Вы тут

Украсці, каб пад’есці


«Цанавы апакаліпсіс» з-за росту цэн на энергію чакае Польшчу, лічыць польскі вэб-партал Іnterіa са спасылкай на крыніцу з сельскагаспадарчай палаты ў Ніжняй Сілезіі. «Усё стане даражэй, калі так выраслі цэны на электраэнергію, газ, ацяпленне», — заявіў суразмоўнік выдання. Ён адзначыў, што фермеры ў Польшчы скардзяцца на рост кошту энерганосьбітаў. Многія з іх ужо пачалі актыўна скарачаць колькасць сельскагаспадарчых культур, якія вырошчваюцца. Такая сітуацыя можа прывесці да дэфіцыту тавараў на рынку і рэзкага росту цэн на іх. Пры гэтым рэальнай дапамогі ад улады і вытворцам, і спажыўцам чакаць не выпадае. Прагнозы спецыялістаў наконт далейшага развіцця падзей самыя змрочныя. Што ж чакае жыхароў Польшчы?


Інфляцыйны «подыум»

Рост цэн у Польшчы працягвае разгортвацца імклівымі тэмпамі. Паводле інфармацыі Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення, па выніках студзеня індэкс спажывецкіх цэн у Польшчы ў параўнанні з папярэднім годам узляцеў да 17,2 працэнта, што перавышае снежаньскія значэнні, якія складалі 16,6 працэнта. Устойлівае павышэнне ўзроўню спажывецкіх цэн у Польшчы дасягнула ў студзені 2,4 працэнта ў месячным выражэнні. Такі паказчык даў падставу Еўракамісіі паставіць краіну на «еўрапейскі інфляцыйны подыум». Заставацца на ім краіна будзе як мінімум да 2024 года, прыводзіць прагноз ведамства аглядальнік Іnterіa Алан Бартман.

У мінулым месяцы ў краіне зафіксавалі рэкордную за 26 гадоў інфляцыю — 18,4 працэнта. Пра гэта паведаміла радыё RMF24 са спасылкай на даныя Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення краіны. Згодна са статыстычнымі данымі, за год прадукты харчавання і безалкагольныя напіткі падаражэлі на 24 працэнты, затраты на транспарт павялічыліся на 23,7 працэнта, а кошт энерганосьбітаў вырас на 22,7 працэнта.

Адзначаецца, што «рэкардсменам па дарагоўлі» стаў цукар, які за год падаражэў на 85,5 працэнта. Падобная сітуацыя склалася і з палівам, цэны на якое ўзраслі на 53,6 працэнта ў гадавым вылічэнні. У параўнанні з папярэднім месяцам цэны на тавары і паслугі ўзраслі на 1,2 працэнта (у тым ліку паслугі — на 1,6 працэнта і тавары — на 1,1 працэнта).

У той жа час шэраг экспертаў небеспадстаўна лічыць, што Галоўнае статыстычнае ўпраўленне заніжае гэты паказчык. Так, паводле даных фірмы NіelsenІQ, сёлета ў студзені спажывецкая інфляцыя склала 19,2 працэнта. Як лічаць спецыялісты, найбольшы рост цэн назіраецца ў супермаркетах, дзе цэннікі «распухлі» сама меней на 22,2–22,8 працэнта. Пры гэтым пакупнікі набылі ў такіх магазінах сёлета менш прадуктаў, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

У крайняй галечы

Высокая інфляцыя назіраецца ў Польшчы даўно. Як вядома, падчас агульнанацыянальнага даследавання, праведзенага сацыялагічнай кампаніяй Szlachetna Paczka ў другой палове мінулага года, высветлілася, што рост цэн на прадукты харчавання адзначылі 95 працэнтаў палякаў. 89 працэнтаў жыхароў краіны балюча адчулі павелічэнне выдаткаў на ўтрыманне кватэры ці дома.

64 працэнты рэспандэнтаў пачалі эканоміць на культуры, перастаўшы наведваць тэатры, кіно і іншыя ўстановы адпачынку. 58 працэнтаў пачалі менш спажываць электраэнергіі, вады і газу, а 45 працэнтаў — менш купляць харчавання.

Акрамя таго, як аказалася, амаль 2,5 мільёна чалавек у Польшчы жыве ў дамах, дзе цячэ дах, няма герметычных вокнаў і дзвярэй, а на сценах і столях «яўна прысутнічае вільгаць». Кожны дваццаты жыхар краіны не мае ўласных ванны і прыбіральні. Кожная пятая сям’я, у якой ёсць хворыя або інваліды, не ў стане пакрыць усе неабходныя выдаткі на лекі. 1,6 мільёна палякаў, у тым ліку 333 тысячы дзяцей, жывуць ніжэй за пражытачны мінімум, гэта значыць у крайняй галечы.

Сёння ўзровень жыцця ў Польшчы ўпаў да ўзроўню жыцця ў дзевяностыя. Аб гэтым у праекце на YouTube-канале БелТА распавёў польскі палітолаг Матэвуш Піскорскі. «Гэтая зіма для палякаў аказалася няпростай. Пэўнай частцы польскага грамадства вельмі цяжка. Інфляцыя працягвала расці, кошт прадуктаў першай неабходнасці таксама ўзрос», — расказаў Матэвуш Піскорскі. Па словах польскага палітолага, цяпер эканамічная сітуацыя ў краіне нават горшая, чым у часы крызісу, выкліканага пандэміяй, а спробы польскага кіраўніцтва справіцца з праблемамі не прыносяць чаканага выніку.

Хваля злачынстваў

Былы прэзідэнт Польшчы Лех Валенса паскардзіўся на імклівае збядненне. Як піша Super Express, прычынай гэтага стаў значны рост цэн, які назіраецца ў краіне. Па словах польскага экс-лідара, яго пенсія на працягу некалькіх гадоў застаецца нязменнай, паколькі ўсе індэксацыі, якія праводзяцца, «праходзяць міма яго». «Прадукты цяпер дарагія, таму мае порцыі на сняданак, абед і вячэру скарачаюцца», — распавёў Валенса, адзначыўшы, што вельмі незадаволены такім станам спраў. Як заявіў экс-прэзідэнт, яго пенсія складае каля 11-13 тысяч злотых. Валенса лічыць такія грошы недастатковымі, паколькі высокая інфляцыя ў Польшчы іх заўважна «з’ядае». Былы польскі лідар дадаў, што якая цяпер улада, такая і сітуацыя ў краіне.

Што ўжо казаць пра іншых польскіх пенсіянераў, якія атрымліваюць заўважна менш (мінімальная пенсія складае каля 1300 злотых). Збядненне заканамерна вядзе да росту ўзроўню злачыннасці. Нядаўна выданне Rzeczpospolіta паведаміла, што за год колькасць крамных крадзяжоў у краіне ўзрасла амаль на траціну (на 31,1 працэнта) — іх было зарэгістравана больш за 32,7 тысячы. Колькасць розных правапарушэнняў, так ці інакш звязаных з крадзяжамі ў крамах, павялічылася на 21,5 працэнта і склала 234,3 тысячы выпадкаў. «Рост колькасці крадзяжоў — выразны сігнал аб наяўнасці праблем на рынку. З-за росту цэн на здзяйсненне такіх злачынстваў рашаецца ўсё больш людзей. Для крам гэта, вядома ж, велізарная праблема, якая азначае павелічэнне выдаткаў на ажыццяўленне сваёй дзейнасці», — заўважае кіраўнік польскай Арганізацыі гандлю і збыту Рэната Юшкевіч.

Эксперты адзначаюць, што новай з’явай сталі рэгулярныя крадзяжы самых танных прадуктаў, якія раней масавым попытам у крамных злодзеяў не карысталіся. «Крадзяжамі з крам у асноўным займаюцца людзі, якія робяць тое ў некаторым сэнсе вымушана», — тлумачыць дырэктар польскага дыстрыб’ютара дзіцячых брэндаў SkіpWіsh Мацей Тыгельскі.

Колькасць крадзяжоў з супермаркетаў летась павялічылася на 20,8 працэнта і склала 188,3 тысячы. Але яшчэ хутчэй (на 24,6 працэнта) узрасла колькасць крадзяжоў у невялікіх крамах: іх зарэгістравана звыш 46 тысяч. Работнікі гандлёвых пунктаў прызнаюць, што інфармуюць не аб усіх выпадках крадзяжоў. «Усё часцей прадукты людзі проста з’ядаюць у краме, што ў выніку адбіваецца на ўсіх кліентах, таму што з-за затрат даводзіцца ўзнімаць цэны», — паведамілі прадаўцы.

Ежа са сметніцы

Нізкі рост ВУП спрагназаваў для Польшчы Нацыянальны банк краіны, паведаміў TVN. Пры гэтым, як скардзяцца палякі, інфляцыйная крывая абсалютна непрадказальная. У сакавіку Нацбанк апублікаваў новы інфляцыйны прагноз. Згодна з ім, сёлета можна «з 50-працэнтнай верагоднасцю» чакаць гадавой дынамікі цэн у дыяпазоне 10,2-13,5 працэнта, 3,9-7,5 працэнта — у 2024 годзе і 2–5 працэнта — у 2025-м. Гэта азначае, што да інфляцыйнай мэты, якую раней абвясціў Нацыянальны банк Польшчы (2,5 працэнта), краіна наблізіцца толькі праз два гады.

СМІ пастаянна размяшчаюць парады аб тым, як і дзе можна сэканоміць. У крамах «варта зазірнуць у скрыні і халадзільнікі з прадуктамі, тэрмін прыдатнасці якіх заканчваецца. Гэта, як правіла, паўнавартасная ежа па значна ніжэйшых цэнах. Купляйце адзенне, якое было ва ўжытку, мэблю, аксесуары для дому, кнігі, дзіцячыя цацкі, настольныя гульні, галаваломкі, бо гэта вялізная эканомія», — раіць партал Onet.pl.

Яскравым сведчаннем сацыяльнага крызісу стала, як піша Gazeta Wyborcza, распаўсюджванне ў Польшчы такой з’явы, як фрыганізм — «выратаванне» ежы са смеццевых кантэйнераў. Паміж сабой фрыганы трымаюць сувязь праз сацсеткі. Толькі ў Лодзі іх налічваецца звыш 6 тысяч чалавек. «Нягледзячы на тое, што людзі пачынаюць галадаць, маркеты працягваюць выкідваць сотні тон непрададзеных прадуктаў, — адзначае Gazeta Wyborcza. — Паводле даследавання, праведзенага ў рамках праграмы рацыяналізацыі і скарачэння харчовых адходаў, крамы штогод выкідваюць 337 тысяч тон ежы».

Каля паловы жыхароў Польшчы апасаецца страціць работу.

Як паведаміў польскі партал Wprost, узровень беспрацоўя ў краіне зноў вырас, што адбіваецца на настроі людзей. Эканамічны спад, інфляцыя і высокія працэнтныя стаўкі паўплывалі на рынак працы ў Польшчы. Беспрацоўе расце ўжо каторы месяц запар. Як паведаміла Міністэрства сям’і і сацыяльнай палітыкі Польшчы, у канцы студзеня ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя склаў 5,5 працэнта супраць 5,2 працэнта месяцам раней. Колькасць зарэгістраваных беспрацоўных на канец студзеня склала больш за 850 тысяч чалавек.

Згодна са справаздачай «Рынак працы, адукацыя, кампетэнцыі. Бягучыя тэндэнцыі і вынікі даследаванняў», падрыхтаванай па запыце Польскага агенцтва развіцця прадпрымальніцтва, страх страціць крыніцы даходу ёсць у 42 працэнтаў рэспандэнтаў. Між тым, у студзені мінулага года беспрацоўя апасаліся толькі 22 працэнты апытаных. На думку сацыёлагаў, турбуючыся аб захаванні работы, людзі з меншай верагоднасцю будуць настойваць на павышэнні заробку. У студзені 2022 года на прыбаўку разлічвалі 54,5 працэнта палякаў, у лістападзе яе чакалі ўжо толькі 35 працэнтаў, а 32 працэнты апытаных заявілі, што хочуць уладкавацца на падпрацоўку.

Шлях да банкруцтва

Тым часам стала вядома, што польскія ўлады збіраюцца выдаткаваць на абарону 4 працэнты ВУП дзяржавы, што ўдвая перавышае стандарт Паўночнаатлантычнага альянсу. У разліку на душу насельніцтва краіна будзе ўкладваць у войска больш за астатніх у НАТА. Паводле інфармацыі The Telegraph, Польшча заказала 1 тысячу паўднёвакарэйскіх K2 і 250 новых танкаў Abrams з ЗША. Дзякуючы гэтаму, краіна можа перасягнуць па колькасці танкаў Брытанію, у якой у распараджэнні 227 бронемашын. Палякі плануюць закупіць каля сотні верталётаў Apache у Вашынгтона, а ў Сеула — 48 самалётаў FA-50. Польшча ўзмоцніць артылерыю 600 гаўбіцамі K9, 18 рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню HІMARS і 288 сістэмамі MRL K239 Chunmoo з Паўднёвай Карэі. Акрамя таго, паводле некаторых звестак, суседняя краіна папрасіла паўднёвакарэйскую кампанію пабудаваць завод па вытворчасці боепрыпасаў для танкаў і гаўбіц. Таксама ідуць перагаворы аб будаўніцтве «буйнога зброевага прадпрыемства» ў супрацоўніцтве з Вялікабрытаніяй. Паскорыўся працэс падпісання мноства новых вайсковых кантрактаў. Колькасць польскага войска маюць намер падвоіць да 300 тысяч чалавек. Цяпер разам з добраахвотнікамі і студэнтамі ваенных устаноў узброеныя сілы Польшчы налічваюць 164 тысячы чалавек.

«У нас ужо наступіў дэмаграфічны крызіс: за дзесяцігоддзе колькасць палякаў скарацілася амаль на два мільёны чалавек. Можна крыху змяніць траекторыю гэтага небяспечнага метэарыта, але ён абавязкова стукне па нас», — заявіў Rzeczpospolіta прэзідэнт Інстытута дзяржаўных фінансаў Славамір Дудэк. Эксперт падкрэсліў, што насельніцтва краіны старэе вельмі хутка. Гэта створыць вялікую нагрузку на эканоміку і прывядзе ў 2050-м да некантраляванага росту дзяржаўнага доўгу Польшчы з цяперашніх 55 да 140 працэнтаў ВУП.

На сённяшні дзень сітуацыя складваецца такім чынам, што Польшча паступова набліжаецца да немінучага банкруцтва. Прычынай гэтага, як піша Іnterіa са спасылкай на польскіх экспертаў, стала спіраль папулізму, якую раскруціла Варшава. «Інфляцыя прыводзіць да росту сацыяльнай базы папулізму, — пракаментаваў сітуацыю эканаміст Ежы Хаўзер. — Алгарытм такі: інфляцыя, беднасць, расчараванне, прэтэнзія, індэксацыя і, як вынік, яшчэ больш высокая інфляцыя».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Харчовая бяспека. Чым накормяць нас фермеры?

Харчовая бяспека. Чым накормяць нас фермеры?

Сельская гаспадарка — прыярытэтны кірунак сярод галін эканомікі.