З дзяцінства мы чытаем кнігі, у якіх каханне і шлюб паміж героямі — гэта адзін раз і назаўжды. Аднак рэчаіснасць больш жорсткая і з цягам часу ў такія гісторыі верыцца ўсё менш.
Даследчыкі пішуць, што часцей за ўсё пары разводзяцца на 6–9-м годзе шлюбу, а самы «папулярны» ўзрост для разводу — 30–34 гады. Але калі прычынай разводу пасля першых пяці гадоў шлюбу можна назваць банальную «не сышліся характарамі», то чым можна «не сысціся», пражыўшы разам 20, 30 гадоў? Разабрацца ў прычынах і шляхах вырашэння крызісных сітуацый нам дапамагалі практыкуючыя сямейныя псіхолагі са шматгадовым стажам Таша і Сяргей Пятровы.
— Сярод самых частых прычын распаду шлюбаў — назапашаныя гадамі крыўды, расчараванне ў партнёры, здрады, рознае ўяўленне пра шлюб і сямейнае жыццё, розны сексуальны тэмперамент, немагчымасць дараваць.
Развод спецылістам успрымаецца як крызісная сітуацыя ў адносінах, з якой пара павінна выйсці. І выйсце гэта ва ўсіх будзе сваё. З нашай практыкі можна сказаць, што развод хутчэй залежыць не ад таго, колькі гадоў людзі жывуць разам, а ад іх здольнасці праходзіць праз гэты самы крызіс. Рызыка разрыву шлюбу ёсць заўсёды, і мы такія прыклады бачым на любых тэрмінах. У пытаннях разводаў немагчыма разважаць катэгорыямі «добра — дрэнна», «правільна — няправільна». На прафесійнай мове жаданне чалавека завяршыць адносіны азначае тое, што ў яго мала навыкаў пабудовы здаровых стасункаў; мала або зусім адсутнічае разуменне таго, што такое адносіны ў прынцыпе. Так бывае, калі няма прыкладу бацькоўскага паразумення ў сем’ях, няма на што абапірацца.
Каб не даходзіць з партнёрам да цяжкіх сітуацый, калі вырашэнне канфлікту ўжо значна ўскладняецца, трэба сачыць за адносінамі, адзначаць змены. «Званочкамі» аб праблемах паміж людзьмі могуць з’яўляцца: памяншэнне часу на зносіны, пазбяганне адно аднаго, павелічэнне дыстанцыі паміж партнёрамі, памяншэнне кропак судатыкнення, хранічная незадаволенасць аднаго з партнёраў або адразу абодвух, павелічэнне адмоўных эмоцый. Самае першае і галоўнае, што трэба рабіць, — гэта размаўляць, выказваць свае пачуцці і жаданні, не назапашваць крыўды.
— У нашых рэаліях даволі часта сустракаюцца сітуацыі, калі людзі застаюцца ў шлюбе дзеля дзяцей і доўгія гады «адыгрываюць» паўнацэнную сям’ю. Канкрэтна тут нельга сказаць, ці будзе менавіта такі спосаб больш траўматычны для дзіцяці. Для кожнай сям’і ўсё вельмі індывідуальна. Але некаторыя фактары ў любым выпадку складана будзе хаваць. У апісанай сітуацыі дзеці могуць атрымліваць шкодныя двайныя пасланні. Яны могуць адчуваць, што нешта не так, але праз свой узрост не разумець.
Часцей за ўсё дзеці ў такіх абставінах усё ж не атрымаюць досвед шчырых, цёплых сямейных адносін, любові. Аднак нашчадкі заўсёды вучацца на нашых прыкладах. Калі мы жадаем ім такога ж шлюбу ў будучыні, то можна ўсё пакінуць без змяненняў. Калі ж мы хочам навучыць іх шчасліваму сямейнаму жыццю, то ў першую чаргу трэба імкнуцца быць шчаслівымі самім.
Калі з разводам усё ўжо вырашана, то бацькі самастойна могуць паспрабаваць мінімізаваць яго наступствы для дзіцяці. І для гэтага трэба з ім размаўляць. Казаць пра тое, што адбываецца, на зразумелай для яго мове. Напрыклад, калі дзіцяці гадоў 4-5,бацькі скажуць, што яны «не сышліся характарамі», малое нічога не зразумее. Лепш, калі бацькі сфармулююць гэта інакш, напрыклад: «Мама і тата больш не хочуць жыць разам. У дарослых так бывае. Але мы заўсёды будзем тваімі бацькамі, будзем цябе любіць». Трэба падбіраць простыя словы, перадаючы змест, але не паглыбляючыся ў падрабязнасці. Бывае, што бацькі, калі дзеці становяцца крыху старэйшыя, адкрываюць ім інтымныя дэталі сваіх адносін. Рабіць гэта нельга ні ў якім выпадку! Кожнаму з партнёраў важна захаваць для дзіцяці станоўчы вобраз бацькі або маці. Трэба тлумачыць дзецям, што, нягледзячы на развод, мама і тата добрыя, яны цябе любяць, але каханне паміж імі ўжо мінула.
— Апошнім часам колькасць зваротаў да сямейных псіхолагаў павялічылася, але ўсё роўна іх не так шмат. Часцей прыходзяць пары, калі адзін з партнёраў хоча захаваць адносіны, а другі сумняваецца або хоча ўсё закончыць. Гэта адзін з самых цяжкіх сцэнарыяў для працы. Тут узнікае жаданне і аднаго падтрымаць у намеры захаваць шлюб, і іншага — яго выбар важна пачуць і не ціснуць. Спачуваеш абодвум, але любое выйсце тут кагосьці аднаго не задаволіць. Можна толькі дапамагчы партнёрам данесці адно аднаму сваю пазіцыю. Гэта хутчэй разавая сустрэча. Далей можна аднаўляць работу, калі ў партнёраў з’явіцца агульны запыт — ці на экалагічнае расстанне ці на спробу захаваць кантакты. Сустракаюцца выпадкі, калі адносіны паміж людзьмі ўжо завершаны, але яны хочуць наладзіць камунікацыю, каб спакойна мець зносіны дзеля дзяцей, і таму звяртаюцца да нас.
Спецыяліст, як ужо згадвалася раней, дапаможа выявіць прычыну крызісу шлюбу, асэнсаваць яго і ўсвядоміць. Для пары такая праца дасць магчымасць перажыць цяжкую сітуацыю максімальна спакойна і знайсці спосабы выхаду, перабудаваўшы свае адносіны.
У любым выпадку, мы раім звяртацца да спецыялістаў. Гэта павялічвае шанцы на станоўчае вырашэнне сітуацыі. У выпадку адсутнасці такой магчымасці самае першае і самае галоўнае — размаўляць. Дзяліцца пачуццямі, думкамі, чаканнямі ад адносін і тым, што не атрымліваеце ў іх. Не баяцца злосці.
Нават калі ўсё ўжо вырашана, памятайце, што развод — гэта проста яшчэ адзін этап у вашым жыцці, а не яго канец. Кожны з нас адзіны ў самога сябе, і кожны заслугоўвае жыць шчасліва.
Марыя ТАРНАЛІЦКАЯ
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.