Ноч. Перада мной насцярожаны воўк... Каб не наводзіць жаху, растлумачу: у гэтай начы гасцінна свецяцца вокны дамоў, ззяюць рознакаляровыя лямпачкі рэклам, мільгацяць агеньчыкі імклівых аўтамашын. А воўк, дакладней — яго металічная копія, нерухома ўглядаецца ў далячынь з паліраванага каменнага п’едэсталу.
Наконт ваўка паданне гаворыць наступнае. Калісьці ў далёкія часы мясцовыя паляўнічыя у гонар спрытнага жыхара навакольных лясоў назвалі сваё першае паселішча Ваўкавыскам. У сённяшнім горадзе Ваўкавыску можна палюбавацца скульптурай шэрага і нават на ўдачу пацерці яму кончык пысы, ужо бліскучы ад шматлікіх дакрананняў.
Гісторый у старажытным горадзе можна пачуць шмат. Найбольш цікава дазнавацца пра мінулае ў мясцовых краязнаўчых музеях. Але і вечарам у час шпацыру па старых вулках вы заўважыце шмат цікавага. Толькі прыслухайцеся, пра што ў начной цішыні рыпяць флюгеры над старымі дахамі, угледзьцеся ў графіку ценяў на фасадах, у водблескі ліхтароў на роўнядзі ціхай рачулкі Ваўкавыя...
Вось постаць шэрага па-майстэрску выразана з дрэва, вось яго профіль адліты з металу на мемарыяльнай шыльдзе ў гонар вайсковых паходаў далёкіх стагоддзяў. І нават у цемрадзі перад легендарнай Шведскай гарой таксама можа памроіцца постаць мясцовай знакамітасці.
Гістарычныя факты таксама адлюстраваны ў гарадскім пейзажы. Падыдзіце да будынка XIX стагоддзя, дзе месціцца ваенна-гістарычны музей імя П. Баграціёна — ля ўвахода вас сустрэне велічная фігура легендарнага генерала Айчыннай вайны 1812 года. Палюбуйцеся цудоўным абрысам храма Святога Вацлава, пабудаванага ў стылі позняга класіцызму.
Усе названыя вышэй разынкі гарадскога пейзажу вы ўбачыце на маіх фотаздымках.
А яшчэ можаце наведаць гэты старажытны горад і ўсё пабачыць на свае вочы.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.