Вы тут

«Малады Ільюша» пайшоў у школу


У нумары «Звязды» за 25 лютага выйшаў артыкул пад назвай «Калі дзеці не ходзяць у школу...». Сцісла нагадаю, аб чым там ішла гаворка. У ліпені мінулага года Ілью споўнілася 8 гадоў. Неўзабаве пасля свайго дня нараджэння хлопчык нарэшце загаварыў. У жніўні мама з сынам пачалі праходзіць медагляд, каб пайсці ў 1 клас. Па даведку аб стане здароўя дзіцяці жанчына звярнулася ў прыватны медцэнтр. Кажа, думала, праблем з медаглядам не ўзнікне. Але даведку аб тым, што хлопчык «здольны да навучання ў агульнаадукацыйнай установе» (з прыпіскай — «рэкамендавана кансультацыя на базе МГЦКРАіР для вызначэння адукацыйнай праграмы») выдалі толькі 2 кастрычніка, пасля таго, як маці звярнулася да адваката. Такую познюю выдачу даведкі медцэнтр матываваў тым, што ў дзіцяці жалезадэфіцытная анемія цяжкай ступені (вельмі нізкі гемаглабін).


На ўроку малявання Ілья не захацеў маляваць з усімі сонейка

3 кастрычніка мама прыйшла да дырэктара гімназіі з усімі неабходнымі дакументамі. Але ён, паводле слоў жанчыны, іх не прыняў. Маўляў, спазніліся, вучэбны працэс ужо ідзе напоўніцу. У 10.00 маці Ільі адмовілі ў залічэнні дзіцяці ў гімназію. І ў гэты ж дзень у 14.00 адбылося пасяджэнне каардынацыйнага савета па кантролі за рэалізацыяй Дэкрэта № 18. У выніку ў сувязі з тым, што Ілья з 1 верасня не прыступіў да заняткаў, бо «поўны пакет дакументаў не быў своечасова прадстаўлены ў гімназію», каардынацыйны савет прызнаў, што хлопчык знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, бо «бацькі перашкаджаюць атрыманню дзіцем абавязковай базавай адукацыі».

Мама хлопчыка, параіўшыся з адвакатам, прадала адну з кватэр у Мінску і пераехала на сваю малую радзіму ў Заслаўе, бо, паводле яе слоў, не бачыла іншага выйсця. Кажа, адчувала, што ў яе забяруць сына. Менавіта на новым месцы жыхарства ўсё пачало наладжвацца. Заслаўская школа, пасля таго, як праверыла, у якіх умовах жыве дзіця, хадайнічала аб зняцці з сям’і статусу сацыяльна небяспечнай. Мама хлопчыка настроілася на тое, што пасля праходжання псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі па вызначэнні адукацыйнага маршруту Ільюша з 1 верасня пойдзе ў 1 клас, але... На пачатку сакавіка я атрымала ад жанчыны радаснае паведамленне: «У нас усё добра, мы ўжо ходзім у школу». Аказваецца, з сям’і знялі статус сацыяльна небяспечнай і хлопчык пайшоў у інтэграваны клас. «Падчас пасяджэння каардынацыйнага савета па зняцці нашай сям’і з ліку тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, сказалі, што груба парушаюцца правы дзіцяці на адукацыю. Маўляў, як гэта так: хлопчыку 8 гадоў, а ён сядзіць дома. Спыталіся, ці згодна я, каб майго сына неадкладна залічылі ў школу. Канечне, я была не супраць. Там жа, на каардынацыйным савеце, я напісала заяву, маўляў, «прашу прыняць майго сына ў шэрагі навучэнцаў сярэдняй школы г. Заслаўя». Псіхолага-медыка-педагагічная камісія, якую Ілья прайшоў на базе Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Мінскага раёна, рэкамендавала хлопчыку на працягу трэцяй чвэрці гэтага навучальнага года пахадзіць у школу з мэтай адаптацыі. Таму цяпер Ілья наведвае клас інтэграванага навучання разам з іншымі першакласнікамі, вучыцца па спецыяльным плане для навучэнцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення.

У школе Ілья вучыцца пісаць літары

Пакуль што Ілья наведвае ўрокі разам з мамай. «Канечне, у сына ёсць праблемы з паводзінамі, але ў школу ён ходзіць з задавальненнем. На занятках пакрыху выконвае заданні, піша літары. Настаўнікі пакуль што не могуць паўнартасна стасавацца з маім сынам, бо хлопчык надта непаслухмяны, гіперактыўны. Ён можа залезці пад парту, пастаянна ходзіць па класе, усё даследуе, выходзіць з класа, калі яму захочацца. На ўроку малявання настаўніца дала заданне ўсім намаляваць сонейка, але Ілья адмовіўся і намаляваў гадзіннікі. На другім уроку замест коціка ён намаляваў двух робатаў. Гэта, як сказалі нашы псіхолагі (на занятках прысутнічалі два педагогі-псіхолагі і сацыяльны педагог), творчы падыход».

1 верасня Ілья зноў павінен пайсці ў 1 клас. Але пакуль не зразумела, будзе гэта навучанне інтэграванае навучанне ці дамашняе. «Мы правучыліся два тыдні, і нам раяць, каб мы ўсё ж такі перайшлі на дамашняе навучанне. Псіхолагі лічаць, што майму дзіцяці будзе лепш, калі настаўніца будзе прыходзіць дадому, бо Ілья пакуль надта перашкаджае вучыцца іншым дзецям. Я ж думаю, што з часам ён прызвычаіцца да дзіцячага калектыву і будзе сябе паводзіць лепш. Акрамя таго, псіхолагі, даючы рэкамендацыю аб дамашнім навучанні, спасылаюцца на тое, што Ілья мала размаўляе. Але ён у нас гаворыць з кожным днём усё лепш і лепш, праўда, не з усімі і не заўсёды ідзе на кантакт. Гэта, думаю, звязана яшчэ і з тым, што хлопчык ніколі не наведваў дзіцячага калектыву, бо вельмі доўга не хадзіў. У школе мне параілі, каб мы дадаткова наведвалі нейкі дзіцячы цэнтр па развіцці мовы». Мама Ільі таксама распавяла, што днямі яна звадзіла сына на прыём да неўролага. Доктар параіла прайсці псіхіятра, а таксама парэкамендавала модную зараз ава-тэрапію, падчас якой можна падкарэкціраваць паводзіны дзіцяці, сказала, што яму не перашкодзяць заняткі з псіхатэрапеўтам. «Мы ўжо праходзілі псіхіятра на платнай аснове ў прыватным медцэнтры. Там нам сказалі, што Ілья мае некаторыя парушэнні паводзін. У прыватнасці, ён робіць толькі тое, што хоча, але гэта не наносіць шкоду яго здароўю і бяспецы навакольных. Гэта, як мне сказалі, такая псіхалагічная дамінанта, калі жаданне такое моцнае, што дзіця не можа з ім спраўляцца. І з гэтым трэба працаваць, прывучаць яго да дысцыпліны. На канец сакавіка ў нас запланаваны самы важны дослед у Мінскім абласным клінічным цэнтры „Псіхіятрыя-Наркалогія“. Псіхіятр павінен будзе вырашыць, ёсць у дзіцяці нейкія рысы аўтычнасці ў характары ці гэта выключна псіхалагічная праблема, з-за таго, што хлопчык проста позна загаварыў. З рэкамендацыямі псіхіятра хлопчыку зноў трэба прайсці псіхолага-медыка-педагагічную камісію, якая вырашыць, будзе ён навучацца ў інтэграцыйным класе або з настаўніцай дома. Мне, канечне, хацелася б, каб мой сын вучыўся ў школе з іншымі дзеткамі. У газеце прачытала, што з гэтага года можна сумяшчаць дамашняе навучанне з наведваннем школьных урокаў. Тым самым сацыялізавацца, знайсці сяброў. Магчыма, яму і вызначаць нешта сумеснае. Я, канечне, прыму любое рашэнне, бо дзіця ў нас сапраўды складанае».

З гэтым канструктарам-мазаікай дзеці гулялі на перапынку. А потым далі яго Ільі, каб той не перашкаджаў настаўніцы праводзіць урок пісьма

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота дадзены мамай Ільі

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».