Вы тут

Беларускія і расійскія парламентарыі пра развіццё саюзных праграм


Гэты год стане вызначальным у рэалізацыі маштабных праектаў па стварэнні агульных беларуска-расійскіх энергарынкаў. Саюзная праграма прадугледжвае, што аб’яднаны рынак электраэнергіі запрацуе з 1 студзеня 2024-га і энергія з БелАЭС (выпрацавана ўжо амаль 13 млрд кВт•г) будзе пастаўляцца на расійскі рынак, а з 2027-га адбудзецца больш глыбокая інтэграцыя. Больш за палову мерапрыемстваў саюзных праграм у сферы энергетыкі ўжо выканана, а далейшае атамнае супрацоўніцтва дзвюх краін будзе пашырана не толькі пытаннямі эксплуатацыі БелАЭС і абыходжання з радыеактыўнымі адходамі, але і новымі напрамкамі. Энергетычнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў межах Саюзнай дзяржавы абмеркавалі падчас рабочага візіту дэлегацыі дэпутатаў Дзярждумы Расіі з беларускімі калегамі з Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і Міністэрства энергетыкі Беларусі.


Двухбаковая выгада і стратэгія

Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў эканоміцы і энергетыцы мае стратэгічны характар і пашыраецца па ўсіх напрамках, тым самым дазваляючы эфектыўна супрацьстаяць знешняму ціску, мяркуе міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч:

— Яшчэ напрыканцы мінулага года прэзідэнты Беларусі і Расіі пацвердзілі курс на далейшае пашырэнне інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы, у тым ліку і ў энергетычнай галіне. Дасягнутыя дамоўленасці аб цэнавых умовах паставак у Беларусь расійскага газу на тры гады, абазначаны прыярытэты рэалізацыі саюзных праграм па стварэнні аб’яднаных рынкаў энергарэсурсаў. Створана неабходная нарматыўна-прававая база для актыўнага развіцця і паглыблення інтэграцыйных працэсаў у энергетыцы, сінхранізавана работа энергасістэм, рэалізаваны важныя сумесныя праекты, найбуйнейшы з якіх — будаўніцтва БелАЭС. Летась напрыканцы вясны ўступіла ў сілу міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне транспарціроўкі ядзерных матэрыялаў, а ўвосень падпісана міжурадавае пагадненне па абыходжанні з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС. Паліўна-энергетычны комплекс Саюзнай дзяржавы працуе стабільна і забяспечвае дынамічнае развіццё нацыянальных эканомік.

Палова галіновых праграм паміж нашымі дзяржавамі ўжо выканана, а па ўзаемадзеянні ў атамнай сферы бакі плануюць выйсці на больш высокі ўзровень супрацоўніцтва. Краіны рухаюцца на шляху вырашэння пытанняў аб стварэнні аб’яднаных рынкаў газу і электраэнергіі. Ужо адпрацаваны на міжведамасным узроўні і зараз праходзяць унутрыдзяржаўныя працэдуры ўзгаднення праекты асноватворных дакументаў — міждзяржаўнага дагавора аб фарміраванні аб’яднанага рынку электраэнергіі, а таксама правіл яго функцыянавання. У стадыі адпрацоўкі — адзіныя прынцыпы функцыянавання і рэгулявання аб’яднанага рынку газу.

— Для нас важна, каб гэтыя дакументы не проста забяспечылі будучае развіццё агульных рынкаў энергарэсурсаў, парадак нашай сумеснай работы, але і збліжэнне ўмоў для суб’ектаў гаспадарання дзвюх краін. Гэта прынцыповая пазіцыя беларускага боку, — адзначыў Віктар Каранкевіч.

Ён дадаў, што разлічвае на падтрымку парламентарыяў у справе прасоўвання саюзных праграм у частцы выпрацоўкі прапаноў па імплементацыі прынятых саюзных рашэнняў у нацыянальныя і ведамасныя праграмы, а таксама ў частцы далейшага ўдасканальвання заканадаўчай базы, стварэння камфортных эканоміка-прававых умоў для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў электраэнергетыцы і газавай галіне.

— Энергетыка — адна з найважнейшых сфер эканамічнага супрацоўніцтва нашых краін, а адносіны стратэгічнага партнёрства правераны часам, — перакананы Павел Завальны, старшыня камітэта Дзярждумы па энергетыцы. — Знешні ціск на Расію і Беларусь стварае не толькі цяжкасці, але і магчымасці, у тым ліку для ўмацавання нашага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах энергетыкі.

Газавая гарманізацыя

Падчас сустрэчы парламентарыі Беларусі і Расіі абмеркавалі пытанні, датычныя магчымых правіл фарміравання агульнага рынку газу, мэтазгоднасці ўвязвання тэрмінаў запуску рынкаў электраэнергіі і газу паміж сабой, а таксама спецыфічных пытанняў нацыянальнага энергетычнага рэгулявання абедзвюх дзяржаў. Бакі перакананы, што неабходны адзіныя падыходы і паглыбленне інтэграцыі, якія павінны паляпшаць умовы гаспадарання для эканамічных суб’ектаў абедзвюх краін і садзейнічаць развіццю эфектыўнай канкурэнцыі ў роўных умовах. А мадэлі, якія будуць распрацаваны ў межах Саюзнай дзяржавы, могуць стаць узорам для эканамічнай інтэграцыі ў ЕАЭС.

Датычна саюзнай праграмы па фарміраванні аб’яднанага рынку газу пакуль існуюць рознагалоссі адносна доступу да спажыўцоў, тарыфаў на транспарціроўку і цэнаўтварэнне. Аднак парламентарыі дзвюх краін спадзяюцца, што дасягнуць паразумення.

— Прамыя міжпарламенцкія кантакты, адкрыты і канструктыўны дыялог па самых складаных пытаннях дазволяць зблізіць пазіцыі і ў найбліжэйшыя два гады завяршыць нарматыўную падрыхтоўку стварэння адзінага рынку энергарэсурсаў Саюзнай дзяржавы, а таксама агульнага рынку энергарэсурсаў ЕАЭС, у які ўваходзяць нашы дзяржавы, — упэўнены Павел Завальны. — Работа па збліжэнні пазіцый планамерна вядзецца на міжміністэрскім узроўні, а прамыя міжпарламенцкія кантакты таксама з’яўляюцца эфектыўным інструментам, каб зняць супярэчнасці. Камітэт Дзярждумы па энергетыцы гатовы актыўна працаваць у гэтым кірунку.

Беларускі бок згодны, што краінам трэба знайсці развязкі па шэрагу пытанняў і завяршыць асноўную работу над пакетам міжурадавых пагадненняў у газавай сферы.

— Хаця асноўныя дакументы па агульным рынку электраэнергіі ўзгоднены, аднак паўнавартасна працаваць гэты рынак зможа толькі тады, калі будуць зразумелымі правілы функцыянавання агульнага рынку газу з улікам долі газу ў генерацыі электраэнергіі ў Беларусі, — лічыць Аляксей Кушнарэнка, старшыня камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па энергетыцы і транспарце. — Важна дасягнуць дамоўленасцяў дзвюх дзяржаў па пытанні цаны на газ для Беларусі на 2023–2025 гады, паколькі гэта стварае зразумелыя ўмовы гаспадарання для беларускіх спажыўцоў на тры гады наперад.

Неэнергетычнае супрацоўніцтва і атамнае імпартазамяшчэнне

Саюзная праграма па развіцці атамнай энергетыкі ў частцы сінхранізацыі прававых пытанняў уводу ў эксплуатацыю ядзерных аб’ектаў завершана, аднак яна застаецца ў фокусе ўвагі камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па энергетыцы і транспарце, гэтаксама як і тры саюзныя праграмы па фарміраванні агульных рынкаў энергарэсурсаў і дзве праграмы транспартнай тэматыкі. Краіны гатовы актыўна супрацоўнічаць па неэнергетычных напрамках прымянення ядзерных тэхналогій. Гэта лічбавыя тэхналогіі, назапашвальныя сістэмы для энергетыкі і электратранспарту, даследаванні ў галіне радыебіялогіі.

— Акрамя непасрэдна атамнай галіны, будуць развівацца і іншыя напрамкі супрацоўніцтва з дзяржкарпарацыяй «Расатам»: у медыцыне, навуцы, сельскай гаспадарцы, — падкрэсліў Міхаіл Міхадзюк, намеснік міністра энергетыкі Беларусі. — Беларускі бок плённа супрацоўнічае з расійскімі калегамі па пытаннях бяспечнай эксплуатацыі АЭС і абыходжання з адходамі ядзернага паліва.

Расія гатовая падзяліцца з Беларуссю сваімі апошнімі напрацоўкамі ў сферах новых матэрыялаў і тэхналогій, энергетычнага машынабудаўніцтва, ветраэнергетыкі, штучнага інтэлекту, ядзернай медыцыны і іншых у інтарэсах развіцця інтэграцыйных працэсаў дзвюх краін, пагадзіўся Павел Завальны:

— Адзін з магчымых напрамкаў узаемадзеяння — пашырэнне прымянення газаматорнага паліва, стварэнне грузавога, пасажырскага, воднага транспарту на прыродным газе і ўдзел прамысловасці Беларусі ў паскораным імпартазамяшчэнні ва ўсіх галінах энергетыкі Расіі.

Наведваючы Беларускую АЭС, парламентарыі дамовіліся аб супрацоўніцтве ў сферы імпартазамяшчэння ў атамнай энергетыцы. Зараз абодва бакі ўжо прапрацоўваюць дакладныя сферы ўзаемадзеяння, а Дзяржкарпарацыя «Расатам» стварае новы дывізіён — фізічнай інфраструктуры, расказаў намеснік старшыні камітэта Дзярждумы Расіі па прамысловасці і гандлі Генадзь Скляр:

— Ва ўмовах санкцый мы знойдзем магчымасць, каб праекты АЭС былі забяспечаны ўсёй лінейкай абсталявання. Ад кампанентаў мікраэлектронікі, якія ствараюцца ў Беарусі, да відаў абсталявання, прылад, якія ўжо вырабляюцца ці могуць стварацца ў Расіі, мы атрымаем сучасную эфектыўную сістэму кіравання гэтымі складанымі аб’ектамі.

Удзельнікі сустрэчы адзначылі важнасць завяршэння ў найбліжэйшыя два гады нарматыўнай падрыхтоўкі стварэння адзінага рынку энергарэсурсаў Саюзнай дзяржавы, а таксама агульнага рынку энергарэсурсаў ЕАЭС, куды ўваходзяць абедзве краіны.

Ірына СІДАРОК

Фота дадзена камітэтам па энергетыцы Дзярждумы Федэральнага сходу Расіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вышыня 215 на калгасным полі. Для жыхароў вёсак вахты памяці — шанц даведацца больш

Вышыня 215 на калгасным полі. Для жыхароў вёсак вахты памяці — шанц даведацца больш

Пошукавікі нярэдка звяртаюцца па дапамогу да насельніцтва.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.