Вы тут

Гучок: У нас мала работ у сферы ІT


У 2022 годзе Вышэйшая атэстацыйная камісія (ВАК) прысудзіла навуковую ступень 356 саіскальнікам: ступень доктара навук атрымалі 48 чалавек, кандыдата навук — 308. Для параўнання: у папярэднім годзе было абаронена 40 доктарскіх і 347 кандыдацкіх.


Фота: pixabay.com

У арганізацыях Міністэрства адукацыі было выканана 167 дысертацый (гэта 46,9 працэнта ад паспяхова абароненых), у арганізацыях Міністэрства аховы здароўя — 75 работ (21 працэнт), у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — 49 (амаль 14 працэнтаў).

— Сярэдні ўзрост саіскальніка вучонай ступені доктара навук склаў амаль 50 гадоў, доктара навук наблізіўся да 38 гадоў. Калі сярэдні ўзрост дактароў навук паступова змяншаецца, то кандыдаты навук становяцца ў нас старэйшымі, — канстатуе старшыня ВАК Аляксандр Гучок. — У ідэале нам хацелася б, каб маладыя вучоныя абаранялі свае кандыдацкія раней — у 27–30 гадоў.

Змяншэнне колькасці абароненых кандыдацкіх дысертацый ён тлумачыць дэмаграфічным фактарам: цяпер у вялікую навуку прыходзіць моладзь, якая нарадзілася ў 1990-я, калі ў краіне назіраўся істотны спад нараджальнасці. Таму і кандыдацкіх дысертацый становіцца крыху менш.

Аляксандр Гучок падкрэсліў, што для ВАК па-ранейшаму больш важнае значэнне мае не столькі інтэнсіўнасць прыросту навуковых кадраў, колькі якасць кадравага корпуса ў ВНУ і навуковых арганізацыях.

У лідарах па навуковых пошуках медыцына — на яе долю прыпала 17,7 працэнта прадстаўленых летась да абароны дысертацый (63 работы). Прычым на абарону прадстаўляюцца вельмі дастойныя даследаванні сусветнага ўзроўню, з глыбокай навуковай прапрацоўкай. І, што самае галоўнае, вынікі практычна ўсіх даследаванняў знаходзяць сваё прымяненне ў клінічных практыках. На другім месцы — тэхнічныя навукі з вынікам 15,7 працэнта (56 работ).

— Аднак у нас недапушчальна мала работ у сферы ІT. Фактычна размова ідзе аб адзінкавых працах па гэтым кірунку. Таксама хацелася б, каб было больш работ па філасофіі і праве. Калі дактароў медыцынскіх навук у краіне каля 500 чалавек, то дактароў юрыдычных навук — усяго 47, — заўважыў Аляксандр Гучок. — Але ёсць і станоўчыя тэндэнцыі. Так, у нас амаль удвая вырасла колькасць прысвоеных вучоных званняў прафесара. У 2022 годзе яго атрымалі 83 саіскальнікі (годам раней — 47). Гэта вынікі ўдасканалення нарматыўна-прававой базы.

У 1,5 раза павялічылася колькасць саіскальнікаў вучоных ступеней з ліку замежных грамадзян. Уладальнікамі вучонай ступені сталі 45 замежных грамадзян з васьмі дзяржаў. Сярод іх Кітай (30 саіскальнікаў), В’етнам (чатыры саіскальнікі), Казахстан, Ліван, Украіна (па два саіскальнікі з кожнай краіны), Расійская Федэрацыя (тры саіскальнікі), Венесуэла і Ірак (па адным саіскальніку).

У 2022 годзе ВАК адхіліла ад абароны 21 дысертацыю па 12 галінах навук. З іх тры працы (адна доктарская і дзве кандыдацкія) былі адхілены непасрэдна прэзідыумам ВАК. Астатнія 18 — зняты самімі саіскальнікамі для дапрацоўкі. Звычайна дысертацыі адхіляюцца ў сувязі з адсутнасцю навуковай навізны прадстаўленых вынікаў, а таксама спасылак на аўтара і крыніцу пры выкарыстанні матэрыялаў і вынікаў, якія належаць іншым даследчыкам. На адмоўныя заключэнні, прынятыя прэзідыумам ВАК, за год было пададзена чатыры апеляцыі. Ні адна з іх не задаволена. У 2021 годзе з шасці пададзеных апеляцый была задаволена адна.

Старшыня ВАК дадаў, што ў мінулым годзе камісія па ўстанаўленні факта плагіяту, фальсіфікацыі і падлогу не стваралася ні разу. У папярэднія гады такіх камісій стваралася ад двух да пяці за год. Прычым гэтыя камісіі звычайна заўсёды пацвярджалі наяўнасць плагіяту.

— У нас ёсць эфектыўныя методыкі выяўлення падобных фактаў. Мы задзейнічаем не толькі сістэму «Антыплагіят», якая правярае тэкст з дапамогай камп’ютара, але ў большай ступені работу экспертаў. Нават выніковыя пратаколы машыннага тэсціравання патрабуюць дэталёвай прапрацоўкі экспертамі. У нас здараліся сітуацыі, калі сістэма плагіят-кантролю паказвала на дастаткова высокую арыгінальнасць тэксту, а спецыялісты ў дадзенай галіне ўстанаўлівалі прыкладна такі ж працэнт запазычанняў. Таму апошняе слова — заўсёды за экспертамі, — падкрэслівае Аляксандр Гучок. — Тым не менш хачу адзначыць, што масавага характару праблема плагіяту ў Беларусі не мае. Таксама як і несамастойная падрыхтоўка дысертацый. Адна з задач нашай работы — мінімізаваць рызыкі такіх з’яў.

Па словах старшыні ВАК, беларуская навука развіваецца па стабільнай парадыгме. У нас ёсць уласная навуковая, прамысловая і індустрыяльная аснова, неабходныя для ўстойлівасці і краіны, і эканомікі. Але калі параўноўваць з савецкімі часамі, калі быў забяспечаны глыбокі тэхналагічны суверэнітэт, колькасць вучоных і даследчыкаў на 10 тысяч насельніцтва была тады ў тры разы вышэйшая, чым цяпер у Беларусі. Таму для дасягнення пастаўленых задач тэхналагічнай бяспекі неабходна далей развіваць навукова-даследчую дзейнасць, айчынныя навуковыя школы і клапаціцца аб амаладжэнні навуковых кадраў.

Між іншым, у сярэдзіне мінулага года ў новай рэдакцыі былі зацверджаны Палажэнне аб прысуджэнні вучоных ступеняў і прысваенні вучоных званняў і Палажэнне аб Вышэйшай атэстацыйнай камісіі. У прыватнасці, былі ўніфікаваны асобныя працэдурныя патрабаванні для кандыдатаў на прысуджэнне вучоных ступеняў і званняў з адначасовым узмацненнем адказнасці саіскальнікаў і арганізацый, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку і атэстацыю кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі. Пры падрыхтоўцы змяненняў былі ўлічаны прапановы прадстаўнікоў навуковай грамадскасці.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.