Вы тут

Лукашэнка: «Калі забудзем дарогу ў Хатынь, усё паўторыцца»


Аб чым Прэзідэнт гаварыў у абноўленым мемарыяльным комплексе «Хатынь» у 80-ю гадавіну трагедыі


Маштабная рэканструкцыя мемарыяла, які стаў сімвалам усіх спаленых нацыстамі беларускіх вёсак, завяршылася. За рэкордныя дзесяць месяцаў — па рашэнні кіраўніка дзяржавы, рэстаўрацыйныя работы ў Хатыні былі аб’яўлены Усебеларускай маладзёжнай будоўляй — былі адрамантаваны элементы скульптуры «Няскораны чалавек», праведзена рэстаўрацыя гранітных пліт дарогі, элементаў мемарыялаў «Апошні шлях», «Дах адрыны», «Вянок памяці», «Могілкі вёсак» і «Дрэвы жыцця», добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя. 

У Хатыні з’явіўся храм — цяпер кожны наведвальнік гэтага трагічнага месца можа сюды зайсці і памаліцца, паставіць свечку не толькі за тых, хто 22 сакавіка 1943 года пакутлівай смерцю загінуў у гэтай адрыне, а за ўсіх жыхароў Беларусі — бязвінна забітых у сваіх населеных пунктах. А каб яшчэ раз усвядоміць увесь маштаб трагедыі, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны панёс беларускі народ, а, магчыма, упершыню даведацца аб тым жаху, што ўчынілі на нашай зямлі фашысты, варта наведаць музей, які створаны на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу. Шэсць залаў паэтапна пазнаёмяць з гісторыяй буйных ваенных канфліктаў, трагедыяй мірнага насельніцтва ў іх. 

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з экспазіцыяй і першым пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей музея. У памяць аб ахвярах генацыду Прэзідэнт усклаў вянок і запаліў свечку ў храме, размешчаным на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу. У памятных мерапрыемствах з нагоды трагедыі ў Хатыні ўдзельнічалі і яго сыны. 

«Мы не забыліся»

Звяртаючыся да суайчыннікаў і ўсіх прысутных у гэтым сімвалічным месцы, падчас мітынгу-рэквіему Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што памяць і абавязак прывялі нас 22 сакавіка ў Хатынь, «у вёску, якой больш няма і ніколі не будзе на геаграфічнай карце Беларусі». Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што роўна 80 гадоў таму тут спыніўся час: «Спынілася гісторыя роду беларускіх сем’яў, якія мірна жылі на сваёй зямлі, абарваліся 149 жыццяў — старых, жанчын і дзяцей, у тым ліку тых, якія не паспелі нарадзіцца. Гэтаа трагедыя, як і тысячы такіх жа жахлівых злачынстваў, здзейсненых у гады Вялікай Айчыннай вайны, навечна выбіта ў камені і ў сэрцы беларускага народа. У сэрцы народа-пераможцы — моцнага і велікадушнага, які ўмее дараваць».

Прэзідэнт звярнуў увагу, што да гэтага часу мы стараліся не абцяжарваць пачуццём віны дзяцей і ўнукаў катаў, якія прыйшлі на нашу зямлю, каб канчаткова вырашыць пытанне з усходнімі славянамі. «Мы раней не падкрэслівалі, што большасць краінаў Заходняй Еўропы ўсталі пад сцягі гітлераўскай Германіі, і сусветны капітал аплаціў гэты паход, — канстатаваў беларускі лідар. — Яны супраць нас сёння санкцыі ўводзяць, развязалі эканамічную, інфармацыйную вайну. Але мы не забыліся, і нашчадкам карнікаў таксама нагадаем, як у далёкім 1941-м беларуская зямля ператварылася ў адзін вялікі лагер смерці. Як людзей спальвалі, душылі танкамі, тапілі, расстрэльвалі прамой наводкай з цяжкіх гармат. Як закопвалі дзяцей жыўцом, эканомячы кулі, і распылялі над нашымі гарадамі і сёламі атрутныя рэчывы». 

«Сёння мы аплакваем жыхароў адзінаццаці тысяч нашых вёсак, пасёлкаў і хутароў, спаленых часткова або поўнасцю, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы аплакваем усіх нявінных ахвяр нацызму, усіх герояў, якія не вярнуліся з той вайны. Гэта 50 мільёнаў жыхароў планеты. Большая частка — савецкія людзі. Вечная ім памяць».

«Няма апраўданняў палітыцы генацыду»

Пасля хвіліны маўчання Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў фашызму няма чалавечага твару, але ёсць імёны. «Імёны забойцаў і здраднікаў — і мы іх ведаем, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Ёсць спадчыннікі і ідэйныя прадаўжальнікі, у якіх зноў абудзіўся ген нянавісці да нас, усёй славянскай цывілізацыі, нашых народаў. „Арыйскія стандарты“ яны замянілі на ліберальныя дэмакратычныя каштоўнасці. Фільтрацыя народаў на адпаведнасць новаму эталону ідзе даўно. Праз каляровыя рэвалюцыі, мецяжы, проксі-войны, санкцыі, шантаж. Як гэта далёка можа зайсці — мы таксама ведаем. На жаль, ужо і бачым на прыкладзе суседніх краін, дзе на руінах памяці аб савецкай спадчыне і Вялікай Перамозе, на абломках разбураных помнікаў воінам-пераможцам узняў галаву сучасны неанацызм».

Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што мы бачым, як прачынаюцца інстынкты дзядоў — украінскіх, латышскіх, літоўскіх і польскіх карнікаў, якія кідалі ў агонь нашых дзяцей, старых і жанчын. «Таму мы абавязаны зрабіць усё, каб захаваць у гісторыі подзвіг пакалення савецкіх людзей, якія з гонарам прайшлі свой урок мужнасці і гераізму, каб Хатынь стала месцам сілы беларускага народа — гэта наш з вамі абавязак», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Звяртаючыся да моладзі, беларускі лідар адзначыў, што ганарыцца імі. «Усімі, асабліва тымі, хто прыняў удзел у рэканструкцыі гэтага мемарыяльнага комплекса, — удакладніў ён. — Музей, які мы сёння адкрываем пад хатынскім небам, — у тым ліку і ваша стварэнне. Усе разам мы ўвасобілі ў жыццё праект, закліканы зрабіць памяць аб жахах той вайны яшчэ вастрэйшай. Я вельмі хацеў, каб у людзей шчымела ў грудзях яшчэ да таго, як ступяць нагой на святую зямлю Хатыні. Думаю, у нас атрымалася. У Год міру і стваральнай працы мы, беларусы, гаворым выразна і гучна: няма ніякіх апраўданняў палітыцы генацыду, няма нічога больш важнага за жыццё чалавечае».

Аляксандр Лукашэнка заклікаў прыходзіць сюды часцей, прыводзіць з сабой дзяцей: сваіх, суседзяў, іншых. «Калі забудзем дарогу ў Хатынь, усё паўторыцца, — падкрэсліў ён. — Нам трэба гэтага пазбегнуць. Жыццё даражэй за ўсё».


Пасля мітынгу-рэквіему, прысвечанага 80-годдзю трагедыі ў Хатыні, Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў

Беларусь — прыклад таго, як трэба адносіцца да памяці.

Напачатку прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі папрасілі кіраўніка дзяржавы падзяліцца ўражаннямі ад абноўленага мемарыяльнага комплексу і экспазіцыі музея, які з’явіўся ў Хатыні. Прэзідэнт, у сваю чаргу, пацікавіўся, як абноўлены мемарыял ацанілі самі журналісты. «У свеце я наведваў вялізную колькасць музеяў, і ў пэўнай ступені ў мяне ўжо выпрацаваўся імунітэт, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Але ў Хатыні гэтае пачуццё непаўторнае. Нельга параўнаць, па сутнасці, тое, што тут адбылося з іншымі злачынствамі не толькі нацызму, але і іншых мярзотнікаў і нягоднікаў».

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў нас уся зямля ў помніках. Ëн пагаджаецца са словамі дырэктара мемарыяльнага комплексу «Хатынь», які сказаў, што калі ў сярэднія стагоддзі Беларусь была зямлёй замкаў, то цяпер гэта зямля помнікаў. «І мы іх захавалі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Там, дзе калісьці нашы продкі чагосьці не стварылі, мы ствараем». У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў Гомельшчыну дзе Ала, і Магілёшчыну, дзе Боркі... Па яго словах, Вялікай Айчынная вайна была страшнай трагедый для беларускага народа, якую мы і імкнёмся адлюстраваць у помніках. І Прэзідэнт не хавае — ён заўсёды гэтым ганарыцца. Нават у аддаленых населеных пунктах ёсць такія месцы памяці, і ўсе яны — дагледжаныя, туды прыходзяць дзеці, а гэта, на думку кіраўніка дзяржавы, галоўнае. 

Кажучы пра рэканструкцыю мемарыяльнага комплекса, Прэзідэнт нагадаў, што яго галоўным даручэннем было — стварыць так, як было. «Калі ў выніку спецыяльнай ваеннай аперацыі байцы сутыкаюцца з вайной, а мы ж яе бачылі толькі ў кіно (гэта пампезна, гераізм — кіношнікі заўсёды імкнуцца так паказаць), аказваецца, што гэта вайна іншая», — заўважыў ён. Невыпадкова Аляксандр Лукашэнка адчуў, улавіў момант, калі даручыў ажыццявіць рэканструкцыю ў Хатыні прыземлена — блізка да таго, як гэта было. Гэта датычыцца і музейнай экспазіцыі.

«Да 80-годдзя трагедыі і Бог загадаў нам навесці парадак у Хатыні, — заўважыў беларускі лідар. — Гэта наш боль, наша памяць. Гэтая памяць нас сюды і вядзе. Пакуль будзем хадзіць сюды з дзецьмі — гэтага не будзем. Забудземся гэтую дарогу — дакладна паўторыцца». 

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што гэта ў Беларусі мы так адносімся да тых падзей. «А ў іншых месцах не проста забыліся нешта, нацысты па вуліцах ходзяць», — акцэнтаваў увагу ён. Аднак для беларусаў захаванне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, людзях, якія не дачакаліся Перамогі, з’яўляецца важным і актуальным. «Няхай гэта будзе бессмяротны кавалак зямлі, імя якой Беларусь, прыкладам таго, як трэба адносіцца да тых людзей, дзякуючы якім мы жывём», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Рухаемся туды, дзе адчынены нам дзверы»

Адказваючы на пытанне аб узмацненні партнёрскіх адносін з Кітаем і Іранам, куды нядаўна ажыццявіў дзяржаўныя візіты беларускі лідар, Прэзідэнт адзначыў, што мы рухаемся ў правільным кірунку. І гэта датычыцца Расійскай Федэрацыі. «Рухаемся туды, дзе адчынены нам дзверы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Там, дзе перад намі зачынілі дзверы (мы часта абмяркоўваем з Пуціным гэтае пытанне), навошта ў гэтыя дзверы ламіцца? Яны да нас прыйдуць. Яны ціхенька, з-пад плінтуса, вылазяць — гандлюем і іншае. Еўропа ўжо прад’яўляе прэтэнзіі Амерыцы, што, падбухторваючы іх, амерыкацы актыўна гандлююць з расіянамі. Гэта бізнес. І гэта паршывыя палітыкі на Захадзе, якія ствараюць гэтую сітуацыю адной рукой, другой рукой спрабуюць з намі не толькі размаўляць, а гандляваць, развіваць эканоміку. Таму ідзём туды, дзе нас чакаюць. Мы робім правільна».

Краіны Захаду, у сваю чаргу, па словах кіраўніка дзяржавы, ужо зразумелі, што зрабілі няправільна, і патлумачыў чаму: «Мой стары візаві Болтан, які быў у гасцях, заявіў, маімі словамі, я сказаў даслоўна. Вы што, звар’яцелі зусім? Перадайце свайму Прэзідэнту (тады быў Трапм), што нічога лепшага для нас, Расіі і Кітая яны не зрабілі, як аб’яднаўшы нас разам. А супраць гэтага фронту яны не выстаялі. Болтан гэта сёння паўтарыў. Таму яны шалеюць. Яны зразумелі, што зрабілі ўсё, каб нас аб’яднаць. Магутную, рэсурсную, касмічную, ядзерную дзяржаву, якой з’яўляецца Расія, і такую ж магутную, з чалавечым рэсурсам, ядзерную краіну, накіраваную ў будучыню, і ўжо, лічыце, першую краіну Кітай яны аб’ядналі разам». 

«Вельмі важнае адзінства спецслужбаў, сілавога блока і нашага народа»

Ад геапалітычнай абстаноўкі журналісты перайшлі да ўнутраных праблем. Узгадаўшы спыненне спробы тэрарыстычнага акту ў Мачулішчах і ліквідацыю тэрарыста ў Гродна, што на высокім узроўні ажыццявілі сілавікі, карэспандэнты спыталіся ў кіраўніка дзяржавы, ці бяспечна ў Беларусі. У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка ў каторы раз падкрэсліў, што нам нельга расслабляцца. «Так, мы перамаглі ў 2020-м годзе, Гасподзь нам дапамог, — адзначыў ён. — Мы да гэтага не былі гатовыя, не рыхтаваліся. Думалі, што няўжо ў нас, на гэтай святой зямлі, нешта падобнае можа адбыцца. Адбылося. Паўтарылася ў Расіі, але вопыт наш яны вывучылі і спынілі гэта ў зародку. Але ні ў якім разе ні нам, ні расіянам нельга расслабляцца. Не дай Бог сітуацыя пахіснецца ў пэўны бок, заходнікі гэта выкарыстаюць імгненна». 

Кажучы пра спробы тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Беларусі, Прэзідэнт заўважыў, што падобнае для нас у навінку. «Не тое што не чакалі, акурат чакалі, і я ў тым ліку, і ваенныя», — сказаў беларускі лідар. На гэтым фоне, на думку кіраўніка дзяржавы, народ павінен згуртавацца. Звяртаючыся да людзей, Прэзідэнт папрасіў своечасова падказваць, даваць сігнал, калі нехта не ўнушае давер. 

Прэзідэнт расказаў, што калі была спроба тэракту ў Мачулішчах, вельмі добра адпрацавалі спецслужбы. «Тысячы людзей былі паднятыя, — удакладніў ен. — За пяць дзён вылічылі і знайшлі (тэрарыста. — „Зв“.). І асобныя людзі нам падказвалі, што бачылі чалавека, пэўнага колеру аўтамабіль. Пачыналі па следу ісці, шукалі. Аднак гэтага недастаткова. Не таму, што людзі хаваліся. А таму, што людзі спакойна, бяспечна жывуць. Цяпер трэба бачыць усё, што адбываецца».

І размова не пра «шасцёрак». Кажучы пра затрыманне тэрарыста ў Гродне, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што людзі інфармавалі кампетэнтныя органы. «Акрамя мярзотнікаў, якія ўзялі яго на кватэру, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Яны цяпер сядзяць у засценках, мы з імі працуем. Гэта жудасныя бчб-шнікі. Чаму так адбываецца, што ўсе тэрарысты асядаюць у гэтых кватэрах?»

А потым яны ніпрычым, нічога не ведаюць. Таму перш чым здаць чужому чалавеку кватэру або нешта яшчэ, трэба прыгледзецца, а лепш праінфармаваць кампетэнтныя органы аб тым, што ў вас хочуць зняць кватэру. «Вельмі важнае цяпер гэтае адзінства спецслужбаў, сілавога блока і нашага народа, тады нам будзе лягчэй», — рэзюмаваў беларускі лідар. 

«Ад вар’яцтва трэба сыходзіць»

Каментуючы заявы ўладаў Вялікабрытаніі наконт іх намераў паставіць ва Украіну боепрыпасы з абедненым уранам, Прэзідэнт адказаў коратка і ясна: у такім выпадку Расіі паставіць Беларусі боепрыпасы з сапраўдным уранам. «Калі яны (брытанцы. — „Зв“.) вар’яты, то яны дадуць гэтаму працэсу штуршок. — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Вось самае страшнае і небяспечнае. Таму ад вар’яцтва трэба крыху сыходзіць убок. Як толькі гэтыя боепрыпасы выбухнуць на пазіцыях войскаў Расіі, вы ўбачыце: адказ будзе страшны». Па яго словах, гэта стане ўрокам для ўсёй планеты. 

Пры гэтым беларускі лідар нагадаў, што ў Расіі ёсць не толькі абеднены ўран. «Таму гэты трэнд у гэтай вайне ў плане эскалацыі і пачынаць не трэба, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Нам трэба рухацца (як размаўлялі Пуцін з Сі Цзіньпінам) да мірнага ўрэгулявання. І расійскае кіраўніцтва, і адна з буйнейшых сусветных дзяржаў — Кітай, і многія-многія іншыя з гэтым згодныя».

У працяг тэмы эскалацыі Прэзідэнт нагадаў заяву польскага пасла ў Францыі аб тым, што калі яны прайграюць або будуць прайграваць ва Украіне, Польшча будзе ваяваць з Расіяй. «Палякі — недурныя людзі, але хто іх слухае, — заўважыў ён. — Там такая таталітарная краіна, што далей няма куды». Па словах кіраўніка дзяржавы, няхай паспрабуюць толькі супраць нас ваяваць. «Мы павінны цяпер не гуляць у пэўныя гульні. — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Нам, беларусам і расіянам, трэба сваё глядзець. Каб нашы людзі, не дай Бог, як у 1941-м, не загінулі. Усё „ўлагоджвалі“ фашыстаў. Улагодзілі? Што пад Масквой былі праз некалькі месяцаў? Таму з гэтага трэба рабіць адпаведныя высновы».

Аднак, на жаль, у некаторых народаў, па словах кіраўніка дзяржавы, памяці няма. «Вы бачыце, якія там палітыкі? — звярнуў увагу Прэзідэнт. — У некаторых ваенных рукі свярбяць. Хоць ваенныя, я гэта ва Украіне бачу, гэта людзі з галавой. Там амерыканцы праз Зяленскага бамбяць-бамбяць... Але людзі, якія на фронце сёння ваююць, лоб у лоб з расіянамі, не дурні: яны разумеюць, што трэба спыняцца. Але пакуль іх ніхто не слухае. Думаю, пачуюць». 

«Мы не рухнулі і не рухнем»

Пераходзячы ад пытанняў бяспекі да эканамічнай бяспекі краіны, Прэзідэнт паведаміў, што ўжо па першым квартале гэтага года пацвярджаецца яго ўстаноўка, што гэты год павінен і будзе не горшым за мінулы. «Калі мы гэты год пройдзем, як мінулы, а яшчэ выканаем планы, якія мы намецілі на пасяджэнні ўрада, мы будзем нармальна жыць», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Устойлівасць нашай эканомікі, па словах беларускага лідара, забяспечана яшчэ і таму, што мы не разбурылі тое, што засталося нам ад Савецкага Саюза. «Мы ў савецкія часы былі самым мазгавым цэнтрам, Украіна, мы, і часткова Прыбалтыка, — нагадаў Прэзідэнт. — Што засталося? Уся наша прадукцыя сёння запатрабаваная, бо мы стаім на плячах савецкіх гігантаў. І оптыка, і электроніка, і лазеры, іншае — гэта ж Беларусь. Мы гэта захавалі. Па некаторых кірунках эканомікі, нечакана для мяне, пераўзышлі ў шмат разоў». 

Узгадваючы нядаўнюю нараду па развіцці айчыннай мікраэлектронікі, якая адбылася на базе ААТ «Планар», кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яны проста малайцы, ні ў чым не адсталі. І няважна, што айфон у Беларусі пакуль не ўдасца стварыць. Затое ў нас ёсць усё для вытворчасці электрамабіляў, матацыклаў і нават ракет. Аднак праз нейкі час мы, па словах беларускага лідара, атрымаем і тое, што нам неабходна для вытворчасці айфонаў. «Камп’ютар жа робім, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — Можа, і добра, што яны ўвялі гэтыя санкцыі. Мы цяпер будзем займацца сабой. Абсалютна дакладна тое, што мы не рухнулі. Так, па-рознаму жывуць людзі. Аднак мы не рухнулі і не рухнем». 

«Вырашаць будзе народ»

Кіраўніка дзяржавы спыталі пра палітычную кампанію, якая будзе праходзіць у наступным годзе ў краіне. Журналісты пацікавіліся, у якім стане да гэтага падыходзіць грамадства. «Калі галаву будзем у руках трымаць, усё будзе нармальна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт заўважыў, што пачатак наступнага года будзе няпростым. «Справімся з гэтым, але расслабляцца, вядома, не трэба, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Тыя мярзотнікі, якія збеглі, некалькі сотняў чалавек найбольш актыўных, павінны паказаць сваім спонсарам, што яны не проста ўмеюць у Telegram-каналах посціцца і іншае. А мэта адна — вайна. Я вас папярэджваў. Яны спрабавалі і так, і гэтак: мяцеж, каляровыя рэвалюцыі, вайна ў СМІ — яна і цяпер працягваецца. Але застаўся ў іх адзін рычаг паспрабаваць — гэта ўзяць зброю і паспрабаваць ваяваць. Вось яны і спрабуюць прадэманстраваць, яны рыхтуюцца».

Кіраўніцтву краіны пра гэта вядома. Больш за тое, усіх тых, хто хоча дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі, ведаюць пайменна. «Мы ведаем, куды яны рыхтуюцца, як рыхтуюцца, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Цяпер пачалі актыўнічаць. Калі ім зараз грошай не дадуць, час іх на зыходзе. Таму яны і спрабуюць даказаць, што яны штосьці могуць, і ўсё гэта — пад выбары».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў лютым 2024 года адбудуцца парламенцкія выбары, выбары ўсіх Саветаў — адзіны дзень галасавання. Праз некаторы час адбудуцца выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, а потым — і пераход у прэзідэнцкую кампанію. «Мы рыхтуемся з пункту гледжання забеспячэння бяспекі для людзей, а астатняе — калі ласка, вы вырашайце, — кажучы аб падрыхтоўцы да выбарчых кампаній, паведаміў Аляксандр Лукашэнка. — Як заўсёды, вырашаць будзе народ. Калі вы вырашыце, што патрэбна вам іншае жыццё, — Бог з вамі, паспрабуйце».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: у народзе кажуць, што беларусы вельмі добра жывуць. Прычым настолькі, што ўжо пачынаюць патрабаваць ад Прэзідэнта невядома чаго. Большасць жа жыхароў краіны зразумела, што цяпер з’яўляецца галоўным — мір і спакой, якія забяспечаны на беларускай зямлі. «Я не хачу, каб было так, як сёння ва Украіне, — падкрэсліў беларускі лідар. — І не толькі ў маю бытнасць. У мяне дзеці, у многіх з вас дзеці. Хацелася б, каб дзеці жылі нармальна».

Кажучы аб перазмеркаванні паўнамоцтваў паміж рознымі галінамі ўлады, пра што таксама спыталі ў кіраўніка дзяржавы, ён адзначыў, што патрэбны час, каб тыя, хто атрымаў паўнамоцтвы (урад, парламентарыі, губернатары і іншыя), пачалі іх рэалізоўваць. У такім выпадку, магчыма, як лічыць сам Аляксандр Лукашэнка, і яму будзе лягчэй. Аднак, як бы хто гэтыя паўнамоцтвы не пераразмяркоўваў, на думку Прэзідэнта, беларусы — народ калектыўны, саборны. 

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».