Вы тут

Як выратаваць падлетка ад спакусы вялікіх грошай і алкагольных забаў


Асноўная прычына злачынстваў непаўналетніх — жаданне зарабіць хуткія і лёгкія грошы. Амаль палова з іх — крадзяжы. Часта малыя крадуць, каб пасля прадаць нарабаванае. Вельмі распаўсюджаны крадзеж металічных прадметаў, якія пасля здаюць на металалом. Займаюцца дзеці і наркотыкамі, і махлярствамі, і нават рабаваннем. За мінулы год колькасць злачынстваў, якія здзейснілі падлеткі, павысілася на 20%. Для прафілактыкі спакусы вялікіх грошай і салодкіх задавальненняў ад наркотыкаў, алкаголю ды свабоды аб бацькоўскай апекі падлеткам паказваюць тэматычныя фільмы, дэманструюць, як выглядаюць органы алкаголікаў, арганізоўваюць сустрэчы з наркаманамі, а некаторым нават ладзяць экскурсіі ў турму.


4-СМС парагенератары

Не губляюць актуальнасці злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Па выніках двух месяцаў колькасць такіх злачынстваў зменшылася ўдвая: з 29 да 15. Аднак гэта не нагода для самазаспакаення, упэўнены Васіль Дземідовіч, намеснік начальніка аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў:

— Штотыднёва мы фіксуем выпадкі затрымання дзяцей за збыт наркотыкаў, а за гэта сур’ёзнае злачынства прадугледжана да 15 гадоў зняволення. Разам з такімі наркотыкамі, як альфа ПВП і мефедрон, набірае папулярнасць і новы сінтэтычны псіхастымулятар, які называецца 4-СМС. Наркакрамы актыўны рэкламуюць яго і збываюць дзецям. Заахвочваюць непаўналетніх, як і раней, абяцанкамі вялізных грошай, якія малыя не паспяваюць адпрацаваць і нават застаюцца вінаватымі наркамаркетам. Вярбуюць дзяцей шляхам веернай рассылкі праз сацыяльныя сеткі і месенджары.

Фіксуюць праваахоўнікі і рост колькасці рабаванняў, здзейсненых непаўналетнімі, прычым прадмет рабунку даволі банальны — парагенератары. Механізм просты. Непаўналетні размяшчае ў сетцы аб’яву аб продажы парагенератара. Гэткі ж непаўналетні сазвоньваецца з прадаўцом, кажа, што хоча набыць вэйп, і прапануе сустрэцца ў людным месцы. Прыходзіць пакупнік з сябрам, і пакуль адзін з іх адцягвае ўвагу прадаўца, распытваючы пра парагенератар, іншы разглядае вэйп з усіх бакоў. І раптам, нібыта па камандзе, яны разбягаюцца ўрассыпную. Разлік менавіта на непаўналетняга прадаўца, бо ён, на думку рабаўнікоў, не заявіць у міліцыю, бо будзе баяцца, што бацькі даведаюцца, што ён парыць. Аднак найчасцей абрабаваны звяртаецца ў міліцыю і зладзеяў знаходзяць.

«Ало, мама!», «Прадам банкаўскую картку!», «Завіс на ўпісцы»

Набіраюць абароты і махлярскія дзеянні з удзелам дзяцей. Найчасцей гэта выпадкі, калі на тэлефон звоняць з крыкам «Ало, мама, я ў бядзе!». Непаўналетнія ў такой схеме выступаюць кур’ерамі, прыходзячы па заданні сваіх кур’ераў, забраць грошы ў старых, якіх ужо падманулі. Некаторыя нават даюць ахвярам «тлумачэнні», калі праблемнае пытанне будзе вырашана, падзяліўся прадстаўнік МУС:

— Непаўналетнія кур’еры пры гэтым адказваюць перад законам у той жа ступені, як і тыя, хто падмануў састарэлага чалавека. А бацькі такіх дзяцей потым будуць цалкам пакрываць матэрыяльны ўрон, нанесены пацярпелым.

Продаж рэквізітаў банкаўскіх картак, якія аформлены на непаўналетніх, — новы від злачынстваў і негатыўны трэнд, які набывае папулярнасць у моладзі. Непаўналетні можа самастойна аформіць на сябе любую колькасць банкаўскіх плацежных сродкаў, і дазволу яго бацькоў на гэта не трэба. І такой магчымасцю актыўна карыстаюцца зладзеі, расказаў Васіль Дземідовіч:

— У інтэрнэце змяшчаюць аб’явы, дзе падлеткам прапануецца аформіць на сябе банкаўскія карткі, а пасля прадаць іх: за чатыры-пяць картак дзіцяці плацяць да 80-90 рублёў. Зламыснікі выкарыстоўваюць такія карткі ў злачынных мэтах, найперш для незаконнага абароту наркотыкаў, за што, нагадаю, прадугледжана крымінальная адказнасць. Мы прасілі нацыянальныя банкі забараніць магчымасць заводзіць карткі непаўналетнім, аднак пакуль яны нас не чуюць.

Адзін з сучасных спосабаў бавіць час у падлеткаў — «завісаць» на так званых флэтах і ўпісках. У асноўным гэта здымныя кватэры, дзе сустракаюцца людзі, якія пазнаёміліся і дамовіліся пра сустрэчу ў сацсетках. Што робяць падлеткі, якія напіліся і абкурыліся, можна пабачыць на роліках у Інтэрнэце. Такое яны не зрабілі б у цвярозым стане, але потым вельмі сорамна, а ўжо позна, бо гэта ўбачыла мноства людзей — рэпутацыя пацярпела.

Унутраныя органы алкаголіка і экскурсія ў калонію

Прафілактычная работа, якую арганізоўваюць супрацоўнікі органаў унутраных спраў, розная: ад агульных мер прафілактыкі да індывідуальных, расказаў супрацоўнік МУС:

— У прыватнасці, арганізоўваем актыўную здымку прафілактычных відэаролікаў і фільмаў па прафілактыцы наркаманіі, педафіліі, наступстваў здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў. Сумесна з урачамі-нарколагамі ладзім круглыя сталы, куды запрашаем наркаманаў ва ўстойлівай рэмісіі, каб яны расказалі дзецям пра наступствы ўжывання наркотыкаў. Асоб, з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа, запрашаем у месцы пазбаўлення волі і асаблівую ўвагу засяроджваем на ўмовах адбывання пакарання за злачынствы, звязаныя з ужываннем наркотыкаў.

Запрашаюць непаўналетніх і ў цэнтры прафілактыкі, якія знаходзяцца ў буйных гарадах, напрыклад у Віцебску, Брэсце, дзе можна паглядзець, як выглядаюць сапраўдныя органы чалавека, які доўгі час злоўжывае алкаголем і наркотыкамі. У цэнтры бяспекі МНС функцыянуе антынаркатычная пляцоўка, праз якую прайшло мноства сталічных падлеткаў і дзяцей з іншых гарадоў. Тут таксама можна ўбачыць наступствы злоўжывання наркотыкамі, а таксама медыцынскую і прававую адказнасць за іх спажыванне. Арганізоўваюць zoom-канферэнцыі з асобамі, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, дзе апошнія дзеляцца сваім жыццёвым вопытам, як трапілі за краты за ўжыванне наркотыкаў.

— Апошнія года паўтара асаблівае значэнне маюць ваенна-патрыятычныя клубы на базе ўнутраных войскаў і тэрытарыяльных органаў унутраных спраў. З дзецьмі і іх бацькамі ладзім спартыўныя і культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, асаблівую ўвагу аддаючы падулікавай катэгорыі. Варта адзначыць і прафілактычныя акцыі: «Увага, дзеці!», «Антынаркатычны аўтобус», «Дзіця — галоўны пасажыр» і іншыя.

Ладзяцца таксама трэнінгі для настаўнікаў і бацькоў па спосабах выяўлення дзяцей з прыкметамі наркатычнага ап’янення, выступленні на бацькоўскіх сходах і класных гадзінах.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.