандзе, выйграў «серабро» асабістага турніру шаблістаў да 18 гадоў.

Каманда тыдня. Маладзёжная каманда мінскага «Гарызонта» стала бронзавым прызёрам Студэнцкай лігі Расійскай чыгункі. У паядынку за трэцяе месца беларускія баскетбалісты ва ўпартай барацьбе адолелі ў другім авертайме маладзёжную каманду БК «МІНСК» — 84:81. Чэмпіёнскі тытул заваявалі баскетбалісткі ДУТіД з Санкт-Пецярбурга. Па выніках спаборніцтваў найлепшай абаронцай турніру прызнана капітан «Гарызонта» Юлія Васілевіч. Фінальны этап мужчынскіх спаборніцтваў пройдзе з 28 да 30 сакавіка ў Кемераве. Сярод васьмі суіскальнікаў узнагарод будуць і рэзервісты «МІНСКа». У чвэрцьфінале сапернікамі мінчан стануць баскетбалісты МДУ.

Герой тыдня. Кантынентальная хакейная ліга вызначыла найлепшых гульцоў першага раўнда плэй-оф Кубка Гагарына. Найлепшым навічком першага раўнда розыгрышу Кубка Гагарына прызнаны форвард мінскага «Дынама» Віталь Пінчук. У серыі з шасці матчаў «Дынама» супраць СКА 21-гадовы хакеіст зарабіў чатыры балы. Шайба Пінчука ў першай гульні супраць «армейцаў» стала для нашай каманды пераможнай. Акрамя таго, на рахунку беларускага нападаючага тры сілавыя прыёмы і тры заблакіраваныя кідкі.

Няўдача тыдня. Арына Сабаленка прайграла ў фінале турніру катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Індыян-Уэлсе. У вырашальным паядынку беларуская тэнісістка ўступіла прадстаўніцы Казахстана Алене Рыбакінай. Вынік сустрэчы — 6:7 (11:13), 4:6. Але, нягледзячы на паражэнне, Арына Сабаленка захавала другі радок сусветнага рэйтынгу, маючы ў сваім актыве 6740 ачкоў. Экс-першая ракетка свету беларуска Вікторыя Азаранка знаходзіцца на 16-й пазіцыі, набраўшы 2182 балы. Аляксандра Сасновіч займае 45-е месца (1174 ачкі).

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.