Вы тут

НАК Беларусі святкуе дзень нараджэння


Нацыянальны алімпійскі камітэт святкуе дзень нараджэння — 32 гады. 22 сакавіка 1991 года ў Мінску адбылася ўстаноўчая канферэнцыя Нацыянальнага алімпійскага камітэта, у якой прынялі ўдзел 268 дэлегатаў. Вопытныя функцыянеры, старшыні абласных упраўленняў, алімпійскія чэмпіёны, спартыўныя журналісты стварылі сімвал спартыўнага жыцця сваёй краіны. Прэзідэнтам НАК БССР быў абраны старшыня Дзяржкамспорту БССР Уладзімір Мікалаевіч Рыжанкоў. Першым віцэ-прэзідэнтам — трохразовы алімпійскі чэмпіён па вольнай барацьбе Аляксандр Мядзведзь, віцэ-прэзідэнтамі — намеснік старшыні Дзяржкамспорту БССР Віктар Пуцькоў і старшыня БФСТ «Дынама» Канстанцін Платонаў.


«Распад Савецкага Саюза адкрыў перад нашым спортам вялікія перспектывы. Думка пра тое, што на буйнейшых спартыўных арэнах свету будзе прадстаўлены беларускі флаг, натхняла вельмі. Мы адчувалі неверагодны ўздым, які, праўда, потым змяніўся думкамі, як пераадолець усе праблемы. Але мы аб’ядналіся і стварылі Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь», — успамінаў у сваёй кнізе «Усё жыццё — барацьба» Аляксандр Мядзведзь.

Далей падзеі разгортваліся імкліва. 2 чэрвеня 1991 года міністр юстыцыі БССР Леанід Дашук уручыў прэзідэнту НАК БССР Уладзіміру Рыжанкову пасведчанне аб рэгістрацыі Нацыянальнага алімпійскага камітэта. На цырымоніі прысутнічалі алімпійскія чэмпіёны Алена Бялова, Аляксандр Раманькоў, Уладзімір Парфяновіч і прэзідэнт Саюза спартсменаў БССР Марыя Іткіна. Усе разумелі, што рэспубліцы неабходна аўтарытэтная грамадская сіла, здольная вырашаць арганізацыйныя і фінансавыя  пытанні, якая б выконвала каардынуючыя функцыі па развіцці фізічнай культуры і спорту, падтрымліваць і прапагандаваць прынцыпы Алімпійскай хартыі. Гэтая падзея папярэднічала гучанню беларускага гімна на алімпійскіх стадыёнах.

Атрымаць прызнанне Міжнароднага алімпійскага камітэта — гэта як пераадолець марафонскую дыстанцыю. Беларусы зрабілі гэта са спрынтарскай хуткасцю. 9 сакавіка 1992 года Нацыянальны алімпійскі камітэт быў прызнаны часовым членам Міжнароднага алімпійскага камітэта. А 6-7 красавіка 1992 года ў Мінск прыехаў прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта, легенда алімпійскага руху Хуан Антоніа Самаранч. «Беларусь — адна з самых спартыўных дзяржаў былога СССР. І яна яшчэ не раскрыла ўвесь свой спартыўны патэнцыял», — адзначыў Хуан Антоніа Самаранч на прэс-канферэнцыі.

Актыўную работу і старанні Нацыянальнага алімпійскага камітэта ацанілі па заслугах. На 101-й сесіі Міжнароднага алімпійскага камітэта, якая прайшла 21-24 верасня 1993 года ў Манака, НАК Беларусі стаў паўнапраўным членам сусветнай алімпійскай сям’і.

Другое дыханне алімпійскага руху ў Беларусі адкрылася 15 мая 1997 года. У гэты дзень Прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта быў абраны Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Гэта надало развіццю беларускага спорту дадатковы імпульс, пачалася актыўная рэканструкцыя старых спартыўных аб’ектаў, будаўніцтва новых. Беларусь стала адзінай краінай, якая пабудавала алімпійскую вёску з мэтай палепшыць жыллёвыя ўмовы спартсменаў. Так у Мінску з’явіўся жыллёвы комплекс «Алімпійскі». Затым НАК Беларусі пабудаваў «алімпійскія дамы» і ў іншых гарадах краіны. Не ведае аналагаў і спартыўна-аздараўленчы комплекс «Алімпійскі» ў Мінску.

НАК Беларусі неаднаразова прымаў важныя спартыўныя мерапрыемствы. У 2011 годзе ў Мінску адбылося паседжанне Выканкама Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. У 2015 годзе штаб-кватэра НАК прымала Кангрэс і семінар для еўрапейскіх СМІ. У кастрычніку 2016 г. тут прайшла 45-я Генеральная асамблея Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. На працягу двух дзён вострых дыскусій удзельнікі ўзнімалі пытанні ўзмацнення антыдопінгавага кантролю, уцягвання нацыянальных алімпійскіх камітэтаў у агульнасусветныя працэсы, падтрымкі дзіцяча-юнацкага спорту. Для Беларусі галоўным вынікам 45-й Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх камітэтаў стала права правядзення ў Мінску ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года.

26 лютага 2021 года на справаздачна-выбарным сходзе адбыліся выбары Прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь. Новым кіраўніком спартыўнай арганізацыі абраны Віктар Лукашэнка, які стаў трэцім Прэзідэнтам НАК Беларусі. У 2021-м НАК Беларусі запусціў праект, які не ведае аналагаў, — спартыўна-культурны фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу».

За 32-гадовую гісторыю НАК Беларусі спартсмены нашай краіны выступілі на 15 Алімпійскіх гульнях — 8 зімовых і 7 летніх. Яны заваявалі 105 медалёў: 21 залаты, 37 сярэбраных і 47 бронзавых. І гэта толькі пачатак. 

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».