Вы тут

Як падрыхтавацца да падтоплівання і ці гатовыя службы да надзвычайнай сітуацыі?


Паводка — з'ява часовая, але непрыемнасцяў прыносіць нямала. Клопату ў гэты час дадаецца жыхарам нізіннай мясцовасці, а таксама тым, хто жыве ў суседстве з вадаёмамі. Найбольш гэтай вясной ад разводдзя церпяць жыхары Брэсцкай і Гомельскай абласцей. У Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях расказалі, якая на цяперашні момант паводкавая сітуацыя і як падрыхтавацца да падобных «сюрпрызаў» ад прыроды.


Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік ведамства Яўген БАРАНОЎСКІ, ратавальнікі прагназавалі раннюю паводкавую сітуацыю па краіне. Па стане на раніцу 21 сакавіка, з пачатку 2023 года ў краіне застаюцца падтопленымі 31 прыватны жылы дом, 267 прыватных падворкаў, 37 гаспадарчых пабудоў, 15 участкаў аўтамабільных дарог, шэсць склепаў, тры масты і 114 іншых будынкаў (нежылыя і дачныя пабудовы). «Пры гэтым жыццезабеспячэнне насельніцтва не парушана, вядзецца пастаянны маніторынг гідраметэаралагічнай абстаноўкі, — заўважыў Яўген Бараноўскі. — Мы цесна ўзаемадзейнічаем з Белгідраметам. Больш за тое, на месцах супрацоўнікі абласных тэрытарыяльных падраздзяленняў МНС самі робяць замеры ўзроўню вады: як правіла, два разы ў суткі».

Як звярнуў увагу Яўген Бараноўскі, з улікам умоў надвор'я, якія складваюцца, МНС было гатовае да такой сітуацыі. «Яшчэ да першых падтопліванняў былі ўдакладнены схемы развіцця паводкавай сітуацыі, — адзначыў ён. — Абстаноўка кантралюецца, арганізаваны планы прыцягнення сіл і сродкаў. Праведзены эвакуацыйныя мерапрыемствы з улікам кожнага рэгіёна. Супрацоўнікі МНС выязджаюць па заяўках, аказваюць неабходную дапамогу ў выпадку падтопліванняў».

З улікам атрыманага вопыту Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях прадугледжаны ўсе неабходныя рашэнні для своечасовага рэагавання на праблемы, якія ўзнікаюць. Як падкрэсліў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аварыйна-выратавальных службаў і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС Аляксей ІОФЕ, загадзя быў праведзены значны комплекс падрыхтоўчых мерапрыемстваў, які дазваляе аператыўна рэагаваць і не дапусціць пагаршэння ўмоў бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва — а значыць, мінімізаваць наступствы паводак і аператыўна ліквідаваць магчымыя сітуацыі, якія могуць узнікнуць на тэрыторыі краіны ў выніку падтоплівання населеных пунктаў, участкаў дарог і іншага.

Для аператыўнага рэагавання на паводканебяспечную сітуацыю ў МНС сфарміраваны зводныя атрады. У маніторынгу паводкавай сітуацыі задзейнічаны і магчымасці авіяцыі МНС. Акрамя таго, за абстаноўкай сочаць і беспілотныя лятальныя апараты, якія стаяць на ўзбраенні падраздзяленняў.

Аляксей Іофе нагадаў аб мабільным дадатку «Дапамога побач», дзе ў тым ліку размяшчаецца інфармацыя — інтэрактыўная карта — з указаннем раёнаў, у якіх на цяперашні момант фіксуюцца падтопліванні. Карта пастаянна абнаўляецца.

Найбольш маштабныя разводдзі на тэрыторыі Беларусі былі зафіксаваныя ў 2003 і 2013 гадах. У 2013 годзе аказаліся падтопленымі 99 раёнаў, 235 населеных пунктаў, звыш 1200 жылых дамоў, 15 мастоў, 156 участкаў дарог, быў эвакуіраваны 161 чалавек.


Як падрыхтавацца да паводкавай сітуацыі:

— у першую чаргу ачысціце тэрыторыю ад снегу, усе дрэнажныя ўстаноўкі, сцёкавыя канавы — ад лёду і смецця, якое назапасілася за зіму;

— забяспечце адвод талых водаў з замкнутых паніжэнняў шляхам пракладкі водаадводных разор;

— пры неабходнасці пабудуйце з падручных матэрыялаў простыя перашкоды для вады;

— прыбярыце з падворка каштоўныя рэчы, якія могуць пацярпець ад вады, перанясіце іх на больш высокія паверхі;

— у выпадку неабходнасці тэлефануйце па нумарах 101 і 112.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.