Вы тут

Каб атрымаць яшчэ адну пенсію, назапашваць варта 15 гадоў


Беларусы заключылі 14 150 дагавораў па дадатковым назапашвальным пенсіённым страхаванні. Нагадаем, магчымасць павялічыць сваю будучую пенсію пры дапамозе ўласных адлічэнняў і фінансавай падтрымкі дзяржавы з'явілася з 1 кастрычніка мінулага года. Работнік можа адлічваць на свой асабовы рахунак ад 1 да 10 % ад заработнай платы, работадаўца — ад 1 да 3 %. Ужо больш за 2100 наймальнікаў працуюць з сістэмай дадатковага назапашвальнага пенсіённага страхавання.


Фота: БелТА

Самым папулярным тарыфам такога страхавання стаў «3+3», яго выбралі 66 % тых, хто заключыў дагаворы страхавання. Другі па папулярнасці — «1+1», яго заключылі 18 %.

— Людзі гэта робяць для таго, каб паглядзець, як працуе праграма, тым больш што раз на год работнік мае права памяняць тарыф. І пры размове ў працоўных калектывах многія спачатку вырашаюцца паспрабаваць «1+1», а пасля павялічваць. Гэта тыя нашы патэнцыяльныя кліенты, якія павялічаць адлічэнні, — адзначае генеральны дырэктар страхавой кампаніі «Стравіта» Сяргей АНДРЫЕВІЧ.

Таксама папулярнымі тарыфамі аказаліся 8 % (5+3), 4 % (2+2), 13 % (10+3) і 10 % (7+3) — іх доля ад агульнай колькасці заключаных тарыфаў склала 6 %, 5 %, 3 % і 2 % адпаведна. Жанчыны заключаюць дагаворы па дадатковым назапашвальным пенсіённым страхаванні часцей — 68 %, мужчыны адпаведна складаюць 32 %. Найбольшую актыўнасць у гэтым пытанні праяўляюць людзі перадпенсіённага ўзросту — 44 % застрахаваных ва ўзросце ад 48 да 57 гадоў. Людзі ўзроставай групы ад 38 да 47 гадоў заключылі 39 % дагавораў. А моладзь да 37 гадоў складае ўсяго 15 %.

Большасць беларусаў для заключэння дагавораў наведвае офісы страхавой кампаніі «Стравіта» — 80 %, і толькі 20 % заключылі дагаворы анлайн. Як адзначыў Сяргей Андрыевіч, дадатковае пенсіённае страхаванне — магчымасць паклапаціцца аб сваім фінансавым дабрабыце на пенсіі і захаваць звыклы ўзровень жыцця пасля выхаду на заслужаны адпачынак.

— Прынцып такі: чым раней уступіш, тым больш назапасіш, — адзначыў кіраўнік «Стравіты».

Колькі можна назапасіць, у лічбах прывяла начальнік упраўлення арганізацыі продажаў страхавой кампаніі «Стравіта» Анжэла ЗАБАРОНАК. Калі адлічэнні рабіць 15 гадоў (мужчыны мусяць пачаць у 48 гадоў, жанчыны — у 43) па тарыфе «3+3» пры сярэдняй зарплаце ў 1500 рублёў, то пры выхадзе на пенсію на асабовым рахунку назапасіцца 36 тысяч 386 рублёў. Пры гэтым сума адлічаных уласных сродкаў складзе толькі 7047 рублёў.

Штомесяц работніку давядзецца адлічваць 45 рублёў і столькі ж — работадаўцу. Калі атрымліваць прыбаўку цягам 5 гадоў, то штомесячны яе памер складзе 606 рублёў — амаль сярэдняя пенсія (яна на сёння 670 рублёў). Калі ж дадатковую пенсію «расцягнуць» на 10 гадоў, то яна атрымаецца 303 рублі ў месяц. Пры гэтым за час назапашванняў працоўны грамадзянін атрымае сацыяльны падаткавы вылік у 1053 рублі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.