Вы тут

Як развіваўся беларускі спорт у пачатку ХХ стагоддзя


Сёння спортам жыве, без перабольшвання, уся Беларусь. І гэта так звыкла, што, здаецца, любоў да спорту была ў беларусаў заўсёды. Магчыма, любоў і была заўсёды, але ўмовы — не. Сістэматычна спорт у нашай краіне пачаў развівацца толькі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Прычым развіццё ішло адначасова ў розных месцах. 


Віцебск «падарыў» краіне веласіпед. Менавіта ў гэтым горадзе ў 1870 годзе з’явіўся першы на тэрыторыі Беларусі веласіпед. Модная тэхнічная навінка прыцягнула ўвагу маладых буржуа. Кошт першых веласіпедаў быў даволі высокі, і таму дазволіць сабе тэхнічную навінку маглі толькі заможныя людзі. Адзін веласіпед каштаваў 120–150 рублёў (для параўнання: карову можна было набыць за 25). Першыя веласіпеды былі нязграбнымі, трохколавымі, цяжкімі, але, тым не менш, іх папулярнасць расла. У 1894 годзе ў Віцебску на веласіпедах каталася ўжо каля 70 чалавек. Было нават створана таварыства веласіпедыстаў-турыстаў. 

Паступова веласіпедысты з’яўляюцца і ў іншых буйных беларускіх гарадах. У гэты перыяд развіваецца яшчэ адзін від спорту — парусны. І зноў у Віцебску, дзе ў 1898 годзе быў адчынены першы яхт-клуб у Беларусі. Яго членамі сталі ўладальнікі спартыўных ветразевых суднаў. Праўда, іх спартыўная дзейнасць абмяжоўвалася катаннем пад ветразем у нядзелю. 

Рост цікавасці да катання на веласіпедзе прывёў да адкрыцця пракату не толькі ў Мінску, але і ў Магілёве і Віцебску. Гэта быў дастаткова выгадны праект: гадзіна язды на арандаваным веласіпедзе каштавала 25-60 капеек. Для параўнання: даход нябеднага служачага складаў 30-50 рублёў у месяц. Веласпорт рабіўся ўсё больш папулярным сярод шляхты. Дзяржаўны і грамадскі дзеяч граф Яўстафій Любанскі ў сваім мінскім маёнтку Лошыца прама перад ганкам цэнтральнай сядзібы зладзіў веласіпедны трэк, які выкарыстоўваўся падчас нядзельных спартыўных свят.

У Мінску ў 1892 годзе пад старшынствам генерал-губернатара князя Мікалая Трубяцкога была заснавана першая спартыўная арганізацыя ў Беларусі — Мінскае таварыства аматараў спорту. Яго членамі сталі дваране, буржуазія і гарадская інтэлігенцыя. Рабочых сярод іх не было, бо членскі ўзнос быў вышэйшы за сярэдні месячны даход. На сродкі таварыства ў Мінску былі пабудаваны купальня, спартыўная пляцоўка і веласіпедны трэк. Члены таварыства захапляліся папулярным у Еўропе тэнісам, каталіся на веласіпедзе, гулялі ў шахматы і кракет. 

Пасля рэвалюцыі 1905-1907 гадоў царскі ўрад звярнуў увагу на тое, што спорт адцягвае ўвагу працоўных, студэнтаў і салдат ад палітычнай барацьбы. Быў выпушчаны спецыяльны цыркуляр, які дазваляў адкрываць новыя спартыўныя аб’яднанні для «разумнага выкарыстання вольнага часу». Дзякуючы гэтаму і на беларускіх землях сталі актыўна развівацца фізічная культура і спорт. У Гомелі на чыгуначным вузле быў створаны спартыўны клуб «Ускраіна», дзе гулялі ў футбол і займаліся лёгкай атлетыкай. У 1911 годзе ў Гомелі з’явіліся першыя футбольныя каманды — «Вікторыя», «Унітас», «Стэла», «Надзея», было абсталявана футбольнае поле. Футбол стаў папулярнай гульнёй гараджан. У гэтым жа годзе ў Магілёве выйшлі з друку першыя правілы гульні ў футбол. Гэта гульня культывуецца ў Віцебску, Бабруйску, Барысаве. У 1914 годзе ў Мінску пачаў дзейнічаць футбольны клуб «Спартак». Пачынаюцца розыгрышы кубка і міжнародныя сустрэчы.

Расце папулярнасць і лёгкай атлетыкі. Гомельскі гурток «Спорт» у 1913 годзе правёў першыя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. У Магілёве, Віцебску, Бабруйску і Барысаве паспяхова дзейнічаюць клубы «Маяк» і «Волат» спартыўна-гімнастычнага напрамку. Гомельскі «Кружок аматараў спорту» культываваў французскую барацьбу. У Пінску і Віцебску праводзіліся трэніроўкі і спаборніцтвы па тэнісе. Пры Віцебскай гарадской бібліятэцы працаваў шахматны гурток. 

Але развіццё фізічнай культуры запаволілася з пачаткам Першай сусветнай вайны. А з-за рэвалюцыйных падзей 1917 года і зусім спынілася.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».