Вы тут

«Беларусьфільм» здыме экранізацыю рамана Караткевіча


Уладзімір Караткевіч належыць да тых рэдкіх аўтараў, чые творы хутка ператвараюцца не проста ў класіку, а ў невычэрпную навуку для ўсіх пакаленняў. Таму кожная новая генерацыя беларусаў спрабуе сваім уласным прачытаннем знайсці адказ на пытанні, якія ставіць час. Пацвяржэннем гэтага стала навіна аб пачатку работы над фільмам «Чорны замак» па матывах знакамітага твора.


Руіны Гальшанскага замка

Навіна аб экранізацыі кнігі «Чорны замак Альшанскі» з’явілася 14 сакавіка ў тэлеэфіры канала «Беларусь-1». Рыхтуе фільм Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм». Распачаць здымачны працэс плануюць пасля абароны праекта і сцэнарнага плана ўжо ў красавіку гэтага года. 

Сцэнарый па кнізе Уладзіміра Караткевіча быў напісаны прадзюсарам і сцэнарыстам Глебам Шпрыгавым («У чэрвені 1941», «Апошні браняпоезд», «На безымяннай вышыні»). Правы на кнігу студыя выкупіла больш за 10 гадоў таму ў пляменніцы знакамітага пісьменніка. Па словах Уладзіміра Карачэўскага, генеральнага дырэктара кінастудыі, праекту неабходна было даспець. У рэжысёрскім крэсле — расіянін Кірыл Кузін («Сергій супраць нячысцікаў», «Шаснаццаць +», «Клуб»). 

Натурныя здымкі будуць праходзіць на тэрыторыі Беларусі. Сам аўтар звяртаў увагу, што архітэктурным прататыпам у кнізе стаў Гальшанскі замак — рэзідэнцыя старажытнага роду Сапегаў у мястэчку Гальшаны ў Гродзенскай вобласці. Акрамя яго, у новым фільме абяцаюць паказаць і іншыя архітэктурныя помнікі нашай краіны. Так, былі згаданы касцёл Святой Веанікі ў вёсцы Селішча, сядзіба Чапскіх у Прылуках, Мірскі замак і іншыя. 

— Сёння мы можам аб’явіць, што праекту не проста быць — ён цяпер у рабоце. Фільм вельмі складаны ў плане пастановак, — адзначыў у размове з журналістамі тэлеканала Уладзімір Карачэўскі. — Акрамя таго, мы ўпершыню працуем з субсідыяй, гэта значыць, што выдзяляюцца грошы на канкрэтны фільм, даводзіцца афармляць вялікую колькасць дакументаў. У найбліжэйшы час прадставім экспертнаму савету тое, што напрацавалі. 

У хуткім часе будуць абвешчаны выканаўцы галоўных роляў, сярод якіх, верагодна, з’явяцца не толькі беларускія артысты, але і расійскія. Плануецца, што здымкі будуць завершаны ў ліпені бягучага года, а ўбачыць новую экранізацыю гледачы змогуць увесну 2024 года. 

Вокладка рамана

Раман «Чорны замак Альшанскі» Уладзімір Караткевіч напісаў у 1978 годзе. Піянер гістарычнага дэтэктыва стварыў зачаравальную, у пэўнай ступені містычную гісторыю, адным з герояў якой стаў сам замак. Менавіта ў сутарэннях старажытнага напаўразбуранага помніка архітэктуры захаваліся даўно схаваныя скарбы вядомага магнацкага роду Альшанскіх. 

Раман вельмі арганічна ўпісаўся ў шэраг твораў аўтара, у якіх ён падкрэслівае шляхетнасць беларусаў («Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда»). А шматгадовую інтэрпрэтацыю нашчадкаў забяспечылі адразу некалькі глыбінных пластоў (рамантычны, рэалістычны і нават мадэрнісцкі) апавядання, удала злучаныя пісьменнікам. 

Кадр з фільма «Чорны замак Альшанскі». 1984 г.

Новая экранізацыя ад «Беларусьфільма» стане другой спробай перанесці на экраны дэтэктыўную гісторыю. Першы фільм па рамане выйшаў у 1984 годзе, праз 6 гадоў пасля выдання «Чорнага замка Альшанскага». Натхніўся творам Уладзіміра Караткевіча рэжысёр, народны артыст БССР Міхаіл Пташук. Знакаміты беларускі кінематаграфіст, які, акрамя Караткевіча, экранізаваў творы В. Быкава, І. Шамякіна і іншых, стварыў двухсерыйны прыгодніцкі фільм. 

Як і ў кніжнай версіі, падзеі разгортваюцца адразу ў некалькіх часавых прамежках. XVII ст. — пачатак заняпаду роду Альшанскіх. Часы Вялікай Айчыннай вайны — жудасны і жорсткі час для ўсёй краіны, але не для апошняга атожылка знакамітага роду. Пасляваенны час — прыезд Антона Косміча да рэшткаў старажытнага замка. 

Тагачасныя крытыкі адзначалі нетыповую работу з музычным суправаджэннем. Беларускі кампазітар чылійскага паходжання Сяргей Картэс з дапамогай музычных сродкаў стварыў напружаную і змрочную атмасферу смяротна небяспечнага пошуку скарбаў. Карціна адметная і сваім шматнацыянальным складам. У здымках узялі ўдзел беларускія, літоўскія, украінскія і расійскія кінаакцёры. Ролю Антона Косміча выканаў расійскі акцёр Віктар Яўграфаў. Фільм быў зняты на рускай мове. 

Яна ЦЭГЛА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».