Вы тут

Ісачанка правёў прамую тэлефонную лінію


Пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі і якасці дарог узнімалі жыхары Магілёўскай вобласці падчас прамой тэлефоннай лініі са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Анатолем Ісачанкам, перадае БелТА.


Званкі паступалі з розных раёнаў вобласц і — Магілёўскага, Шклоўскага, Мсціслаўскага, Круглянскага, Кіраўскага і іншых. Большая частка зваротаў тычылася рамонту дарожнага пакрыцця. Жыхарка аграгарадка Ракушава Круглянскага раёна распавяла, што ўжо шмат гадоў спрабуе дамагчыся ад мясцовых уладаў рамонту невялікага ўчастка дарогі ля яе дома працягласцю каля 50 м. Жанчына распавяла, што дзіцяці дабірацца да прыпынку школьнага аўтобуса вясной і восенню трэба ў гумовых ботах. Па гэтай дарозе перасоўваецца сельскагаспадарчая тэхніка, звычайныя аўтамабілі, а бруд з-пад колаў ляціць на яе ўчастак і пэцкае дом. Яшчэ адна заяўніца з вёскі Самадумаўка Кіраўскага раёна распавяла, што ў іх населеным пункце дарога знаходзіцца ў жаласным стане. Раней тут ляжаў асфальт, але ён прыйшоў у непрыдатнасць і яго знялі. Цяпер дарога грунтавая, вясной і восенню па ёй не прайсці, вельмі брудна, а летам немагчыма адкрыць вокны, таму што пыльна. З падобнай праблемай звярнуўся і жыхар вёскі Плешчыцы Шклоўскага раёна. Мужчына распавёў, што да мясцовых уладаў ужо некалькі гадоў звяртаўся з нагоды рамонту дарогі. Літаральна на днях ён ехаў на машыне з дзіцем і затрымаўся. Каб выбрацца, яму давялося звяртацца да ратавальнікаў. Яшчэ ён распавёў аб праблеме з вывазам смецця ў населеным пункце: грошы жыхары плацяць, аднак фактычна смецце могуць не вывозіць доўгі час.

Анатоль Ісачанка даручыў падысці да пытання рамонту невялікіх участкаў дарог у населеных пунктах індывідуальна: разабрацца з кожным выпадкам і па магчымасці забяспечыць людзям камфортнае і бяспечнае жыццё. У дачыненні да праблемы з вывазам смецця губернатар даручыў падысці комплексна, вывучыць, як будуецца гэтая праца, а пры выяўленні недахопаў ліквідаваць іх.

Два званкі з розных куткоў рэгіёну паступілі адносна дарог, якія разбіла цяжкая тэхніка, якая вывозіла лес. Анатоль Ісачанка адзначыў, што з улікам надвор’я такіх званкоў можа быць больш, меры прымаць трэба ўжо цяпер, і даў адпаведныя даручэнні.

Жыхарка вёскі Бутрымаўка Магілёўскага раёна распавяла, што ў іх населеным пункце няма вады, ёсць адзін калодзеж, якому ўжо шмат гадоў. Жыхары робяць свідравіны на розным узроўні, але і гэта не дапамагае. А жыхароў суседняй вёскі Беразавічы хвалюе пытанне дрэннай якасці вады. Гэтая праблема доўжыцца ўжо не адзін год. Мясцовыя ўлады сказалі, што ў планах да 2025 года ўзвесці станцыю абезжалезвання, а як жыць да гэтага часу, людзі не ўяўляюць.

Па словах губернатара, на сённяшняй прамой лініі большая частка пытанняў тычылася стану вуліц і дарог. «Яны маюць правамерную аснову. Па-першае, ёсць праблемы па абласным цэнтры з якасцю дарог, ямачным рамонтам. Але мы прымаем усе меры і намаганні, каб гэтую працу завяршыць як мага хутчэй. Зімовыя і вясновыя ўмовы былі вельмі цяжкімі, і асфальт на асобных участках крытычна прыйшоў у непрыдатнасць. Але ў горадзе працуюць 10 брыгад, з панядзелка іх колькасць павялічыцца да 13-15, — адзначыў ён. — Былі звароты па дарогах мясцовага значэння. Тут праблема сістэмная. Усё ж такі вясновы перыяд, плюс лесавозы, якія вывозяць лес і, вядома, разбіваюць дарогі. Мы сёння прымем адпаведнае рашэнне: абмяжуем рух цяжкай тэхнікі па мясцовых праездах. А там, дзе лесавозы разбілі дарогі, абавяжам адказныя структуры прывесці іх у належны выгляд».

Усяго падчас прамой тэлефоннай лініі паступіла 30 зваротаў. «Спектр пытанняў быў разнастайны. Па кожным з іх дадзены даручэнні, мы будзем разбірацца, — сказаў Анатоль Ісачанка. — Да прыкладу, быў зварот з Бабруйскага раёна па якасці вады. У працэсе работы прынята рашэнне, што ў трэцім квартале мы забяспечым людзям якасную ваду, падлучыўшы іх да гарадскога вадаправода. Яшчэ адзін зварот паступіў ад мужчыны, якому 99 гадоў. Ён звярнуўся з просьбай дапамагчы з аздараўленнем ў санаторыі. Гэтае пытанне мы вырашым і дапаможам яму аздаравіцца».

Губернатар адзначыў, што любыя зносіны з грамадзянамі заўсёды эфектыўныя. «Калі чалавек звяртаецца, значыць, яму трэба, у яго набалела. Неабходна людзей уважліва слухаць, а галоўнае — чуць і разумець, дзе сапраўды чалавеку трэба дапамагчы і падставіць плячо, а дзе чалавек, які звярнуўся, спрабуе пераследваць меркантыльныя мэты. Гэта самае складанае ў такой працы — вызначыць і прыняць адпаведнае рашэнне», — падкрэсліў ён.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».