Вы тут

На кніжнай выставе ўручаны дыпломы конкурса «Першацвет»


Згадзіцеся, малады талент вельмі нагадвае веснавую кветку, у якой і юная моц, і датклівасць, і надзея... Недарэмна аб’яўлены ў 2016 годзе Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, РВУ «Выдавецкі дом «Звязда»» і выдавецтвам «Мастацкая літаратура» міжнародны літаратурны конкурс на лепшы твор сярод маладых аўтараў быў названы «Першацвет». Кожны год па выніках конкурсу выдаецца альманах пад такой жа назвай, у якім публікуюцца творы дзесяці лепшых маладых паэтаў і дзесяці лепшых маладых празаікаў ва ўзросце да 35 гадоў. І вось падведзеныя вынікі шостага конкурсу, выдадзены чарговы альманах. Узнагароджванне лаўрэатаў адбылося на чацвёрты дзень работы ХХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша. Першая частка цырымоніі была прысвечана 70-годдзю часопіса «Маладосць», якое будзе адзначацца ў красавіку. У гэтым выданні друкаваліся ці яшчэ будуць друкавацца ўсе лаўрэаты «Першацвета», а галоўны рэдактар Вольга Рацэвіч з’яўляецца адным з сяброў журы конкурса.


Сярод лаўрэатаў «Першацвета» аказаліся прадстаўнікі розных прафесій, жыхары розных рэгіёнаў, і не толькі з Беларусі. Напрыклад, Дзмітрый Аўчыннікаў, які, на жаль, не змог прыехаць на ўручэнне, юрыст, працуе ў Арбітражным судзе Навасібірскай вобласці, але апавяданні свае піша на беларускай мове. Алесь Бараноўскі — кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а Ягор Жукоўскі — аспірант кафедры «Аўтамабільныя дарогі» Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Аляксандра Кароль — гісторык, а працуе зараз бібліятэкарам Брэсцкай пагранічнай групы. Самая маладая лаўрэатка, Маргарыта Ядзевіч, вучыцца ў 8-м класе СШ № 194 г. Мінска, яна даслала на конкурс сваю прозу. Журналістка Вольга Міхаленка, якая перамагла са сваймі вершамі, яшчэ і маладая мама, яна і прыйшла на цырымонію ўручэння з маленькім дзіцем. А выпускнік гістарычнага факультэта БДУ Іван Мельнікаў, які друкуецца пад псеўданімам Іван Мелаў, з’явіўся ў вайсковай форме — зараз ён праходзіць службу ў арміі.

Дыпломы ўручалі намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп і галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Вольга Рацэвіч.

Віктар Шніп з лаўрэаткай Першацвета Янінай Босак.

Віктар Шніп такім чынам пракаментаваў вынікі конкурса для чытачоў «Звязды»:

— Чым адрозніваўся сёлетні «Першацвет»?

— Ён кожны год не падобны на папярэднія, бо кожны год у ім — новыя аўтары. Лаўрэатам «Першацвета» можна стаць толькі адзін раз. Гэты сезон адметны тым, што амаль палова ўдзельнікаў нарадзіліся ў XXI-м стагоддзі. Што ж, кожны дзень нараджаецца нехта, хто стане паэтам. Усяго на конкурс было пададзена больш за сто заявак. Адзначу, што ў маладых сур’ёзныя тэмы, іх творы зусім не інфантыльныя. Адчуваецца, што чытаюць добрую літаратуру. Многія нарадзіліся ў гарадах, у іх ёсць хатнія бібліятэкі ад бацькоў, дзядоў. Усё залежыць ад развіцця грамадства, і нават па творах маладых розных пакаленняў відаць, як узровень гэтага развіцця расце. 

—Конкурс двухмоўны, на беларускай і рускай мовах. Ці шмат дасылаюць твораў на беларускай мове?

—Шмат. І павінен сказаць, што ўзровень беларускамоўных твораў чамусьці заўсёды вышэйшы, уражанне, што такія аўтары маюць ужо нейкую літаратурную школу.

—Хто запомніўся з канкурсантаў?

—Усе дваццаць чалавек адметныя, кожны па-свойму. Яны смелыя, ініцыятыўныя. Напрыклад, Алесь Гоман, першакурснік юрфака БДУ, прыехаў вучыцца ў Мінск з Гродна, і першае, што зрабіў — пачаў шукаць знакавыя мясціны, захацеў даведацца, дзе пахаваныя Янка Купала і Якуб Колас. Вось такая ў нас сёння моладзь... У іх ёсць адчуванне, што яны жывуць у сваёй краіне, на сваёй зямлі, і яны хочуць яе спазнаваць, далучацца да яе культурнага працэсу. Многія маюць ужо перамогі ў іншых літаратурных конкурсах, а Андрэй Кімбар, ведаю, мае ўжо рукапіс уласнай кніжкі. 

—Сярод маладых традыцыйна больш паэтаў, чым празаікаў... Гэта не змянілася?

—Не. Больш пішуць, вядома, паэзіі. Многія ж празаікі ва ўсе часы пачыналі з вершаў, а тады паступова пераходзілі на прозу. Праўда, сённяшнія пачаткоўцы бяруцца часта адразу за ўсё: і за вершы, і за прозу, і за пераклады. І не лічаць абавязковым прытрымлівацца класічных форм, эксперыментуюць. Сёння шмат магчымасцяў займацца самаадукацыяй, затое многія пачаткоўцы пазбаўлены магчымасці мець свайго рэдактара, старэйшага пісьменніка, які б нешта раіў, вучыў рэдагаваць творы.

—Ці ўплывае перамога ў конкурсе на літаратурны лёс лаўрэатаў?

—Вядома. Гэта выдатная матывацыя. Усе, хто перамагаў ранейшыя гады, працягваюць пісаць, друкавацца. Некаторыя ўжо прынятыя ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Пасля перамогі ў конкурсе ў Станіславы Умец і Маргарыты Латышкевіч у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў серыі «Час ХХІ» выйшлі першыя кнігі прозы, за якія аўтары атрымалі Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Дэбют». Ёсць і іншы аспект... Сёння тыя, хто прыехаў на ўручэнне дыпломаў, упершыню ўбачылі адзін аднаго. Яны раней сустракаліся на старонках перыядычнага друку, а тут займелі магчымасць сустрэцца асабіста. Дарэчы, добра было б, каб аднавіліся ранейшыя семінары маладых літаратараў, калі збіралі моладзь на некалькі дзён, была магчымасць паслухаць адзін аднаго, пачуць меркаванне старэйшых. Сеціва такія сустрэчы не заменіць. Важна і тое, хто ў складзе журы «Першацвета». Яго ўзначальвае дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, у складзе — дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», ён жа старшыня секцыі прозы СПБ Алесь Бадак, я, акрамя сваіх рэдактарскіх пасад,— старшыня секцыі паэзіі СПБ, Аляксей Чарота, галоўны рэдактар «ЛіМа» — старшыня прыёмнай камісіі СПБ, Вольга Рацэвіч — галоўны рэдактар «Маладосці»... Гэта значыць, у журы людзі, якія могуць рэальна падтрымаць малады талент. 

На выставе можна было набыць альманах «Першацвет» з творамі лаўрэатаў, узяць аўтографы, чым многія і скарысталіся. 

Людміла ІВАНОВА

Фота аўтара 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.