Традыцыйна штогод, пачынаючы з 1960-га, падводзяцца вынікі працы беларускіх выдаўцоў у рамках Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Арганізатарам яго выступае Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Конкурс дазваляе адсачыць тэндэнцыі развіцця беларускай кнігі, спрыяе павышэнню мастацкай і паліграфічнай культуры, садзейнічае развіццю канкурэнтаздольнасці выданняў айчынных выдавецтваў.
Перад ушанаваннем пераможцаў конкурсу, якое адбылося падчас ХХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша, член Расійскага кніжнага саюза, камерцыйны дырэктар выдавецтва «Рускі свет» Аляксандр Гарохаў перадаў у дар Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі «Анталогію рускай паэзіі». Акрамя таго, напрыканцы выстаўкі ў фонд Прэзідэнцкай бібліятэкі будуць перададзены каля 100 найменняў кніг выдавецтва «Рускі свет» і альбомы Маскоўскага палітэхнічнага ўніверсітэта.
У сёлетнім конкурсе «Мастацтва кнігі» ўзялі ўдзел больш за 30 дзяржаўных і прыватных выдавецтваў, якія прадставілі 144 выданні высокай мастацка-паліграфічнай якасці. А ацэньвала прадстаўленыя кнігі (працу выдаўцоў, паліграфістаў, мастакоў) аўтарытэтнае журы, у склад якога ўваходзілі вядомыя прадстаўнікі прафесійных колаў сферы культуры, мастацтва і дзяржаўных органаў.
— Мы з вамі робім агульную справу, бо гэты конкурс своеасаблівы. Яго сутнасць у ацэнцы аздаблення кнігі, — сказаў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. — Хацелася б, каб як чытачы, так і дзяржава радаваліся за нашу кнігу, за яе аздабленне і змест, напаўненне, бо кніга — гэта веды, думкі, якія дазваляюць канструктыўна будаваць нашу краіну.
Вышэйшая ўзнагарода Гран-пры ў намінацыі «Трыумф» на гэты раз прысуджана серыі кніг «Генацыд беларускага народа» і «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці», якія выйшлі ў выдавецтве «Беларусь». Знайшлі сваіх герояў таксама ўзнагароды і ў іншых намінацыях. У намінацыі «Беларусь помніць» (дзе прадстаўлялі лепшыя кнігі па гісторыі Беларусі) перамагло выдавецтва «Беларусь» з кнігамі «Героі Беларусі» і «За други своя. Герои и подвиги Беларуси». Сярод кніг, якія разглядалі ў намінацыі «Праўда памяці» дыплом пераможцы атрымала выданне «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» (выдавецтва «Адукацыя і выхаванне»). Адзначана ў гэтай намінацыі дыпломам І ступені і кніга «Адзінства непераможнага народа» Выдавецкага дома «Звязда».
Дыплом пераможцы наша выдавецтва атрымала таксама ў намінацыі «ЛІТ-фармат» за кнігу Мікалая Чаргінца «Цяжкія шляхі жыцця» і ў намінацыі «Разам з кнігай мы расцем» за кнігу Алены Стэльмах «Пашка і сонечны праменьчык».
У намінацыі «Навука і веды», у якой канкурыравалі навуковыя, навукова-папулярныя выданні, дыплом пераможцы дастаўся кнізе «Язэп Драздовіч. Моўная і этнаграфічная спадчына: архіўныя матэрыялы» Выдавецкага дома «Беларуская навука». Адзначылі ў гэтай намінацыі таксама кнігу Выдавецкага дома «Звязда» «Табой я жыў, табой жыву...». Выданне расказвае пра жонку Якуба Коласа, яго выхад у свет прымеркаваны да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі.
Сярод даведачных і энцыклапедычных выданняў у намінацыі «Залатыя скрыжалі» дыплом пераможцы дастаўся кнізе «Ордэны, медалі і нагрудныя знакі Рэспублікі Беларусь» ад выдавецтва «Беларусь». А вось лепшай у намінацыі «Садружнасць» стала кніга «Беларусь — Россия: партизанское движение в годы Великой Отечественной войны. 1941-1944: новые экспозиции Белорусского государственного музея истории Великой Отечественной войны и Брянского государственного краеведческого музея», што выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда».
Лепшай у намінацыі «АРТ-кніга», дзе разглядаліся выданні па выяўленчым мастацтве, факсімільныя, рэпрынтныя, бібліяграфічныя, вызначылі кнігу «Нацыянальная бібліятэка. 100 гадоў» (выдавецтва «Беларусь»). А вось лідарам намінацыі «Фотапогляд» прызнана праца рэдакцыі газеты «Гомельская праўда» — фотаальбом «Вуліцы любімага горада. Гомелю 880 гадоў». Адзначылі ў гэтай намінацыі і Выдавецкі дом «Звязда» дыпломам І ступені за выданне «Вандроўнае шчасце рыбака: рыбацкая паэма».
Пераможцам спецыяльнай намінацыі «У люстэрку часу» (кнігі, выдадзеныя па замове) стаў двухтомнік «Пракуратура Беларусі. 100 гадоў» выдавецтва «Беларусь». А дыплом І ступені — у Выдавецкага дома «Звязда» за кнігу «Белтаможсервис: всегда вовремя». У намінацыі «За ўклад і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны» дыплом І ступені дастаўся таксама выдавецтву «Беларусь» за кнігу «Народнае мастацтва Беларусі ХVІ-ХХІ стст.». А лепшым «Падручнікам новага стагоддзя» ў аднайменнай намінацыі прызнана выданне «Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі першакласніку» ад выдавецтва «Адукацыя і выхаванне». Пераможцамі персанальнай намінацыі «Майстэрства» сталі ілюстратар Лілія Бусарава і фотамастак Анатоль Дрыбас.
Віншуем пераможцаў і прызёраў конкурсу і жадаем, каб і ў новым годзе ў выніку вашай працы свет убачылі новыя цікавыя і карысныя выданні, якія не толькі атрымаюць ацэнку з боку прафесіяналаў, але і займеюць сваю аўдыторыю чытачоў!
Алена ДРАПКО
Фота Лізы ГОЛАД
Дзяцінства — найлепшая краіна.
Тэхналогіі, што накормяць.
Гісторыя сям'і Шамехіных.