У Брэсце ўрачыста адкрылі выставу навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная. Рэгіёны». Асноўную экспазіцыю размясцілі ў лёгкаатлетычным манежы, машыны і механізмы паставілі ў лінейку на пляцоўцы перад уваходам у спартыўны комплекс.
Гэта выстава стала фінальным акордам шэсця па краіне экспазіцыі навуковых дасягненняў апошняга часу. Выстава стартавала ў сталіцы, дзе яе наведалі каля 100 тысяч чалавек, а потым з поспехам прайшла па абласных цэнтрах. У Брэсце форум таксама сабраў шмат гасцей і ўдзельнікаў.
— Брэстчына хоць і аграрны рэгіён, але не адстае ў колькасці навуковых і высокатэхналагічных ідэй і распрацовак, — сказаў, адкрываючы выставу, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА. — У нас створаны ўсе ўмовы, каб забяспечыць працэс распрацовак, а таксама іх выпрабавання і ўкаранення. На выставе шмат інавацый. Думаю, яна будзе цікавая моладзі, студэнтам, прадстаўнікам працоўных калектываў, — заўважыў губернатар.
Свае дасягненні дэманструюць на гэты раз больш за 150 прадпрыемстваў і ўстаноў краіны. Сярод іх — інавацыйныя распрацоўкі брэстаўчан. Напрыклад, кампанія «СтіМ» прадставіла самаходныя машыны для нанясення дарожнай разметкі, «Амкадор-Пінск» паказвае дарожную тэхніку. Асобны раздзел займаюць распрацоўкі рэзідэнтаў Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка. Свой навуковы патэнцыял дэманструюць усе чатыры ВНУ рэгіёна.
Намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Таццяна СТАЛЯРОВА звярнула ўвагу на тое, што рэгіён актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця:
— З 77 праектаў праграмы Брэсцкая вобласць рэалізуе 17, што дазваляе ёй прырастаць высокатэхналагічнымі вытворчасцямі, забяспечваць прымяненне інавацыйных тэхналогій у медыцыне, лёгкай прамысловасці, машынабудаўніцтве, іншых галінах.
Высока ацаніў навуковы патэнцыял Брэсцкай вобласці і намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Сяргей ЧЫЖЫК.
На выставе, дарэчы, можна набыць прадукцыю многіх беларускіх прадпрыемстваў. Яе праца прадоўжыцца да вечара 26 сакавіка. Уваход з 10.00 да 19.00 у памяшканне лёгкаатлетычнага манежа свабодны.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота БелТА
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.