Вы тут

Някніжны свет? Якія задачы стаяць перад сучаснай літаратурай


Сімпозіум літаратараў, які традыцыйна ладзіцца ў рамках Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу і збірае пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі з розных краін, сёлета меў незвычайную назву «Пісьменнік і час. Някніжны свет». У вітальным слове на адкрыцці сустрэчы міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў папярэдзіў, што «правакацыйная» назва абрана спецыяльна — для таго, каб кожны выступоўца падрыхтаваў свае важкія словы, аргументы, каб даказаць, што гэта не так. Сапраўды, заяўленая тэма дазволіла ўскрыць сур'ёзныя праблемы, звязаныя з кніжным жыццём. Здавалася, прыбяры гэтую часціцу «не», і дыскусія пайшла б у зусім іншым кірунку...


Тэмы закраналіся розныя: ад новых магчымасцяў і выклікаў, звязаных з сучаснымі тэхналогіямі, да ролі пісьменніка ў выхаванні маладога пакалення. Міністр заўважыў, што, нават калі нашы сучаснікі выкарыстоўваюць мабільныя прыстасаванні для таго, каб прачытаць ці праслухаць творы, яны ўсё роўна спажываюць кнігу. Але лічбавая трансфармацыя грамадства можа несці ў сабе і пэўныя пагрозы.

Адно з пытанняў, якое пастаянна ўсплывае падчас прадстаўнічых сустрэч літаратараў, якраз датычыцца таго, як прывабіць да кнігі маладога чытача. Не выключэнне і сёлетняя дыскусія. Невыпадкова сімпозіум праходзіў на базе Белдзяржуніверсітэта, і на сустрэчу былі запрошаны студэнты. Уладзімір Пярцоў, звяртаючыся да іх, заўважыў, што сёння важна, каб у маладых людзей была не толькі тая літаратура, якая прапісана адукацыйнай праграмай у школе і ВНУ, але і кнігі, абавязковыя для чытання, для таго, каб сфарміравацца як асоба, якая любіць сваю Радзіму і здольная мець уласнае светаўспрыманне і пазіцыю ў адносінах да розных падзей у гісторыі.

Фарміраванне каштоўнасцяў

Сёння ў Беларусі на душу насельніцтва выдаецца дзве кнігі. Гэты паказчык крыху ніжэйшы, чым у Расійскай Федэрацыі, але затое па колькасці назваў выданняў у разліку на ўсё насельніцтва мы суседзяў апярэджваем. Гэта з'яўляецца пацвярджэннем таму, што ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага выдавецкай справе. Шмат выходзіць сацыяльна значнай літаратуры. І, галоўнае, яна знаходзіць водгук у чытача. Так, адным з самых прадаваных стала выданне, прысвечанае генацыду беларускага народа. Кніга выйшла тыражом у восем тысяч экзэмпляраў (гэта пры тым, што сёння ў Беларусі добрым лічыцца наклад у адну-дзве тысячы), і ўжо ўздымаецца пытанне аб неабходнасці яе перавыдання. Такі інтарэс да кнігі, якая ўтрымлівае дакументальную інфармацыю пра жахлівыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, сведчыць пра жаданне грамадства ведаць гістарычную праўду. На неабходнасць працягваць работу ў гэтым кірунку звярнуў увагу рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Даніловіч: «Правільна пастаўлены акцэнт у назве нашай размовы. З аднаго боку, кнігі выдаюцца, з другога — вядзецца мэтанакіраваная работа па навязванні свету някніжнага... Развіццё дзяржавы без ідэалогіі, якая грунтуецца на патрыятызме, гістарычнай памяці і традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцях, немагчыма. Важна, каб маладое пакаленне мела рэальнае ўяўленне пра нашу гісторыю без скажэння і фальсіфікацый».

У эпоху лічбавізацыі неабходна супрацьстаяць раз'яднанню грамадства. Праз сацыяльныя сеткі маладому пакаленню могуць закладвацца ідэі, якія не адпавядаюць традыцыйным каштоўнасцям і нацыянальным інтарэсам. Спажыванне інфармацыі з гаджэтаў прыводзіць таксама да індывідуалізацыі і дэфіцыту зносін. Таму так важна прыкладаць намаганні па фарміраванні культуры чытання ў грамадстве, наладжваць сустрэчы моладзі з творчай інтэлігенцыяй. І тут важную ролю могуць адыграць установы сістэмы адукацыі.

Рэктар Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта прафсаюзаў Аляксандр Запясоцкі заўважыў, што ВНУ павінны выхоўваць людзей, якія маюць сапраўдныя ідэалы, прывіваць каштоўнасці, якія закладзены класічнай літаратурай, культурай, і падзяліўся адным з сакрэтаў паспяховасці навучальнай установы: «Мы выпрацавалі ўласную канцэпцыю, якую назвалі культурацэнтрысцкай. Яна абапіраецца на найлепшыя дасягненні айчыннай і сусветнай культуры. Гэтай канцэпцыі падпарадкавалі мадэль адукацыі». За апошнія трыццаць гадоў універсітэтам выдадзена больш за тысячу кніг, каля дзвюх соцень з іх былі адабраны для прэзентацыі ў межах Мінскай кніжнай выстаўкі-кірмашу».

Упарадкаванне замест хаосу

Расійская федэрацыя на ХХХ Міжнароднай кніжнай выстаўцы з'яўляецца Ганаровым госцем. Звыш сотні выдавецтваў прадстаўляюць сваю кніжную прадукцыю, у рамках выстаўкі арганізавана каля 60 мерапрыемстваў, праходзяць сустрэчы з вядомымі аўтарамі. Трэба заўважыць, што 2023 год абвешчаны ў СНД Годам рускай мовы.

Адзін з найбольш значных праектаў, які прэзентуецца на кніжнай выстаўцы, дазволіць больш даведацца пра дасягненні творчай інтэлігенцыі Расіі за апошнія трыццаць гадоў. Гэта зборнікі сучаснай рускай прозы і паэзіі ў перакладзе на беларускую мову. Як заўважыў спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой, праект скіраваны на ўмацаванне культурных і гуманітарных сувязяў паміж краінамі. Міхаіл Яфімавіч адзначыў неабходнасць супрацы літаратараў: «Для нас вельмі важна, каб беларускія пісьменнікі выдаваліся на рускай мове, як гэта было ў ранейшыя часы. Калі ў Беларусі з'яўлялася сур'ёзная кніга, яна неадкладна перакладалася на рускую мову, гэтак жа, як і літаратура іншых краін».

Ён адзначыў, наколькі сёння важна пісьменнікам рабіць літаратуру вельмі высокай якасці: «Яна можа быць напісана пра гісторыю далёкую ці блізкую. Але справа тут не ў актуальнасці тэмы, а ў актуальнасці думкі, мастацкага пранікнення і спасціжэння жыцця. Мы навучыліся словамі загаворваць вельмі многае. У цяперашні час на пісьменніках ляжыць вялікая адказнасць. Можна памнажаць вар'яцтва, хаос жыцця, а можна яго ўпарадкоўваць. Уласна, мастацкая творчасць — гэта спроба гарманізаваць рэальнасць, што з'яўляецца вышэйшай і надзвычай цяжкай місіяй».

Важкае слова пісьменніка

«У любой краіне, у тым ліку ў Беларусі, можна сустрэць пісьменніка, які лічыць, што яму нецікавыя палітыка, эканоміка, што ён павінен ствараць. Толькі што карыснага такі пісьменнік напіша? — звярнуўся да прысутных з пытаннем народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец. — Думаю, што сёння настаў час гучнага слова пісьменніка. Народ заўсёды прыслухоўваўся да яго думак і слоў, таму што яны былі мудрымі і своечасовымі. Слова пісьменніка гучала як падтрымка людзей у складанейшыя часы, сітуацыі. І мы павінны сказаць сваё слова, каб яно было накіравана на спакой і мір паміж народамі».

У тым, што мір — гэта не бяздзеянне і сузіранне, а найцяжэйшая праца, упэўнены намеснік міністра інфармацыі кандыдат сацыялагічных навук Ігар Бузоўскі: «Гэта тэма не з'яўляецца новай для нашага пакалення, над ёй на працягу стагоддзяў разважалі найлепшыя пісьменнікі, і сёння яна застаецца актуальнай. Мы чарговы раз падкрэсліваем, што роля кнігі, пісьменнікаў і людзей, якія прызваны фарміраваць грамадскую свядомасць, цяпер, як ніколі, мае каласальнае значэнне». У наш час важна ўжо не столькі сачыць за колькасцю чытачоў, колькі за тым, што яны чытаюць, глядзяць, слухаюць. Хто будзе вызначаць ідэалогію, думку, інтэлектуальнае жыццё грамадства, той будзе ўплываць на будучыню краіны, народа, грамадскага развіцця. Таму ўсе кніжныя праекты, якія рэалізоўваюцца Міністэрствам інфармацыі пры прамой падтрымцы кіраўніка дзяржавы, накіраваны на павышэнне ролі кнігі ў інфармацыйна-культурнай прасторы.

Тут важна не прамінуць і сучасныя каналы камунікацыі. Кніга мае не толькі папяровы фармат. Пісьменніцкае слова распаўсюджваецца сродкамі аўдыя, відэа, пастоў у сацсетках.

Адлюстраванне свету

Пісьменнік, журналіст, радыё- і тэлевядучы Вячаслаў Бандарэнка, раскрываючы ў сваім выступленні заяўленую тэму сімпозіума «Някніжны свет», паспрабаваў вызначыць ролю літаратуры ў эпоху глабальных гістарычных зрухаў. У такія часы свету сапраўды не да кнігі: «Моцныя эмоцыі, страшныя падзеі вялікую літаратуру, як правіла, не нараджаюць. Патрэбны быў час, каб Леў Талстой вынасіў «Вайну і мір», Шолахаў з'явіўся з «Ціхім Донам», а Сіманаў з «Жывымі і мёртвымі». Усе вялікія гістарычныя падзеі, адлюстраваныя ў гэтых рэчах, сталі літаратурным фактам ужо пазней, калі ўлягліся страсці, змоўклі любоў і нянавісць, зноў сталі цікавыя стылістыка і мастацкасць наогул. Сапраўдная літаратура — справа няспешная. Яе аўтар не рвецца імгненна выказаць сваё бачанне сітуацыі, бо яго размова ідзе не столькі з сучаснікамі, колькі з нашчадкамі. Дзякуй Богу, захавалася ўспрыманне літаратара як сумлення нацыі. Сёння самае галоўнае — быць шчырымі з чытачамі, сабой і эпохай».

Але пісьменнік не можа не адгукацца на падзеі, якія адбываюцца, больш за тое, яны могуць уплываць на яго станаўленне. Старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалай Іваноў параіў пісьменнікам «пісаць без наркозу». Важна, каб людзі бачылі ўсё на ўласныя вочы, дазналіся пра падзеі, каб гэта ўскалыхнула іх душу. Пісьменнікі далучыліся да творчых брыгад, якія ездзяць па шпіталях. І гэта таксама новая адказнасць паэтаў, яны садзяцца перад цяжка параненымі, чытаюць вершы, размаўляюць. Менавіта паэты першымі адгукнуліся на спецыяльную ваенную аперацыю, было выдадзена восем зборнікаў, у тым ліку кніга з творамі нацыянальных паэтаў: башкіраў, татар, тувінцаў, і зборнік, дзе жанчыны выказалі свае дзявочыя і мацярынскія адносіны да падзей...

Мікалай Фёдаравіч заўважыў, наколькі важна працаваць з маладымі пісьменнікамі. Нават літаратурныя прэміі, якія выдаюцца сёння, задаюць кірунак творчасці: «Мы адзначаем не проста раскрыццё тэмы альбо цікавы сюжэт — важна, ці закладзена ў творах духоўнасць, маральнасць». Ён прызнаўся, што часам просіць бібліятэкараў «выганяць» маладых пісьменнікаў, бо ў такіх аўтараў яшчэ няма біяграфіі, і яны пачынаюць выдумляць, якія яны вялікія і як ім цяжка ствараць: «Няхай выпраўляюцца на шахту, руднікі, лесапавал, куды заўгодна, вучацца ў тых, хто нешта робіць для краіны, зарабляюць біяграфію».

Паміж саюзамі пісьменнікаў Беларусі і Расіі наладжана шчыльнае супрацоўніцтва. Падчас візіту на Буйніцкае поле на Магілёўшчыне было вырашана развіваць літаратурнае пабрацімства і стварыць прэмію, падобную той, што ўручаецца пісьменнікам на Куліковым полі.

Наладжванне кантактаў

Мінская кніжная выстаўка-кірмаш сабрала творчую інтэлігенцыю з дваццаці краін, сярод іх — Кітай, Азербайджан, Узбекістан, Казахстан. Госці прынялі ўдзел у сімпозіуме і падзяліліся сваімі напрацоўкамі ў галіне наладжвання гуманітарных кантактаў паміж народамі.

Пісьменнікі дапамагаюць чытачам адкрываць свет, пазнаваць культуру розных народаў, узбагачацца інтэлектуальна. Беларускія пісьменнікі перакладаюць творы з розных моў, у той жа час творчасць нашых аўтараў становіцца даступнай аматарам літаратуры за мяжой. Цяжка пералічыць усе міжнародныя праекты, якія ўжо рэалізаваны і будуць здзейснены ў найбліжэйшы час.

Так, у Беларусі праходзяць Дні літаратуры Узбекістана, і ўдзельнікі дадзенага мерапрыемства далучыліся да сімпозіума.

Рэалізоўваецца шмат цікавых выдавецкіх праектаў, якія знаёмяць беларускага чытача з кітайскай літаратурай. Доктар філалагічных навук, прафесар, дэкан факультэта рускай мовы Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў Чжан Хуэйцынь заўважыла, што ў апошнія гады расце цікавасць да Беларусі жыхароў Паднябеснай. У Кітаі створана 14 цэнтраў даследаванняў Беларусі, у чатырох вядучых ВНУ вывучаецца беларуская мова, пры ўніверсітэтах адкрыты помнікі Янку Купалу і Якубу Коласу.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч звярнуў увагу, што дзякуючы намаганням спадарыні Чжан Хуэйцынь упершыню за тры дзесяцігоддзі ў Кітаі выйшла кніга «Выбраныя творы беларускіх пісьменнікаў».

Падводзячы вынікі сімпозіума, Алесь Карлюкевіч агучыў галоўны пасыл дадзенай сустрэчы: літаратура павінна ўмацоўваць свет, народы, краіны, служыць дзеля дабра і міру.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Нараджаць не шкодна! Плюсы і мінусы цяжарнасці пасля 35

Нараджаць не шкодна! Плюсы і мінусы цяжарнасці пасля 35

Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.