Вы тут

Бунцэвіч: Спектаклі Жугжды заўсёды адрозніваюцца высокім ўзроўнем


Упершыню пасля кавіднага перыяда на папулярным міжнародным маладзёжным тэатральным форуме аднавілася традыцыя абмеркавання спектакляў. І гэтыя круглыя сталы карыстаюцца ў аматараў тэатра не меншай цікавасцю, чым самі пастаноўкі, бо дзе яшчэ можна пачуць настолькі цікавыя і разнастайныя разважанні аб сучасных тэндэнцыях і плынах, як не падчас такіх бясед? У саставе сёлетніх экспертаў выступаюць музычна-тэатральны крытык Надзея Бунцэвіч, доктар мастацтвазнаўства Вераніка Ярмалінская, расійскі драматург і рэжысёр Мікалай Каляда, расійскі літаратурны і тэатральны крытык Капіталіна Какшанёва і іншыя. Па выніках форума журы назаве лепшы спектакль «М@rt.кантакта-23» , пакуль тэатразнаўцы ацэньваюць моцныя і слабыя бакі пастановак.


Сёння, напрыклад, гаворка ішла пра спектаклі другога дня форума — «Кароль Лір» тэатра-студыі «Невялікі драматычны тэатр» з Санкт-Пецярбурга і «Локіс» Гродзенскага абласнога тэатра лялек. 

Тэатр з Піцера ўжо не ўпершыню прыязджае на фестываль і заўсёды на яго спектаклях поўны аншлаг. «Кароль Лір» не стаў выключэннем. Пастаноўкі культавага рэжысёра Льва Эрэнбурга заўсёды выклікаюць шмат эмоцый і ўражваюць сваёй натуралістычнасцю. Жанр «Караля Ліра» рэжысёр наогул вызначае як «крывавая клаўнада». Яго пастаноўка працягвалася аж пяць гадоў. Як удакладняе стваральнік, ён наогул спектаклі меней года не ставіць. «Кароль Лір» — першая пастаноўка Шэкспіра ў рэпертуары НДТ і зроблена яна ў стылі першых спектакляў тэатра — у вострым жанры трагіфарса, гіньоля, гратэска. 

Меркаванні крытыкаў падзяліліся на поўнае адмаўленне да поўнага прызнання. Напрыклад, Капіталіна Какшанёва назвала пастаноўку «Шэкспірам па-за культурай» і станоўча ацаніла толькі ролю блазана (актрыса Таццяна Рабаконь). «Усё астатняе — балаган», — падсумавала яна. Балгарская актрыса Невена Міцева, якую гледачы ўбачаць у спектаклі балгарскага тэатра «Сляза і смех» — «Агнес, жонка Уіла» (пастаноўка пра Шэкспіра, прычым з пункту гледжання яго жонкі Агнес) наадварот у захапленні ад убачанага. «Вельмі цікавы спектакль, якраз пра тое, што зараз у свеце адбываецца, — падкрэсліла яна. — І кожны ў ім на сваім месцы».

Леў Эрэнбург прызнаўся, што яму было цікава пачуць заўвагі крытыкаў. «Я вельмі крануты, усё было вельмі шчыра, — сказаў ён. — Калі кажуць пра тое, што ў тэатры нельга, а што можна, мяне гэта толькі раздражняе. Галоўнае не гэта, а тое, для чаго гэта робіцца — матыў. Аднак сёння прагучалі вельмі тонкія заўвагі і я іх абавязкова ўлічу». 

Больш салідарнымі тэатразнаўцы былі наконт спектакля гродзенскага тэатра — «Локіс» вядомага беларускага рэжысёра Алега Жугжды. За аснову ўзятая ліцвінская легенда пра мядзведзяў-перакрутаў. 

Надзея Бунцэвіч заўважыла, што спектаклі гэтага рэжысёра заўсёды адрозніваюцца высокім ўзроўнем. Наогул, гродзенскі тэатр ляляк адзін з мацнейшых у плане рэжысёрскай работы, эстэтыкі. І «Локіс» не выключэнне. У ім закладзена глыбокая думка. Гледачу прапануецца разабрацца — містычны сюжэт або рацыянальны. На думку крытыка, спектакль пачынаецца з містыкі, а фінал яго — рацыянальны. Гераіню забілі, грошы падзялілі — у гэты момант і адбылося тое самае пераўтварэнне ў звера. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.