Вы тут

Хрэнін уручыў узнагароды ваенным медыкам за работу ў Сірыі


У Цэнтральным доме афіцэраў адбылася цырымонія ўшанавання ваеннаслужачых, якія выконвалі гуманітарную місію ў Сірыі


На працягу 30 дзён спецыялісты медыцынскага атрада спецыяльнага прызначэння 432-га галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра Узброеных Сіл аказвалі медыцынскую дапамогу сірыйскаму народу, які пацярпеў у выніку землятрусу. Як заўважыў на цырымоніі ўзнагароджання міністр абароны Віктар ХРЭНІН, усе гэтыя людзі — героі, сапраўдныя патрыёты нашай краіны, якія з гонарам выканалі задачу, пастаўленую кіраўніком дзяржавы.

Як расказаў начальнік медыцынскага атрада спецыяльнага прызначэння палкоўнік медыцынскай службы Андрэй ГУРЫНОВІЧ, аб тым, што ім трэба ляцець у Сірыю, медыкі ў пагонах даведаліся за тры дні да вылету. У гэтую краіну, якая пацярпела ад землятрусу, выехалі 45 чалавек. Сярод іх —урачы-спецыялісты хірургічных і тэрапеўтычных спецыяльнасцяў, анестэзіёлагі-рэаніматолагі, а таксама медыцынскія сёстры, вадзіцелі і спецыялісты вузкіх спецыяльнасцяў: электрыкі, сувязісты, якія былі неабходны для поўнага самастойнага забеспячэння беларускай дэлегацыі.

За час знаходжання ў Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы медыцынскія супрацоўнікі з Беларусі аказалі дапамогу больш як тром тысячам пацыентаў. Не адмаўлялі нікому, хто да іх звяртаўся. А звярталіся не толькі з траўмамі пасля землятрусу, а нават з хранічнымі захворваннямі.

Як прызнаўся Андрэй Гурыновіч, самая галоўная цяжкасць, з якой сутыкнуліся ў Сірыі беларусы, — моўны бар’ер. «Аднак дзякуючы сірыйскаму боку і нашаму перакладчыку, у нас усё атрымалася, — заўважыў ён. — Гэтая місія адрознівалася ад папярэдніх тым, што ў Сірыю выехаў медыцынскі атрад спецыяльнага прызначэння ў поўным складзе. У Ліване ў нас кожны год выязджалі асобныя прадстаўнікі медыцынскага атрада, хірургічная брыгада — два ўрачы і дзве медыцынскія сёстры. Тое, што больш за палову нашага медыцынскага персаналу прайшло праз місію Часовых сіл ААН у Ліване, нам вельмі спатрэбілася ў Сірыі. Ранейшыя зносіны з арабскім насельніцтвам, насельніцтвам Блізкага Усходу вельмі дапамаглі. Мы паспелі вывучыць іх менталітэт, культуру. У Ліване мы таксама аказвалі дапамогу грамадзянскаму насельніцтву, нічога новага для нас не было. Таму мы ехалі ў Сірыю ўжо дасведчанымі».

Нягледзячы на тое, што за час знаходжання ў Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы беларускіх медыкаў, фіксаваліся паўторныя штуршкі — землятрус быў магнітудай 4,5 бала — ніхто з медатрада не пацярпеў.

— У мяне сёння прыемная місія — ушаноўваць людзей самай гуманнай прафесіі, якія і ў мірны час выконваюць свае задачы, клапоцяцца і захоўваюць самае дарагое, што ёсць у нас — здароўе і жыццё, — звяртаючыся да ваеннаслужачых, якія прымалі ўдзел у гуманітарнай місіі ў Сірыі, адзначыў міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар ХРЭНІН. — Вельмі прыемна, што менавіта ваенныя людзі выконвалі місію, аказвалі дапамогу людзям, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю ў Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы. Вы на справе даказалі, што з’яўляецеся сапраўднымі патрыётамі нашай Радзімы, людзьмі, якія верныя воінскаму абавязку, нашай краіне і народу.

Як звярнуў увагу кіраўнік абароннага ведамства, у медыцынскага атрада, накіраванага ў Сірыю, была магчымасць на свае вочы пераканацца, у што можа пераўтварыцца краіна, якая трапляе пад уздзеянне агрэсіўнай палітыкі Злучаных Штатаў. «Горад Алепа (горад у Сірыі. — „Зв.“) некалі называўся горадам-казкай, — нагадаў Віктар Хрэнін. — Вы ўбачылі, у што пераўтварыўся горад у выніку грамадзянскай вайны. Вось да чаго нас падштурхоўвалі ў 2020-м годзе і працягваюць гэта рабіць цяпер. Нам ні ў якім разе нельга гэтага дапусціць!»

Начальнік аперацыйнага аддзялення медыцынскага атрада спецыяльнага прызначэння капітан медыцынскай службы Аліна ЕМЯЛЬЯНЕНКА падзялілася, што да камандзіроўкі ў Сірыю яна была ўжо падрыхтаваная. Толькі ў лютым вярнулася ў Беларусь пасля выканання місіі Часовых сіл ААН у Ліване. Літаральна праз некалькі дзён урач адправілася ў іншую арабскую рэспубліку. «Пацыенты звярталіся з рознымі паталогіямі, у тым ліку хірургічнымі, — расказала Аліна Емяльяненка. — Нямала было траўматалагічных пацыентаў, якія прыходзілі непасрэдна з траўмамі, атрыманымі ў выніку землятрусу. Вопыт, набыты ў Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы, — гэта новы вопыт для мяне: мы ехалі аказваць дапамогу пацыентам, якія пацярпелі пасля землятрусу, — амаль баявы вопыт. Місія ў Ліване была іншай».

У апошні раз там Аліна знаходзілася каля пяці месяцаў, першая місія ў Ліван доўжылася для жанчыны амаль год.

Адзіным беларускім журналістам, які асвятляў гуманітарную місію нашых медыкаў у Сірыі, быў намеснік начальніка 2-га карэспандэнцкага аддзела Ваеннага інфармацыйнага агенцтва «Ваяр» маёр Алег НЯКАЛА. Менавіта дзякуючы яму мы даведваліся, як медыкі з Беларусі дапамагаюць сірыйскаму народу. Той, у сваю чаргу, быў вельмі ўдзячны нам, у першую чаргу кіраўніку дзяржавы, за гэта. У той час як асноўныя сілы сусветнай супольнасці былі перакінуты на ліквідацыю наступстваў землятрусу ў Турцыі, менавіта Беларусь — адна з нямногіх краін, якая працягнула руку дапамогі і Сірыі.

Нягледзячы на тое, што за час сваёй службы ваеннаму карэспандэнту за межамі краіны ўдалося пабываць неаднойчы (падчас Міжнарожных армейскіх гульныў, вучэнняў), гэтую камандзіроўку Алег Някала не забудзе ніколі. Ён добра разумеў, што будзе небяспечна: прычым не толькі з пункту гледжання таго, што нядаўна ў Сірыі адбыўся землятрус, а яшчэ і таму, што дагэтуль краіна знаходзіцца ў стадыі грамадзянскай вайны. «Самі сірыйцы былі настроены да нас вельмі добразычліва, — адзначыў Алег Някала. — Калі мы выходзілі ў горад, спрабавалі нас нечым пачаставаць: беларусаў яны ўспрымалі як сваіх ратавальнікаў».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.