Вы тут

«Гора вы не бачылі… ​І дай бог, каб ніколі не прыйшлося!»


«Гора вы не бачылі… ​І дай бог, каб ніколі не прыйшлося!»

Гэта аксіёма: шчасця людзі просяць сабе і чакаюць, гора да іх прыходзіць само і найчасцей — нечакана. Вось і Тася была-была жонкай ды раптам (і такім жа прыгожым летнім днём!) стала ўдавой — у няпоўныя трыццаць, з малымі на руках...


Як хавалі мужа, як яна галасіла, што было потым, зусім не помніла, яшчэ і таму, што ў яе хаціну ўжо грукала новая бяда: на запаленне лёгкіх захварэў маленькі Сярожа і, нягледзячы на ўсе старанні тагачасных дактароў, усяго праз месяц пайшоў за бацькам.

Тася тады счарнела ад гора: усе сцежкі вялі да родных магіл, але ж дома заставаліся яшчэ трое дзетак, у калгасе і на падворку яе чакала процьма работы. Менавіта ў ёй, часам непасільнай і зусім не жаночай, да ўдавы прыходзіла хоць нейкае збавенне.

...Калі надышло жніво, працы ў жанчын — бо мужчын з вайны вярнулася мала — прыбавілася яшчэ больш: трэба было не толькі жаць, але і сушыць, веяць (архаваць, як казалі ў вёсцы) зерне, гэта значыць, на работу хадзіць (дзяцей, дзякуй богу, маглі дагледзець бацькі) яшчэ і нанач, часцяком — нічога не еўшы.

Ды што там сама, калі на яе галоднымі вачанятамі ўвесь час пазіралі малыя!

Дурныя, цяжкія былі часы: грошай у калгасе амаль не плацілі, а падаткамі (прычым непамернымі!) абкладалі тады ледзь не ўсё. Вяскоўцаў вымушалі здаваць дзяржаве сала, мяса, малако, яйкі, нават свіныя скуры! І бронь божа было не выканаць норму — нечага недадаць! Тады ў хату ўваляцца так званыя ўпаўнаважаныя і ні на што не паглядзяць — забяруць з хлява апошняе парася, не кажучы пра цяля ці карову...

Ды што гаспадарка, калі падаткамі абкладаліся садовыя дрэвы, кусты парэчак (таму і высякаліся). Вяскоўцы (і Тася ў тым ліку) проста выжыльваліся, каб хоць неяк пратрымаць на падворку жыўнасць, бо без гэтага не пракарміць дзяцей, не дапамагчы нямоглым бацькам.

І ўсё роўна бывалі дні, калі ў печы, у чыгунку варыліся хіба лебяда з бульбінай і цыбулькай. А дзеці ж прасілі блінцоў.

Каця, Тасіна кума, сяброўка і такая ж гаротніца, добра ведала гэта, таму аднойчы шапнула: «Слухай, а давай пашыем маленькія торбачкі, набяром хоць па крыху зерня. Можа ж, ніхто не ўбачыць, не скажа брыгадзіру?!»

У наступную начную змену сяброўкі і сапраўды злаўчыліся (ад страху, казалі, зводзіла сківіцы), але ж прынеслі дамоў амаль па два кілаграмы сухога зерня. Тася сваё адразу стаўкла ў ступе, развяла цеста, напякла аладак і, гледзячы, як дзеці хапаюць іх ды ядуць, не змагла стрымаць горкіх слёз.

Вечарам таго самага дня (ды і наступных...), кіруючы на работу, жанчыны заўсёды сталі браць з сабой торбачкі: у свіран ішлі з пустымі, дадому — з поўнымі, і гэтага, дзякуй богу, ніхто не заўважаў.

Вось і ў тую ноч, калі работу ўжо скончылі і брыгадзір з'ехаў, Тася з сяброўкай вярнуліся назад, праз дзірку (самі, загадзя, адарвалі дошку) залезлі ў свіран, насыпалі ў торбачкі зерня — сабраліся ўцякаць, як раптам за дзвярыма пачуўся рух: нехта адмыкаў замок.

Сяброўкі матнуліся ў самы цёмны і дальні кут свірна, прыселі за кучай зерня і ўжо адтуль бачылі, як дзверы адчыніліся, як у свіран зайшоў брыгадзір, як ускінуў на плячо адзін мех (?) з зернем (а ў жанчын вытрасаў з кішэняў!), потым — другі, трэці... «Сем!» — прашаптала Каця ў вуха сяброўцы, калі дзверы нарэшце зачыніліся, і злодзей стаў паганяць каня, каб паехаць да хаты...

«Яму, значыць, можна красці, прычым мяхамі, — сказала Тася. — Дык давай і мы...»

Да світання ўдзвюх (і таксама з мяшкамі) яны паспелі зрабіць па некалькі «рэйсаў» — нанасіць дамоў зерня, каб хоць нейкі час пратрымацца — пракарміць дзяцей...

Назаўтра брыгадзір, ну напэўна ж, заўважыў нястачу, але змаўчаў і нават наадварот — крыху памякчэў: не лютаваў больш, не гразіў турмой за жменю жыта, «не здаваў», калі некага лавіў на гарачым. Мабыць, адчуваў, што ў самога «вусы ў смятане», што людзі з брыгады ўсё гэта бачаць.

...Ішлі гады, і хоць жаніхі здараліся (нават неблагія), але замуж Тася так і не выйшла: дзяцей у людзі выводзіла адна. Потым чакала і гадавала ўнукаў (з імі на здымку).

У старасці, напрыканцы жыцця, вельмі ж не любіла слухаць, калі нехта са знаёмых наракаў на розныя цяжкасці (казаў, што не можа нешта купіць ды некуды з'ездзіць...). «Во якое гора ў людзей, — дзівілася тады бабуля. — Сапраўднага яны не бачылі!.. І дай бог, каб ніколі не прыйшлося: каб не зведалі таго, што мы».

Для гэтага, па словах бабулі, трэба зусім няшмат (?!): берагчы мір і шмат працаваць.

Так яна не толькі гаварыла, яна, што называецца, паказвала прыклад: як магла працавала, тупала па гаспадарцы, прычым да самага апошняга дня.

...Памерла хораша: у ціхім сне, на Вадохрышча, на 88-м годзе жыцця.

В. БАБКО-АЛЯШКЕВІЧ

в. Радкава, Салігорскі раён.


Вярнуцца… Каб застацца

«На мяжы ўзгоркаў і раўнін» — пад такой назвай у нашай сярэдняй школе прайшла літаратурна-музычная сустрэча, прысвечаная роднай беларускай мове і літаратарам-землякам. Усіх прысутных на ёй (у асноўным — прадстаўнікоў устаноў адукацыі раёна, Дзятлаўскай і Навагрудскай бібліятэк) прыгожай песняй павітаў мясцовы ансамбль «Суседачкі». А далей...

Вучні Жукоўшчынскай базавай школы (кіраўнік літаратурнага музея Людміла Шаркут) прачыталі вершы Ігната Дварчаніна, Івана Івашэвіча, Аляксандра Лебедзева, Івана Пышко (апошнія больш вядомыя пад псеўданімамі Пятрусь Граніт, Васіль Струмень, Герасім Прамень); дэлегацыя «Гімназіі № 1 г. Дзятлава» пазнаёміла прысутных з творчасцю Віктара Шымука, а кіраўнік музея «Дзеці ліхалецця» Наваельнянскай сярэдняй школы Тамара Крывеня — з вершамі Яўгенія Мацвеева.

Сваіх землякоў — пісьменніка Вячаслава Адамчыка, якому сёлета споўнілася б 90, літаратара і мастака Алега Аблажэя, вядомага мовазнаўца Вячаслава Чамярыцкага — з цеплынёй згадалі вучні нашай Круцілавіцкай сярэдняй школы. Дарэчы, Вячаслаў Антонавіч сам прысутнічаў на гэтай сустрэчы і, вядома ж, выступаў: успамінаў сваё нялёгкае дзяцінства і маладосць, насычаную навуковай і літаратурнай дзейнасцю, дзяліўся сталымі разважаннямі аб мэтах і дасягненнях, аб каштоўнасці часу і хуткацечнасці жыцця.

На памяць аб сустрэчы шаноўны госць перадаў у школьную бібліятэку і музей свае кнігі, разам дачкой, сынам, нявесткай і ўнучкай прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці пастаяннай экспазіцыі, што стала чарговым этапам у рэалізацыі школьнага краязнаўчага праекта «Вяртанне на Радзіму»...

Напрыканцы свята ўсе ўдзельнікі наведалі Варакомшчыну, родную вёску пісьменніка Вячаслава Адамчыка, усклалі кветкі да памятнай мемарыяльнай дошкі, згадалі асобныя старонкі яго творчасці і біяграфіі, парадаваліся за выпускніцу нашай школы, прызёра абласных і рэспубліканскіх краязнаўчых конкурсаў Вольгу Сёмуху, можна сказаць, даследчыцу літаратурнай дзейнасці пісьменніка. Яе зацікаўленасць і самаадданасць настолькі ўзрушыла сыноў Вячаслава Уладзіміравіча Адамчыка, што старэйшы — паэт, мастак і пісьменнік (больш вядомы ўсім як Адам Глобус) — перадаў для дзяўчыны сваю, відаць, самую незвычайную кнігу з аўтографам.

...У выніку літаратурна-музычная сустрэча атрымалася вельмі змястоўнай і шчырай. Падчас яе на поўны голас гучала музыка роднай мовы, сцвярджаліся важныя этнічныя і чалавечыя каштоўнасці, добразычлівасцю свяціліся вочы прысутных — як сведчанне таго, што Дзятлаўшчына і была, і будзе радзімай талентаў.

Сяргей КАСКО

настаўнік Круцілавіцкай СШ,

Дзятлаўскі раён.


Будзем будзіць мядзведзя?

У садку «Алёнка» мы круглы год знаёмім дзяцей з галоўнымі народнымі святамі і абрадамі. Цяпер вось рыхтуемся да  «Гукання вясны» і «Саракоў».

Паводле нашых продкаў, менавіта 22 сакавіка з цёплых краін прылятаюць сорак птушак.

Да сустрэчы з імі мы прапанавалі бацькам разам з дзеткамі зрабіць выставу «Птушкі маёй краіны», дзе прысутнічалі б гліняныя, саламяныя і драўляныя вырабы, цацкі на ёлку, малюнкі... У тым ліку — яшчэ і буслоў, якія вяртаюцца з выраю сёмага красавіка, на Дабравешчанне.

А напярэдадні мы святкуем Камаедзіцу — перамогу сонейка і вясны.

У гэты дзень нашы продкі будзілі мядзведзя, гатавалі для яго асаблівую ежу: кісель з аўса і камы. Гарох для іх распарвалі ў печы да стану пюрэ, дабаўлялі муку, фармавалі невялікія шарыкі і запякалі ў печы да з'яўлення скарыначкі. Лічылася, што гаспадар лесу вельмі любіць гэтую страву...

Дзеці заўсёды рады пазнаёміцца з нашымі спаконвечнымі святамі і абрадамі, пагуляць у традыцыйныя гульні, паспяваць беларускія песні, пачытаць вершы, каб яшчэ раз адчуць прыгажосць роднай мовы, прыроды і, вядома ж, людзей.

Вольга ЗМІТРАКОВІЧ

выхавальніца ДУА «Дзіцячы сад 2,

г. Крупкі».


У чаканні вясны

Аднойчы зімовым сонечным днём мой унук разам з сябрамі ехаў да нас на дачу, спачатку — цягніком, цераз лес, да станцыі Коласава, а пасля — на лыжах.

Расказваў пасля, як жа лёгенька яны везлі ўсіх па белым пушыстым снезе, асабліва з горак-трамплінаў, як займала дух ад казачнай прыгажосці! У адным месцы яны ўбачылі... мядзведзіцу з медзведзянятамі (а напраўду там былі камяні, замеценыя снегам), у другім — невысокія бярозкі, якія нагадвалі роту салдат, яшчэ далей — «парад нявест» — маладзенькіх, убраных у снег ялінак...

Спала тады зямля пад цёплай пушыстай коўдрай, спалі дрэвы, пакрытыя серабрыстым інеем. Усё чакала вясны.

З. І. ПРАКАПЧУК

г. Мінск.


 «Адсталыя» ў Тані бацькі

Дзеці ў школе загаварылі пра сваіх «продкаў»:

— У майго таты гэта ўжо трэці шлюб.

— У маёй мамы — другі.

— Мае таксама пасля разводаў.

— І мае...

Танечка маўчыць — нічога не кажа.

— Чаму? — пытаюцца аднакласнікі.

— Ды няёмка неяк...

— Ты што? У наш час? Кінь...

— Мае тата з мамай усё яшчэ ў першым шлюбе: пасля школы як пажаніліся, так і жывуць.

«Адсталыя», карацей, у Тані бацькі. Але ўсе ёй чамусьці зайздросцяць.

А. ЛАПАЦІНА

г. Магілёў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».