Вы тут

Следам за сонейкам, або Як стаць «Зорачкай»?


24 сакавіка на сцэне Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, што па вуліцы Фабрыцыуса, 5 у Мінску, адбудзецца канцэрт узорнага ансамбля песні і танца «Зорачка». Прысвечаны ён 60-годдзю гэтага заслужанага аматарскага дзіцячага фальклорнага калектыву, які з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх конкурсаў і фестываляў.


Юбілейная праграма называецца «Следам за сонейкам». Будуць гукаць вясну, спяваць масленічныя песні, вадзіць купальскія карагоды, асобным блокам запланаваны дзіцячыя гульні і забавы. На канцэрт могуць трапіць усе ахвотныя — уваходны білет каштуе ўсяго пяць рублёў. Хто ведае, можа, паглядзеўшы на таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак у беларускіх строях, вы таксама захочаце аддаць у ансамбль сваіх беларусікаў?

Напярэдадні юбілейнага канцэрта мы пацікавіліся ў кіраўніка калектыву Алы Навіцкай, як можна трапіць у шэрагі «Зорачкі»? І чаму бацькам варта звярнуць увагу менавіта на заняткі фальклорам?

— «Зорачка» — першы ў нашай краіне дзіцячы ансамбль, які на прафесійнай аснове звярнуўся да традыцыйных народных гульняў і абрадаў, да этнаграфіі, да фальклору ў цэлым, — кажа Ала Навіцкая. — Лічу, што кожны беларус павінен ведаць традыцыі сваёй краіны, разумець, для чаго яны былі створаны. Дзеткі, якія да нас прыходзяць, вучацца любіць і разумець прыроду. Гэта любоў прывіваецца праз абрады (для кожнай пары года характэрныя свае), гульні, забавы, пацешкі. Фальклор — гэта цудоўны сродак выхавання — і эстэтычнага, і фізічнага, і псіхалагічнага, — гэта перадача вопыту, мудрасці нашых продкаў. У нашым ансамблі дзецям прывіваюцца такія рысы, як акуратнасць, цярпенне, сабранасць. Яны вучацца адказваць за свае ўчынкі, узаемадзейнічаць у камандзе. Нашы хлопчыкі ніколі не дазволяць сабе прыйсці на рэпетыцыю ў брудных шкарпэтках ці непрычасанымі, бо ім самім будзе сорамна перад дзяўчынкамі. У «Зорачцы» аб’яднаны ў адно харэаграфія, вакал, аркестр, таму тут адбываецца гарманічнае выхаванне — і музычнае, і рытмічнае, і разумовае. У нас усе тэксты песень на беларускай мове, таму дзіця адначасова вывучае родную мову і пашырае кругагляд. 

Удзельнікам ансамбля — ад чатырох да 32 гадоў. Сярод іх ёсць нават унукі першых выпускнікоў. Ёсць сямейныя пары, якія ўтварыліся ў ансамблі, і яны потым таксама прыводзяць сюды сваіх дзетак. У нашым калектыве шмат брацікаў і сястрычак са шматдзетных сем’яў. 

Маленькіх дзетак стараемся адразу зацікавіць. Для гэтага ёсць і гуселькі, і шумавыя музычныя інструменты. Урок будуем на аснове фальклорных гульняў. Акрамя таго, у нас шмат паездак, часта наведваем розныя краіны з гастролямі. Такім чынам, дзеці пазнаюць не толькі свой фальклор, але і традыцыйную культуру іншых народаў.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.