Вы тут

26 сакавіка спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння Аляксея Пятрэнкі


У нядзелю 26 сакавіка спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння акцёра тэатра і кіно, народнага артыста РСФСР Аляксея Пятрэнкі. І з гэтай нагоды 25 і 26 сакавіка ў эфіры сацыякультурнага тэлеканала глядзіце фільм «Жорсткі раманс» (1984 г.), у якім зняўся не толькі юбіляр, але і Мікіта Міхалкоў, Ларыса Гузеева, Аліса Фрэйндліх, Андрэй Мягкоў.


Лічыцца, што рэжысёр Эльдар Разанаў, здымаючы кінастужку (па п'есе Аляксандра Астроўскага «Беспасажніца»), зрабіў спробу выйсці за межы камедыйнага жанру. Любоў да яе гледачоў можна растлумачыць тым, што класічны сюжэт і добрая ігра акцёраў пераконваюць, вымушаюць думаць і эмацыянальна адгукацца на ўбачанае. Але ці многія з нас ведаюць, што карціна магла і не з'явіцца, альбо пра тое, якія цуды здараліся на здымачнай пляцоўцы і як увогуле пісалася гісторыя экранізацыі вялікай класікі?

Першапачаткова Разанаў не збіраўся брацца за ўвасабленне п'есы Астроўскага, бо меў на прыкмеце шмат іншых праектаў, але тыя ўсё адкладваліся з нейкіх прычын. І калі Эльдара Аляксандравіча ўсё ж пераканалі прачытаць твор, пасля ён прызнаваўся: уражанне ад напісанага было настолькі моцным, што было адчуванне, быццам гэта першае яго знаёмства з сюжэтам «Беспасажніцы».

Калі пачалася работа над будучым фільмам, рэжысёр адразу вызначыўся з тым, што на ролі Паратава і Карандышава хоча бачыць толькі Міхалкова і Мягкова, а вось выканаўцу галоўнай жаночай ролі шукалі праз кастынг, дзе ў выніку яе атрымала Ларыса Гузеева. Хоць, як потым успамінала артыстка, яна была поўнай супрацьлегласцю сваёй экраннай гераіні, бо курыла і на кастынг увогуле прыйшла ў падраных джынсах.

Трэба згадаць, што экранізацыя Эльдара Разанава стала ўжо трэцяй работай, у аснову якой быў пакладзены класічны твор Астроўскага. Спачатку была версія рэжысёра Кая Ганзена ў 1912 годзе. А ў 1936 годзе на экраны выйшла «Беспасажніца» Якава Пратазанава, і фільм назвалі проста саладжава-сентыментальнай гісторыяй нешчаслівага кахання.

Сам Разанаў пазней успамінаў: «Гісторыю пра беспасажніцу я адчуў як сумную песню, як сумны раманс, як драматычную рэч, напоўненую музыкай...» Таму і ў самім фільме столькі рамансаў. Прычым зыходныя рэжысёр замяніў на вершы любімых паэтэс Ахмадулінай і Цвятаевай, а «Я словно бабочка к огню» і ўвогуле напісаў сам. Знайшлося ў карціне месца і для паэтычнага пераўвасаблення «Цыганской дороги», якую мы чуем ужо як «Мохнатый шмель».

На здымках было шмат усялякіх гісторый і нават выпадкаў, калі акцёры аказваліся на мяжы жыцця і смерці. Так, ледзь не загінуў на здымачнай пляцоўцы Андрэй Мягкоў. У сцэне, дзе яму патрэбна было падплываць блізка да парахода, акцёр трапіў у вір, які стварылі лопасці рухавіка. Дзякуй богу, усё абышлося і праз некалькі хвілін артыст вынырнуў.

Пасля выхаду «Жорсткага раманса» крытыкі таксама не стрымлівалі сябе і пісалі абураныя рэцэнзіі, але знайшліся і тыя, хто падтрымаў стваральнікаў кінафільма. У прыватнасці, актрыса Ніна Алісава (выконвала ролю Ларысы ў папярэдняй экранізацыі) напісала ў «Літаратурнай газеце»: «Жорсткі раманс» узнімае гісторыю Ларысы-беспасажніцы да трагедыі, і гэта галоўная перамога ўсяго творчага калектыву. Даўно я не адчувала такога моцнага ўражання ад мастацкага твора». І аўдыторыя гледачоў палюбіла кінастужку. Яе паглядзелі 22 мільёны чалавек, а паводле часопіса «Савецкі экран» яна ўвогуле стала найлепшым фільмам года.


Цытаты з «Жорсткага раманса»:

1. «Самой бы хто падаў».

2. «Забараняйце, калі права будзеце мець. А пакуль яшчэ пачакайце».

3. — Ён мае адну перавагу. — Няшмат. — Але дарагую. — Якую ж? — Ён мяне кахае.

4. — Дарагі брыльянт дарагой агранкі патрабуе. — І добрага майстра.

5. «У кожнага свой густ: адзін любіць кавун, а іншы — свіны храсток».

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Класіка на матыў раманса

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.