З 24 па 26 сакавіка горад над Бугам прымаў выставу навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная. Рэгіёны». Асноўную экспазіцыю размясцілі ў легкаатлетычным манежы, машыны і механізмы выстраілі ў лінейку на пляцоўцы перад уваходам у спартыўны комплекс.
Гэта экспазіцыя стала фінальным акордам шэсця па краіне агляду навуковых дасягненняў апошняга часу. Выстава стартавала ў сталіцы, дзе яе наведалі каля 100 тысяч чалавек, а затым з поспехам пракрочыла па абласных цэнтрах. У Брэсце форум таксама сабраў шмат гасцей і ўдзельнікаў.
— Брэстчына хоць і аграрны рэгіён, але не адстае ў навуковых і высокатэхналагічных ідэях і распрацоўках — сказаў адкрываючы выставу старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. — У нас створаны ўсе ўмовы, каб забяспечыць распрацоўкі, іх выпрабаванне і ўкараненне. З самымі разнастайнымі экспанатамі можна азнаёміцца на выставе. Думаю, яна будзе цікавая моладзі, студэнтам, прадстаўнікам працоўных калектываў — заўважыў губернатар. — Усім цікава, чым сёння жыве вялікая навука, як задумкі ўвасабляюцца ў жыццё.
Экспазіцыя была арганізаваная па кластарнаму прынцыпу. У іх ліку штучны інтэлект і высокія тэхналогіі, абаронна-прамысловы комплекс, інавацыйнае прыборабудаванне, АПК, біятэхналогіі, экалогія, ахова здароўя, харчаванне. Свае дасягненні дэманстравалі на гэты раз больш за 150 прадспрыемстваў і ўстаноў краіны. Сярод іх пачэснае месца занялі інавацыйныя распрацоўкі брастаўчан. Напрыклад, кампанія «СтіМ» прадставіла самаходныя машыны для нанясення дарожнай разметкі, «Амкадор-Пінск» паказаў дарожную тэхніку. Асобны раздзел занялі распрацоўкі рэзідэнтаў Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка. Свой навуковы патэнцыял з гонарам прадэманстравалі ўсе чатыры ВНУ рэгіёна. Звярнула на сябе ўвагу спецыялістаў Брэсцкая абласная клінічная бальніца. Дасягненні медыкаў у галіне транспланталогіі і іншых накірунках лячэння становяцца нагодай для вывучэння вопыту і пераймання.
Намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Таццяна Сталярова адзначыла, што рэгіён актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця:
— Варта сказаць, што з 77 праектаў праграмы Брэсцкая вобласць рэалізуе 17, гэта дазваляе ёй прырастаць высокатэхналагічнымі вытворчасцямі, забяспечваць прымяненне інавацыйных тэхналогій у медыцыне, лёгкай прамысловасці, машынабудаўніцтве, іншых галінах.
Высока ацаніў навуковы патэнцыял Брэсцкай вобласці намеснік старшыні Прэзідыўма Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Сяргей Чыжык.
— Выстава пачалася ў сталіцы. Пасля таго, як яна атрымала каласальны інтарэс наведвальнікаў, кіраўнік дзяржавы даручыў правезці выставу па абласных цэнтрах — сказаў акадэмік. — Кожны раз, адкрываючы выставу, мы лішні раз можам упэўніцца, што Беларусь — краіна высокаінтэлектуальная. Тут прадстаўлены распрацоўкі ад мікрасхем да аграмадных БЕЛАЗаў, якія з’яўляюцца рэкардсменамі грузапад’ёмнасці. Годна выглядае і раздзел, з якім выступае Брэстчына.
Толькі ў першы дзень выставу наведалі каля 10 тысяч чалавек. Тут пабывалі дэлегацыі ўсіх раёнаў вобласці на чале з іх кіраўнікамі. Паводле слоў старшыні Пінскага райвыканкама Ігара Брылевіча, яго і калег найбольш зацікавіў аградрон — машына для прымянення сродкаў абароны раслін. Гэта тэхніка недалёкай будучыні шараговых сельгаспрадпрыемстваў, лічаць аграрыі. Ну і айчынны трактар — беспілотнік — не абыходзілі ўвагай тыя, хто прыехаў з рэгіёнаў.
Начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду Канстанцін Шаршуновіч найбольш цікавіўся распрацоўкамі ў галіне бяспекі рабочага працэсу і жыццядзейнасці. І такіх знайшлося нямала. Адным словам, кожны адзначыў для сябе нешта цікавае на інтэлектуальным вернісажы.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота БелТА
Пошукавікі нярэдка звяртаюцца па дапамогу да насельніцтва.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.