Вы тут

Лукашэнка: Пытанні процідзеяння знешнім і ўнутраным пагрозам павінны быць на асаблівым кантролі


Нацыянальная бяспека і сітуацыя ў сілавым блоку сталі тэмай нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. На нараду былі запрошаны прадстаўнікі і кіраўніцтва органаў пракуратуры, Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, Следчага камітэта, КДБ, МУС, Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта, ДМК, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, судоў агульнай юрысдыкцыі, кіраўнікі рэгіёнаў. У пачатку лютага кіраўнік дзяржавы даручыў Генеральнай пракуратуры і Адміністрацыі Прэзідэнта сабраць на нараду прадстаўнікоў усіх органаў і ведамстваў сілавога блоку, каб па яго словах, не толькі акрэсліць асноўныя задачы, але і абмеркаваць недахопы. 


«Натуральна, як гэта прынята ў пачатку кожнага года, па выніках мінулага кожны міністр дакладвае аб сітуацыі на падведамнай тэррыторыіі. Вы цудоўна разумееце, што гэта за даклады. Не хачу сказаць, што яны непрафесійныя, яны вельмі прафесійныя. Але як я заўважыў, тэндэнцыя і трэнд сур’ёзны, каб паказаць сябе ў добрым свеце. Гэта не хлусня, гэта сапраўды так. У нашых сілавікоў справы ідуць нядрэнна, але ёсць і недахопы. І я не такі глыбокі прафесіянал як генеральны пракурор, дапусцім, каб даць ацэнку па вашых пісьмовых дакладах», — адзначыў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што сёлета не ўдалося пабываць на выніковай калегіі кожнага ведамства. Але кіраўнік дзяржавы сказаў, што ў студзені-лютым наступнага года плануе пабываць на калегіях усіх ведамстваў і падвесці пэўныя вынікі зробленага за пяцігодку. «Таму улічваючы, што вы вельмі добра далажылі мне аб поспехах пісьмова, пасля даклада генеральнага пракурора яму было даручана падрыхтаваць грунтоўна даклад з аналізам сітуацыі ў сілавых ведамствах», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар падкрэсліў, што найвышэйшы ўзровень знешніх пагроз для Рэспублікі Беларусь прымушае звярнуць самую пільную ўвагу і на пагрозы ўнутраныя. Тым больш, што гэта — звёны аднаго ланцуга «Актуальнасць тэмы нарады адлюстроўваюць апошнія зводкі. У агульных рысах сітуацыю вы ведаеце. Але раслабляцца не час», — канстатаваў ён.

Нейтралізацыя тэрарыста ў Гродна: спецслужбы спрацавалі бліскуча

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на днях у Гродна быў нейтралізаваны закінуты да нас замежны тэрарыст. Па яго словах спецслужбы спрацавалі бліскуча: канфіскаваны цэлы арсенал зброі і ўзрыўчаткі, які прызначаўся для «гучных» тэрактаў у дачыненні да грамадзян і службовых асоб дзяржаўных органаў. «Малайцы нашы хлопцы, пры такой вострай сітуацыі, калі ішла бітва ў абмежаванай прасторы ў кватэры, і калі з боку тэрарыста ўжываліся гранаты і стралковая зброя, не загінуў ніводны баец групы „А“, якія ажыццяўлялі захоп гэтага дзеяча. Значыць, высновы зроблены пасля апошняй трагедыі, якая здарылася ў Мінску. Добрая аперацыя, добрая работа. Як я часта кажу, такіх людзей, якія ішлі і рызыкавалі жыццямі, трэба бачыць і падтрымліваць... Канфіскавалі цэлы арсенал зброі і ўзрыўчаткі, якія прызначаліся для грамадзян і службовых асоб. Яны ўсе задакументаваны, яго пажаданні і планы...», — адзначыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што, як звычайна, трэба праінфармаваць грамадскасць аб выніках гэтай аперацыі і сарваных планах нашых ворагаў. Па яго словах, людзі павінны гэта ведаць. 

«І вы, кіраўнікі сілавых ведамстваў, як ніхто разумееце, што гэта чарговы сігнал. Нам неабходна быць гатовымі да любых падзей. Такім чынам пытанні процідзеяння знешнім і ўнутраным пагрозам павінны быць сёння на асаблівым кантролі», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Раслабляцца не час

Па словах Прэзідэнта, крымінагенная сітуацыя ў краіне кантралюемая — агульная колькасць злачынстваў практычна не змянілася. Скарацілася колькасць забойстваў. На 13 працэнтаў менш загінула грамадзян ад злачынных замахаў. «Разам з тым гэта не нагода для расслаблення. У мінулым годзе меў месца шэраг адмоўных тэндэнцый, на якія трэба звярнуць увагу. Недастатковай з’яўляецца работа па папярэджанні злачынстваў, асабліва махлярстваў. Колькасць пацярпелых павялічылася ў два разы. Амаль у пяць разоў узрасла колькасць пенсіянераў, якія пацярпелі ад так званых тэлефонных ашуканцаў. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якія меры плануе прыняць міліцыя сумесна з іншымі дзяржаўнымі органамі ў гэтым напрамку? «Гэтых людзей трэба абараніць. Дзеці і пенсіянеры павінны разумець, што дзяржава заўсёды падставіць ім плячо і іх абароніць», — акцэнтаваў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што па-ранейшаму жанчыны і дзеці становяцца ахвярамі гвалту, у тым ліку сексуальнага. Ён заклікаў узмацніць работу па іх абароне, а таксама прафілактыцы падлеткавай злачыннасці. «Мужыкі, калі мы не можам абараніць сваіх жанчын — грош нам цана. Прыняць самыя цвёрдыя меры ў гэтым плане. Гэта недапушчальна. Мы ходзім на расслабоне, таму што гэта не датычыцца ні нашай жонкі, ні нашай дачкі. Не дай бог, вядома, сядзьце і ўявіце сабе. І калі ўявіце — зыходзіце з гэтага. Гэта трэба выкарчоўваць самымі жорсткімі метадамі, як барацьбу з тэрарызмам», — канстатаваў ён.

Таксама ў краіне фіксуецца вялікая колькасць цяжкіх злачынстваў, учыненых судзімымі асобамі. Асабліва гэта тычыцца тых, хто ўжо адбываў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. «Тут таксама трэба больш жорстка з імі абыходзіцца. Кагосьці датэрмінова, нехта адседзеў, мы яго вярнулі ў грамадства, ён пачне гадзіць зноў. Паўтараю яшчэ раз:-непрацуючы чалавек — патэнцыйны злачынец. Меры па працаўладкаванні гэтых асоб, якія прымаюцца, недастатковыя, — заявіў Прэзідэнт, — Яшчэ раз звяртаю вашу ўвагу, каб вы яшчэ раз звярнуліся да тых, хто сёння не працуе. Гэта сапраўды злачынец, тут нічога не трэба даказваць. Калі ён не працуе — дзе ён бярэ на жыццё? Ясна, дзе».

Па словах кіраўніка дзяржавы, не ўсё зроблена ў сферы гарантавання бяспекі насельніцтва. Застаецца значнай колькасць людзей, якія загінулі на дарогах. 

Ён паставіў яшчэ адно пытанне, звярнуўшы ўвагу, што наша грамадства жыве не ў вакууме і бачыць усё, што адбываецца. Па словах Аляксандра Лукашэнкі існуе меркаванне, што супрацоўнікаў органаў унутраных спраў найперш цікавіць не лёс чалавека, а лічбы і рэйтынгі, якімі вымяраецца эфектыўнасць іх працы. «Лічбы і рэйтынгі павінны быць. Але калі мы жывём толькі дзеля лічбаў і рэйтынгаў...», — заўыважыў ён. Таму Прэзідэнт пацікавіўся, ці сапраўды гэта так, ці адышлі мы ад «палачна-галачнай» сістэмы ацэнкі дзейнасці.

«Насцярожваюць факты злачынстваў сярод вайскоўцаў, у тым ліку здзейсненых афіцэрамі розных сілавых структур. У чым прычына такіх з’яваў? Я шмат разоў рабіў заўвагі міністру абароны на недапушчальнасць таго, што адбываецца часам у воінскіх падраздзяленнях. У цэлым у нас не ўсё гладка з вайсковай дысцыплінай», — заўважыў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся, ці ў поўнай меры забяспечваецца бяспека дзяржавы і грамадзян на граніцах краіны. Ад удзельнікаў нарады ён запатрабаваў аналізу прычын падобнага негатыву і канкрэтных прапаноў па навядзенні парадку. «Якія праблемы ёсць у сілавых ведамствах і што трэба зрабіць для іх устаранення?», — паставіў пытанне Прэзідэнт. 

Парушэнне прынцыпу непазбежнасці пакарання вядзе да беспакаранасці

З дакладам выступіў Генеральный пракурор Андрэй Швед. Ён далажыў, што ў выніку прынятых праваахоўнымі органамі мер у мінулым годзе забяспечаны стабільная грамадска-палітычная абстаноўка, законнасць і правапарадак, абарона грамадзян ад злачынных замахаў. Знізілася колькасць забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, менш загінула людзей ад усіх наўмысных і неасцярожных злачынстваў. Па словах генеральнага пракурора, з’явіліся зрухі ў працы па супрацьдзеянні нарказлачыннасці. Скарацілася колькасць такіх злачынстваў, напалову зменшылася колькасць смерцяў ад спажывання наркотыкаў. Паступова даюць вынік намаганні па барацьбе з кіберзлачынствамі. Ёсць і іншыя станоўчыя вынікі процідзеяння злачыннасці.

«Аднак праблемных пытанняў забеспячэння правапарадку, на жаль, застаецца нямала. У першую чаргу процідзеянне экстрэмізму і, як паказаў пачатак гэтага года, яго крайняй праяве — тэрарызму. Генеральная пракуратура займае дакладную і паслядоўную пазіцыю: парушэнне прынцыпу непазбежнасці пакарання вядзе да беспакаранасці і, як вынік, учынення больш цяжкіх злачынстваў. Цяпер абстаноўка характарызуецца імклівай радыкалізацыяй дзеянняў экстрэмістаў. Выпадкі ў Мачулішчах і Гродне яшчэ раз паказалі удасканаленне дзейнасці праваахоўных органаў па прадухіленні тэрарызму», — адзначыў Андрэй Швед. Ён звярнуў увагу, што расце колькасць парушэнняў парадку выкарыстання паветранай прасторы беспілотнымі лятальнымі апаратамі і паветранымі суднамі звышмалой авіяцыі. Па яго словах, неабходна прыняць адзіныя правілы абароту, рэалізацыі і эксплуатацыі беспілотнікаў, а таксама ўзмацніць меры адказнасці трэба было яшчэ ўчора.

«Важнае месца ў барацьбе з экстрэмізмам займае супрацьдзеянне на інфармацыйным фронце, якое не заўсёды эфектыўнае. Актывізаваліся спробы маніпулявання моладдзю, стварэння нефармальных рухаў, падобных да „ЧВК Рэдан“, баявых груп, здольных за грошы выканаць любую замову, якія могуць выкарыстоўвацца для разгойдвання абстаноўкі, удзелу ў незаконных масавых мерапрыемствах і беспарадках. У сувязі з гэтым неабходна актывізаваць работу па прафілактыцы і спыненню такіх рухаў, іх лідараў і актыўных удзельнікаў», — падкрэсліў Андрэй Швед.

Генпракурор расказаў, што актуальным пытаннем застаецца абарона правоў непаўналетніх. Паводле яго слоў, з году ў год пракуроры ўносяць шматлікія акты рэагавання, звязаныя з недастатковай і неэфектыўнай работай міліцыі і мясцовых органаў улады па прафілактыцы правапарушэнняў. «Дзеючыя падыходы ў гэтым пытанні не адпавядаюць рэальнаму становішчу. Работа часта вядзецца фармальна. Трэба сказаць прама: гэта сістэмная і хранічная праблема, якая часта з’яўляецца каталізатарам іншых негатыўных з’яў», — падкрэсліў ён. Для прыкладу генпракурор звярнуўся да лічбаў. У мінулым годзе ўзрасла колькасць згвалтаванняў, разбояў, рабаванняў, злачынстваў ў сферы сямейна-бытавых адносін, здзейсненымі раней судзімымі людзьмі. Ад іх дзеянняў часцей сталі пакутаваць і дзеці. Так, летась на 20% павялічылася колькасць непаўналетніх, якія падвергліся сексуальнаму гвалту. Пры гэтым з дзяцей здзекаваліся і 157 асоб, якія раней маюць судзімасць. З іх 38 — асуджаліся за аналагічныя злачынствы.

Генеральны пракурор звярнуў увагу на забеспячэнне бяспекі дарожнага руху. Па яго словах, нягледзячы на зніжэнне колькасці асоб, якія загінулі ў ДТЗ, абстаноўка на дарогах істотна не змянілася. Штогод гіне каля 500 чалавек. У мінулым годзе ўзрасла колькасць ДТЗ, учыненых бяспраўнікамі. Аб наяўных праблемах, паводле яго слоў, гаворыць і той факт, што няма сістэмы кантролю і ўзаемадзеяння паміж МУС і іншымі ведамствамі ў пытанні выяўлення нездаровых людзей, якія маюць пасведчанні кіроўцы. «Толькі ў Гомельскай вобласці пракурорамі выяўлены 215 асоб, якія пры наяўнасці псіхічных захворванняў і іншых супрацьпаказанняў мелі права на кіраванне транспартнымі сродкамі. А кожны з іх — гэта патэнцыяльная пагроза жыццю і здароўю людзей на дарозе. Праблема бяспекі дарожнага руху — гэта не толькі адказнасць ДАІ, але і органаў мясцовай улады», — канстатаваў Андрэй Швед. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».