Вы тут

Пярцоў: Вельмі сімвалічна, што наша ХХХ юбілейная выстаўка адкрываецца ў дзень, калі мы згадваем ахвяр Хатыні


У сталіцы адкрылася ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, якая сёлета сабрала прадстаўнікоў кніжнай індустрыі з дзясяткаў краін свету. На працягу пяці дзён кніжны форум будзе пляцоўкай для прэзентацыі выдавецкіх дасягненняў, сустрэч з прадстаўнікамі творчых, інтэлектуальных колаў, для якіх кніга і яе слова былі і застаюцца каштоўнасцю.


Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця прывітальнае слова ад кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі агучыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў. «Праслаўляючы шматвекавыя традыцыі беларускага кнігадрукавання і асветніцтва, форум атрымаў прызнанне прафесіяналаў кніжнага свету, стаў унікальнай дыялогавай пляцоўкай для гуманітарнага і культурнага развіцця. Ва ўмовах глабальнай дэвальвацыі паняццяў ісціны, дабра і справядлівасці, забароны і апаганьвання сусветнай літаратурнай класікі Мінская кніжная выстаўка садзейнічае павышэнню ролі кнігі ў фарміраванні патрыятычных каштоўнасцяў у грамадстве, умацаванню дружбы паміж народамі на аснове творчасці і ўзаемаразумення», — гаворыцца ў прывітанні. Прэзідэнт таксама выказаў удзячнасць арганізатарам, сябрам з блізкага і далёкага замежжа, а таксама ўсім, хто робіць форум змястоўным, напаўняючы яго новымі ідэямі і сэнсамі.

Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў засяродзіў увагу прысутных на тым, што кніга сёння з’яўляецца сродкам памяці і праўды:

— Вельмі сімвалічна, што наша ХХХ юбілейная выстаўка адкрываецца ў дзень, калі мы згадваем ахвяр Хатыні і іншых трагічна спаленых вёсак Беларусі. Мы не маглі абысці гэтую дату, і ў гэты дзень мы падкрэсліваем ролю і месца кнігі, якая нароўні з помнікамі, абеліскамі і музеямі з’яўляецца аб’ектам памяці, з’яўляецца тым сродкам, які нясе гістарычную памяць і захоўвае гістарычную праўду.

З нагоды такога сімвалічнага супадзення — старт кніжнай выстаўцы-кірмашу быў дадзены ў Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі, — гэтая тэма гучала ў выступленнях прысутных гасцей. Так, спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой сказаў пра вялікую ролю літаратуры і яе прадстаўнікоў у захаванні агульнай памяці:

— Я думаю, што кожны з прысутных сёння будзе гаварыць пра Хатынь. І гэта зразумела, таму што не думаць пра гэта і не перажываць кожны раз было б проста здрадай нашай памяці, і тым, хто загінуў, і тым, хто ў 1945 годзе вярнуўся з вайны пераможцам. І гэтая памяць аб’яднала нас назаўсёды ў самым лепшым і высакародным сэнсе слова. Вайна — час, калі адкрываецца ў чалавеку самае высокае і самае нізкае. І высокае перамагло. І я кажу пра гэта таму, што мы сёння адкрываем цудоўную выстаўку-кірмаш у дзень памяці загінулых. Кнігі дапамагаюць пераадолець страх перад жыццём і перад смерцю, дапамагаюць ствараць жыццё, як было заўсёды ў беларускай, у рускай і ўвогуле ў вялікай літаратуры. Я меў шчасце быць знаёмым з многімі беларускімі пісьменнікамі і ведаю, што беларусы заўсёды разумелі, што атрымалі ў спадчыну. Сёння вельмі складаны перыяд у жыцці нашых краін і свету, бо ўсё будуецца наноў. Але менавіта ў гэты момант трэба быць людзьмі. І гэта, можа, самае складанае, чаму вучаць кнігі. І думаю, што гэтая выстаўка стане сімвалам таго, што ў нас не толькі агульнае мінулае, але і агульная будучыня.

У сваю чаргу, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч спыніўся на тым, што кніга заўсёды дапамагае не толькі адкрываць і спазнаваць новае, але і ўплывае на фарміраванне асобы кожнага чытача:

— Пра Хатынь напісаны многія кнігі, і ўсе яны маюць розныя назвы. Калі толькі быў створаны мемарыяльны комплекс «Хатынь», масавым шматмільённым тыражом у выдавецтве Савецкага Саюза «Политиздат» выйшла кніга беларускага партызана, франтавіка Антона Бялевіча «Хатынь: боль і гнеў». Мабыць, у мінулыя гады ў мастацкай літаратуры кнігам у самых розных відах і жанрах не хапала вось гэтага гневу і болі. Сёння няпросты час не толькі для Расійскай Федэрацыі, але і для Беларусі, якая, запрашаючы Расію ў якасці ганаровага госця гэтай выстаўкі, гаворыць пра сваю пазіцыю. Сёння няпросты час і таму, што многія быццам бы літаратурныя адкрыцці забылі пра самыя важныя маральныя катэгорыі. І, мабыць, калі мы не згадаем гэтыя катэгорыі, адкрываючы кнігу, даючы ацэнку напісанаму на яе старонках, то мы застанёмся ў мінулых і не самых лепшых часах. Каб ісці далей, ствараць новае, каб развіваць гуманістычныя традыцыі ў літаратуры, трэба жыць мастацтвам любові да кнігі. І я хацеў бы пажадаць усім, хто прыйшоў на кніжную выстаўку, хто наведае яе ў дні яе работы, каб была любоў да чытання і мастацтва любові да кнігі.

Адлік кніжнаму святу даў запуск механічнай энцыклапедыі, дзе знайшлі адлюстраванне найважнейшыя даты выдавецкай дзейнасці ў нашай краіне, а таксама звесткі пра выдатных прадстаўнікоў беларускага кнігавыдавецтва. Ключавой ідэйнай лініяй выстаўкі-кірмашу стане Год міру і стваральнай працы. І на нацыянальным стэндзе, які дэманструе гасцям і наведвальнікам сучасныя тэндэнцыі кніжнай індустрыі, можна ў тым пераканацца. Тым больш што кніга ў сучасным свеце — не проста папяровы носьбіт інфармацыі, яна мае розныя фарматы свайго ўвасаблення, каб гарантавана трапіць у поле зроку чытача.

Так, напрыклад, летась «Белкніга» сумесна з Міністэрствам інфармацыі распрацавала і запусціла першы мабільны дадатак «Чытанка», які дае магчымасць праслухоўваць любімыя кнігі. Да сённяшняга дня ў каталогу выдання змяшчалася больш за 100 кніг, а ў дзень адкрыцця арганізатары выстаўкі пры падтрымцы Белтэлерадыёкампаніі зладзілі кнігалюбам падарунак — папаўненне аўдыёбібліятэкі вялікім блокам новых твораў.

За гады правядзення выстаўку наведалі сотні тысяч аматараў кнігі. Яна традыцыйна збірае разам пісьменнікаў, выдаўцоў і прадстаўнікоў кнігагандлю з краін блізкага і далёкага замежжа. У розныя гады ганаровымі гасцямі былі Сербія, Кітай, Францыя, Вялікабрытанія, Казахстан, Арменія і шмат іншых. Сёлета ганаровым госцем стала Расійская Федэрацыя. На стэндзе «Кнігі з Расіі» свае выданні прэзентуюць 14 выдавецтваў. У прыватнасці, асноўнай падзеяй стане прэзентацыя праекта «Сучасная літаратура краін СНД». Гэты праект накіраваны на ўмацаванне культурных і гуманітарных сувязяў паміж краінамі. У Мінску прадставяць тры тамы анталогіі: «Сучасная літаратура краін СНД. Проза», «Сучасная дзіцячая літаратура краін СНД» і «Сучасная літаратура краін СНД. Паэзія». Прэзентуюць таксама і анталогіі-білінгвы. Акрамя таго, яшчэ 120 расійскіх выдавецтваў прадставяць свае кнігі для продажу і экспазіцый.

— Я ўдзячны Беларусі за тое, што сёння на юбілейнай выстаўцы Расія з’яўляецца ганаровым госцем. І я думаю, што кніга сёння вельмі важная, асабліва ў наш няпросты час, як пачатак, які яднае, — сказаў прэзідэнт Расійскага кніжнага саюза Сяргей Сцяпашын. — Чалавек, які не чытае і не ведае гісторыі, можа ператварыцца ў што заўгодна, як тое адбылося ў Хатыні. Я вельмі рады, што Расія сёння прадстаўлена нашымі пісьменнікамі, цудоўнымі кнігамі. Мы разам былі і будзем, бо, як кажа руская прымаўка, сябры пазнаюцца ў бядзе.

Нагадаем, што асноўныя мерапрыемствы выстаўкі-кірмашу пройдуць на цэнтральнай сцэне Нацыянальнага стэнда. Менавіта там на працягу ўсіх пяці выставачных дзён адбудуцца асноўныя мерапрыемствы, прэзентацыі кніжных праектаў.

Сёння, 23 сакавіка, пройдзе адкрыццё «Міжнароднага квартала», які ўпершыню пачынае сваю работу на выстаўцы-кірмашы. На ім будзе прадстаўлена падборка замежнай літаратуры пры садзейнічанні дыппрадстаўніцтваў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь. Таксама сёлета будзе арганізавана работа і «Адукацыйнага квартала», але з удзелам больш шырокага кола аўтараў вучэбнай літаратуры і выдаўцоў сістэмы Міністэрства адукацыі.

А 24 сакавіка свае кніжныя радыёпраекты прадставіць канал «Культура» Белтэлерадыёкампаніі. Таксама ў гэты ж дзень стануць вядомыя імёны пераможцаў 62-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Фінал ІІІ літаратурнага стартапу LіtUP, які дае магчымасць літаратарам атрымаць падтрымку ў выданні сваёй творчасці, адбудзецца 25 сакавіка. Будуць прэзентаваны кнігі пераможцаў і папярэдніх гадоў. Больш падрабязную праграму шукайце на сайце Міністэрства інфармацыі, каб дакладна трапіць на сустрэчу з любімымі кнігамі і іх аўтарамі.

Алена ДРАПКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Харчовая бяспека. Чым накормяць нас фермеры?

Харчовая бяспека. Чым накормяць нас фермеры?

Сельская гаспадарка — прыярытэтны кірунак сярод галін эканомікі.