Вы тут

У роднай хатцы на падлозе


Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці сёлета рэалізуе буйны праект сярод майстраў паўночнага рэгіёна. Аналагаў яму пакуль няма ў іншых абласцях краіны. 


Саламяны пастаўскі ходнік на руках Ліліі Рэзкінай.

Ходнікі, падзоры, фіранкі і сурвэткі — рэчы, якія некалі былі неад’емным элементам побыту нашых продкаў сёння адыходзяць у нябыт, а на іх месца прыходзяць сучасныя тэкстыльная аналагі. Аднак менавіта гэтыя вырабы — пячаткі часу і гісторыі — з’яўляюцца ўнікальнымі носьбітамі культурнай спадчыны беларусаў і не могуць быць страчанымі. Дзякуючы майстрам, якія шчыруюць у Цэнтрах і Дамах рамёстваў паўночнага рэгіёна, сёння мы можам дакрануцца да ўнікальных ручных вырабаў.

У гэтым годзе Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці запусціў праект, накіраваны на папулярызацыю і развіццё вясковага і местачковага інтэр’ернага тэкстылю Віцебшчыны «У роднай хатцы». Яго ідэйным натхняльнікам стала майстар, вядучы метадыст аддзела традыцыйнай культуры Ніна Аляксандраўна Бабровіч. На працягу года абласная выстава-конкурс будзе праходзіць у чатыры этапы, у межах якіх віцебскія майстры прадставяць вырабы, створаныя за апошнія 10 год, ва ўсіх мясцовых відах тэхнік: ручное ўзорыстае ткацтва на кроснах, пляценне, вязанне, вышыўка, шыццё з абрэзкаў тэкстылю, набойка, маляванка і інш. 

Зараз у выставачнай зале ВАМЦНТ прадстаўлены ходнікі, дарожкі, дыванкі — усё тое, чым нашы бабулі засцілалі падлогу. У чэрвені выстава збярэ коўдры, покрыўкі, посцілкі і накідкі; у верасні — тое, чым упрыгожвалі сталы: абрусы, настольнікі, сурвэткі. Фінальным акордам праекта стане раздзел «У роднай хатцы на сцяне, на вакне: заслоны, дываны, дыванкі, фіранкі, ручнікі».

У вачах стракаціць ад буянства фарбаў: у дарожках выкарыстаны адценні блакітнага і зялёнага, чорнага і чырвонага, жоўтага. Такія палавічкі, якіх у экспазіцыі прадстаўлена звыш 300 з 16 раёнаў Віцебшчыны, з’яўляюцца не толькі вынікам палёту фантазіі майстра, але і рэплікамі ўнікальных мясцовых артэфактаў, знойдзеных падчас экспедыцый у старажылаў. Асноўных тэхнік вырабу палавікоў дзве: вязаныя кручком або тканыя. А матэрыяламі для іх стварэння, як і ў нашых продкаў, выступалі кавалкі непатрэбнай тканіны, якія наразалі палоскамі і выкарыстоўвалі ў якасці своеасаблівых нітак — адсюль і такое буянства колераў. Кожны наведвальнік, які знаёмы з прыроднымі асаблівасцямі раёнаў вобласці, можа з першага погляду знайсці дарожку, напрыклад, Браслаўшчыны — край блакітных азёр майстры перанеслі і ў твор, выкарыстаўшы ўсе адценні сіняга і зялёнага. Гарадоцкі «паласацік» выкананы ў двух колерах — чорным і чырвоным. 

«Варта звярнуць увагу на пастаўскія і докшыцкія ходнікі, — расказвае начальнік аддзела традыцыйнай культуры Лілія Рэзкіна. — Яны з’яўляюцца ўнікальнай жамчужынай нашай вобласці, бо выраблены з нітак і саломы. І, нягледзячы на іх прамое прызначэнне — упрыгожваць падлогу, — такія далiкатныя вырабы хочацца вешаць на сцяну. Яны быццам зроблены з золата і вельмі нагадваюць нашы слуцкія паясы». 

Акрамя доўгіх каляровых дарожак на выставе прадстаўлены шматлікія дыванкі-кругляшы ў тэхніках плоскага і аб’ёмнага шыцця. Апошнія, падобныя больш на сурвэткі, могуць упрыгожваць стол замест падлогі. 
«На адкрыцці выставы мы запрыкмецілі, што мода на тканыя дарожкі вяртаецца. Інтарэс да твораў ручнога мастацтва праяўлялі не толькі моладзь, але і дарослыя. Камусьці яны нагадваюць імгненні бесклапотнага дзяцінства ў вёсцы ў бабулі, камусьці — падабаецца аўтэнтычнасць і энергетыка, якой прасякнуты палавікі. Некаторыя з вырабаў, прадстаўленых у экспазіцыі, можна набыць», — адзначыла Лілія Пятроўна. 

Наведаць выставу да 8 красавіка можа любы жадаючы. А для тых, хто зацікавіцца працэсам вырабу, — у абласным метадычным цэнтры народнай творчасці правядуць майстар-клас.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.