Вы тут

Апёкі — адна з самых распаўсюджаных бытавых траўм у дзяцей


Людміла разам з мужам і маленькім сынам прыехала ў вёску праведаць сваю маці. Пакуль дарослыя сядзелі на кухні і пілі чай, хлопчык, якому было каля трох гадкоў, бегаў туды-сюды па хаце. «Алежка, не лезь! Алежка, не чапай!» — раз-пораз казалі малому то маці, то бабуля. Але малы непаседа працягваў з цікавасцю даследаваць тэрыторыю...


На невялічкім століку побач з печкай стаяла электраплітка, на ёй — чайнік. У нейкі момант хлопчык ускараскаўся на ўслончык, той, відаць, пахіснуўся, і малы, падаючы, зачапіў чайнік і вывернуў на сябе кіпень, які ў ім быў. «Хуткая» даехала ў вёску без прамаруджвання, Алежку адразу ж забралі ў рэанімацыю апёкавага аддзялення дзіцячай абласной бальніцы. Некалькі дзён урачы змагаліся за яго жыццё, але, на жаль, выратаваць дзіця так і не ўдалося... Гэты няшчасны выпадак здарыўся 20 гадоў таму. Але я згадваю яго кожны раз, калі чую ў навінах пра чарговую недарэчную дзіцячую траўму...

Апёкі — адна з самых распаўсюджаных бытавых траўм у дзяцей. Часцей іх атрымліваюць хлопчыкі і д. зяўчынкі ва ўзросце ад 1 да 3 гадоў.

Як бы ўважліва вы ні сачылі за дзіцем, траўмы ўсё адно здараюцца. Самыя распаўсюджаныя з іх — апёкі. Пра тое, што трэба рабіць (і чаго рабіць нельга ні ў якім разе), калі дзіця атрымала апёк, нагадаем у гэтым артыкуле.

«Татачка, супакойся»

Перш чым прывесці парады медыкаў, распавяду гісторыю яшчэ адной сям’і. На шчасце, яна з добрым фіналам. «Так атрымалася, што для нас кіпень — гэта балючая тэма, — падзяліўся з нашай газетай тата дзевяцігадовай Машы. — Упершыню дачка апарылася на другі дзень пасля свайго першага дня нараджэння. Ёй быў годзік, і яна толькі навучылася хадзіць. Мы якраз пераехалі на новую кватэру і яшчэ дрэнна ацэньвалі магчымасці дачушкі, нават не маглі падумаць, што яна ўжо зможа дацягнуцца да высокага стала на кухні. Раніцай мы прачнуліся ў добрым настроі. Я заварыў усім чай. Дачка ў гэты час тупала побач. Мы з жонкай збіраліся снедаць і накрываць святочны стол, бо ў гэты дзень да нас якраз павінны былі прыехаць у госці Машыны хросныя. Але планы памяняліся ў адно імгненне. Малая падышла да стала, пацягнула кубак за ручку... і вывернула на сябе толькі што запараную гарбату. Гэта было страшна. Мы, вядома, вельмі спалохаліся. Але хачу сказаць дзякуй універсітэту за веды па медыцыне. Я машынальна скеміў, што трэба хутка зняць з малой адзенне, паставіў яе ў ванну пад прахалодную ваду. Пакуль жонка ахалоджвала месцы апёку, я хуценька пабег у аптэку за пантэнолам, па дарозе выклікаў «хуткую». Калі прыехалі медыкі, я ўжо паспеў апрацаваць месцы апёку пантэнолам. Той дзень і ноч Маша правяла ў рэанімацыі, потым тыдзень — у бальніцы. Дзякуй богу, кіпень не трапіў малечы на твар. Ды і на плячы ды ножцы ніякіх шрамаў не засталося.

Другі раз няшчасце здарылася, калі дачцэ было 4 годзікі. Гэта было зімой, памятаю, забраў яе з дзіцячага садка. Прыйшлі дадому, чую, шморгае носам. Думаю, трэба, паводле дзедаўскага метаду, даць ёй для прафілактыкі падыхаць парай. Наліў у міску кіпеню, накапаў эфірнага алею. Паставіў перад Машай і кажу: «На, дыхай». ...А яна неяк няўдала ўперлася рукамі ў край міскі і вывернула яе на сябе. На грудзі, на жывот, на плячо. Я тады спужаўся больш, чым дачка. Гэта такое нясцерпнае пачуццё, калі ты разумееш, што прычыніў дзіцяці жудасны боль з-за свайго глупства. Я, як і першы раз, зняў з яе адзенне, аднёс у ванну і паставіў пад халодную ваду. На мне, відаць, не было твару, бо Маша пачала праз слёзы казаць мне: «Татачка, татачка, супакойся». Зноў прыехала «хуткая» і забрала дачку ў рэанімацыю. Потым я разам з ёй ляжаў у апёкавым аддзяленні. І зноў жа, можа, таму што была аказаная аператыўная першая дапамога, мы абышліся без шрамаў. Адзіная рэкамендацыя, якую мы атрымалі падчас выпіскі, — не злоўжываць сонцам, не загараць, бо скура ў тых месцах, дзе быў апёк, і так атрымала моцны стрэс.

Зараз, хоць дачка ўжо вялікая і сама робіць чай, я ўсё адно па звычцы, машынальна, кубкі паварочваю ручкамі ад краю стала. 

І ўсім мамам і татам, асабліва маленькіх дзяцей, рэкамендую ўвесці гэта сабе ў звычку. Акрамя таго, вельмі важна, каб бацькі ведалі, як правільна аказаць дзецям у такіх сітуацыях першую медыцынскую дапамогу. Каб, калі, не дай бог, здарыцца бяда, не губляць каштоўныя секунды на пошукі інфармацыі.

Машын тата перакананы, што 99% дзіцячых апёкаў можна прадухіліць. У якасці пацвярджэння гэтай думкі прывяду яшчэ некалькі гісторый са станоўчым зыходам.

Суседка распавядала, як яны на дачы палілі сухое лісце. Яе малодшы сын, ён тады хадзіў у дзіцячы садок, гуляў з палачкай каля таго вогнішча. У выніку моцна абпаліў далонь.

Жанчына папрасіла мужа памыць немаўля, пакуль яна прыгатуе вячэру. Перад тым, як апусціць малечу ў ванначку, мужчына забыўся праверыць тэмпературу вады... У выніку малеча атрымала апёкі…

У Расонскую бальніцу была шпіталізавана аднагадовая дзяўчынка. Яна знайшла бутэльку з растваральнікам і зрабіла некалькі глыткоў. Гэтага было дастаткова, каб атрымаць апёкі поласці рота і шыі. Бацькі выклікалі «хуткую», а самі паехалі на сваёй машыне насустрач медыкам, бо дача, дзе яны знаходзіліся ў момант няшчаснага выпадку, была за 20 кіламетраў ад райцэнтра.

28-гадовая жыхарка Ляхавіцкага раёна прасавала бялізну. У гэты час яе трохгадовая дачка схапілася за падключаны ў разетку провад, у выніку чаго атрымала ўдар токам. Дзіця было шпіталізавана.

У Жлобінскую райбальніцу паступіла дзіця, якому не споўніўся нават годзік. Урачы дыягнаставалі апёкі другой ступені. Прычына: прабабуля апаласнула дзіця «святой вадой», якую захоўвала ў бутэльцы з-пад воцату. Відавочна, яна не стэрылізавала тару, таму нават малой канцэнтрацыі воцатнай кіслаты хапіла, каб пашкодзіць далікатную скуру немаўляці.

Гэта толькі асобныя здарэнні. І ва ўсіх названых выпадках няшчасця, сапраўды, можна было пазбегнуць. Але, як кажуць, каб ведаў, дзе ўпадзеш, дык саломкі пасцяліў бы...

«Вельмі важна, каб бацькі ведалі, як правільна аказаць дзецям у такіх сітуацыях першую медыцынскую дапамогу. Каб, калі, не дай бог, здарыцца бяда, не губляць каштоўныя секунды на пошукі інфармацыі».

І ні ў якім разе не крычаць!

У дзіцячым аддзяленні Рэспубліканскага апёкавага цэнтра пры бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска штогод праходзяць лячэнне больш за тысячу пацыентаў з апёкамі. З іх ва ўзросце да 1 года — каля 15%, ад 1 года да 3 — 50%, ад 3 да 5 гадоў — 10%, з 5 да 18 гадоў — 25%. Найбольш частыя прычыны апёкаў — кантакт з гарачымі вадкасцямі і прадметамі, полымем, хімічнымі рэчывамі, электрычным токам. У медустанове пацвердзілі, што сапраўды большасць апёкаў у дзяцей можна прадухіліць. Для гэтага дастаткова проста добра за імі глядзець, праяўляць пільнасць і прадбачлівасць. У прыватнасці, усе бацькі без выключэння павінны ведаць, што ў дашкольнікаў асноўная прычына апёкаў — кантакт з гарачымі вадкасцямі (месцам атрымання часцей за ўсё бывае кухня ці ванны пакой), а таксама гарачымі прадметамі (прас, грыль, мангал, попел...).

Апёк у дзіцяці — заўсёды стрэсавая сітуацыя для бацькоў. Але медыкі настойліва раяць узяць сябе ў рукі і пастарацца не панікаваць. 

Аператыўна акажыце першую дапамогу і супакойце дзіця. Ні ў якім разе нельга на яго крычаць. Маўляў, я ж табе казала... У дзіцяці і так стрэс, а вы сваёй неадэкватнай рэакцыяй толькі яго ўзмоцніце.

Што датычыцца першай дапамогі, то пры апёках гарачымі вадкасцямі неабходна вельмі асцярожна зняць адзенне з пацярпелага ўчастка. Калі гэтага не зрабіць, глыбіня апёкаў будзе большая. Калі скура засталася цэласнай (гэта першая і другая ступень апёку), змясціце траўмаваны ўчастак пад струмень праточнай халоднай водаправоднай вады (але не ледзяной!) на 15–20 хвілін (не пазней, чым праз 2 гадзіны пасля атрымання апёку). Аптымальная тэмпература вады 12–18 °С. Пасля гэтага трэба накласці стэрыльную павязку.

Першая дапамога пры апёках полымем — патушыць, максімальна хутка зняць адзенне, якое гарыць, эвакуіраваць пацярпелага з зоны павышанай тэмпературы ці задымлення на свежае паветра. Пры хімічных апёках — шчодра прамыць рану вадой (не менш за 20–30 хвілін), пры гэтым неабходна быць асцярожнымі, карыстацца пальчаткамі і ахоўным адзеннем, каб не атрымаць пашкоджанні самім. Пры электратраўме — вызваліць пацярпелага ад дзеяння току (вырваць з рук аголены провад, адцягнуць цела на бяспечную адлегласць), пры гэтым абавязкова трэба выкарыстоўваць ахоўныя сродкі (гумавыя пальчаткі і абутак). На апёкавую паверхню неабходна накласці стэрыльную павязку ці загарнуць дзіця ў чыстую адпрасаваную прасціну. Медыкі раяць ні ў якім разе не займацца самалячэннем, абавязкова звярнуцца ў паліклініку ці бальніцу, а пры вялікім пашкоджанні неадкладна выклікаць хуткую дапамогу.


Што нельга рабіць пра апёках?

  • Выкарыстоўваць ахалоджванне праточнай вадой пры апёках трэцяй і чацвёртай ступені. (Тут варта неадкладна выклікаць «хуткую». Можна даць абязбольвальны сродак);
  • Здымаць адзенне, калі яно прыліпла да скуры. У такім выпадку яго трэба абрэзаць па граніцы апёку;
  • Праколваць пухіры;
  • Дакранацца да пашкоджанай скуры рукамі;
  • Прыкладваць да раны вату, лёд, пластыр.
  • Апёкі ні ў якім разе нельга апрацоўваць алеем, а таксама сметанковым маслам, смятанай, вяршкамі, кефірам, яечным бялком, крэмамі, мазямі (выключэнне складае пантэнол, яго можна наносіць пасля ахаладжэння пры апёку першай і другой ступені), мачой, сыпучымі лекамі, прысыпкамі, растворамі ёду, зялёнкі, перакісам вадароду, спіртам.

Як пазбегнуць бяды?

Правілы на кухні:

  • падчас прыгатавання ежы не выпускайце малечу з поля зроку;
  • гатуйце ежу толькі на далёкіх канфорках; пліта павінна быць надзейна зафіксаванай;
  • посуд на пліце і стале павінен быць павернуты ручкамі да сцяны;
  • не варта засцілаць абрусам стол, калі падаюцца гарачыя стравы;
  • не стаўце на край стала ці пліты кубкі з гарачым чаем, талеркі і каструлі з супам, бо дзіця можа вывернуць гэта на сябе;
  • не варта браць дзяцей на рукі пры прыёме гарачай ежы, бо малеча можа пацягнуць на сябе абрус ці схапіць той жа кубак з чаем;
  • не пакідайце вісець шнуры электрачайнікаў, тостараў, пацягнуўшы за якія, дзіця можа атрымаць цяжкія апёкі.

Правілы ў ванным пакоі:

  • не купайце нованароджаных у гарачай вадзе, памятайце: пры тэмпературы вады звыш 50 °С магчымы апёк;
  • не пакідайце дзіця аднаго ў ванне: застаўшыся без нагляду, яно можа адкрыць кран з гарачай вадой і атрымаць апёк.

А таксама…

  • Дзіця не павінна знаходзіцца паблізу адкрытага агню падчас прыгатавання шашлыку, спальванні смецця;
  • Будзьце асцярожнымі пры карыстанні грэлкамі, памятайце, што скура дзіцяці больш далікатная, чым у дарослага;
  • Стаўце ахоўныя прыстасаванні на электраразеткі;
  • Не выкарыстоўвайце бутэлькі з-пад газіроўкі для захоўвання небяспечных вадкасцяў;
  • Захоўвайце ўсе небяспечныя вадкасці (воцат, растваральнікі) толькі ў бяспечных, закрытых на ключ месцах;
  • Хавайце ад дзяцей запалкі, запальнічкі;
  • Знаходзячыся ў гасцях у сваякоў, не пакідайце дзіця без нагляду, спадзеючыся на іншых. Калі ўбачылі, што штосьці можа быць небяспечным, не чакайце, калі здарыцца бяда, не спадзявайцеся на «авось», адразу ж прыбярыце рэч у недаступнае для малога месца.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі